22 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Горад над Сожам адзначыў 878 гадоў з моманту заснавання


Па мільёне рублёў на будаўніцтва новай школы, чатырох спортпляцовак і рэканструкцыю бальніцы. Грашовыя сертыфікаты на развіццё сацыяльнай інфраструктуры ў падарунак да свайго Дня нараджэння атрымаў Гомель.


Горад над Сожам адзначыў 878 гадоў з моманту заснавання. Дзень горада быў распачаты канцэртам «З днём нараджэння, любімы Гомель!», які прайшоў у цэнтральным парку на набярэжнай. Гамяльчан павіншавалі старшыня аблвыканкама Генадзь Салавей і старшыня гарвыканкама Пётр Кірычэнка.

— Гомель — горад, сэрцабіццё якога складаецца з біцця сэрцаў кожнага з нас, — звярнуўся да гараджан і гасцей абласнога цэнтра старшыня аблвыканкама. — Мы разам ствараем атмасферу нашага горада: камфортнага і ўтульнага для жыцця.

Губернатар звярнуў увагу на тое, чаго ўдалося дасягнуць Гомелю за апошні час:

— За апошнія год—два адкрылася шмат сацыяльных аб'ектаў: тры дзіцячыя садкі ў Навабеліцкім раёне, басейн, шматфункцыянальны спартыўны комплекс, лыжаролерная траса, крыты футбольны манеж, паліклініка з комплексам цэнтраў калектыўнага карыстання для жыхароў Гомеля і Гомельскага раёна, школа ў новым мікрараёне, куды першага верасня пайшлі больш за тысячу дзяцей. І ўсё гэта робіце вы сваім талентам, сваімі рукамі, — падкрэсліў Генадзь Салавей.

У падарунак да Дня горада губернатар уручыў грашовыя сертыфікаты — па адным мільёне рублёў кожны. Гэтыя сродкі выдаткуюць на будаўніцтва сярэдняй школы ў 96-м мікрараёне Гомеля, будаўніцтва чатырох спартыўных пляцовак (па адной у кожным раёне горада), рэканструкцыю прыёмнага аддзялення бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

— Гэта свята аб'ядноўвае ўсіх тых, хто жыве і калісьці жыў у Гомелі і захоўвае яго часцінку ў сваім сэрцы, знаходзячыся нават за сотні кіламетраў ад нашага горада. Мы дыхаем гісторыяй Гомеля, яго спадчынай і традыцыямі. Да свайго дня нараджэння горад стаў яшчэ больш прыгожым, — звярнуўся да гамяльчан старшыня Гомельскага гарвыканкама Пётр Кірычэнка. — Наша задача зараз — перадаць гэта ўсё наступным пакаленням, адстаяць незалежнасць, захаваць Беларусь як астравок бяспекі і стабільнасці ў цэнтры Еўропы.

Між тым падчас святочнага канцэрта былі названыя прадпрыемствы і арганізацыі, якія будуць занесены на гарадскую Дошку гонару па выніках працы за 2019 год.

Уздоўж адной з цэнтральных вуліц Гомеля — у скверы імя Грамыкі — разгарнуўся традыцыйны горад майстроў. Яго гасцей чакалі пляцоўка «Горад інклюзіі» і фестываль «Вінаград Гомельшчыны», удзел у якім прымалі не толькі мясцовыя вінаградары, але і прадстаўнікі гэтай галіны з усёй Беларусі. Адкрыліся і шматлікія інтэрактыўныя пляцоўкі.

На плошчы Леніна атмасферу маладзёжнага фэсту стваралі ўдзельнікі выставы-кірмашу «Моладзь у прафесіі».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Ганны ПАШЧАНКІ

Загаловак у газеце: Грошы — на развіццё!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

Транспарт вялiкага горада. Пра новыя маршруты, электробусы i трэцюю лiнiю метро

 У Мiнску цяпер працуе 199 маршрутаў аўтобусаў, восем — электробусаў, 89 — тралейбусаў, восем — трамваяў. 

Культура

Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Як вывозілі каштоўнасці з музеяў БССР у канцы 1920-х — пачатку 1930-х гг.

Даследчыкі савецкай індустрыялізацыі традыцыйна бралі пад увагу дзве галоўныя крыніцы яе фінансавання — экспарт сыравіны і сельскагаспадарчай прадукцыі.

Культура

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

Леў Клейнбарт. Чалавек, якi адкрыў для чытацкай публiкi Янку Купалу i Сяргея Ясенiна, нарадзiўся ў Капылi — у доме, якi захаваўся да нашых дзён

У пачатку XX стагоддзя публiцыст, крытык i журналiст Леў Клейнбарт быў уплывовай асобай сярод творчай iнтэлiгенцыi Пецярбурга.

Эканоміка

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Студэнцкі попыт на кошт арэнды жылля амаль не паўплываў

Спецыялісты адзначаюць: добра яшчэ, што рынак выжыў.