Вы тут

Пад прымусам мілы не будзеш, або сакрэтныя прывароты


«Стану я, раба (імя), благаслаўлюся, пайду перахрышчуся, з хаты ў дзверы, з дзвярэй на двор. З двара ў вароты, выйду ў чыстае поле ў падусходнюю сторану. У падусходняй старане стаіць хата, пасярод хаты ляжыць дашка, пад дашкой таска. Плача таска, рыдае, белага свету дажыдае... Так мяне, рабу (імя) дажыдалася... Як рыба без вады не можа жыць, так каб раб (імя) без рабы (імя) не мог ні жыць, ні быць, ні есці ні пры ранняй зорцы, ні пры вячэрняй, ні ўдзень, ні ўпоўдзень, ні пры частых звёздах, ні пры буйных вятрах, ні ўдзень пры сонцу, ні ўночы пры месяцу. Упівайся, таска, уядайся, таска, у грудзі, у сэрца рабу (імя) разрасціся і разыдзіся па ўсіх жылах, па ўсіх касцях...»


Гэта толькі адна са шматлікіх замоў, сабраных беларускімі вучонымі. Любоўнымі прываротамі займаліся незалежна ад полу ці статусу. Няўпэўненыя ў сабе хлопцы і дзяўчаты спадзяваліся, што магія дапаможа атрымаць увагу супрацьлеглага полу. А часам спрабавалі і наогул заваяваць «любоў людскую», каб на «раба божага глядзелі і старыя старухі, старыя старыкі, маленькія дзеці, красныя дзявіцы, маладыя моладцы». Рашаліся на варажбу і жонкі, каб захаваць (аднавіць) каханне ў сям'і ці вярнуць дзіцяці бацьку, які сышоў з дому.

Згадаем дзявочую варажбу. Юныя прыгажуні здаўна імкнуліся даведацца імя нарачонага і нават убачыць яго. Напрыклад, цікаўнай дзяўчыне, калі першы раз пабачыць маладзік, трэба было пэўны час не адводзіць ад яго вачэй, а пасля ні з кім у той вечар не размаўляць і хуценька класціся спаць. Альбо на маладзік трэба было тры разы перакруціцца на правай назе — пад пятой утваралася ямачка, адкуль бралі зямлю і клалі пад галаву, каб прысніўся жаніх.

На вербную нядзелю, як упоцемку ішлі з царквы, дзеўкі білі вярбой незнаёмых мужчын і пыталіся іх імёны — так, яны думалі, будуць зваць іх нарачоных. Чапляліся да незнаёмцаў з такой просьбай дзяўчаты і на Шчадрэц перад Раством. На Вялікдзень жа яны скакалі цераз сані. Атрымаецца гэта зрабіць — хутка быць вяселлю, а калі якая, пераскокваючы, упадзе — сядзець ёй яшчэ год у дзеўках.

Калі сеялі расаду, дзяўчаты маглі ўтыркнуць у зямлю некалькі каліў і загадаць на іх знаёмых хлопцаў. Такія расліны саджалі абы-як, не палівалі, і калі якая з іх прымецца і пачне расці — хутчэй за ўсё, менавіта ад загаданага на яе хлопца трэба чакаць сватоў.

Падказку можна было атрымаць і ад бусла. Калі дзяўчына вясной першы раз яго ўбачыць у палёце — значыць, у гэтым годзе выскачыць замуж, інакш — яшчэ будзе «дзеваваць». Калі ж сарваць галінку, на якой сядзеў салавей, і тры разы ёй на маладзік ударыць хлопца, той адкажа ўзаемнымі пачуццямі.

Атрымаецца ў маладых людзей знайсці ў жыце спарышы — у гэтым годзе будзе вяселле ці яшчэ нешта добрае. Калі ж у дзеўкі сякуцца або лезуць валасы, упадабаны хлопец кахае іншую. Свярбіць ніжэй пупка — значыць, хлопцы яе хваляць. Ніткі блытаюцца — дзесьці пра яе плятуць плёткі. Дзеўка ці хлопец часта губляюць розныя малыя рэчы? Гэта добрая прыкмета — трэба чакаць вяселля. Калі дзяўчынка-падлетак часта б'ецца з хлопцам, старэйшыя людзі казалі: як гэтыя свавольнікі падрастуць, стануць парай.

Існавалі і пэўныя засцярогі, чаго нельга рабіць, каб не застацца без пары. Так, нельга было садзіцца на калодку, на якой сякуць дровы, бо пакуль калодка не разваліцца, не будзе вяселля. Калі якая дзяўчына на галаву надзене хлапечую шапку — быць праблемам: ці то яна будзе хутка ўлюбляцца ў мужчын, ці яе хлопцы будуць абыходзіць.

Тая дзеўка, якая кідае смецце за парог, можа аказацца нікому не патрэбнай. Таму смецце стараліся акуратна сабраць і вынесці на сметнік. Каб хлопцы любілі, дзеўка павінна была з'есці паскробыш — яго пякуць з таго цеста, што выскрабаюць у дзяжы пасля таго, як пасадзяць хлеб у печ. Булкі, што ў печы зліпліся разам, маглі паспрыяць у пошуку кахання, прычым іх стараліся перахапіць і з'есці як дзяўчаты, так і хлопцы.

Старэйшыя жанчыны часам навучалі маладзенькіх: каб хутчэй выйсці замуж, дзяўчына павінна пасціцца ўсе пятніцы шчырым постам, або хоць бы дванаццаць пятніц на год. І сёння дзяўчаты не цураюцца прыёма, вядомага яшчэ нашым бабулям, — калі дзяўчына ўладкуецца на тое месца, дзе пасядзела нявеста (асабліва пакуль яно яшчэ цёплае), то хутка будзе яе ўласнае вяселле.

Здзяйснялі жанчыны і пэўныя рытуалы, каб прывабіць упадабанага хлопца... Зловяць кажана, занясуць у лес, у мурашнік, і бягуць хутчэй дадому, не азіраючыся. На наступны дзень быццам бы ад кажана павінны застацца толькі костачкі, а сярод іх дзве падобныя на кручок і вілы. Калі першай хлопца зачапіць, той закахаецца, а другой адпіхнуць — адчэпіцца.

На што толькі не ішлі дзяўчаты, каб атрымаць упадабанага хлопца — у пітво яму цішком маглі падмешваць кроплі свайго поту ці крыві. Добрай «зброяй» быў і высушаны ды здроблены бярозавы лісток, што ў лазні прыставаў да «пятай кропкі» — скорміш яго сваёй «ахвяры», і прывяжыцца, як той ліст.

Але ці былі папулярныя такія захады? Нашы продкі лічылі: заваёва мужчыны прываротам не прынясе шчасця, а ў жыцці з прычараваным мужам жанчыне не будзе хапаць цеплыні і павагі. Наогул, беларускі фальклор дапамагаў данесці вельмі важную думку: лёгкага хлеба не бывае. Ні кахання, ні здабытку, ні павагі малодшых да старэйшых, ні сяброў не атрымаць проста так. Нават скарбы ва ўяўленні народа былі зачараваныя. А «ў бядзе людзі лепш таварышуюць, чым у раскошы, бо ў раскошы чорт пад'южвае да ўсялякага граху», — такую думку за палешукамі запісаў амаль сто гадоў таму этнограф Аляксандр Сержпутоўскі. Наогул, у беларускім фальклоры багата глыбокіх думак. У легендах, казках, прымаўках, павер'ях можна шукаць адказы на тыя пытанні, што і сёння застаюцца актуальнымі. Ужо колькі гадоў мы спрабуем вызначыць, што за рысы ўласцівыя беларускім жанчынам. А вы звярніцеся да нашай спадчыны, зазірніце ў запісы этнографаў ды фалькларыстаў — і даведаецеся яшчэ шмат цікавага.

Бабуліны парады

  • Бабулі казалі, што «дзявочая каса — краса» і зберагае яе ўладальніцу ад ліха. Яны шукалі спосабы, як зрабіць валасы прыгажэйшымі.
  • Каб раслі доўгія косы ды густыя, дзяўчыне трэба было прасіць чалавека, у якога «лёгкая рука», у першую пятніцу, як узыдзе маладзік, падстрыгчы кончыкі кос. А яшчэ можна было пару разоў на год абмываць галаву кабыліным малаком, каб косы былі густыя, як конскі хвост.
  • Некаторыя мылі іх моцным півам ці бярозавым квасам, адварам рамонку, лапуха, і нават «вужовым ліняннем». Як калолі кабана, маці раілі дочкам есці «свінскія косы» (селязёнкі), маўляў, валасы тады будуць лепш расці.
  • Старыя людзі казалі, што дзяўчатам, каб не выпадалі валасы, нельга надзяваць мужчынскія шапкі. Ды і грэбень для часання галавы нельга было пакідаць на стале ці там, дзе ўсе бачаць — належала хаваць яго дзе-небудзь.
  • Каб паскорыць рост грудзей, будучым нявестам раілі есці круглую гародніну: бульбу, рэпу, бручку і іншыя, папярэдне патрымаўшы іх ля голага цела.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».