Вы тут

Не развучыцца здзіўляцца


Не развучыцца здзіўляцца

Вечарам у чацвер, 10 верасня, у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры было так людна, светла і цёпла, як не было апошнія некалькі месяцаў і не толькі там, а шмат дзе. Мы засумавалі па рэальных культурных падзеях, прыемных жывых сустрэчах і вось…

Афіцыйна гэта было адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі пад назваю “Кастравіцкія”, прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння Гіёма Апалінэра. Гіёма-Альберта-Уладзіміра-Аляксандра-Апалінарыя Кастравіцкага, калі па-сапраўднаму. Але род Кастравіцкіх, высакародны шляхецкі род, на многія пакаленні адораны мастацкімі і літаратурнымі талентамі, на стыку папярэдніх стагоддзяў прад’явіў нашай і сусветнай культуры не аднаго Гіёма Апалінэра. Быў (і ёсць) яшчэ і Казімір-Рафал Каралевіч Кастравіцкі, папросту Карусь Каганец. Добрая доля ўвагі прысутных гасцей дасталася яму.

На адкрыцці выставы гучалі французскія вершы і англійскія прывітанні: першыя — у выкананні Зміцера Коласа, другія — ад Джэрэмі Мачарскага, нашчадка Апалінэра па матчынай лініі. Гучала не толькі паэзія, але і музыка — прыгожа і натхнёна спяваў Раман Арлоў.

Падчас цырымоніі адкрыцця выставы адбылося падпісанне пагаднення паміж музеем і Нацыянальным гістарычным архівам. А потым… Потым прысутныя госці мелі магчымасць агледзець выставу і нават наведаць кафэ ў Парыжы, дзе яшчэ нават кубачак пахне кавай, а на папяровых сурвэтках засталіся практыкаванні ў маляванні партрэтаў Апалінэра французскімі мастакамі…

Калі нешта ў гэтым апісанні адкрыцця выставы падалося вам дзіўным, наведайце музей у бліжэйшы час — і самі пераканаецеся: здзіўляць тут і праўда ўмеюць. Галоўнае ж — каб і мы не развучваліся здзіўляцца.

 

Святлана ВОЦІНАВА, “М”

 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.