Вы тут

І пры чым тут рагалікі?


У чарговы раз чакаючы з далёкай паездкі бацьку, мой двухгадовы сынок вырашыў спячы свайму любімчыку рагалікі. Ідэя, канешне, мая. Арцёмка вырашыў толькі дапамагчы. Мы так хораша стаялі каля стала (ускараскаўшыся на табурэт, малы быў амаль роўны са мной) і раскатвалі цеста, пасля намазвалі яго ўзбітым яечным бялком і скручвалі патрэбныя нам фігуркі, прыгожа выкладаючы іх на бляху... Але раптам нешта пайшло не так.


Мой маленькі памочнік пачаў церусіць муку не на раскатаны «блін», а на падлогу, пры гэтым з радасцю прыгаворваючы: «Пыл!» Я, вядома, зрабіла заўвагу, пасля другую. Але Цёмка так захапіўся новым заняткам, што папросту мяне не чуў. І майму цярпенню прыйшоў канец... Выправадзіўшы малога шкодніка з кухні, я працягвала круціць рагалікі, з роспаччу думаючы, што дарэмна я так: яму ўсяго два гадкі, ён вырашыў мне дапамагчы, а я сваімі дзеяннямі, хутчэй за ўсё, загубіла ў ім будучага шэф-кухара якога-небудзь элітнага рэстарана.

І так амаль заўсёды. Спачатку маладыя маці не даюць сваім дзецям праявіць самастойнасць (мама ж зробіць лепш і, галоўнае, хутчэй!), а потым здзіўляюцца, што іх ужо дарослыя дзеці не тое што пельмені не могуць зварыць, нават пыласосам карыстацца не ўмеюць. Сярод іх — і мае стрыечныя браты. Ім ужо каля сарака, а яны па-ранейшаму жывуць з мамай. І не таму, што няма дзе (старэйшы ўжо пабудаваў уласнае жыллё), а таму, што не ўмеюць сабе нават бульбы зварыць (і гэта ў век інтэрнэту!). А ўсё таму, што ўвесь час жылі з бабуляй. Тая, пакуль магла, сваіх унукаў даглядала: на кухню не падпускала (усё сама!), з вёскі паўнюткія торбы з гароднінай цягала (баялася лішні раз адарваць ад справы сваіх хлопчыкаў), нават шкарпэткі ім, ужо дарослым, мыла! Вось і атрымалася тое, што атрымалася. Сёння ўсё тое самае за іх робіць маці, якая ўжо, між іншым, на пенсіі...

А ўсё пачынаецца са звычайных фраз: «Сынок, дай я шнурочкі завяжу, так хутчэй», «Давай я сама цябе пакармлю, а то ты запэцкаеш усё адзенне», «Сама цацкі паскладваю, а ты хутчэй ідзі спаць»... Вось і я, відаць, недалёка адышла, выгнаўшы Цёмку з кухні.

«Дзеці несамастойныя, калі гэта выгадна дарослым», — прачытала я нядаўна ў адной досыць папулярнай аўтаркі Ганны Быкавай, якая вельмі даступна піша пра дзіцячую псіхалогію. І яно сапраўды так. Навошта дзіцяці даваць тую ж лыжку, калі я сама яго магу пакарміць: па-першае, так будзе спарней, па-другое, мне пасля не давядзецца мыць адзенне і прыбіраць усё навокал. А, з іншага боку, як яшчэ дзіцяці навучыцца есці, калі не метадам спроб і памылак?!

Я ўсё гэта разумею, таму своечасова выконваю «работу над памылкамі». Мой Цёмік ужо амаль без промахаў не толькі арудуе лыжкай, але і відэльцам. Сам выносіць за сабой гаршчок і прыбірае цацкі (не без ультыматуму, канешне). Летам мы разам збіралі клубніцы (няхай часам і зялёныя), цяпер Цёмік з задавальненнем ходзіць па моркву (хоць ірве ўсю запар), лушчыць з бабуляй фасольку, якая разлятаецца па ўсёй кухні. Праз акно бачыла, як дапамагаў бацьку выбіваць дыванкі, мыць машыну ды паліваць (правільней, заліваць!) вадой кветкі. Затое — сам!

У наступны раз, калі будзем пячы рагалікі, абяцаю быць не такой катэгарычнай, бо, як ні кажы, а самая важная місія бацькоў — навучыць дзіця быць самастойным.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: kopilka-kulinara.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».