Вы тут

Вага ўзятых абавязкаў



На хвалі часу, у плыні жыцця

Праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, часопіса «Маладосць»


Вага ўзятых абавязкаў

Да дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі

З чаго пачаць? Гэта ж як Нотр-Дам або Саграда Фамілія, як фларэнтыйская Санта Марыя дэль Фьёрэ — немагчыма змясціць цалкам у адзін пагляд, немагчыма ўзяць агульным планам. Толькі хадзіць наўкола, прыглядацца да дэталяў, стаяць гадзінамі ля калоны ці брамы, а потым складаць у адно, уяўляць цалкам і не стамляцца дзівіцца моцы і непераможнасці чалавечага духу, які стварае неспасцігальнае. З чаго ж пачаць…

Ну, напрыклад, з гісторыі пра лістоўніцу.

Калі Дубоўку арыштавалі трэці раз, у 1949-м, і далі ўжо не турэмны ці лагерны тэрмін, як папярэднім разам, а ўсяго толькі вечнае пасяленне ў Краснаярскім краі, яны з жонкай прыехалі ў Почат, пасёлачак на беразе хуткаплыннай халоднай ракі Бірусы. Дубоўка ўладкаваўся працаваць цесляром, а Марыля Пятроўна — настаўніцай. Далі ёй з гэтай нагоды зямлю для будоўлі дома — дзялянку некранутай тайгі на беразе Бірусы. Уласнымі рукамі саракасямігадовы Дубоўка, за плячыма якога было дзевятнаццаць гадоў высылак, турмаў і лагера, пакарчаваў тайгу, разбіў агарод і паставіў дом.

Дык вось, падчас будоўлі неяк вынесла на супрацьлеглы бераг Бірусы таўшчэзную лістоўніцу. І Дубоўка паплыў на чоўне за ёй. Пераплыў раку, прымацаваў дрэва да лодкі — і рушыў назад.

А Біруса — вельмі хуткая рака.

Адным словам, калі Марыля Пятроўна спахапілася і выбегла на бераг паглядзець, дзе ж гаспадар, ані чоўна, ані чалавека ўжо не было. Яна бегала па беразе да самай ночы, гукала свайго бядовага Валодзю, падняла ўвесь Почат, і початаўцы, якія любілі гэтую шляхетную пару, таксама бегалі па беразе і гукалі Уладзіміра Мікалаевіча, але адказу ім не было. А калі ў цемры Марыля Пятроўна вярнулася дадому ў поўным адчаі, то ўбачыла ў вокнах святло.

Аказваецца, плынь пацягнула дрэва з чоўнам і чалавек не даў рады рачной моцы. Лодку знесла далёка ўніз: несла, пакуль лістоўніца не зачапілася за нейкія камяні. Там Дубоўка выбраўся з чоўна, зацягнуў і яго, і дрэва на бераг, пераплыў Бірусу і пакуль што пайшоў дадому. А з раніцы, адпачыўшы і набраўшыся сіл, вярнуўся, сеў у човен, абцяжараны дрэвам, і падняўся ўверх па рацэ да свайго дома з гэтай клятай, але цяпер ужо пераможанай лістоўніцай.

Сям’я Дубоўкаў. Уладзік стаіць, самы высокі. 1914 год. З фондаў БДАМЛіМ

«Вага ўзятых абавязкаў». Пра гэтую вагу яшчэ ў 1927 годзе напісала Уладзіміру Дубоўку ў прыватным лісце Наста Нарутавічанка. Ну як напісала... Дубоўка, канешне, прыдумаў яе, тую Насту, прыдумаў і яе ліст, вакол якога закручаны сюжэт паэмы «Кругі» — адной з найлепшых Дубоўкавых паэм. «Спытаюся: ці думалі калі вы пра вагу ўзятых абавязкаў?» — звяртаецца Нарутавічанка да маладога паэта, які вырашыў перабудаваць сусвет («Мы жыццё дашчэнту перайначваем, перайначым жа яго хутчэй!» — горача ўсклікае лірычны герой «Кругоў»). Напэўна, менавіта яна, вага ўзятых на сябе абавязкаў, і абумовіла колькасць і цяжар тых пякельных кругоў вакол уласных узвышшаў, якія давялося прайсці ў жыцці бліскучаму беларускаму паэту Уладзіміру Дубоўку.

Ён нарадзіўся… Дарэчы, і гэта цікавая гісторыя — калі нарадзіўся

Уладзімір Дубоўка. Дзякуючы нядаўняму адкрыццю даследчыцы Наталлі Казапалянскай, якая адшукала ў архіве яго метрыкі, мы ўжо дакладна ведаем, што ён нарадзіўся 2 ліпеня (15-га па новым стылі) 1901 года. Між тым сваёй уласнаю рукой ва ўсіх вядомых дакументах — анкетах, спісах, паказаннях — Уладзімір Дубоўка пазначаў годам нараджэння 1900-ы. Гэты ж год і сёння стаіць ва ўсіх даведніках і падручніках, па ім жа адзначаюцца юбілейныя даты. Хутчэй за ўсё, падмена адбылася тады, калі малога Уладзіка аддавалі ў Манькавіцкую школу: не па гадах разумнага і рослага хлопчыка запісалі на год старэйшым, каб пасадзіць у клас. Уважлівы чытач Дубоўкавых аўтабіяграфічных тэкстаў мог здагадацца аб гэтым без метрык: «Між іншым, мяне паслалі ў школу тады, калі мне было няпоўных шэсць год («Каб дома не дурэў!»). Я ужо добра чытаў. З гэтае прычыны настаўнік пасадзіў мяне не ў першы клас, дзе вучыліся дзеці 8-9 год, а ў так званы падрыхтоўчы. У гэтым класе былі выключна дзецюкі-навабранцы і дзяўчаты-нявесты, якім трэба было навучыцца распісвацца ды ліст які невялічкі напісаць. /…/ У гэтай школе я вучыўся пяць год (год у падрыхтоўчым, тры — у нармальных, і яшчэ адзін год — у чацвёртым, новаадкрытым)» — піша ён у нарысе «Сярод людзей добрых». Просты падлік гадоў, праведзеных у школе, і супастаўленне іх з іншымі біяграфічнымі звесткамі сапраўды нараджалі пытанні, бо гады не сыходзіліся. Але хто ж мог насамрэч падазраваць у падмане, няхай і бязвінным, самога Дубоўку?

Сядзіба Друцкіх-Любецкіх у Манькавічах. З архіва Pоlonia, з падзякай Кастусю Шыталю

Так і пайшоў ён па жыцці — беручы на сябе абавязкі не па ўзросце. У Манькавіцкай школе Уладзік правучыўся сем гадоў. Але не толькі школай засталіся ў ім Манькавічы. Тады, на пачатку ХХ стагоддзя, ціхія і занядбаныя сёння Манькавічы былі вялікім і шумным маёнткам Друцкіх-Любецкіх, знакамітага магнацкага роду, прыбліжанага да імператарскага двара. Гаспадар Манькавіч, князь Уладзімір, стала жыў у Пецярбургу, займаў высокія дзяржаўныя пасады і кожны год быў запрошаны на імяніны да цара. У Манькавічах ён жыў некалькі летніх месяцаў, увесь астатні час палац стаяў пусты. Туды праз акно і лазіў малы Дубоўка ў багатую княжацкую бібліятэку. Хаваўся там у шыкоўных фатэлях — і чытаў. Бацька Уладзіка, Мікалай Фёдаравіч, працуючы на бровары Друцкага-Любецкага, моцна траўміраваў руку, спрабаваў дабіцца ад князя дапамогі і кампенсацыі, але дзе там — і таму кінуў маёнтак і сышоў рабочым на чыгунку.

Сваіх дзяцей Мікалай і Настасся Дубоўкі зацята вучылі — усе яны ў выніку мелі вышэйшую адукацыю. Адразу пасля заканчэння Манькавіцкай школы Уладзіка аддалі ў Мядзельскую двухгадовую вучэльню, а потым паслалі вучыцца ў Новую Вільню, у настаўніцкую семінарыю. Пачыналася Першая сусветная вайна, дабірацца да ваколіц Вільні было цяжка, цывільным шляхам — па квітках у камфортных вагонах — амаль немагчыма, і бацькачыгуначнік саджаў сына на вузенькую пляцоўку паміж вагонамі, ля счэпу, а каб не зваліўся пад колы, моцна прывязваў да парэнчаў. У 1915 годзе Дубоўкі эвакуіраваліся ў Маскву — чыгуначнікаў вывозілі сем’ямі, а настаўніцкая семінарыя была пераведзена ў Невель. Толькі ў 1918-м сямнаццацігадовы Уладзік самым неверагодным чынам прабраўся праз рэвалюцыйна-ваенную навалу ў Маскву, адшукаў там сваіх — яны ўжо жылі ў кватэры, на чацвёртым паверсе навюткай грунтоўнай камяніцы, пабудаванай для чыгуначнікаў. Бацька зноў працаваў у складзе брыгады, што клала рэйкі ля Беларускага вакзала. Туды ж узялі і Уладзіка — высачэзны, пад два метры, фізічна моцны і руплівы хлопец быў здатны і да такой дарослай працы.

Дубоўка — чырвонаармеец. 1921 год. З фондаў БДАМЛіМ

Але ж катаклізмы катаклізмамі, а трэба вучыцца. Увосень 1918 года Дубоўка паступае на гісторыкафілалагічны факультэт МДУ, ды, правучыўшыся два месяцы, кідае вучобу — бацькам зусім складана, трэба працаваць. Ён едзе настаўнікам на Тульшчыну, у вялікае сяло, дзе адвеку жылі суровыя стараверы. Паспрабуй у такой вёсцы ўсталюй новыя парадкі, раздзялі царкву і дзяржаву, патлумач новую рэчаіснасць. Няпроста! Адпраўляючы маладзенькага Дубоўку на месца працы, загадчык аддзела народнай асветы па-бацькоўску папярэджваў: «Пільнуйся, хлопча, становішча надзвычай сур’ёзнае!» Але ж настаўнік для Новай Слабодкі быў незвычайны — пільнаваўся, але не надта. Гнуў сваю лінію. І — выгнуў: «Вучыць вашых дзяцей пісаць і чытаць я буду, і буду бясплатна, такое навучанне аплоціць дзяржава, а за закон боскі грошай мне не даюць, дык звяртайцеся ў царкву». Слабажане звярнуліся, але ж мясцовы святар назначыў за навучанне такі высокі кошт, што сяляне пажурыліся-пажурыліся, але ж ці то з эканоміі, ці то са сквапнасці, а можа, і з-за сімпатый да новага настаўніка, маладога і харызматычнага, з новай школай змірыліся.

Адпрацаваўшы год, Дубоўка вяртаецца ў Маскву. Там яго прызываюць у армію ў тэлеграфнабудаўнічую роту: салдаты ўсталёўваюць сувязь у разбітых войнамі гарадах. А ў 1921-м — дэмабілізаваўшыся, але яшчэ ў вайсковай форме — Уладзімір Дубоўка раптам бачыць на Малой Нікіцкай вуліцы шыльду на камяніцы: «Прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе РСФСР».

Дубоўка і ўкраінскі паэт Уладзімір Сасюра. 1925 год. З фондаў БДАМЛіМ

Ён зойдзе туды спытаць беларускіх газет — і зусім малады бялявы хлопец пакладзе перад ім падшыўку «Савецкай Беларусі». З таго моманту пачнецца сяброўства, а потым і супрацоўніцтва Міхася Мароза, дваццаціпяцігадовага паўнамоцнага прадстаўніка БССР у Маскве, і Уладзіміра Дубоўкі, дваццацігадовага волата, які распачынаў свой пераможны шлях у літаратуру і гісторыю.

Наогул, 1921 год багаты на падзеі. Дубоўка пачынае працаваць у Пастпрэдстве сакратаром, паступае ў славуты Вышэйшы літаратурнамастацкі інстытут імя Брусава, у гэтым жа годзе ў Мінску выходзіць першы яго верш — «Сонца Беларусі». Крытыка адразу заўважае новае паэтычнае імя і асабліва светлую, бадзёрую танальнасць вершаў. Маладому паэту, які піша пабеларуску ў Маскве, удаецца пазбегнуць адразу двух супрацьлеглых трэндаў у тагачаснай беларускай паэзіі — і рэвалюцыйнай экзальтацыі, і бясконцага ныцця над гаротным жыццём няшчаснай роднай старонкі.

Узлёт маладога Дубоўкі імклівы і несупынны: ён адзін з самых заўважных студэнтаў-брусаўцаў, улюбёнец самога мэтра, Валера Якаўлевіча Брусава, загадчык інстытуцкага кабінета паэтыкі, знаёмец Маякоўскага і Ясеніна, жаданы выступоўца на паэтычных вечарынах і імпрэзах, што ла- дзяць беларусы ў Маскве, выкладчык Камуністычнага універсітэта і курсаў беларускай мовы... Між іншым, менавіта Дубоўка выкладаў родную мову студыйцам-беларусам пры ММАТ, і адной з самых уважлівых яго вучаніц была маладзенькая Стэфанія Станюта. З 1924 года Дубоўка — супрацоўнік крамлёўскай службы перакладу: гэта ён перакладае на беларускую ўвесь корпус законаў СССР, што прымаюцца ў Маскве. Тут, у кабінеце Крамля, нараджаецца новая белару- ская юрыдычная лексіка — талентам аднаго паэта.

У 1926-м. З фондаў БДАМЛіМ

У 1924-м Дубоўка ўпершыню трапляе ў Мінск. Камандзіроўка найперш службовая: яму дадзена заданне наладзіць у БССР выпуск часопісаў — дзіцячага і настаўніцкага. Тыя часопісы, запачаткаваныя Дубоўкам, жывыя і сёння: «Беларускі піянер», што стаў «Бярозкай», і «Асвета». Але не часопісы тут галоўнае. Галоўнае, што нарэшце паэт знаёміцца са сваім чытачом.

А чытач беларускі Дубоўку хіба што не абагаўляе. Зборнік «Строма», які выйшаў у 1923-м, даўно разабраны на цытаты, кожны выступ у прэсе — падзея, кожнае слова — нагода для абмеркавання. Граюць сваю ролю бясспрэчны, арыгінальны талент, паэтычная смеласць, неардынарнасць мыслення і сталічны, «маскоўскі» флёр (у той час, як і сёння, для беларуса было надзвычай важна, каб свайго прызналі чужыя). На вечарынах, дзе чытае Дубоўка, заўсёды аншлаг, публіка адбівае далоні ў апладысментах.

З Марыляй Кляўс. 1927 год. З фондаў БДАМЛіМ

Вельмі хутка Дубоўка ўваходзіць у жывы мінскі літаратурны працэс. У 1925-м ён старшыня ЦБ «Маладняка», адна за адной выходзяць кніжкі: паэма «Там, дзе кіпарысы», «Калініншчына», зборнік «Трысцё», на пачатку 1926-га — «Credo».

Вось тут і пачынаецца.

Наогул, 1926 год — няпросты для маладых беларускіх літаратараў. Прыйшоўшы ў літаратуру адразу пасля рэвалюцыі, зусім-зусім маладымі, цяпер яны сталі на крыло: у беларускай паэзіі — вялікая колькасць самабытных, амбітных імёнаў: Міхась Чарот, Алесь Дудар, Андрэй Александровіч, Анатоль Вольны, Язэп Пушча, Пятро Глебка, Максім Лужанін, Пятрусь Броўка. Падцягваецца і моцная, шматабяцальная моладзь: Валер Маракоў, Тодар Кляшторны, Алесь Звонак, Міхась Багун. Вядома ж, пачынаецца надзвычай жорсткая канкурэнтная барацьба, абцяжараная агульнай атмасферай паўсядзённага змагання з ідэалагічнымі ворагамі, уяўнымі і ўмоўнымі. Да таго ж менавіта цяпер, у 1926-м, пасталелыя «рэвалюцыянеры з пялюшак», якія некалі апявалі і бласлаўлялі новы час і новае жыццё, пачынаюць заўважаць вакол сябе не толькі прыгажосць і рамантыку перамен, але і разбуральнасць мацнеючай улады працоўных і сялян. Зборнікі 1926 года, якія выходзяць адны за адным — «І залацісцей і сталёвей» Дудара, «Credo» Дубоўкі, «Vita» Пушчы, нізкі вершаў Янкі Купалы, — прасякнутыя прадчуваннем благіх часоў, трывогай за сябе і краіну, не сфармуляваным яшчэ ў прычынах і следствах, але ўяўным расчараваннем.

Часіна ды з сокам рабіны,
Качаеш мяне ў чарнабыллі…
На дзіды, на востры шыпшыннік
Ці сэрца, ці дух мой узбілі…
Калышуцца скаргі і моўкнуць,
Разносяцца разам пялёсткі,
Не хоча Ўладзімер Дубоўка
Спяваць пад зазубраны лёскат…

У траўні 1926-га група паэтаў і празаікаў на чале з Дубоўкам (Адам Бабарэка, Кузьма Чорны, Язэп Пушча, Кандрат Крапіва і іншыя) абвяшчае пра выхад з «Маладняка», пратэстуючы супраць залішняй палітызаванасці мастацтва. Адначасова апазіцыйная група стварае літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша» — сёння мы ўжо ведаем, што менавіта гэтая група акумулявала і развіла тое найлепшае, што было закладзена маладой беларускай літаратурай у першыя паслярэвалюцыйныя гады. З гэтага моманту на старонках цэнтральных газет — «Савецкай Беларусі» і «Звязды» — распачынаюцца бясконцыя жорсткія літаратурна-палітычныя дыскусіі, у якіх былыя таварышы, а цяпер зацятыя ворагі пляжаць адзін аднаго, не зважаючы на правілы прыстойнасці.

«Узвышша». 1928 год. З фондаў БДАМЛіМ

Пасярод гэтай бясконцай бойкі Дубоўка жэніцца. Марыля Пятроўна Кляўс, яго вучаніца — Дубоўка кіраваў беларускімі курсамі ў Беларускім клубе Масквы, дзе займалася Марыля, — з’яўляецца ў жыцці пісьменніка ў складаны час. Марыля была прагрэсіўнай дзяўчынай і доўга супраціўлялася афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу — тады гэта лічылася «перажыткам». Але Дубоўка настаяў. «У далейшым яму гэта спатрэбілася: пры перадачах у турму, пры дазволах на спатканне і г. д.», — пісала потым Марыля Пятроўна. Праз год, у кастрычніку 1928-га, у Дубоўкаў нарадзіўся сын Альгерд.

Ісці супраць плыні для Дубоўкі не навіна. У гэтых складаных варунках (ён нават скарачае свае візіты ў Мінск да мінімуму, а зборнік «Наля» (1927) наогул выходзіць у Маскве, бо Цішка Гартны, адзін з самых жорсткіх ворагаў пісьменніка, абяцае, што ніводнага слова Дубоўкі цяпер не будзе надрукавана ў Беларусі) Дубоўка адчайна змагаецца. Разам з Адамам Бабарэкам і паплечнікамі яны запачаткоўваюць і выдаюць часопіс «Узвышша» — пэўна, найлепшы, найгрунтоўнейшы з «тоўстых» беларускіх літаратурных часопісаў за ўсе часы існавання айчыннай літаратуры. Больш за тое — менавіта «Узвышша» з траўня 1929 года пачынае выходзіць з выкарыстаннем новых літар беларускага алфавіта, створаных Дубоўкам: ён замяніў афрыкаты «дж» і «дз» адмысловымі знакамі, каб падкрэсліць самабытнасць і першараднасць фанетычных беларускіх з’яў у нашай графічнай сістэме. Дубоўка літаральна ходзіць па лязе нажа — у 1927-м у віленскай прэсе друкуецца выразны апазіцыйны верш «За ўсе краі, за ўсе народы свету». Ён апублікаваны пад псеўданімам Янка Крывічанін, але аўтарства Дубоўкі не выклікае ў сучаснікаў сумневаў. У літаратурным беларускім дадатку да маскоўскай газеты «Гудок» ён заяўляе: «З грамадскай працай «Узвышша» і не думала парываць, спадзяючыся праводзіць яе і надалей пад кіраўніцтвам комуністычнай партыі, у магчымых для сябе кірунку і формах — у галіне літаратуры, у формах літаратурна-мастацкіх згуртаваньняў». Гэтае дзёрзкае «у магчымых для сябе кірунку і формах» прагучала як выбух.

Марыля і Алік. 1930-я. З фондаў БДАМЛіМ

З 1929 года за свядомых беларусаў — і найперш за нацыянальную інтэлігенцыю — у БССР бяруцца сур’ёзна. Беларусізацыя імкліва згортваецца, пачынаецца моцны ідэалагічны ўціск. Цяпер на старонках цэнтральных газет, і асабліва «Звязды», адначасова ганяць «і тых, і гэтых»: і былых маладнякоўцаў, і ўпартых узвышаўцаў.

А ў ліпені 1930-га пачынаюцца арышты. «Узвышша» б’юць першым.

Дубоўку арыштавалі проста на працы, у тым самым крамлёўскім кабінеце. Заўсёды франтаваты, стыльна апрануты, ён прыйшоў у той дзень у белым, надзвычай модным, строі.

Доўга яшчэ казалі шэптам і ў Маскве, і ў Менску: «Дубоўку ўзялі ў бялізне, проста з пасцелі».

Калі акрэсліць у лічбах далейшыя 28 гадоў яго жыцця, дык выйдзе багаты на судовыя выракі спіс. Большых, чым у Дубоўкі, спісаў не мае ніхто са шматпакутных беларускіх літаратараў.

1930–1931 — пад следствам па справе Саюза вызвалення Беларусі ў Бутырскай, а потым у Мінскай турмах;
1931–1935 — высылка ў Яранску;
1935–1937 — падоўжаная высылка ў Чабаксарах;
1937–1947 — у ГУЛАГу (дзесяць гадоў на лесапавале і будоўлях Бірабіджана);
1947–1949 — часовы адпачынак без дазволу жыць у вялікіх гарадах, Дубоўка працуе рахункаводам у чайным саўгасе ў грузінскім сяле Наразені;
1949–1957 — новы арышт і цяпер ужо вечная высылка ў Краснаярскі край, мястэчка Почат.

* * *
Тут мне хочацца сполахамі, імгненнямі пасярод цемры падсвяціць гэты бясконцы пакутны шлях. У Яранску, дзе Дубоўка адбываў свой першы тэрмін, яго прынялі на працу юрыстам у райпо. Яно толькі-толькі стварылася, на чале стаяў той, чыёй галоўнай кампетэнцыяй было членства ў Кампартыі — ані гандлю, ані сельскай гаспадаркі ён не ведаў. Праз колькі часу Дубоўка стаў адыгрываць самую заўважную ролю ў гэтай арганізацыі: бездакорнае валоданне заканадаўчай базай (ці дарэмна шэсць гадоў кожную літару закона перакладаў?), ветлівасць і хуткі розум, уменне наладзіць трывалыя чалавечыя кантакты і знайсці выйсце з няпростай сітуацыі, а яшчэ ж і багаты сялянскі досвед, набыты ў складзе вялікай і працалюбівай сям’і ў беларускіх Манькавічах, да таго ж валоданне англійскай мовай (у Яранску і ваколіцах ёй ніхто, вядома ж, не валодаў). Для богам забытага сібірскага кутка гэта быў сапраўдны скарб. Калі Дубоўку праз тры гады пераводзілі з Яранска ў Шэшургу («Ты з глузду з’ехаў, ці што? У цябе ўсім райпо кіруе палітычны высланы?!» — крычалі на старшыню ў мясцовым НКУСе), у Яранску стаялі ўжо парнікі, дзе вырошчваліся адмысловыя, адабраныя Дубоўкам гатункі памідораў і нават кавуны, была арганізаваная вытворчасць колавай мазі, працавалі курсы англійскай мовы і не было ніводнага даўжніка.

Адбіткі пальцаў Уладзіміра Дубоўкі. З архіва Грузінскага МУС

Аднойчы бухгалтар Яранскага райпо Іван Хадыкін быў арыштаваны за шкодніцтва. Нешта там не сыходзілася ў справаздачах. Дубоўка тры дні не выходзіў з працы — не хадзіў нават дадому спаць: усё шукаў у паперах і законах ратаванне для калегі. І знайшоў! Хадыкіна вызвалілі, усе абвінавачванні знялі.

Пасля Яранска яго ўжо штурхалі па раёне і асабліва расправіць крылаў не давалі. Перавялі ў Шэшургу, а калі пабачылі, што ён і там хутка атабарыўся — распрацаваў дзялянку, пасадзіў агарод, пачаў рамантаваць халупу, выдзеленую ўладай, — забралі ў НКУС, трымалі некалькі тыдняў, нічога не гаворачы сям’і, цішком перавялі ў Чабаксары. Там далі нейкую кватэрку, але вельмі хутка дом рассялілі, і Дубоўкам выдзелілі ў якасці часовага жытла хлеўчык, што стаяў у двары. Яго нават закрыць можна было толькі знутры, на кручок. У гэтым хляўчуку з малым Альгердам перажылі сібірскую зіму.

Падчас этапу з Чабаксараў у лагер ахове не спадабалася, што нехта падбег да Дубоўкі з абдымкамі. Спусцілі сабак, але да двухметровага вязня сабакам яшчэ даскочыць трэба. Ён выстаўляў блокам рукі і адбіваўся ад своры. Тады наляцелі самі ахоўнікі, збілі Дубоўку з ног, і сабакам у іх працы выйшла палёгка. Тыя, хто быў з Дубоўкам у лагеры, успамінаюць, як да яго гарнуліся тыя, хто хацеў застацца чалавекам. Заўсёды знешне спакойны, вельмі пераборлівы і нешматслоўны ў гутарках, надзейны ў працы, Дубоўка ратаваў сябе і іншых ад знялюдзення нечакана: прымушаў, напрыклад, кожную раніцу чысціць зубы. Што б ні было — мыць рукі і чысціць зубы. Проста пасярод гэтага вось усяго.

У 1942 годзе — самы страшны лагерны час, бо з пачаткам вайны фінансаванне ГУЛАГа спынілася і вязні павінны былі самі забяспечваць сябе ежай, — Дубоўка захварэў на пелагру, вельмі распаўсюджанае сярод зняволеных захворванне, якое развіваецца ад голаду і недахопу жыццёва неабходных рэчываў у ежы. Пелагра точыць чалавека доўга, і хварэць на яе, і паміраць ад яе — вельмі пакутна. Дубоўка хварэў два гады — і выкараскаўся, бо не даваў сабе ляжаць. Уставаў з лазарэтнага ложка — і сунуўся або рамантаваць печы, або месці падлогу, або выконваць абавязкі санітара пры ляжачых, каб толькі рухацца.

Алік Дубоўка, адзіны сын, загінуў у 1942 годзе: бегалі з хлопцамі, знайшлі снарад — і кінулі ў вогнішча. Марыля Пятроўна напісала аб гэтым не самому Дубоўку, а доктару лагернага шпіталя. Папрасіла, каб паведамілі толькі тады, калі ён будзе ў сілах атрымаць гэтую вестку. Сама Марыля Пятроўна па Аліку літаральна выплакала вочы — з той пары ўвесь час хварэла і перыядычна губляла зрок. Ды й Дубоўка ўвесь час, успамінаючы Аліка, плакаў.

* * *
Дубоўка вярнуўся ў Маскву з Почату ў 1957-м, у год канчатковай рэабілітацыі па ўсіх сваіх чатырох прысудах. Думаў пераехаць нарэшце ў Беларусь, аднак тут яго не асабліва чакалі. Ані з жытлом, ані з лячэннем, ані з працай дапамогі ніхто не прапаноўваў, да таго ж адносіны да былога ворага народа былі, мягка кажучы, насцярожанымі. Пра што казаць: калі ў 1960 годзе ў зале Дома літаратара адзначалі юбілей Дубоўкі (усім Домам адзначалі — нельга было абысці), адразу пасля афіцыйнай імпрэзы ўсе госці шусь — і разбегліся, і ён стаяў ля ўваходу адзін, агромністы, высачэзны, з даўгой сівой барадой, кінуты ўсімі. Тады да яго падышоў толькі Юльян Пшыркоў, літаратуразнавец, што першым вяртаў імёны міжваенных паэтаў і празаікаў у навуковы зварот. Падышоў, прапанаваў пайсці да яго. З сям’ёй Пшырковых Дубоўка сябраваў да канца жыцця.

У 1968 годзе наогул здарылася ганебнае: цішком, ані слоўца, Дубоўку выключылі са складу Саюза пісьменнікаў БССР. Ён аб гэтым даведаўся значна пазней. Нібыта таму, што ён стаяў на ўліку ў Маскве, а не ў Мінску.

Між тым — Дубоўка ў беларускую літаратуру вярнуўся. Гэта адзіны ў свеце выпадак — каб пасля 28 гадоў маўчання літаратар вярнуўся ў жывы літаратурны працэс, і не ганаровым пенсіянерам, што перавыдае свае маладыя тэксты, а форвардам. Ён першы і пакуль адзіны, хто пераклаў на беларускую мову ўвесь корпус санетаў Шэкспіра. Менавіта ў шасцідзясятыя пісьменнік распачаў і распрацаваў незвычайны жанр дыдактычнай прозы, сабраў і пераказаў у вершах незлічоную колькасць народных казак для дзяцей. У 1962 годзе быў ганараваны прэміяй імя Янкі Купалы за кнігу вершаў «Палеская рапсодыя».

Уладзімір Дубоўка памёр нечакана. У сакавіку 1976-га пайшоў у аптэку за лекамі для хворай Марылі Пятроўны, паслізнуўся на дзіцячай пляцоўцы ў двары свайго дома — і зламаў шыйку бядра. Даў згоду на аперацыю, але яе не перажыў: адарваўся тромб. Доктар потым казаў Марылі Пятроўне: нягледзячы на тое, што на сэрцы Дубоўкі было два рубцы ад інфарктаў, перанесеных на нагах, каб не аперацыя, мог яшчэ доўга жыць, бо сілы меў невымерныя.

Ганна СЕВЯРЫНЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».