Вы тут

Спартсменка Таццяна Дамашына: У мяне вельмі ўпарты характар


Таццяна Дамашына — прыгожая, невысокая, нават мініяцюрная. Але гэта толькі на першы погляд: не кожная зможа падымаць 140-кілаграмовыя штангі. Дзяўчына з аграгарадка Гарадзішча, што ў Баранавіцкім раёне, за некалькі гадоў стала чэмпіёнкай свету, Еўропы, устанавіла шмат гучных рэкордаў. Сёння яе мэта — папаўненне медальнай калекцыі, а таксама папулярызацыя спорту і здаровага ладу жыцця ў Беларусі.


— Таня, а што такое паўэрліфтынг?

— Гэта сілавое трохбор'е. Нашы асноўныя практыкаванні — прысяданне са штангай, жым штангі лежачы і станавая цяга, дзе трэба падняць максімальную для сябе вагу і выпрастацца. Чым большая вага — тым лепшы вынік.

— Як так выйшла, што гэты спорт стаў справай твайго жыцця?

— У дзяцінстве за кампанію з сябрамі пайшла ў секцыю дзюдо. Потым былі лёгкая атлетыка, футбол, я ўжо не магла адмовіцца ад спорту. А мой старэйшы брат Міхаіл у той час займаўся штангай, і я напрасілася да яго на трэніроўку — надта цікава было. Ужо на першай трэніроўцы мой будучы трэнер Аляксандр Грынкевіч-Суднік сказаў, што я стану чэмпіёнкай свету ў паўэрліфтынгу. Праз тры гады я ўжо слухала гімн краіны на п'едэстале.

— У тваёй біяграфіі ёсць эпізод з дыскваліфікацыяй, чаму так здарылася?

— У мяне быў канфлікт з кіраўніцтвам федэрацыі паўэрліфтынгу. У 2018 годзе на чэмпіянаце свету ў Калгары мяне і яшчэ адну спартсменку Сняжану Зубко пакінулі зусім адных. Нашага трэнера не было, бо яго не прафінансавалі. А кіраўніцтва пасля выступлення дзяўчат і юнакоў да 18 гадоў паехала дадому. На такіх спаборніцтвах абавязкова павінен быць трэнер, які будзе дапамагаць спартсмену і вырашаць бягучыя пытанні. Нават у дакументах мы са Сняжанай пазначалі трэнерамі адна адну. Нас пакінулі на аўстрыйскага трэнера, які лічыцца беларускім. Але ён не ведаў рускай мовы, а мы дрэнна размаўлялі па-англійску. Мы адмовіліся ад супрацоўніцтва з ім, бо гэта было нерэальна. Увесь час нам дапамагалі ўкраінскія трэнеры. Канешне, мы публічна ім падзякавалі. А кіраўніцтва федэрацыі вырашыла, што так мы здрадзілі краіне. У заключэнні аб дыскваліфікацыі сказана, што мы зганьбілі гонар і годнасць спартсмена Рэспублікі Беларусь. А мы тады былі адзіныя з нашай зборнай, хто прывёз медалі. Нас са Сняжанай дыскваліфікавалі на два гады, а трэнера — пажыццёва. Праз месяц дыскваліфікацыю знялі, але мне гэта ўжо было непатрэбна.

— І гэтыя два гады ты правяла ў цяжкай атлетытыцы?

— Я ўжо да гэтай гісторыі думала аб пераходзе, усё ж такі цяжкая атлетыка — алімпійскі від спорту, у адрозненні ад паўэрліфтынгу. І вырашыла, што дыскваліфікацыя — гэта знак. Ну і эмоцыі, крыўда сваю справу зрабілі. Ва ўніверсітэце сустрэла галоўнага трэнера нацыянальнай каманды Віктара Шылая і сказала «Я Таня, мяне дыскваліфікавалі з паўэрліфтынгу, хачу займацца цяжкай атлетыкай». Ён пазнаёміў мяне з алімпійскім чэмпіёнам Валерыем Шарыем, які зараз працуе трэнерам. Я думала, раз усюды штанга, а вопыту ў мяне дастаткова, то я хутка засвою тэхніку і пачну паказваць клас. Аказалася, што ў цяжкай атлетыцы ўсё іншае — штанга, практыкаванні, іншыя мышцы задзейнічаны. На першай трэніроўцы я падымала пусты грыф і мне было цяжка. Пасля нават бутэльку вады не магла падняць. Хоць у атлетыцы пусты грыф важыць 15 кілаграмаў, а ў паўэрліфтынгу — 20. Я выйграла першыя спаборніцтвы, але гэтага было мала. З кожным днём я разумела, наколькі гэта складаны від спорту. Мне было цяжка пераключаць тэхніку, вагу, звычкі. Моцна ціснуў псіхалагічны фактар, калі я бачыла, што мяне, чэмпіёнку свету, перамагаюць чатырнаццацігадовыя дзяўчынкі. Я неяк працягнула два гады, выканала нарматыў на кандыдаты ў майстры спорту. Але амаль з кожнай трэніроўкі сыходзіла са слязамі на вачах.

— Таму ты вырашыла вярнуцца ў паўэрліфтынг?

— Падчас спаборніцтваў я траўміравала локаць і не магла падняць нават пусты грыф. Калі выконвала практыкаванні з паўэрліфтынгу, ён не балеў. І я вырашыла, што гэта знак. Патэлефанавала трэнеру Аляксандру Грынкевіч-Судніку і сказала, што хачу вярнуцца. Ён быў вельмі здзіўлены, адчытаў мяне за тое, што сышла, і даў тыдзень на «падумаць». Праз тыдзень я сказала яму, што чакаю трэніроўкі. Ён напісаў мне план, па якім мы дыстанцыйна працуем, бо ён жыве ў іншым горадзе. Я ведаю ўсю тэхніку, свае слабыя і моцныя бакі, таму мы можам так працаваць. Валерый Шарый адэкватна паставіўся да майго рашэння, прапанаваў бясплатна трэніравацца ў яго зале. Мне вельмі пашанцавала з трэнерамі. Няхай ад аднаго я бегала туды-сюды, а да другога прыйшла са словамі «я ніколі не вярнуся ў паўэрліфтынг», а потым сышла.

— Упэўнена, што не пашкадуеш аб сваім рашэнні, усё ж такі ў цябе былі шанцы выступіць на Алімпійскіх гульнях?

— Каб чагосьці дасягнуць, трэба было раней пачынаць займацца цяжкай атлетыкай. Апошнім часам я шмат думала аб вяртанні. Нават Валерый Шарый сказаў, што ў паўэрліфтынгу ў мяне больш перспектыў. Калі б я засталася, то вышэй чэмпіянату Беларусі не прайшла б. Магчыма, калісьці выступіла б на чэмпіянаце Еўропы, але не далей. У цяжкай атлетыцы вельмі складана дабіцца высокіх вынікаў і застацца сабой. Трэба гуляць па правілах большасці, а мне не ўсё з гэтых правілаў па душы. Элементарна, я працую па размеркаванні з 9.00 да 18.00 і не змагла б належным чынам сумяшчаць спорт і працу.

— На тваёй старонцы ў інстаграме ёсць кранальны пост пра тое, як ты здалася, заняўшы чацвёртае месца. Але ж гэта не самы горшы вынік...

— Гэта быў мой першы чэмпіянат свету, калі я не была на п'едэстале. На першым чэмпіянаце ў 2015 годзе было трэцяе месца, у 2016 — першае з рэкордам Еўропы. А ў 2017-м чэмпіянат свету праходзіў у Мінску. Канешне, я разлічвала, што дома пры жывой падтрымцы бацькоў і сяброў пакажу клас. У мяне была барацьба з францужанкай за трэцяе месца. І ў вырашальным апошнім падыходзе яна падняла настолькі вялікую вагу, што мне ўслед за ёй прыйшлося паказваць свой максімум, які ўжо выжала ў другой спробе. Я не змагла падняць на дзесяць кілаграмаў больш, і штанга выпала ў мяне з рук. Яна літаральна вырвала ў мяне перамогу. Насамрэч гэта было лагічна, я не паспела ўзнавіцца пасля чэмпіянату Еўропы, што быў за два месяцы да таго, рэзка сагнала вагу і ў мяне не было сіл. Тады гэта было трагедыяй, я ж лічыла, што заўсёды буду лепшай. Доўга плакала, было сорамна глядзець бацькам у вочы. Відэа таго выступлення не магла глядзець чатыры гады. Але гэта быў добры ўрок. І на чэмпіянат свету ў 2018 годзе ў мяне была неверагодная матывацыя. Я цвёрда вырашыла, што зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб перамагчы — і перамагла.

— Ты згадвала згонку вагі, можаш падрабязней расказаць, навошта гэта трэба?

— Я выступаю ў катэгорыі 47 кілаграмаў, і зразумела, што на спаборніцтвах я павінна столькі і важыць. У паўэрліфтынгу катэгорыі ідуць праз шмат кілаграмаў, наступная — 52. Мне прасцей скінуць некалькі кілаграмаў, чым набраць, тым больш у катэгорыі 52 кілаграмы я была б слабай. Але рабіць гэта трэба рэзка — так сілы застаюцца, а вага сыходзіць. Калі худзееш паступова, то сілы таксама сыходзяць і цяжка трэніравацца з вялікай вагой. Аднойчы я зганяла тры ці чатыры кілаграмы за пяць дзён. Першыя два сыходзяць хутка, астатнія спыняюцца, таму што ўся вада выйшла, у страўніку нічога няма. Гэта цяжка, усё раздражняе, думкі толькі аб ежы. Пасля згонкі пастаянна хочацца есці, арганізм апасаецца, што зноў забяруць ежу, і скінутыя кілаграмы хутка вяртаюцца. Зганяць вагу вельмі небяспечна, і лепш рабіць гэта раз у год, а яшчэ лепш зусім не рабіць.

— Ты неяк расказвала, што ў цябе 100 медалёў. Які з іх самы каштоўны для цябе?

— Усе яны каштоўныя, за кожным стаіць свая гісторыя. Дарагі першы медаль, які я атрымала ў трэцім класе на спаборніцтвах па дзюдо і пасля пайшла з ім на школьную дыскатэку, каб усе бачылі. У мяне ёсць медаль, які я прысвяціла бацькам. Яны ніколі мяне не абмяжоўвалі, але ў 2016 годзе вырашылі, што паступленне ва ўніверсітэт важнейшае за спаборніцтвы. Даты цэнтралізаванага тэсціравання супадалі з чэмпіянатам свету ў Амерыцы, і бацькі мяне туды не адпускалі. Я была вельмі пакрыўджана, не размаўляла з імі, медалі па пакоі лёталі. Але розніца гадзінных паясоў дазволіла мне ўсюды паспець. Я здавала тэсціраванне, а праз чатыры гадзіны ў мяне быў самалёт, і тата мяне чакаў з чамаданам, каб адразу паехаць у аэрапорт. Вечарам я прыляцела, а ранкам выйграла золата. І вынікі тэстаў мне ўжо былі непатрэбныя, я без іх паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры на спецыяльнасць «менеджмент у спорце». І гэты медаль прысвяціла бацькам за тое, што яны падтрымалі такую авантуру.

— Таня, колькі разоў за гады кар'еры ты чула, што твой від спорту — не жаночы?

— Безліч. Гэта казалі знаёмыя, аднагрупнікі, выкладчыкі ва ўніверсітэце. «Ты ніколі не зможаш нарадзіць», «у цябе будуць вялізныя мускулы» — усе гэта праходзілі. Я не прымаю да ўвагі, але непрыемна, калі гэта пачынаюць выказваць маім бацькам. На шчасце, бацькі заўсёды мяне падтрымлівалі і нікога не слухалі. Сябры могуць часам жартаўліва прапанаваць перасунуць шафу ці падштурхнуць машыну. Я не пераношу сваю спартыўную дзейнасць у жыццё. Я магу і шафу пераставіць, і цяжкія сумкі несці, але калі ў мяне ёсць кавалеры, чаму я павінна гэта рабіць. Гэта мая прынцыповая пазіцыя, я ўсё ж такі дзяўчына і не павінна рабіць мужчынскую працу.

— Раскажы, калі ласка, пра сваю працу менеджара.

— Па размеркаванні пасля ўніверсітэта я працую ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў. Мы арганізоўваем рэспубліканскія спаборніцтвы сярод студэнтаў. Я тут як рыба ў вадзе. Сама ўдзельнічала ў такіх спаборніцтвах і ведаю, як гэта крута. Спачатку мне было дзіўна, як можна сядзець у офісе з 9.00 да 18.00, але зараз прыходжу на працу з усмешкай. Мне хочацца, каб студэнцкі спорт у нашай краіне няспынна развіваўся, і планую зрабіць для гэтага ўсё, што ад мяне залежыць.

— Што такое фітнес-туры, пра якія ты актыўна расказваеш у сваіх сацыяльных сетках?

— Гэта ініцыятыва маёй сяброўкі з мінскай фітнес-студыі «Цэх», я ёй дапамагаю. Мы збіраем людзей, якім цікавы актыўны адпачынак, і выязджаем з імі ў туры. Звычайна ён праходзіць на прыродзе, каля вадаёмаў. У нас вельмі насычаная праграма, пастаянныя актыўнасці, ні хвіліны вольнага часу. Гэта выдатны праект, які знаёміць з мноствам цікавых людзей.

— А сама ў якасці трэнера працуеш?

— Гэта маё хобі. Хтосьці вышывае, хтосьці збірае маркі, а я трэнірую людзей. Мне падабаецца рабіць людзей лепшымі. У абедзенны перапынак трэнірую калег, у нас ёсць спартыўная зала. Пішу людзям планы трэніровак, з адным хлопцам працуем анлайн. Але гэта для душы, а не дзеля грошай.

— Таня, адкуль у цябе такая матывацыя столькі працаваць і не здавацца?

— Пасля дыскваліфікацыі я зрабіла сабе татуіроўку Never Gіve Up («Ніколі не здавайся») — гэта мой дэвіз па жыцці. У мяне вельмі ўпарты характар. Калі я нешта вырашыла, павінна гэтага дасягнуць. У дзяцінстве я ездзіла на трэніроўкі ў 25 кіламетрах і назад, пасля ўсю ноч рабіла ўрокі. Хіба гэта можа быць дарэмна? І ўсё, што я раблю, я раблю дзеля таго, каб апраўдаць чаканні бацькоў. Яны заўжды мяне падтрымлівалі, як ніхто іншы. Калі ў 12 гадзін ночы я вярталася з трэніроўкі, на стале заўсёды была вячэра. Прычым мама гатавала мне асобна, у мяне быў свой рацыён. Злавалася, але ж гатавала. Я ведаю, колькі мама перажывала і хвалявалася за мяне. Бацькі далі мне ўсё, і я абавязана зрабіць таксама ўсё, каб яны маглі гэтак жа ганарыцца мной, як я ганаруся імі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з асабістага архіва гераіні

Загаловак у газеце: Моцныя мары Таццяны Дамашынай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».