Вы тут

Якія бытавыя паслугі патрэбны сёння спажыўцам?


З аднаго боку, сучасны рытм жыцця не пакідае часу на дробныя бытавыя праблемы. З іншага — бытавая тэхніка сёння даступная кожнаму, і патрэба, напрыклад, у пральнях у сучаснага чалавека практычна адпала. Ці гэта не так? Паспрабуем разабрацца.


Клінінгавыя паслугі

Гэта адзін з найбольш запатрабаваных напрамкаў сферы бытавых паслуг. І справа не ў тым, што цяперашняе пакаленне жанчын — «беларучкі». Проста, як аднойчы трапна заўважыла мая прыяцелька, «жанчыне, якая працуе, самой патрэбна жонка».

Аргументы «за»:

  • Аптымізацыя часавых выдаткаў

Марнаваць свой выхадны на ўборку кватэры — такі сабе адпачынак. Клінінгавая кампанія возьмецца за вырашэнне пытання, а вы зможаце прысвяціць час таму, чым займацца прыемна, а не «абавязкова». Для сучаснай жанчыны гэта вельмі каштоўна.

  • Захаванасць інтэр'еру

У клінінгавых кампаніях працуюць, як правіла, прафесіяналы, і ўсе сродкі для чысткі дываноў, абіўкі мэблі, паліраваных паверхняў, кухоннай пліты і г. д. яны падбіраюць правільна. Гэтых сродкаў, дарэчы, яны прывозяць з сабой цэлы арсенал — для кожнай паверхні свой, што гарантуе захаванасць інтэр'еру. Многія гаспадыні, робячы ўборку самастойна, узбройваюцца адным мыйным сродкам і прынцыпам «адмыем тым, што ёсць».

  • Глыбокае ачышчэнне

Ці часта ў вас ёсць сілы на генеральную ўборку? Пагадзіцеся, значна часцей мы проста праціраем пыл, кладзём на месца рэчы і злёгку чысцім пыласосам. Клінінгавая кампанія зробіць ваш дом сапраўды чыстым, і такім ён застанецца яшчэ некалькі тыдняў — бо на тое, каб навесці звыклы «бардак», спатрэбіцца час.

Аргументы «супраць»:

  • Матэрыяльныя выдаткі

Клінінг — задавальненне нятаннае. Кошт уборкі залежыць ад яе тыпу (калі вы выклікаеце спецыялістаў, каб прыбраць у вашым доме пасля рамонту, накладных выдаткаў спатрэбіцца больш, чым на звычайную ўборку жылога памяшкання) і ад плошчы вашага жылля. Але ёсць і добрыя навіны: паколькі клінінгавых кампаній цяпер шмат і канкурэнцыя вялікая, можна знайсці і досыць бюджэтныя варыянты, і разнастайныя акцыі ды зніжкі.

  • Псіхалагічны дыскамфорт

Далёка не кожнаму па душы, калі ў яго доме распараджаюцца чужыя людзі, перастаўляюць яго асабістыя рэчы. Але гэта — непазбежная асаблівасць клінінгавых паслуг, з якой варта змірыцца.

Каму гэта падыходзіць:

  1. Жанчынам, якія шмат працуюць. Клінінгавыя кампаніі даюць ім або дадатковы час на працу, або заслужаны час на адпачынак.
  2. Цяжарным жанчынам, асабліва на вялікім тэрміне. Чысціня для будучых мам вельмі важная, але падтрымліваць яе ім ужо цяжка. Дарэчы, скарыстацца паслугамі клінінгавай кампаніі варта і калі жанчына ў радзільні — малога трэба прывозіць у чыстае жыллё, а далёка не кожны тата зможа зрабіць генеральную ўборку.
  3. Мнагадзетным мамам і проста мамам з маленькімі дзецьмі. Спецыялісты здолеюць вырашыць праблему плям на дыване і мэблі, растаптанага пластыліну і запэцканых далонямі аконнага шкла і люстэрка. А мама пакуль проста перавядзе дух.

Хімчыстка

Хімчыстка дываноў і мяккай мэблі, салона аўтамабіля і верхняга адзення — усё гэта запатрабаваныя на сённяшні дзень бытавыя паслугі. Спынімся на самым невідавочным кірунку: ці ёсць сэнс у хімчыстцы адзення (проста адзення, а не цяжкага зімовага паліто), калі можна скарыстацца пральнай машынай, нікуды не хадзіць і пры гэтым сэканоміць бюджэт.

Аргументы «за»:

  • Захаванасць адзення

Каб любімыя рэчы служылі доўга, трэба чытаць бірку (тую, якую мы прывыклі абразаць). На гэтай бірцы з дапамогай умоўных значкоў паказана, як мыць або чысціць рэч. Але ці многія з нас дазваляюць сабе задавальненне расшыфраваць гэты «клінапіс»? Ці наогул звяртаюць увагу на бірку, засоўваючы світар або майку ў «сціралку»? І нават калі вы выбралі правільны рэжым мыцця, ці здолееце вы правільна высушыць выраб, каб ён не страціў форму?

  • Здольнасць спраўляцца з моцнымі забруджваннямі

Уявіце: вы, жанчына, ехалі з важнага мерапрыемства (гэта значыць былі «пры парадзе»), і на трасе ў вас... ну, дапусцім, паўстала неабходнасць памяняць кола на «запаску». А мужчына-памочнік чамусьці не ўзнік з ніадкуль — ні адна машына не спынілася. І пры гэтым ідзе дождж... У выніку дарагі пінжак або спадніцу застаецца толькі выкінуць. Або вы пралілі чырвонае віно на святочную сукенку. Засыпаць пляму соллю і хуценька замыць? Лепш звярнуцца з падобнымі праблемамі ў хімчыстку. Сучасныя прафесійныя сродкі дазваляюць выратаваць вопратку, пазбавіўшы яе ад моцных забруджванняў.

  • Магчымасць спраўляцца з застарэлымі плямамі

Любімая блузка з плямай ад кавы правалялася ў кошыку для бялізны тыдзень? Ці ўвогуле год? Вы вырашылі, што цяпер ужо бядзе не дапаможаш, але выкінуць рэч не паднялася рука, і вы проста засунулі яе далей у шафу, з вачэй далоў. Плямавыводнікі гэта, вядома, добра, але яны таксама ўплываюць на колер вырабу. Хімчыстка справіцца з застарэлай плямай, захаваўшы яркасць і аднастайнасць колеру любімай рэчы.

Аргументы «супраць»:

  • Зразумела, матэрыяльныя выдаткі
  • Якасная хімчыстка — гэта досыць дорага. Праўда, у многіх хімчыстках праводзяцца сезонныя акцыі, бываюць зніжкі за аб'ём — тады больш выгадна несці туды рэчы ўсёй сям'і.
  • Рэч могуць сапсаваць
  • Такое таксама бывае. Таму лепш ісці не ў бліжэйшую
  • хімчыстку, а азнаёміцца з водгукамі тых, хто гэтымі паслугамі скарыстаўся да вас.

Каму гэта падыходзіць:

  1. Людзям, якія любяць брэндавыя рэчы. Калі рэч дарагая, лепш даверыць яе прафесіяналам.
  2. Аматарам ваўняных тканін і шоўку. Гэта самыя капрызныя матэрыялы, так што рызыкаваць з самастойным мыццём не варта.
  3. Тым, хто любіць рэчы са скуранымі ўстаўкамі або ўстаўкамі з замшу. Розныя віды матэрыялаў патрабуюць рознага падыходу, і лепш аддаць іх у рукі спецыялістаў.

Рамонт абутку

Гэтая паслуга была, ёсць і застанецца запатрабаванай у будучыні. Асабліва з улікам эканамічнага крызісу, які «ўправіў мазгі» нават заўзятым шапаголікам.

Аргументы «за»:

  • Разумная эканомія

Зразумела, адрамантаваць абутак выгадней і эканамічней, чым купляць новы. Спецыялісты сцвярджаюць, што якасны абутак можа служыць да 6 гадоў і перажыць каля 10 «прывядзенняў у парадак». Ну, а новы... Не факт, што ён вельмі хутка не запатрабуе рамонту. У нашы дні нават брэндавы абутак вырабляецца на фабрыках у Кітаі, В'етнаме і іншых краінах, дзе праца таннейшая, і нярэдка па спрошчаных тэхналогіях і не з самай якаснай сыравіны. А каштуе гэты брэндавы абутак па-ранейшаму як той, якому «зносу не было».

  • Зручнасць і камфорт

Не сакрэт, што многім з нас складана падабраць абутак, у якім будзе зручна. Новыя туфлі ціснуць і націраюць мазалі, хоць, здавалася б, вы вельмі сур'ёзна падышлі да прымеркі. У краме яны не цёрлі, а прайшло паўгадзіны — і калі ласка, мазоль. Любімы абутак не натрэ ногі, і вы дойдзеце ў ім, куды планавалі, не заходзячы пры гэтым у аптэку за пластырам.

  • Даступнасць і якасць

Шыльды «Рамонт абутку» цяпер на кожным кроку, шукаць не давядзецца. Паслугі прапануюць і дзяржаўныя майстэрні, і прыватнікі. Звычайна абутак вяртаюць ужо на наступны дзень. І, дарэчы, сур'ёзныя майстэрні заўсёды даюць гарантыю на свае паслугі.

Аргументы «супраць»:

  • Кошт пытання
  • Рамонт абутку каштуе зараз нятанна, як, зрэшты, любая паслуга. Але ўсё роўна гэта танней, чым набыццё новай пары.
  • Не ўсё можна адрамантаваць
  • Без праблем вам адрамантуюць абутак, калі пытанне датычыцца набоек, абцасаў, «прафілактыкі» падэшваў або замены маланак/ліпучак. А вось калі ў красовак на высокай падэшве гэтая падэшва трэснула, вам параяць іх выкінуць і купіць новую пару. Значная частка кітайскага і турэцкага абутку вырабляецца з маленькім запасам трываласці і вельмі часта рамонту не паддаецца.

Каму гэта падыходзіць:

  • Усім, хто эканоміць. У наш час гэта значыць — проста ўсім і кожнаму.
  • Уладальнікам абутку з натуральнай скуры. Лічыцца, што перавага абутку з заменніка скуры — трываласць і зносаўстойлівасць, але калі з такім абуткам здарылася бяда ў першы год «носкі», не марнуйце грошай на рамонт. Лепш купіць якасную пару.

Муж на гадзіну

Ці ёсць у доме мужчына, ці яго няма, значнай колькасці сучасных жанчын час ад часу даводзіцца брацца за малаток і адвёртку. Паслугі «мужа на гадзіну» сёння адназначна запатрабаваныя. І не толькі «моцнымі і самадастатковымі» гаспадынямі пяці кошак. Дарэчы, калі я апошні раз выклікала «мужа на гадзіну», каб сабраць шафу, прыехала сімпатычная дзяўчына. І зрабіла ўсё, як мае быць.

Аргументы «за»:

  • Эканомія сіл і часу

Калі ў вас зламалася канапа, а муж — «бязрукі» інтэлектуал, то прасцей зрабіць выбар на карысць падзелу працы. Няхай ваш муж зарабляе грошы так, як умее, а дробны бытавы рамонт хай робіць прафесіянал гэтай сферы. Гэта прасцей і ў канчатковым выніку часта танней (спрабуючы ліквідаваць паломку, дылетант у стане рэч проста даламаць), чым самастойна спрабаваць справіцца з праблемай. З дапамогай інструкцыі з інтэрнэту, фізічнай сілы і «такой-гэтакай мацеры».

  • Адсутнасць падставы для сямейнага скандалу

Глядзі папярэдні пункт. Не варта пілаваць мужа, кідаючы фразачкі накшталт: «І цвік забіць не можаш». Майстар зробіць усё, што трэба і прывязе з сабой набор неабходных інструментаў, а не будзе забіваць праславуты цвік малаточкам для адбівання мяса за адсутнасцю ў гаспадарцы нармальнага малатка.

  • Бяспека

Калі вы ніколі не мелі справы з электрычнасцю, не трэба думаць, што ўсяму навучыцеся на практыцы. Гэта небяспечна для жыцця. Лепш адмовіцца і ад самастойных спроб разабрацца з засорам ва ўнітазе — тое, што туды трапіла і перашкаджае току вады, можна выпадковазапхаць яшчэ глыбей. І тады прыйдзецца здымаць ўнітаз. Для жыцця не небяспечна, але дорага, непрыемна і даўжэй, чым калі б майстар проста ліквідаваў засор.

Аргументы «супраць»:

  • Усё той жа матэрыяльны бок пытання

Паслугі «мужа на гадзіну» нельга назваць самымі дарагімі на рынку бытавых паслуг, і ўсё ж яны таксама запатрабуюць матэрыяльных укладанняў. Самыя высокааплатныя паслугі — звязаныя з электрыкай і сантэхнікай: калі ўсё не вельмі крытычна, магчыма, лепш патэлефанаваць у ЖЭС.

  • Падмена роляў

Калі ўсе бытавыя пытанні ў сям’і вырашае жанчына (а 90% спажыўцоў паслугі «муж на гадзіну» — дамы, што відавочна нават з назвы), мужчына да гэтага хутка прывыкае і здымае з сябе адказнасць. Магчыма, лепш пакінуць за ім права вырашаць «мужчынскія» бытавыя пытанні? Нават шляхам выкліку «мужа на гадзіну» — хай знойдзе тэлефон і патэлефануе ён, а не вы.

Каму гэта падыходзіць:

  1. Жанчынам, у сям’і якіх няма мужчыны, а таксама тым, у каго муж «не па гэтых справах» або пастаянна заняты на рабоце.
  2. Мужчынам, якія не ўмеюць працаваць рукамі.
  3. Занятым прафесіяналам, што рэдка бываюць дома.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Загаловак у газеце: Быт або не быт

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.