Вы тут

Як прыносяць даход каштоўныя паперы?


Сваю першую каштоўную паперу я набыў дзесьці 10 гадоў таму. Гэта была валютная аблігацыя Беларусбанка. Яна каштавала адну тысячу долараў і прадугледжвала даход — 7 % гадавых. Потым даходы банка пачалі падаць, і я зацікавіўся дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі. А апошнім часам я набраўся смеласці і пачаў набываць карпаратыўныя аблігацыі. У чым іх адрозненне? Пастараемся разабрацца.


Даўгавыя распіскі

Аблігацыі — гэта фактычна даўгавыя распіскі. Іх выпускае эмітэнт-кампанія (або дзяржава, яна таксама можа быць эмітэнтам), якой патрэбны грошы. Людзі купляюць аблігацыі і такім чынам даюць свае грошы ў пазыку гэтай кампаніі, разлічваючы атрымаць пэўны прыбытак. Поўная сума, тэрміны і памер выплат гэтага даходу (калі плануецца некалькі плацяжоў), як правіла, вядомыя пры куплі. Магчымасць загадзя ацаніць сваю выгаду — гэта тое, чым аблігацыя адрозніваецца ад іншых каштоўных папер.

Ва ўстаноўлены тэрмін адбываецца пагашэнне аблігацый, гэта значыць эмітэнт выплачвае іх уладальнікам намінальны кошт, указаны на саміх аблігацыях. Асноўная рызыка для інвестара — банкруцтва кампаніі-эмітэнта. У гэтым выпадку ён можа страціць укладзеныя грошы: у адрозненне ад дэпазітаў, яны не абаронены сістэмай страхавання ўкладаў.

Такім чынам, аблігацыі — фінансавы інструмент, які дапамагае захаваць сродкі і атрымаць пры гэтым умераны даход пры адносна невысокіх рызыках. Тым не менш гэтыя рызыкі кладуцца выключна на інвестара. Калі вы гандлюеце на біржы праз брокера, менавіта вы прымаеце канчатковае рашэнне аб куплі або продажы аблігацый і несяце за яго адказнасць.

Варыянтаў мноства

Аблігацыі могуць прапаноўвацца на першасны продаж за айчынную валюту — у Беларусі такія аблігацыі называюцца рублёвымі, або за грошы іншых дзяржаў — валютныя аблігацыі. Распаўсюджаны два варыянты. Спачатку былі дакументарныя аблігацыі. Звычайна іх выпускаюць на папяровых носьбітах, прадаюць без пасведчання асобы пакупніка і не наносяць на іх імя ўладальніка. Іншая справа інтэрнэт-аблігацыі. Тут гаворка ідзе не аб паперах, а аб запісах у рэестрах эмітэнта аблігацый. Пры іх куплі фіксуецца імя ўладальніка. Яшчэ іх называюць імянныя каштоўныя паперы.

Апошнім часам заканадаўства ў дачыненні да аблігацый змянілася, але не прынцыпова. Карпаратыўныя аблігацыі зараз будуць эмітавацца толькі ў рублях нашай краіны, але само паняцце валютных аблігацый не знікла. Яны як бы прывязаныя да долараў ці еўра, але... валютай куплі (пагашэння) такіх аблігацый з'яўляецца наш беларускі рубель па курсе валюты Нацыянальнага банка на дату аперацыі.

Неімянныя аблігацыі на папяровых носьбітах лёгка перадаваць іншым асобам, таксама як гэта адбываецца з наяўнымі грашыма. Даходы па аблігацыях у нашай краіне не абкладаюцца падаходным падаткам, у адрозненне ад працэнтаў па дэпазітах.

У чым выгада?

Для эмітэнта — суб'екта, які выпусціў аблігацыі, гэта спосаб прыцягваць пазыковыя сродкі без удзелу буйных крэдытных пасярэднікаў (банкаў і іншых інстытутаў). Пакупнікі маюць магчымасць атрымаць даход некалькі большы, чым абяцаюць банкаўскія ўклады. Выгада абодвух бакоў тлумачыцца меншым удзелам пасярэднікаў у гэтым тыпе крэдытных здзелак і, адпаведна — меншай платай за іх паслугі.

І яшчэ. Аблігацыі адрозніваюцца па некалькіх параметрах забяспечанасці. Ёсць самыя надзейныя каштоўныя паперы — цяпер гэта аблігацыі Мінфіна. Іх уладальнік з вялікай верагоднасцю захавае свае грошы.

Захаванасць укладанняў можа забяспечваць, напрыклад, заклад — нерухомасць і абсталяванне кампаніі, іншыя каштоўныя паперы. Гэта значыць, у выпадку банкруцтва эмітэнта ўладальнік аблігацыі зможа атрымаць гэты заклад — прадаць яго і вярнуць свае грошы. Другі варыянт забеспячэння — паручыцельства іншай кампаніі. Калі эмітэнт збанкрутуе, гэтая кампанія возьме абавязацельствы па яго аблігацыях на сябе. Трэці варыянт — банкаўская, дзяржаўная або муніцыпальная гарантыя. Гэта амаль тое ж самае, што паручыцельства. У гэтым выпадку даўгі па аблігацыях возьме на сябе банк, мясцовы або рэспубліканскі бюджэт.

Але ёсць і менш надзейныя паперы. Калі кампанія збанкрутуе, уладальнікі аблігацый будуць чакаць, пакуль завершыцца працэдура банкруцтва і іх прэтэнзіі задаволяць у агульным парадку — разам з іншымі крэдыторамі кампаніі. Не факт, што ўдасца вярнуць укладзеныя грошы цалкам.

Мабыць самыя «смачныя» аблігацыі (дзе прапануюцца максімальныя даходы) — самыя рызыкоўныя. Пры банкруцтве кампаніі ўладальнік такіх аблігацый можа разлічваць на вяртанне сваіх грошай у самую апошнюю чаргу, пасля ўсіх астатніх крэдытораў. Калі пасля раздачы іншых даўгоў нешта наогул застанецца. Больш за тое, нават калі эмітэнт не дайшоў да банкруцтва, а толькі да санацыі, яго субардынаваныя аблігацыі адразу ж спісваюцца ў нуль. Ніякіх грошай уладальнікі такіх аблігацый не атрымаюць.

Як звесці ўсю рызыку да мінімуму?

Варта памятаць, што мінімальныя рызыкі, як правіла, азначаюць і мінімальную прыбытковасць. Гэта рынкавы закон. Самымі надзейнымі можна лічыць дзяржаўныя аблігацыі, напрыклад, аблігацыі рэспубліканскай пазыкі, якія выпускае Міністэрства фінансаў. Іх прыбытковасць невялікая, хоць усё ж вышэй інфляцыі.

Наступнымі па надзейнасці можна лічыць аблігацыі найбуйнейшых кампаній з высокім крэдытным рэйтынгам, і ўмеранай прыбытковасцю. Можна рызыкнуць і ўкласці частку грошай у больш прыбытковыя каштоўныя паперы з сярэднім рэйтынгам. Але ў такім выпадку абавязкова ўлічвайце рызыкі дэфолту, рэструктурызацыі запазычанасці і ліквіднасці. Перад купляй аблігацый важна праверыць, як ідуць справы ў кампаніі-эмітэнта. Паглядзіце навіны і вывучыце адкрытую фінансавую і бухгалтарскую справаздачнасць — гэтыя даныя ёсць на сайтах біржы і ўпаўнаважаных інфармацыйных агенцтваў. Пажадана сачыць за станам эмітэнту і пасля куплі каштоўных папер.

У нашай краіне ўся інфармацыя па аблігацыях змяшчаецца ў праспекце эмісіі, у тым ліку: звесткі аб эмітэнце аблігацый, яго фінансавым стане і планах развіцця, звесткі аб забеспячэнні аблігацый, стаўцы даходу па іх, парадку іх размяшчэння, правах і абавязках эмітэнта і інвестара, а таксама іншыя звесткі, склад якіх устанаўліваецца заканадаўствам. Кампанія-эмітэнт, як правіла, размяшчае эмісійныя дакументы на адзіным партале фінансавага рынку, уласным сайце і ў пунктах продажаў.

Рынак карпаратыўных аблігацый Беларусі ўжо не такі малады. У апошнія два гады дзякуючы рынкавай кан'юнктуры атрымаў новы імпульс развіцця. Круг эмітэнтаў рознай якасці пашыраецца, аблігацыі пачынае набываць масавы рознічны непадрыхтаваны інвестар. А інфармацыйныя элементы рынкавай інфраструктуры фарміруюцца павольна.

Эксперты адзначаюць, што пасля двухгадовай хвалі «рэакцыі на прыбытковасць» пачынаюць узнікаць слушныя пытанні пра рызыкі фінансавага інструменту: «Працэнты — гэта добра, намінал бы не прафукаць». Запыт на якасную інфармацыю аб патэнцыйных рызыках існуе. Выключыць рызыку інвеставання на 100 % немагчыма. Але спрабаваць выкарыстоўваць нейкія шаблонныя метады і фарміраваць навыкі — неабходна.

Для пачатку варта зірнуць на механізмы абароны інвестара, якія ўжо прапануе дзеючае заканадаўства. Першасны фільтр добранадзейнасці прадпрыемства, якое выпускае свае незабяспечаныя абавязацельствы, устаноўлены рэгулятарам унутранага фондавага рынку ў нарматыўных патрабаваннях выпуску аблігацый.

Па-першае: бясстратная дзейнасць на працягу двух гадоў да прыняцця рашэння аб выпуску аблігацый. Па-другое: аб'ёмы выпуску не перавышаюць памеру ўласнага капіталу (чыстых актываў) эмітэнта аблігацый. Па-трэцяе: рэгулярнае публічнае абвяшчэнне фінансавай справаздачнасці пасля дзяржаўнай рэгістрацыі аблігацый.

Спецыялісты фінансавага рынку лічаць, што набор крытэрыяў не мяккі, але не жорсткі. Сюды карысна было б нават дадаць дадатковае абмежаванне па тэрміне бізнес-гісторыі прадпрыемства, скажам тры-пяць гадоў, каб інструмент быў недаступны вельмі маладым, не саспелым для публічных пазык кампаніям.

Але нават гэтыя крытэрыі вельмі мала дапамагаюць у вызначэнні рызык інвеставання. Маляваць станоўчы фінансавы вынік навучыліся большасць прадпрыемстваў, а рэгулярна выкладваць фінансавую справаздачнасць — не. Рэгулятар апошнім часам пачаў сачыць за патрабаваннямі інфармацыйнай адкрытасці.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».