Вы тут

Якім будзе юбілейны «Славянскі базар»?


Хутчэй за ўсё, трыццаты «Славянскі базар у Віцебску» ў наступным годзе будзе, як і сёлета, параўнальна непрацяглым. Калі раней фэст разам з неафіцыйнай часткай доўжыўся больш за тыдзень, то мінулы — усяго чатыры дні. А пра тое, што ўжо робіцца, каб фэст стаў больш цікавы, а таксама пра навіны наступнага «базару» гаварылі нядаўна ў Віцебскім аблвыканкаме.


У дырэкцыі фестывалю лічаць, што чатыры дні — цалкам дастаткова. Пры гэтым падкрэсліваецца, што на якасці фэсту такое скарачэнне ніяк не адбіваецца. Мінулы — 16—19 ліпеня — правялі, можна сказаць, на адным дыханні. І — традыцыйна — на вельмі высокім узроўні. Далей творчую планку будуць толькі павышаць. Губернатар Мікалай Шарснёў сярод іншага прапанаваў кіраўніцтву дырэкцыі прааналізаваць, што можна зрабіць, каб залы напаўняліся гледачамі. Калі на канцэрце занятыя трохі больш за палову месцаў, значыць, нешта не прадумана ў сэнсе прыцягнення ўвагі, павышэння цікавасці да падзеі. Рэзерв у гэтым напрамку вялікі.

Вельмі актыўнай атрымалася дыскусія наконт кошту білетаў. Зразумела, на канцэрты адкрыцця і закрыцця «базару» традыцыйна запрашаюць нямала зорак мастацтваў, таму і цана на іх параўнальна вялікая. Але, як разважае губернатар, каб мужу і жонцы з дзіцем пайсці на такі канцэрт, трэба заплаціць столькі, колькі на многіх прадпрыемствах зарабляюць у месяц. Няўжо гэта адэкватная цана?

Дарэчы, логіку тых, хто даводзіць гледачам канчатковыя лічбы па пытанні «аплаты за відовішча», не зразумелі да канца і ў Камітэце дзяржаўнага кантролю. Супрацоўнікі яго,так бы мовіць, вывучаюць вопыт дзейнасці дырэкцыі. Але, падкрэсліваюць, не каб пакараць, а наадварот, падказаць, што трэба зрабіць з цэнавым і іншымі пытаннямі.

У дырэкцыі разумеюць, што зорак, якія могуць сабраць поўны Летні амфітэатр (больш за 6,2 тысячы чалавек), сёлета не было. І таму вырашана сольныя канцэрты праводзіць у канцэртнай зале «Віцебск». Там каля 1,2 тысячы глядацкіх месцаў. А на галоўнай канцэртнай пляцоўцы «базару» будуць праводзіць так званыя зборныя канцэрты.

Пагаварылі і пра тое, што ніколі не позна і не сорамна вучыцца ў калег з іншых рэгіёнаў. Губернатар прапанаваў даследаваць вопыт арганізацыі такіх фестываляў як, напрыклад, Vіva Braslav Open Aіr. На мерапрыемства ўжо далёка не раённага маштабу грошай не просяць. Трэба зразумець алгарытм: як задаволіць гледача, зрабіўшы культурную акцыю прыбытковай...

Безумоўна, віцебскі фестываль адлюстроўвае дзяржаўную палітыку ў сферы культуры. Дэвіз яго: «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення!». І штогод у Віцебску насамрэч адбываецца нешта неверагоднае, што робіць народы (і не толькі славянскія) бліжэй адзін да аднаго... Як нагадаў кіраўнік дырэкцыі фестывалю Глеб Лапіцкі, унікальнасць «Славянскага базару» сёлета была і ў тым, што фестываль быў адзіны ў свеце, які не адмянілі. Яшчэ і правялі з размахам. Сёлета на пятнаццаці фестывальных пляцоўках адбылося больш за сотню мерапрыемстваў. У фестывалі ўзялі ўдзел прадстаўнікі 23 краін свету.

У час падрыхтоўкі да юбілейнага «Славянскага базару» асаблівая ўвага будзе звернута на правядзенне рэкламна-інфармацыйнай кампаніі і прамаціраванне ў Беларусі і па-за яе межамі, акцэнт зробяць на інтэрнэт-прасторы. Што цікава, вельмі папулярныя ў людзей у глыбінцы сустрэчы з прадстаўнікамі дырэкцыі, падчас якіх прысутныя могуць выказаць камандзе арганізатараў свае прапановы наконт таго, што хацелася б убачыць на «базары». Такую практыку плануюць працягваць і нават зрабіць традыцыйнай.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Каб на адным дыханні...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».