29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Гомель і Краснадар пасябравалі праз слова


На Гомельшчыне з'явіцца помнік фізікам і лірыкам.

Паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі стаў месцам прыцягнення перадавой пісьменніцкай супольнасці. Тут прайшоў ХV міжнародны фестываль «Славянскія літаратурныя Дажынкі», а таксама чацвёрты міжнародны форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці «Слова».


На працягу трох дзён больш за 200 прафесійных пісьменнікаў і пачынаючых паэтаў, празаікаў, драматургаў сталі ўдзельнікамі насычанай фестывальнай праграмы. У межах падрыхтоўкі да сёлетніх «Літаратурных Дажынак» на Гомельшчыне прайшоў конкурс мастацкіх твораў, на які было даслана больш як 2300 работ. Падчас літаратурных майстар-класаў, якія сталі часткай праграмы «Славянскіх літаратурных Дажынак», для фіналістаў форуму правялі падрабязны разбор твораў.

Дарэчы, удзельнікамі маштабнага свята мастацкай творчасці, акрамя айчынных майстроў слова, сталі пісьменнікі з Расіі і Украіны. Прычым, напрыклад, расійскія калегі і партнёры прыехалі не толькі расказаць аб сваіх творчых дасягненнях і падзяліцца напрацоўкамі, але і падпісаць новыя дамовы аб супрацоўніцтве.

— За апошнія гады мы рэалізавалі мноства сумесных праектаў, — адзначыла старшыня Краснадарскага аддзялення саюза пісьменнікаў Расіі Святлана Макарава-Грыцэнка. — Самае галоўнае, што расце цікавасць да беларускай літаратуры і ў нашай старонцы. Трэба адзначыць, што сумесна выдадзеныя зборнікі беларускіх і краснадарскіх пісьменнікаў знайшлі чытача як у Гомельскай вобласці, так і ў Краснадарскім краі.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прайшла творчая сустрэча пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны з выкладчыкамі і студэнтамі. Госці расказалі аб уласнай творчасці, літаратурным жыцці ў сваіх рэгіёнах. Падчас сустрэчы паступіла і цікавая прапанова: увекавечыць у Гомелі памяць знакамітага беларускага пісьменніка Янкі Маўра і яго сына Фёдара Фёдарава — заснавальніка школы беларускай фізікі. Своеасаблівы агульны помнік фізікам і лірыкам, настаўніцкаму слову і навуцы.

Святочныя пляцоўкі «Славянскіх літаратурных Дажынак» разгарнуліся як у абласным цэнтры, так і на тэрыторыі Гомельскай вобласці. Асаблівую ўвагу ўдзельнікаў свята звярнулі на сябе шматлікія творчыя сустрэчы, выставы, аўтограф-сесіі і майстар-класы. На фестывальных пляцоўках ганаровыя госці правялі таксама прэзентацыі сваіх новых кніг.

Арганізатарам свята па-ранейшаму выступіла Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. Варта адзначыць, што за 15 гадоў існавання арганізацыі, з-пад пяра пісьменнікаў-жыхароў Гомельшчыны выйшла звыш 550 кніг. Прычым шмат якія творы былі не толькі прызнаныя грамадскасцю, але і атрымалі высокую ацэнку як у Беларусі, так і за яе межамі. За час існавання абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі арганізавала і правяло 95 літаратурных конкурсаў.

— Пісьменнік найперш павінен быць прафесіяналам, а гэта няпроста, талент — гэта сур'ёзная праца. Без таленту і напружанай працы над словам не адбудзецца ніякая кніга, яна не закране сэрца чытача і, па сутнасці, застанецца па-за літаратурай, — падкрэсліў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. — Безумоўна, задача пісьменніка заключаецца, перш за ўсё, у стварэнні высокамастацкіх твораў, і ў гэтым плане нашаму аддзяленню ёсць чым і кім ганарыцца.

Ад імя кіраўніцтва Гомельшчыны ўдзельнікаў 15-га міжнароднага фестывалю «Славянскія літаратурныя Дажынкі» і 4-га міжнароднага форуму маладых літаратараў «Слова» вітаў намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. Ён падзякаваў літаратарам за адданасць творчай справе.

— Гомельская зямля заўсёды славілася талентамі. Пісьменніцкая сям'я пастаянна знаходзіцца ў пошуках свайго, асаблівага, робіць унёсак у захаванне мясцовых традыцый і роднай мовы. Упэўнены, што межы і жанры конкурсаў і фестываляў у далейшым будуць толькі пашырацца, — адзначыў Уладзімір Прывалаў.

У якасці ацэнкі вынікаў літаратурнага года адбылося ўзнагароджанне пісьменнікаў і паэтаў, удзельнікаў «Славянскіх літаратурных Дажынак», памятнымі медалямі імя Манефы Гомельскай ад Гомельскай епархіі і імя Кірылы Тураўскага ад Саюза пісьменнікаў Беларусі. Акрамя таго, шэсць літаратараў сталі лаўрэатамі літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Беларускі акадэмік працаваў грузчыкам у порце і падарыў Мінску трамвай.

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.