Вы тут

Дзявочыя тайны, або Пра вожыка і сакрэты жаночай душы


Міша не адчуваў ніякага інтарэсу да сваёй старэйшай сястры Сашы. Ну, можа, толькі падчас навагодніх святаў, і тое калі ў яе заставаліся няз'едзеныя «прафкамаўскія» прысмакі. Ён выказваў да яе павагу роўна настолькі, наколькі неабходна было для таго, каб дамагчыся ад яе жаданай цукеркі. Усё змянілася ў мінулым годзе, калі яму споўнілася адзінаццаць…


Спачатку ён стаў з цікавасцю назіраць за вечарынамі сястры і яе пятнаццацігадовых сябровак. Звычайна яны замыкаліся ў пакоі, глядзелі фільмы, слухалі музыку і шапталіся. Спачатку, каб прабіцца ў іх кампанію, Мішка навучыўся варыць ім капучына, потым — пекчы для іх круасаны. За гэта яму дазвалялася пасядзець там пару хвілін і трохі паслухаць музыку. Але неўзабаве дзяўчынкі так прывыклі да Мішкі, што нават заказваючы піцу, клікалі яго да сябе. Гэта быў прывілей, бо іншыя сваякі ў выглядзе бацькоў і малодшых сясцёр пра такое нават і не марылі. Вядома, піцай іх маглі пачаставаць, але есці яе можна было дзе заўгодна, толькі не ў іх пакоі.

Гэтым летам Мішку споўнілася дванаццаць. Мы ўсёй сям'ёй адпачывалі ў вёсцы. Часам да нас на некалькі дзён прыязджалі сябры то Мішы, то Сашы. І калі з сябрамі сына было ўсё зразумела: рэчка, плыт і бойкі, то старэйшая дачка імкнулася да адасаблення. А тут якраз хросныя маіх дзяцей з'язджалі ў Мінск на час і пакінулі Сашцы з Мішкам ключы ад свайго дому, каб яны прыглядалі за арміяй катоў ды ад меншых сясцёр-братоў маглі адпачыць. Яны былі вельмі радыя, але ўсё ж Аляксандра паставіла ўмову: маўляў, як толькі прыедзе яе сяброўка, Мішка ў хату да родных.

Той не хаваў расчаравання. Каб задобрыць сястру, як на тое, не было кававага апарата, ды і газавай духоўкай, каб спячы круасаны, ён не адважыўся карыстацца, таму проста ўгаворваў яе дазволіць яму застацца. Сашка была непахісная... І вось надышоў дзень «ікс».

Ужо змяркалася, калі на вясковай вуліцы з'явіўся бацькоўскі аўтамабіль з госцяй. Мішка быў пануры, але надзеі не губляў. Ён дагаджаў дзяўчынкам, як мог: насіў ім патрэбныя рэчы, гатаваў гарбату і нават мыў за імі посуд...

Было цёмна, калі дзяўчынкі пайшлі начаваць у суседскі дом. Мішка затрымаўся, але ўсё ж выбег за імі, каб дагнаць. Праз дзесяць хвілін дзяўчынкі паведамілі нам па тэлефоне, што Мішка наступіў на вожыка і раве. Мы з мужам схапілі аптэчку, тэлефоны ды пабеглі да іх у суседні дом. Сын сядзеў заплаканы на ложку, а вакол яго ўвіваліся дзве 16-гадовыя дзяўчыны, відавочна занепакоеныя станам цінэйджара. Я кінулася да яго, муж ужо шукаў у тэлефоне інфу, што рабіць у такіх выпадках.

— Калі вы наступілі на вожыка, то апрацуйце параненае месца дэзінфікуючым сродкам і... тэрмінова купіце акуляры! — чытаў мой муж трывожным голасам услых.

— А акуляры навошта? — спыталі дзяўчынкі хорам.

— Каб вожыкаў лепш бачыць, а то не напасешся на вас вожыкаў у акрузе, — адказаў муж. Дзяўчынкі засмяяліся. Мішка пакрыўджана адвярнуўся.

— Ды і наогул, чаго ты ў цемры босы бегаеш? — строга спытала я сына, апрацоўвачы яму рану.

— Мне так зручна, — буркнуў у адказ сын.

— Ну, Мішка, не хвалюйся ты так, — сказала госця. — Хочаш, заставайся ўжо з намі. Будзем прыглядаць за табой усю ноч.

Мішка з надзеяй паглядзеў на сястру. Сашка ўздыхнула і матнула галавой.

— Ладна, паранены ўсё ж...

Мішка заззяў, закінуў рукі за галаву і адкінуўся на падушку. Я зірнула на сына і зразумела, што ў гэты момант ён усвядоміў яшчэ адну ўласцівасць жанчын: слабасць да скупой мужчынскай слязы.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».