28 кастрычніка, серада

Вы тут

У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстаўка «Музыка і святло»


У пачатку верасня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбылося адкрыццё міжнароднай выстаўкі «Музыка і святло». Удзельнікамі яе сталі аўстрыйскія і беларускія мастакі, якіх аб'яднала тэма любові да музыкі.


З аўстрыйскага боку прадстаўлены работы Сільвіі Эрэнрэйх, Элы Клідорфер-Эгер, Альберта Шмідбаўэра, Вярэны Пранштэтэр. Беларускае сучаснае мастацтва прадстаўляюць Марыя Барысенка, Ганна Сілівончык, Іван Семілетаў і Сяргей Крыштаповіч.

Як музыка ўплывае на нас? Як мы яе ўспрымаем? Як праз колер перадаць мелодыю? Як узаемадзейнічаюць культуры краін з рознай гісторыяй? На гэтыя і іншыя пытанні мастакі паспрабавалі знайсці адказы. Некаторыя з работ адсылаюць гледачоў да масавай культуры. Напрыклад, арт-аб'ект Марыі Барысенкі пад назвай «Come together», з серыі «Beatles» (2011 г.), асацыюецца ні з чым іншым, як з вядомай музыкальнай групай. Ёсць і карціны з сацыяльным пасылам, напрыклад малюнак Сільвіі Эрэнрэйх «Танцоўшчыцы супраць рака» (2020 г.). Экспазіцыя ўключае ў сябе карціны, выкананыя ў стылі абстрактнага экспрэсіянізму, сімвалізму, фантастычнага рэалізму. Таксама на выстаўцы прадстаўлены катэгорыі арт-аб'екта, відэа-арту і графікі.

У тэксце, прысвечаным экспазіцыі, Алена Цагельская піша: «У гэтым годзе людзі з многіх краін сутыкнуліся з моцнымі ўзрушэннямі. Выстаўка «Музыка і святло» — гэта агульная мара аб «вылячэнні» планеты, напамін аб тым важным, што аб'ядноўвае людзей ва ўсім Сусвеце».

Хуберт Турнхофер — адзін з куратараў выстаўкі — з'яўляецца дырэктарам галерэі «Кунстраум» (уваходзіць у дзясятку лепшых у Вене). З наведвальнікамі ён падзяліўся сваімі меркаваннямі наконт здзейсненага праекта: «Пяць гадоў я працаваў выкладчыкам у Маскоўскім Інстытуце замежных моў. За гэты час мне ўдалося пазнаёміцца з мастакамі, наведаць мноства выставак і майстэрняў. Таму мой густ вельмі спецыфічны, не тыпова аўстрыйскі — я заўсёды адкрыты для новага вопыту. Шэсць гадоў таму я пазнаёміўся з Аленай Цагельскай. Яна паказала мне, што ў Беларусі вельмі шмат чаго адбываецца. Прадставіла мяне як мастака і патэнцыяльнага куратара, гатовага да супрацоўніцтва».

Калі пачалі арганізоўваць выстаўку, з'явіліся праблемы, выкліканыя каранавірусам, і «Музыку і святло» прыйшлося адкласці. Але потым усё ж вырашылі, што выстаўка адбудзецца, і Хуберт пачаў адбіраць мастакоў са сваёй краіны. «Я мяркую, што атрымалася вельмі моцная і гарманічная выстаўка, — кажа Хуберт Турнхофер. — Зараз папулярныя эксперыментальныя напрамкі: інсталяцыі, акцыянізм, хэпінінгі і іншае. Але ўсё ж на рынку больш запатрабаваны жывапіс. На выстаўцы адлюстравана гэтая тэндэнцыя — жывапіс і графіка ў нас ідуць на першым месцы. У работах беларускіх мастакоў прысутнічаюць тыя тэхнікі і напрамкі, якія вельмі шануюцца. Напрыклад, друкаваная графіка. Гэта асобны Сусвет, даволі маленькі, але ў ім існуюць неверагодныя рэчы. У адным толькі абсягу друкаванай графікі існуе сто пяцьдзясят розных тэхнік»...

Пабачыць работы беларускіх і аўстрыйскіх мастакоў можна ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў да 1 лістапада.

Арына КАРПОВІЧ

Прэв’ю: thejizn.com

Загаловак у газеце: Якога колеру мелодыя?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.