Вы тут

Сяргей Анюхоўскі: Прыярытэтны кірунак для мяне як дэпутата — паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў рэгіёне


Дырэктар бабруйскага прадпрыемства «Чырвоны харчавік», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, дэпутат Магілёўскага аблсавета Сяргей Анюхоўскі адзін з тых маладых кіраўнікоў, якія сёння з'яўляюцца непасрэднымі рухавікамі беларускай эканомікі. У Слаўгарадзе ў рамках выканання Указа Прэзідэнта № 235 і пры фінансавай падтрымцы дзяржавы рэалізуецца ўнікальны праект «Чырвоны харчавік-Слаўгарад». Ужо сёлета тут будзе наладжана вытворчасць мёду з уласнага пчальніка, а налета плануецца запусціць лінію па вырабе мармеладу.


Фота з архіва прадпрыемства «Чырвоны харчавік»

Сяргей Анюхоўскі лічыць, што ўдзел у праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна дасць Слаўгарадскаму раёну магчымасць палепшыць сваё эканамічнае становішча. У тым ёсць яго асабістая зацікаўленасць. Бо менавіта гэты раён, акрамя Бабруйска і Асіповіцкага раёна, ён курыруе як сенатар. Тут жывуць яго выбаршчыкі, і дэпутат паказвае, як ён стаіць на ахове іх інтарэсаў. Для Слаўгарада, дзе няма буйных вытворчасцяў, стварэнне такога прадпрыемства — гэта рэальная магчымасць забяспечыць людзей рабочымі месцамі і годнай зарплатай.

— У маёй дэпутацкай дзейнасці адным з прыярытэтных кірункаў бачу паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў рэгіёне, — кажа сенатар. — Слаўгарад мае вельмі вялікую патрэбу ў гэтым. На мадэрнізаваным участку прадпрыемства, у якое мы зараз укладваем грошы, будзе наладжана вытворчасць мармеладу. І мяркуецца зусім іншы ўзровень і асартымент, чым у Бабруйску. На сучасным абсталяванні будзем вырабляць 400—450 тон салодкай прадукцыі ў месяц. Два раёны вобласці будуць пераплецены нітачкай «Чырвонага харчавіка». Гэта рост эканомікі рэгіёна і як следства — напаўненне мясцовага бюджэту і стварэнне новых рабочых месцаў.

Для любога кіраўніка вельмі важна ведаць, чым дыхае калектыў, якія праблемы яго турбуюць. А для дэпутата гэта заклапочанасць не абмяжоўваецца рамкамі аднаго калектыву.

— У час асабістых прыёмаў у раёнах людзі ў большай ступені звяртаюцца з жыццёвымі праблемамі — на 70—80 % гэта пытанні ЖКГ, — кажа Сяргей Анюхоўскі. — Некаторыя просяць дапамагчы з працаўладкаваннем, з добраўпарадкаваннем і абсталяваннем дзіцячых гульнявых пляцовак, арганізацыяй руху грамадскага транспарту. Па магчымасці дапамагаю. Нядаўна да мяне звярнуліся жыхары дома з вуліцы 50-годдзя ВЛКСМ, 63а ў Бабруйску. Праблема была ў слабым ціску пры падачы халоднай вады на верхнія паверхі. Спецыялісты «Водаканала» аператыўна адрэагавалі на дэпутацкі запыт і праз некалькі дзён ліквідавалі непаладкі. Па выніках зваротаў па добраўпарадкаванні ў Асіповічах былі абсталяваныя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Па магчымасці вырашаю пытанні, з якімі людзі звяртаюцца падчас сустрэчы ў працоўных калектывах. Там яны часцей за ўсё датычацца работы, развіцця прадпрыемства, галіны, эканомікі. Дарэчы, на базе фабрыкі «Чырвоны харчавік» праводзяцца сумесныя прыёмы грамадзян з прадстаўнікамі заканадаўчай, выканаўчай улады, праваахоўных органаў.

У Савеце Рэспублікі за дэпутатам замацавана некалькі законапраектаў, якія зараз знаходзяцца на разглядзе парламентарыяў. Як кіраўнік з вопытам, які на адказных пасадах працуе ўжо каля 20 гадоў, Сяргей Анюхоўскі заўсёды лічыць патрэбным пацікавіцца думкай спецыялістаў.

— Калі разглядаюцца вузкія законапраекты, то стараюся падключыць прафесіяналаў на месцах, — кажа ён. — Напрыклад, за мной замацаваны закон «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці». Я звяртаўся да бухгалтараў нашага і іншых бабруйскіх прадпрыемстваў, каб яны агучылі думкі і далі экспертную ацэнку па падрыхтоўцы законапраекта. Бо менавіта яны потым будуць кіравацца гэтым заканадаўствам на месцах і вельмі важна, каб яно працавала як гадзіннік.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».