22 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Магіляўчанін змагаецца за навядзенне парадку ў адным з некалі папулярных месцаў адпачынку гараджан. Што перашкаджае?


Юрый Сязёмін ужо не ўпершыню звяртаецца ў газету па дапамогу. Першы раз магіляўчаніна не задавальняў стан двара каля яго дома. Пасля таго як умяшалася газета, парадак там з'явіўся, хоць адна праблема ўсё ж такі засталася — стыхійны выгул сабак. Але Юрый Сямёнавіч разумее, што тут парадак залежыць больш ад саміх уладальнікаў чатырохногіх, чым ад камунальнікаў. Зараз яго больш клапоціць парк адпачынку імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка, які зусім недалёка ад таго месца, дзе ён жыве. І да яго ў Юрыя Сямёнавіча шмат пытанняў. Каб разабрацца ў іх, мы разам прайшліся па самых праблемных месцах парку.


Ці Спартыўны гарадок?

Наш чытач — трэнер-інструктар па баявых мастацтвах, без заняткаў спортам у яго і дня не праходзіць. Былы афіцэр зараз на пенсіі і перадае свой спартыўны вопыт моладзі. Амаль 30 гадоў, з той пары як пасяліўся ў Магілёве, ён разам са сваімі вучнямі наведвае парк для падтрымання формы — там заўсёды была спартыўная пляцоўка. І калі раней пытанняў да яе стану не ўзнікала, то апошнім часам іх ужо зашмат. Ён першы, хто выказаў клопат, калі спартыўныя прылады спілавалі, і менавіта па яго настойлівых зваротах потым пачалі аднаўляць. Але па прынцыпе — абы адчапіўся.

— У адным месцы сумясцілі ўсё — спартыўную пляцоўку, дзіцячую зону, месцы для адпачынку і выгулу сабак, — кажа Юрый Сязёмін. — Я сапраўды прасіў, каб парку не толькі вярнулі спартыўную пляцоўку, але і абсталявалі асобнае месца для сабак, бо ім сапраўды трэба дзесьці гуляць.

Куток, куды прывёў мяне чытач, сапраўды шматфункцыянальны. Здалёк бачу, як каля шведскай сценкі гарэзіць дарослы лабрадор. Павадок яго вісіць на адным са спартыўных снарадаў. Вакол невялічкага пятачка стаіць шэсць лавак. На адной з іх сядзяць пажылыя жанчыны, каля іх круціцца французскі бульдог. Кампазіцыю завяршае вялікі кветнік збоку. Калі шчыра, мне цяжка ўявіць, як тут наогул можна адточваць прыёмы каратэ.

— Трох трэнажораў недастаткова, да таго ж яны малаэфектыўныя, — пацвярджае мае думкі суразмоўца. — Патрэбныя яшчэ брусы, прыстасаванні, каб мацаваць прэс.

Юрый Сязёмін спадзяецца таксама, што атрымаецца і аднавіць футбольнае поле, якіх тут раней было два.

— Вароты зрэзалі, зараз ад гэтых пляцовак засталіся адны контуры, — уздыхае ён.

Таксама ён звяртае ўвагу на пешаходную зону. Гэта вузенькая сцяжынка, якая ніколі не ведала, што такое асфальт. Для Юрыя Сязёміна яна яшчэ і бегавая сцяжынка. Па яго падліках, гэтая траса па перыметры складае каля чатырох кіламетраў.

Трава па пояс

У канцы 90-х гадоў парк імя 60-годдзя Вялікага Кастрычніка і суседні з ім пляж каля Святога возера былі самымі запатрабаванымі месцамі адпачынку ў Задняпроўі. Аднойчы з'явілася інфармацыя, што вада ў возеры сапсавалася, патрэбны вялікія грошы для яго ачысткі. А пакуль не пачысцяць, купанне пад забаронай. Што датычыцца парку, то цікавасць да яго цалкам знікла пасля таго, як з'явіўся іншы — у Падніколлі, які за вельмі кароткі тэрмін стаў глянцавым. Але жыхары Задняпроўя па-ранейшаму наведваюць свой парк. На жаль, паркам гэта месца можна лічыць умоўна, праз стыхійны рост дрэў, кустоўя і травы на плошчы 90 гектараў. Юрый Сязёмін спецыяльна запрасіў прайсціся з ім, каб засведчыць усе наяўныя факты безгаспадарчасці. З боку дарогі траву выкасілі, але мой спадарожнік сведчыць, што гэта было зроблена толькі пасля яго неаднаразовых зваротаў у розныя інстанцыі. Кажа, што, калі з яго падачы на месца падзей выехалі прадстаўнікі Міністэрства аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, над навядзеннем парадку тут працавала адначасова тры адзінкі тэхнікі. Ён перыядычна дастае са свайго кейса фота, каб я магла параўнаць, як было раней. Вельмі ўражвае здымак, дзе ён стаіць амаль па плечы ў траве.

Сапраўды, па меры таго, як пачынаеш заглыбляцца ў парк, ён усё больш выглядае дзікім. Маладыя дрэўцы сапраўды падобныя на сухія пруты і вельмі жаласна выглядваюць з травяных зараснікаў. Нават непераборлівыя ліпы загінулі. Што самае непрыемнае, на гэтых прасёлачных сцяжынках можна непрыкметна наступіць на сабачую нечаканасць. А вось таблічак, што выгул сабак тут забаронены, я так і не заўважыла. Не было іх, дарэчы, і на так званай спартыўнай пляцоўцы.

Па кім плача возера

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта чарот, які пакрыў частку прыбярэжнай пляжнай зоны, у тым ліку лягушатніка, дзе так любілі купацца дзеці. З супрацьлеглага боку пясчанай паласой спакушаецца трава. Раней, калі пясок тапталі сотні ног, нават і намёку на яе не было. Але лежакі стаяць, і на інфармацыйным стэндзе, акрамя ўлётак з інфармацыяй, што купацца забараняецца, размешчаны... парады купальшчыкам.

— Кожнае лета пляж рыхтуюць да сезона, адкрываюць на тры дні, а затым закрываюць, — тлумачыць гэты парадокс Юрый Сязёмін. — Маўляў, санслужба не дазваляе тут купацца. У выніку возера не даглядаецца і пакрысе пераўтвараецца ў балота.

Нягледзячы на тое, што пляж пад забаронай, ён усё яшчэ не выглядае цалкам закінутым. Тут і фантанчыкі, і стацыянарныя прыбіральні, і нават рэстаран-карабель, які таксама з-за недахопу кліентаў прыйшоў у заняпад. Вось ужо некалькі разоў запар ён выстаўляецца на аўкцыён. Апошні, дарэчы, адбудзецца 15 верасня.

Каментарый у тэму

Намеснік генеральнага дырэктара Магілёўскага ўпраўлення камунальных прадпрыемстваў Дзяніс Койда:

— Добраўпарадкаванне гэтага парку плануецца, але тут усё залежыць ад фінансаў. Калі яны знойдуцца ў гарадскім бюджэце, у парку з'явяцца і пешаходныя дарожкі з пліткі, і дзіцячая пляцоўка, і асобна спартыўная. Але спадзяванняў на тое, што ён трапіць у план на наступны год, вельмі мала.

Возера таксама трэба даводзіць да ладу. Яго неабходна цалкам чысціць ад глею, а гэта зноў-такі грошы. Трэба рабіць праект і працаваць непасрэдна ў адпаведнасці з ім. Калі будуць сродкі, мы выступім заказчыкамі праекта. Іх жа таксама яшчэ трэба знайсці ў бюджэце. Чарот каля прыбярэжнай зоны мы косім, але толькі зімой, калі возера пакрываецца лёдам. Сёлета зіма была цёплая і не было магчымасці пакасіць гэтую расліннасць. Сам пляж штогод рыхтуецца да купальнага сезона. Загараць там можна, а вось купацца забараняецца, гэта небяспечна для здароўя.

Што датычыцца пляцоўкі для выгулу сабак, то ў парку яе быць не павінна. У нас зацверджаны цэлы пералік пляцовак, дзе могуць гуляць хатнія гадаванцы. Найбліжэйшая да бульвара Непакораных — паміж Спаса-Праабражэнскім храмам і аўтастаянкай па вуліцы Габраўскай. Яна агароджана кустоўем па перыметры, там ёсць сметнікі. На сайце нашага прадпрыемства і ЖРЭУ ёсць інтэрактыўныя карты, дзе схематычна паказаны пляцоўкі для выгулу сабак. У парку ж гэта забараняецца.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Парк невядомага прызначэння

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў. 

Культура

Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі.

Культура

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга.

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.