29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Адраджэнне Мінскага Свята-Аляксандра-Неўскага храма


Мінскі Свята-Аляксандра-Неўскі храм — адзін з нешматлікіх помнікаў архітэктуры сталіцы, які захаваўся да нашых дзён у першародным выглядзе. Царква выстаяла ў вайну, у эпоху ваяўнічага атэізму і з 1898 года практычна ніколі не была зачынена для вернікаў. Сёння храм перажывае рэканструкцыю. Будаўнічыя работы вядуцца ў перапынках паміж набажэнствамі — царква на Вайсковых могілках не закрывае свае дзверы для прыхаджан нават «на рамонт».


Храм Аляк­санд­ра Не­ўска­га — пом­нік да­рэ­ва­лю­цый­на­га пра­ва­слаў­на­га дой­лід­ства, што за­ха­ваў­ся ў ня­змен­ным вы­гля­дзе, пе­ра­жыў­шы вай­ну і эпо­ху ва­яў­ні­ча­га атэ­із­му.

Старонкі гісторыі

Сёння храм у імя святога благавернага вялікага князя Аляксандра Неўскага знаходзіцца ў цэнтры Мінска. А калісьці тут была ўскраіна. Вайсковыя могілкі, пасярод якіх стаіць царква, ўзніклі крыху раней. Паблізу, за паўкіламетра ад месца будучага храма, знаходзіўся ваенны шпіталь, і калі паўстала пытанне, дзе хаваць салдат і афіцэраў, якіх медыкі не здолелі выратаваць, гарадскія ўлады выдзелілі ўчастак у прадмесці Доўгі Брод.

Храм побач з вайсковымі могілкамі быў асвечаны ў 1898 годзе ў памяць загінулых на полі бітвы падчас руска-турэцкай вайны. З яго будаўніцтвам звязана легенда. Справа ў тым, што ўзводзілася царква не толькі на сродкі з гарадскога бюджэту, але і на ахвяраванні. Грошы ўносілі сваякі загінулых салдат і афіцэраў, і 20 000 рублёў на пабудову храма ўнесла Марыя Кексгольмская. Паводле легенды, падчас ваенных дзеянняў рускія салдаты (сярод якіх, зрэшты, былі прадстаўлены практычна ўсе нацыянальнасці, якія ўваходзілі ў Расійскую імперыю XІX стагоддзя) падабралі маленькую дзяўчынку, турэцкую сірату. Дзіця стала «дачкой палка», хрысцілі яе Марыяй. А калі дзяўчына вырасла, то засталася жыць на сваёй новай радзіме. Як яна апынулася ў Мінску, легенда замоўчвае.

— Гэта не больш чым паданне, — кажа настаяцель храма протаіерэй Мікалай Коржыч. — Гістарычных дакументаў, якія пацвярджаюць яго, мы не знайшлі. Дакладна тое, што храм будаваўся як помнік воінам, якія аддалі сваё жыццё ў руска-турэцкай вайне 1877-1878 гадоў. Пра гэта нагадваюць дзве мемарыяльныя дошкі, уманціраваныя ў цэнтральны неф. На іх выгравіраваны імёны 118 воінаў 30-й артылерыйскай брыгады і 119-га пяхотнага Каломенскага палка, якія загінулі пры ўзяцці Плеўны ў Балгарыі. Сярод гэтых людзей ёсць і выхадцы з нашай беларускай зямлі — гэта відаць нават па прозвішчах: Мастовіч, Ананіч, Сачук...

Каля храма таксама размешчаны пахаванні герояў Плеўны: генерал-лейтэнанта Жыржынскага, генерал-маёра Бырдзіна, падпалкоўнікаў Дехцярова, Жажэра і Абрамава. Гэта першыя магілы на Ваенных могілках, а на сённяшні дзень старажытны некропаль налічвае каля сямі тысяч пахаванняў.

Будаўніцтва мінскага Свята-Аляксандра-Неўскага храма распачалося вясной 1896 года і завяршылася за два гады да надыходу бурнага дваццатага стагоддзя. Будынак спалучаў у сабе рысы ўзорачча і рускага барока, яго архітэктарам быў Віктар Струеў, які пазней атрымаў вядомасць дзякуючы праектам цэркваў у Зембіне, Лунінцы, Любчы, Барысаве.

— Спачатку была пабудаваная цэнтральная частка храма, бакавыя памяшканні прыбудоўваліся крыху пазней, — тлумачыць айцец Мікалай. — Па завяршэнні ўсіх работ царква стала пяціглавай. Яна была багата ўпрыгожана фасадным дэкорам і шматлікімі мазаікамі. І ўнутранае ўбранне, і знешні выгляд царквы былі тыповыя для таго часу: так будавалі праваслаўныя храмы ў ХІХ стагоддзі.

У першыя гады савецкай улады царква Аляксандра Неўскага цудам пазбегла закрыцця. Яна была адзіным дзеючым праваслаўным храмам у сталіцы БССР аж да 1938 года, калі органы НКВД арыштавалі яе настаяцеля, а на дзверы павесілі замок.

— І тады прыхаджане сталі збірацца на ганку храма, — расказвае суразмоўнік. — Людзі маліліся і падтрымлівалі адно аднаго.

Неверагодна, але ў 30-я гады храм пазбег рабавання. Сёе-тое, вядома, знікла, але старажытная цудатворная ікона Мінскай Маці Божай захавалася да нашых дзён. Як і драўляная пераносная цэркаўка, якой карыстаўся Каломенскі полк для малітваў падчас ваенных дзеянняў у Турцыі. Зараз цэркаўку ўбачыць нельга, яна знаходзіцца на рэканструкцыі. Але пасля завяршэння будаўнічых работ гэты рарытэт зойме годнае месца ў абноўленым храме — у левым куце будынка, дзе яна стаяла заўсёды.

Ваеннае ліхалецце не зраўняла храм з зямлёй. Падчас бамбёжак цэнтральны купал прабіла фугасная бомба, але не выбухнула. Выбуховай хваляй ад іншага снарада быў сарваны галоўны купал, а пажар пашкодзіў дах.

— Пад храмам знаходзілася памяшканне для печаў. Цяпер, калі неабходнасць у пячным ацяпленні адпала, мы выкарыстоўваем іх для гаспадарчых патрэб. А ў гады вайны тут мінчане — і вернікі, і атэісты — хаваліся ад бамбёжак, — кажа суразмоўнік.

Адразу пасля акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі пачалі адкрывацца цэрквы. І ў храме Аляксандра Неўскага аднавіліся службы. З тых часоў царква не закрывалася. У 1950—1980-я гады яна была адным з двух дзеючых у Мінску праваслаўных храмаў. Другі быў кафедральны Свята-Духаў сабор.

Са­мыя зна­ка­мі­тыя па­ха­ван­ні Вай­ско­вых мо­гі­лак — ма­гі­лы Ку­па­лы і Ко­ла­са.

Рэканструкцыя на ахвяраванні?

Першыя аднаўленчыя работы былі пачаты ў будынку храма ў 1982 годзе. Да 1983 года рэстаўратары аднавілі цэнтральны купал і крыжы, пазалацілі купалы, пафарбавалі сцены. У 1985 годзе ўнутры храма былі адноўленыя насценныя роспісы і зноў распісаны купал. Многія карэнныя мінчане памятаюць гэтыя роспісы. Сёння іх ужо не ўбачыш. Сцены храма будуць распісаны нанова, захаваюцца толькі першапачатковыя сюжэты фрэсак.

— Якасць выканання роспісу ў савецкія часы вымагала жадаць лепшага, — адзначае протаіерэй Мікалай Коржыч. — Царкоўнаму мастацтву тады не вучылі, таму ўсё рабілася на энтузіязме. Гэта быў так званы трафарэтны роспіс, які мала адпавядае задуме будаўнікоў храма. Цяпер плануецца вярнуць першапачатковае аблічча храма — унутры і звонку. На жаль, фатаграфій унутранага ўбранства гэтага храма канца пазамінулага стагоддзя не захавалася. Але захаваліся ўзоры падобных праваслаўных храмаў ХІХ стагоддзя ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. На іх і абапіраецца навуковае кіраўніцтва рэканструкцыі.

Дах царквы быў абноўлены ў 2015 годзе на ахвяраванні юрыдычных і фізічных асоб. Званіца — яшчэ раней, да стагадовага юбілею храма, у 1998 годзе: унутры яе ўсталявалі шэсць новых званоў. У 2018 годзе была рэстаўрыравана маленькая хрысцільная царква, пабудаваная каля храма ў 1991-м.

Зараз работы вядуцца ўнутры храма Аляксандра Неўскага: акрамя роспісу сцен і купала засталося завяршыць пакрыццё падлогі каменнымі плітамі і аздабленне натуральным каменем панэляў, тлумачыць суразмоўнік. Цэнтральная частка іканастаса пакуль знаходзіцца на рэстаўрацыі. Завершацца работы абнаўленнем асвятляльных элементаў — панікадзіл, бра, царкоўных люстраў.

Айцец Мікалай кажа і пра неабходнасць добраўпарадкавання Ваенных могілак, якія акружаюць храм. Старадаўнія могілкі па ўсім свеце даўно ўжо сталі турыстычнымі аб'ектамі. Ёсць турыстычны патэнцыял і ў аднаго з двух самых старых некропаляў у межах Мінска (разам з Кальварыйскім). Афіцыйна Вайсковыя могілкі былі закрытыя для пахаванняў у 1959 годзе. Але яшчэ ў савецкія гады тут у асноўным хавалі знакамітасцяў і членаў іх сем'яў — дзеячаў культуры і мастацтва, заслужаных работнікаў навукі. Самыя знакамітыя пахаванні Ваенных могілак — Янкі Купалы і Якуба Коласа, яны размешчаны ў паўночнай частцы некропаля, непадалёк ад пахаванняў воінаў-вызваліцеляў Мінска, загінулых у 1944-м. На Вайсковых могілках знайшлі апошні прытулак пісьменнікі і паэты — цвет беларускай літаратуры савецкага перыяду. Заснавальнікі Купалаўскага тэатра Уладзімір Крыловіч і Еўсцігней Міровіч. Навуковец, які стаяў каля вытокаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — акадэмік Усевалад Ігнатоўскі. Супрацоўніца ААН Рут Уолер, якая працавала ў складзе місіі, што дапамагала аднаўляць Беларусь пасля Вялікай Айчыннай вайны.

На добраўпарадкаванне Вайсковых могілак не так даўно грошы выдзяляў горад, і невялікая частка некропаля ўжо прыведзена ў парадак. Але значная плошча пакуль знаходзіцца ў запусценні.

— Нядаўна хацеў падысці да магілы Кузьмы Чорнага — ледзь не параніў сабе нагу, — наракае айцец Мікалай. — Гэтае запусценне — спадчына савецкіх часоў: раз няма вечнага жыцця, значыць, і да могілак можна ставіцца проста як да ўтылізатара. З сямі тысяч пахаванняў тры з паловай на сённяшні дзень не ідэнтыфікаваныя.

Святар спадзяецца, што з часам і храм, і некропаль будуць адноўлены ў комплексе — так, каб засталіся задаволеныя і гісторыкі, і прадстаўнікі сферы культуры, і прыхаджане.

Калі будзе завершана рэканструкцыя, настаяцель храма адказаць пакуль не можа. Справа ў тым, што работы вядуцца на ахвяраванні. І нядаўна святар звярнуўся з просьбай аб садзейнічанні ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

— Сродкі на рэканструкцыю храма ўжо выдзеленыя з рэспубліканскага бюджэту, але да цяперашняга часу не вызначаны заказчык рамонтна-рэстаўрацыйных работ, не забяспечана распрацоўка навукова-праектнай і каштарыснай дакументацыі па аб'екце, — кажа Мікалай Коржыч.

Пытанне ўзята на кантроль Саветам Рэспублікі. Ёсць надзея, што ў найбліжэйшы час яно будзе вырашана, і адзін з двух помнікаў дарэвалюцыйнага праваслаўнага дойлідства, што захаваліся ў беларускай сталіцы, здабудзе другое нараджэнне.

Знач­ная тэ­ры­то­рыя не­кро­па­ля па­тра­буе сур'­ёз­ных укла­дан­няў —  і гро­шай, і на­ма­ган­няў.

Уладзімір Дражын, старшыня папячыцельскага савета царквы Аляксандра Неўскага:

— У 2014 годзе, калі я вярнуўся з працы Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Беларусь у Літве і Фінляндыі, мяне запрасіў Уладыка Філарэт на сустрэчу і запрапанаваў узяцца за рэканструкцыю храма Аляксандра Неўскага, які размешчаны на Ваенных могілках. Я пагадзіўся і вось з 2014 года сістэмна займаюся гэтай справай, у тым ліку пошукам сродкаў як спонсарскіх, так і дзяржаўных. На сённяшні дзень мы ўжо ўключаны ў дзяржаўную інвестыцыйную праграмму на 2020-2021 гады, нам удалося сабраць і грошы ад спонсараў. Кожны год мы знаходзім да 200 000 беларускіх рублёў. І там ужо шмат зроблена на сённяшні дзень, напрыклад, перакрыты дах, заменены званы на званніцы, заменены вокны і дзверы, зроблены цеплавузел, капітальна адрамантаваны прыхадскі дом з хрысцільным храмам і дзве часоўні, заменены ацяпленне, праводка, ператынкаваны сцены і столі ды многае іншае. А цяпер там працягваюць працу рэстаўратары і будаўнікі, кладуць гранітную падлогу. Потым пойдзе новы этап, які дапаможа распачаць роспіс інтэр’ераў і тыя работы, якія яшчэ чакаюць свайго часу. Я штомесяца праводжу там пасяджэнне нашага апякунскага савета і лічу, што гэтую справу мы зробім, бо ў верасні 2021 года спаўняецца 800 гадоў з дня нараджэння князя Аляксандра Неўскага, збіральніка славянскіх земляў. У Расіі выдалі ўказ, дзе акрэслена ўсё, што трэба зрабіць да гэтай вялікай даты. І мы таксама павінны не заставацца ўбаку, таму што царква Аляксандра Неўскага ў Мінску – гэта самы старэйшы храм. У гады вайны там мелі прытулак яўрэі і беларусы, якіх хацелі ў якасці палонных адправіць у Германію. Але немцы мелі такую асаблівасць, што на акупаваных тэрыторыях яны ў храмы не ўваходзілі. Дзякуючы гэтаму там шмат людзей уратаваліся. І цяпер у крыпце ўстаноўлена мемерыяльная дошка, якая нагадвае пра тыя падзеі. Шмат зроблена, але, спадзяюся, нам дазволяць гэтую справу давесці да добрага выніку.

Дзіяна РОНІНА

Загаловак у газеце: Другое нараджэнне храма

Выбар рэдакцыі

Культура

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Беларускі акадэмік працаваў грузчыкам у порце і падарыў Мінску трамвай.

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.