Вы тут

Зорка натхнення


Выданне, у якім сабраны жыццяпісы 66 ураджэнцаў Бялыніччыны, распавядае айчынную гісторыю, персаніфікуючы яе. Кніга «Імёны ў кантэксце эпох» Міхася Карпечанкі складаецца з нарысаў знакамітых людзей гэтага куточка Бацькаўшчыны, прычым многія з іх сталі славутымі далёка за межамі Беларусі.


Пісьменнікі, акцёры, мастакі, дзяржаўныя дзеячы, военачальнікі — сузор’і таленавітых і геніяльных асоб падарыла свету Бялыніччына. Наш сучаснік, беларуская оперная зорка сусветнага маштабу, тэнар Юрый Гарадзецкі, пераможца VІІ Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі; праекціроўшчык субмарыны шляхціц Казімір Чарноўскі, чыімі чарцяжамі скарыстаўся афіцыйны «бацька» першай у Расіі падводнай лодкі Карл Шыльдэр; найвядомейшы расійскі гіпнолаг Генадзь Ганчароў, заснавальнік і кіраўнік Маскоўскай школы гіпнозу  — расповеды пра слынных бялынічанаў чытаюцца на адным дыханні, як мастацкія творы, толькі з усведамленнем таго, што ўсё, аб чым ідзе гаворка, мела месца ў  рэальнасці. Аўтар здолеў сумясціць гістарычную праўду і актуальнасць, значнасць дасягненняў... Міхась Карпечанка не проста пераказвае жыццёвую і творчую біяграфію землякоў, але і падае характарыстыку іх творчасці, выкладае асноўны яе стрыжань, знаёміць з перакананнямі слынных асоб.

Адзін з герояў — палкоўнік запасу Сяргей Гейсцер, выбітны спецыяліст у  галіне супрацьпаветранай абароны, радыёэлектроннай барацьбы — са старонак кнігі раіць усім чытаць і перачытваць класікаў беларускай літаратуры, каб атрымаць найвялікшую асалоду ад мілагучнасці і музычнасці матчынай мовы і непаўторнага каларыту роднай прыроды. Тое, што па характары сваёй дзейнасці далёкі ад прыгожага пісьменства чалавек ведае на памяць Коласаву «Новую зямлю» і шматлікія творы Янкі Купалы ды іншых класікаў, выклікае вялікую павагу не толькі да яго, але і да зямлі, дзе ён сталеў і  вучыўся, да яго настаўнікаў  — супрацоўнікаў школы райцэнтра.

У Бялынічах нарадзіўся і Янка Шарахоўскі, аўтар першай грунтоўнай навуковай біяграфіі Янкі Купалы пад назвай «Пясняр народных дум», якая адрозніваецца ад папярэдніх біяграфічных прац строгай навуковай дакументаванасцю. Даследчык апублікаваў і многія новыя дакументы, знойдзеныя ў архівах, узнавіў шматлікія невядомыя старонкі з жыцця песняра. Варта адзначыць, што працаваў Янка Шарахоўскі ў 1930-я гады, калі актывізаваліся вульгарна-сацыялагізатарскія тэндэнцыі ў беларускім літаратуразнаўстве і крытыцы. Паэта абвінавачвалі ў нацыяналізме, адзначалі, што творца «зайшоў у тупік са сваім ідэалам радзімы». Янка Шарахоўскі паказаў значэнне творчасці Янкі Купалы для Беларусі. Міхась Карпечанка прыводзіць найбольш адметныя вытрымкі з навуковай спадчыны даследчыка, па якіх можна зрабіць выснову: многае з таго, аб чым ён пісаў, не страціла актуальнасці і сёння.

Адзін з найцікавейшых расповедаў пад вокладкай кнігі нарысаў — матэрыял пра выдатнага паэта Ігара Шклярэўскага, які лічыцца расійскім, але з’яўляецца ўраджэнцам Бялынічаў. Біяграфія пісьменніка прымушае задумацца: чаму ён не рэалізаваўся на радзіме? Карпечанка падае цікавы факт: як аказалася, першы зборнік паэзіі Ігара Шклярэўскага пад назвай «Я іду!» павінен быў пабачыць свет у Беларусі, але на стадыі выдання пільныя рэцэнзенты палічылі кнігу «ідэйна заганнай»: набор быў рассыпаны. М. Карпечанка прыводзіць урыўкі з твораў І.  Шклярэўскага і нават на аснове некаторых яго лістоў малюе псіхалагічны партрэт пісьменніка.

Не менш цікавымі падаюцца матэрыялы пра рускага драматурга, сцэнарыста і  журналіста Аскара Курганава, найбуйнейшага спецыяліста ў галіне беларускага мовазнаўства Міхася Яўневіча, славутага ва ўсім свеце вучонага-нейрафізіка, героя Украіны Валерыя Казакова ды многіх іншых. Усе яны — дзеці Бялыніччыны, зямлі, якая раскінулася пад чароўнай зоркай натхнення і прыгажосці.

Яна БУДОВІЧ

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».