Вы тут

30-годдзе музея беларускага кнігадрукавання


30-ГОДДЗЕ МУЗЕЯ БЕЛАРУСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

8 верасня Музей беларускага кнігадрукавання адзначыў 30-гадовы юбілей. З віншаваннямі да юбіляра зазірнулі шматлікія госці, сярод якіх былі і калегі-музейшчыкі: дырэктары Нацыянальнага гістарычнага музея Павел Сапоцька, Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Міхаіл Рыбакоў, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч, Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская і Віцебскага абласнога музея Героя Савецкага Саюза М.П. Шмырова Ірына Шышкова павіншавалі Музей са святам.

Самым чаканым і дарагім госцем стала першая загадчыца Музея, стваральніца яго навуковай канцэпцыі – яго сэнсу і логікі – Галіна Ладзісава, якая зараз узначальвае Музей гісторыі горада Мінска. Успаміны заснавальніцы музея і мастака Ігара Куржалава, які разам з Сяргеем Дзмітрыевым працаваў над мастацкім рашэннем музейнай экспазіцыі, былі не толькі інфармацыйна, але і эмацыйна вельмі насычанымі.

А што яшчэ на свята трэба, акрамя лепшых сяброў, прыемных успамінаў, добрых слоў? Правільна, падарункі. Госці перадалі Музею шматлікія прэзенты. А для Музея беларускага кнігадрукавання самы лепшы падарунак – кніга, асабліва – калі яна з дароўным надпісам. «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі і надзеяй быць асветніцкім цэнтрам роднай Бацькаўшчыны...», – так падпісаў у 2004 г. сваю кнігу «Азярод» Сяргей Рублеўскі. «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...» – так называецца выстава, прымеркаваная да 30-годдзя музея. На ёй можна ўбачыць выданні з дароўнымі надпісамі Музею беларускага кнігадрукавання, якія ў розны час і пры розных абставінах пакінулі на старонках сваіх кніг пісьменнікі Васіль Быкаў і Святлана Алексіевіч, Янка Брыль і Алесь Разанаў, мастакі Наталля Паплаўская і Валерый Славук. Яшчэ да свайго афіцыйнага адкрыцця Музей атрымаў падарункі ад Юрыя Лабынцава, Вячаслава Чамярыцкага, Сяргея Панізніка, аўтографы якіх таксама прадстаўлены на выставе. Асабліва цесныя сувязі ў Музея беларускага кнігадрукавання з вядомымі палачанамі. Прэзентацыі сваіх кніг, сустрэчы з землякамі ў Музеі праводзілі Уладзімір Арлоў, Пятро Васючэнка, Алесь Замкоўскі, Ірына Жарнасек, Алесь Аркуш, Навум Гальпяровіч.

Штогод у фонды Музея перадаюцца кнігі-лаўрэаты конкурсу «Мастацтва кнігі», галоўным арганізатарам якога з'яўляецца Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выставы лепшых кніг дэманструюцца потым не толькі ў самім Музеі, але і на Днях беларускага пісьменства ў розных гарадах Беларусі, дзе таксама можна сустрэць аўтара кнігі ці яе выдаўца і атрымаць аўтограф.

Зробленыя на памяць Музею дароўныя надпісы – своеасаблівы летапіс яго жыцця, яго дзейнасці. Выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі...» – гэта наша памяць, нашы ўспаміны, нашы эмоцыі, наша гісторыя. Гісторыя, якая толькі пачынаецца...

Наталля Анучына і Дзіяна Кашкур

навуковыя супрацоўнікі Музея беларускага кнігадрукавання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».