Вы тут

Спартыўныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню горада, прайшлі ў Мінску


ІІ Еўрапейскія гульні, матчавая сустрэча Еўропа-ЗША па лёгкай атлетыцы, чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні, тэнісныя Кубак Федэрацыі і Кубак Дэвіса, легендарны паўмарафон — толькі малая частка буйных спартыўных падзей, якія прымаў Мінск. Горад, які любіць і шануе спорт, сёлета адзначыў свой 953-ы дзень нараджэння. І няхай у гэтым годзе сабраць вялікае свята не атрымалася, не абышлося без падарункаў ад спорту. У выхадныя ў сталіцы прайшоў шэраг спартыўных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню горада.


Даніну павагі роднаму гораду аддалі беларускія фігурысты ўсіх узростаў. У суботу на «Мінск-арэне» адбылося лядовае прадстаўленне з удзелам лепшых фігурыстаў краіны. На лёд выйшлі пераможцы і прызёры рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў Лізавета Хлыпаўка, Карына Сідарэнка і Максім Яленіч, Аляксандра Чэпелева, Ілля Сцепанькоў і іншыя фігурысты. Праз эпідэміялагічную сітуацыю, гледачы назіралі за выступленнямі спартсменаў у інтэрнэце, а не на трыбунах.

«Мінск, як і ўся Беларусь, настолькі добра абсталяваны для заняткаў любымі відамі спорту, што мы не маем права не радаваць гледачоў майстэрствам нашых спартсменаў і высокімі спартыўнымі вынікамі. Я віншую наш цудоўны Мінск і яго жыхароў з днём горада. Будзем рады ўбачыцца на лядовых пляцоўках нашага горада, як гэта было на нядаўнім чэмпіянаце Еўропы па фігурным катанні ў 2019 годзе», — адзначыла старшыня Беларускага саюзу канькабежцаў Юлія Комлева.

Свае віншаванні Мінску выказаў алімпійскі чэмпіён Алег Васільеў, які зараз узначальвае нацыянальную каманду Беларусі па фігурным катанні: «Я і ў гады заняткаў спортам, і па родзе трэнерскай дзейнасці бачыў вялізную колькасць гарадоў у розных краінах свету, і кожны з іх выдатны па-свойму, але такое пачуцце ўтульнасці і заспакаення, як у Мінску, сустракаецца мала дзе. Віншую беларускую сталіцу з днём нараджэння і прызнаюся ёй у шчырай любові».

З 2019 года ў Мінску працуе Клуб фігурнага катання Аляксея Ягудзіна. Знакаміты фігурыст таксама падарыў Мінску свой падарунак. У межах дню адчыненых дзвярэй у клубе, алімпійскі чэмпіён правёў майстар-клас для маленькіх фігурыстаў. Кожны жадаючы змог пазнаёміцца са сваім спартыўным кумірам і пачуць ад яго карысную параду. Сам Аляксей Ягудзін неаднаразова прызнаваўся ў любові да Мінска, таму гэты візіт у беларускую сталіцу сам лічыць па-сапраўднаму святочным: «Апошні раз я сустракаўся з мінскімі дзецьмі-фігурыстамі ў лютым. Праз пандэмію каранавірусу мы не маглі раней сустрэцца. Але я вельмі рады, што сёння мне пашчасціла быць тут. Я ўбачыў новых дзяцей, што вельмі добра. У мінулую сустрэчы запомніў дзяўчынку, якая нават стаяць на каньках не магла, плакала, сёння ўжо ўмее падвойныя скачкі. Дзеці так хутка ўсё запамінаюць і засвойваюць, што я не хвалююся за спартыўную форму вучняў нашага клуба. Тым больш, я добра ведаю, якія таленавітыя ў Мінску дзеці».

Штогод у межах святкавання Дня горада ў Мінску праходзіць паўмарафон, які заўжды збірае на сталічных вуліцах тысячы аматараў бегу. У 2020 годзе, які ўжо праславіўся парушэннем спартыўных традыцый, паўмарафон не адбыўся. Але Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі вырашыла не адбіраць у бегуноў іх свята. Пад дахам Нацыянальнага алімпійскага стадыёна «Дынама» прайшоў майстар-клас ад старэйшага трэнера нацыянальнай каманды па вынослівасці Андрэя Гардзеева. Атрыманыя веды сотня бегуноў замацавала на дарожках стадыёна. Тон забегу задавалі срэбраныя прызёры чэмпіянату Еўропы па кросу ў эстафетным бегу 4 па 1500 метраў Кацярына Карнеенка, Арцём Калачоў, Вольга Немагай і Сяргей Платонаў.

«Нам, прафесійным спартсменам, цікава і прыемна правесці трэніроўкі з простымі людзьмі, якія любяць бег. Мы ўсе рыхтаваліся да мінскага паўмарафона і ўсе засмуціліся, што яго перанеслі. Але нічога не зробіш, таму сёння на трэніроўцы мы атрымалі крыху тых эмоцый, якія маглі атрымаць на паўмарафоне». — адзначыў Арцём Калачоў.

На бегавое свята прыехалі не толькі мінчане, але і госці сталіцы. Вадзім Мураўскі з Астраўца, таксама рыхтаваўся да забегу па мінскіх вуліцах, але і ад прабежкі па стадыёне не адмовіўся: «Неаднойчы быў на гэтым стадыёне, падтрымліваў нашых спартсменаў. Хацелася хоць раз пабыць на іх месцы, а не на трыбуне. Таму сённяшняе мерапрыемства пакінула толькі пазітыў. Я доўга рыхтаваўся да паўмарафона, які ў гэтым годзе планаваў бегчы чацвёрты раз, але і такая замена яму мяне задавальняе».

Эмоцыі ўдзельнікаў і арганізатараў мерапрыемстваў падкрэслілі, што нават у такі нялёгкі для спорту час, ён можа ствараць свята і радаваць сваіх аматараў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.