Вы тут

РЦАП коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы — своеасаблівы горад, дзе коні «правяць баль»


Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы — не проста спартыўная ўстанова, а своеасаблівы горад, дзе коні «правяць баль». Тут у выдатных умовах яны жывуць і працуюць, каб захапляць людзей на спаборніцтвах. Застацца раўнадушным да моцных, грацыёзных спартсменаў з глыбокімі вачыма і шаўкавістай грывай, амаль немагчыма. Карэспандэнты «Звязды» пазнаёміліся з імі бліжэй.


Ратамская прапіска

Ужо 55 гадоў у Ратамцы коні і вершнікі ўдасканальваюць сваё спартыўнае майстэрства. У 1965-м па ініцыятыве Яўгена Дзяменцьева конная школа з вёскі Каралёва, што ў 35 кіламетрах ад Мінска, была перанесена ў пасёлак Ратамка. У той час уся інфраструктура коннаспартыўнай школы складалася з двух кароўнікаў, складоў і аднаго свінарніка. Але намаганнямі Яўгена Дзяменцьева ў 1969 годзе на базе школы пачаў працу конны завод імя Героя Савецкага Саюза Льва Даватара. У 1996-м у Ратамцы быў створаны Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Сённяшні спартыўны комплекс — адзін з найбуйнейшых у Еўропе.

У цэнтры жывуць і працуюць 420 коней, з іх 157 — прафесійныя спартсмены. У самым элегантным відзе коннага спорту — выездцы — задзейнічаны 58 коней. Гэта алімпійскі від, які прадугледжвае выкананне элементаў на кожным алюры, — перакладаючы з мовы коннага спорту, пры кожным відзе паходкі каня. Самым відовішчным відам, ці канкурам, занятыя 35 коней, якія здзіўляюць сваёй пластыкай і палётам падчас пераадолення перашкод. Самых стойкіх коней, што выступаюць у трохбор'і, у цэнтры 40. Коннае трохбор'е ўключае пераадоленне перашкод, элементы выездкі і крос з пакарэннем неразбуральных бар'ераў і водных перашкод на перасечанай мясцовасці. У цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі працуюць 24 кані, якія выступаюць на спаборніцтвах па сучасным пяцібор'і. Для працы чатырохногіх спартсменаў ёсць усе ўмовы: збалансаванае харчаванне, душ, салярый, дзе іх сушаць пасля мыцця. Кожны конь жыве ва ўтульнай загарадцы, як жартуюць на стайні, у аднапакаёвай кватэры з добрымі суседзямі.

У Ратамцы пераважаюць прадстаўнікі тракененскай, вестфальскай і гановерскай парод. Кожная выводзіцца для пэўнага віду коннага спорту. На конезаводзе імя Даватара спецыялізуюцца на тракененскай пародзе. Яе самы вядомы прадстаўнік — Пробліск — на Алімпійскіх гульнях 2004 года ў Афінах у дуэце з Ірынай Ліс заняў 23-е месца. У 1976-м заслужаны майстар спорту Віктар Угрумаў на Алімпійскіх гульнях у Манрэалі разам з канём Саідам паказаў лепшы вынік сярод савецкіх коннікаў — шостае места. Тытулаваны конь Саід — ураджэнец Ратамкі.

Народжаныя быць лепшымі

У выпадку з коньмі спартсменамі на становяцца, а нараджаюцца. Іх спартыўнае жыццё такое ж, як і ў людзей. У гэтым упэўнена член нацыянальнай каманды па конным спорце Настасся Дудкова. Як і ў людзей, знаёмства са спортам пачынаецца з малых гадоў. Часам, гледзячы на жарабя, спецыяліст можа сказаць, атрымаецца з яго спартсмен ці не. Таму адпаведная каню дысцыпліна вызначаецца яшчэ ў дзяцінстве. Ключавыя паказальнікі: даўжыня шыі, асаблівасці спіны, крупу, плячэй, характарыстыкі рухаў і іншыя адметнасці экстэр'еру. Спартыўная падрыхтоўка пачынаецца ў коней у тры гады ў гульнявым фармаце. А ўжо ў 10 гадоў чатырохногі спартсмен выходзіць на свае першыя старты. Дарэчы, на Алімпійскіх гульнях коні, маладзейшыя за 10 гадоў, выступаць не могуць. Спартыўны пік у жывёл прыпадае на 10—14 гадоў. Здаровы конь можа спаборнічаць да 20-гадовага ўзросту. Але далёка не ва ўсіх коней атрымліваецца спартыўная кар'ера. Многія застаюцца «аматарамі» і працуюць выключна з маладымі спартсменамі. «У нашым спорце ўсё ўзаемна. Спачатку конь вучыць наезніка, а потым ён — каня. Таму абавязкова павінны быць коні, якія вучаць моладзь. Не ўсе могуць заваёўваць медалі, хтосьці павінен выхоўваць рэзерв», — адзначае Настасся Дудкова.

І няхай каням не прысвойваюць спартыўных званняў, а лепшы ганарар для іх — штосьці смачнае, яны сапраўдныя спартсмены, з якімі працуе каманда спецыялістаў. Наезнік, трэнер, ветэрынар, заатэхнік, берэйтар-конюх — ад гэтых людзей залежыць, у якой форме конь адправіцца на спаборніцтвы, а значыць і іх вынік. «У пачатку сезона, пасля перапынку мы пачынаем з малога, нагадваем каню пра элементы і паступова павялічваем нагрузку. Перад вялікімі спаборніцтвамі, чэмпіянатамі свету ці Еўропы, патрэбна выступіць дома, паглядзець, як конь сябе паводзіць на стартах, даць яму адчуць спаборніцкі дух. І самае галоўнае ў падрыхтоўцы да турніраў — супрацоўніцтва з урачамі. Конь павінен быць здаровым. Нельга чакаць ад спартсмена добрага выступлення, калі яму штосьці баліць, і тым больш прымушаць яго нешта рабіць», — расказвае Настасся Дудкова.

У здаровым целе

Здароўе коней аберагае зоаветэрынарны аддзел цэнтра, які ўзначальвае Алена Стэльмашонак: «Усе нашыя коні рэгулярна праходзяць агульны клінічны агляд. Звяртаем увагу на парушэнні скурнага покрыва, пухліны, выпадзенне валасоў, развіццё мышц — гэта асноўнае. Па меры неабходнасці праводзім спецыфічныя абследаванні. Самыя распаўсюджаныя траўмы спартыўных коней звязаныя з апорна-рухальнай сістэмай. І мы прыкладаем усе намаганні, каб іх папярэдзіць, бо гэта прасцей, чым лячыць».

Усе ведаюць, што доранаму каню ў зубы не глядзяць. А спартыўнаму — яшчэ як! Зубы — галоўны паказчык здароўя каня. «У коней адрастаюць бакавыя зубы, у іх дастаткова вострыя канцы і яны моцна траўміруюць слізістую рота. Гэта перашкаджае жывёле нармальна прымаць ежу, пачынаюцца праблемы са страўнікам, якія цягнуць за сабой іншыя хваробы. Наезнікі часам скардзяцца, што конь не хоча выконваць пэўны элемент. А яму проста балюча яго рабіць — праз тыя ж зубы ці хворы страўнік. Каб гэтага на дапусціць, мы раз у год падпілоўваем зубы нашых падапечных. Яны жывуць у стойлах, на пашы не гуляюць, натуральнага сточвання не адбываецца. Таму мы ім дапамагаем. Рот каня — паказчык яго здароўя і залог паспяховага выступлення».

Не па разліку

Конь — гэта не снарад, не сродак дасягнення поспеху, а паўнавартасны сябар і партнёр наезніка, таксама зацікаўлены ў добрым выступленні. Таму чалавеку і жывёле трэба стаць адзіным цэлым. Як і ў любых адносінах, ва ўсіх гэты працэс адбываецца па-рознаму і не заўсёды лёгка. «Кожнай пары патрэбны розны час, каб прыцерціся адзін да аднаго. Калі вершнік працуе з канём з яго дзяцінства, зразумела, што ім прасцей знайсці агульную мову. Яны разам растуць, развіваюцца, падстройваюцца адзін да аднаго. Можна правесці аналогію з сябрам дзяцінства, якога ведаеш усё жыццё. Пачынаць працаваць з ужо дарослым канём значна цяжэй. У яго ўжо сфарміраваўся характар, звычкі. Да таго ж конь прывык да іншага наезніка, і тут яму прыходзіцца працаваць з новым чалавекам. У такім выпадку ўжо наезнік падстройваецца пад каня. Каб канчаткова наладзіць кантакт, чалавеку і жывёле патрэбен прыкладна год», — дзеліцца Настасся Дудкова.

У кожнага каня свой непаўторны характар. І задача наезніка — зразумець гэты характар і знайсці да яго падыход. Па меркаванні Настассі Дудковай, рабіць гэта належыць з дапамогай метаду пугі і перніка: «Не ўсім каням падабаецца пастаянна напружвацца, бегаць, скакаць. Канешне, ім больш па душы проста гуляць, а не насіць на сабе чалавека і выконваць яго каманды. Выхаванне каня раўнацэннае выхаванню дзіцяці. Іх важна зацікавіць, а затым цярпліва і ўпарта адпрацоўваць навыкі. Можна прывіць каню пэўныя рысы, навучыць выконваць каманды. Але характар нікуды не дзенеш, і яго трэба прымаць да ўвагі, знайсці пэўны падыход. Па конях заўсёды бачна, што ім падабаецца, а што не, і варта да гэтага прыслухоўвацца. Коні вельмі любяць, калі іх хваляць і заахвочваюць. Некаторыя могуць капрызнічаць ці ўпарціцца, нават праяўляюць агрэсію. Тады трэба злёгку пакараць, каб падобныя паводзіны больш не паўтараліся. Гэта цяжкая руплівая праца, але яе вынік таго каштуе». Спартыўны характар каня праяўляецца не толькі на трэніроўках, але і на саміх спаборніцтвах. Па словах Настассі, падтрымка гледачоў падбадзёрвае жывёл гэтак жа, як і людзей. Некаторыя літаральна купаюцца ва ўвазе і дзякуючы гэтаму паказваюць добрыя вынікі. Ёсць і тыя, хто саромеецца і на публіцы не можа паказаць, на што здольны. У такім выпадку наезніку, які тонка адчувае свайго чатырохногага партнёра, прыходзіцца «раскрываць» каня.

Цікавы факт: большасць спартыўных коней у Беларусі — жарабцы і мерыны. І справа не ў вынослівасці і фізічных асаблівасцях, а ў характары. У кабыл цяжкі характар, яны часта капрызяць, упарцяцца. Настасся Дудкова сцвярджае, што паладзіць з імі могуць не ўсе наезнікі: «Жарабцы прамалінейныя, простыя, таму вершнікі ахвотней працуюць з імі». З кабыламі выдатна спраўляецца магілёўская спартсменка Вольга Камарова. З Гектай яна раздзяліла трэцяе месца на міжнародных спаборніцтвах па трохбор'і, што прайшлі ў пачатку верасня ў Ратамцы. А з Задумкай — другое месца гэтага ж турніру.

Галопам за марай

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі — не толькі месца жыхарства і працы спартыўных коней, але і пляцоўка для правядзення спаборніцтваў. На шчасце, яе інфраструктура дазваляе прымаць буйныя старты. У пачатку верасня тут адбыліся міжнародныя спаборніцтвы і чэмпіянат Беларусі па трохбор'і, якія сталі знакавымі на шляху да Алімпійскіх гульняў 2021 года. У праграме чатырох зорак алімпійскую кваліфікацыю пацвердзілі Марына Іванова з Дыянісам і Аляксандр Фаміноў на Марціне. У праграме трох зорак кваліфікацыйны вынік паказалі Настасся Шклянкава з Пампасам і Віталь Курыльчык з Дыял-Апе. У праграме дзвюх зорак павысілі кваліфікацыю Аляксандр Фаміноў на Кардэне і Інджойе, Маргарыта Васілеўская з Клеапатрай, Лізавета Ягленка з Олдэрменам, Настасся Луцэвіч на Руге. Да гэтага спісу далучыліся Валерыя Сушынская на Гленвіле і Фезіры, Вольга Камарова з Задумкай, Ганна Немцава з Віолай і Антаніна Катулькіна на Зеўсе.

У Ратамцы радыя не толькі спартсменам, але і ўсім жадаючым пазнаёміцца з коньмі бліжэй. На тэрыторыі комплексу знаходзяцца конны клуб «Трыумф», спартыўна-аздараўленчая база, гасцінічны комплекс, рэгулярна праходзяць экскурсіі.

Валерыя Сцяцко

Фота Ганны Занкавіч

Загаловак у газеце: Ход канём. У гасцях у чатырохногіх спартсменаў


Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.