Вы тут

Велапрабегі, працоўны дэсант і марафон мужнасці


У гэтыя дні па Беларусі прайшлі масавыя мерапрыемствы ў падтрымку міру і салідарнасці, бяспекі і спакою ў краіне. Мы сабралі найбольш цікавыя.


Дзятлава

У Дзятлаве, што на Гродзеншчыне, прайшоў велапрабег пад лозунгам «За любімую Беларусь».

Стартавалі веласіпедысты на стадыёне «Колас». Іх далейшы маршрут пралёг па вуліцах Перамогі, Чырвонаармейскай, Русіна, Фрунзэ, Прытыцкага, Кірава, Міцкевіча. Завяршыўся ён у кропцы старту.

З сабой у дарогу дзятлаўчане ўзялі дзяржаўныя сцягі, чырвоныя і зялёныя паветраныя шары, сцяжкі з сімволікай грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь», «Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі», «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і тым самым выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю: за мір, стабільнасць і працвітанне.

Калону веласіпедыстаў суправаджалі супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі.

Нароўля

Нароўля таксама далучылася да мерапрыемстваў у падтрымку міра, бяспекі і спакою патрыятычным велапрабегам. Пасля працоўнага дня 50 веласіпедыстаў розных узростаў і прафесій стартавалі ад плошчы Кастрычніцкай і праехалі арганізаванай калонай да бальніцы. Удзельнікі ўпэўненыя, што гучна заявіць аб асабістай грамадзянскай пазіцыі павінен кожны. Таму гэтым мерапрыемствам яны падкрэслілі гатоўнасць адстойваць інтарэсы краіны, яе суверэнітэт, незалежнасць, непадзельнасць і жаданне жыць спакойна ў мірнай краіне.

Ваўкавыск

Пра сваё жаданне не дапусціць развалу краіны, захаваць усё тое добрае, што створана ў апошнія дзесяцігоддзі, заявілі на мітынгу «За Беларусь», які прайшоў каля будынка Ваўкавыскага райвыканкама. Да прысутных звярнуліся прадстаўнікі мясцовай улады, прафсаюзаў, грамадскіх аб’яднанняў і проста неабыякавыя людзі. Адчувалася, што кожны кажа ад душы і сапраўды перажывае аб тым, што адбываецца ў краіне сёння.

Брэст

Моладзь Брэста ў межах мірных акцый арганізавала патрыятычны праект «Марафон мужнасці», які стартаваў аўтапрабегам па памятных мясцінах, звязаных з гісторыяй камсамола Беларусі. Лідары і актывісты маладзёжнага руху Брэстчыны разам з ветэранамі камсамола ўшанавалі памяць усіх змагароў за свабоду і незалежнасць Радзімы — усклалі кветкі да Брацкай магілы савецкіх воінаў у гарадскім парку абласнога цэнтра. Затым яны накіраваліся ў Івацэвіцкі раён. Менавіта там, ва ўрочышчы Хаваншчына, дзейнічаў падчас акупацыі Брэсцкі падпольны абкам камсамола. Зараз на тым месцы знаходзіцца мемарыяльны комплекс партызанскай славы. Там прайшла рэканструкцыя камсамольскай канферэнцыі ва ўмовах падполля. 

Калінкавічы

А вось моладзь райцэнтра Калінкавічы, што ў Гомельскай вобласці, па свойму далучылася да мірных акцый — яна паўдзельнічала ў працоўнай акцыі «За Беларусь». Больш за паўсотні маладых людзей і дзяўчат, навучэнцаў Палескага каледжа і Калінкавіцкага ліцэя, правялі маштабную ўборку памятных месцаў, звязаных з гісторыяй нашай краіны.

Па форме мясцовая працоўная акцыя — гэта суботнік, хоць і праходзіла ў чацвер. У спісе пляцовак — пахаванні воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, магілы ветэранаў на могілках, помнікі войнам-інтэрнацыяналістам і ліквідатарам аварыі на ЧАЭС. Без павагі да нашага мінулага не будзе нармальнай будучыні, упэўнены маладыя людзі.

Мітынгу і гучных слоў не было, на акцыі панавала праца: трашчаў хмызняк пад ударамі сякеры, граблі прыбіралі лістоту.

Сучасная беларуская моладзь займае актыўную грамадскую пазіцыю, паважае дзяржаўныя каштоўнасці і выступае за стабільнае развіццё нашай краіны, — падкрэслівае першы сакратар раённай арганізацыі БРСМ Таццяна Аргунава-Вяко.

Хоцімск

На Хоцімшчыне адбыўся велапрабег ад Хоцімска да помніка воінам-кавалерыстам, які знаходзіцца на мяжы з Расійскай Федэрацыяй каля вёскі Горні. У ім прынялі ўдзел некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў БРСМ, грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і іншых арганізацый. На месцы мемарыяла яны ўшанавалі памяць загінуўшых герояў і паабяцалі рабіць усё для таго, каб захаваць у краіне мір.

Дрыбін

У Дрыбіне раённы Цэнтр культуры зладзіў канцэрт «За Беларусь» прама на плошчы горада. На працягу мерапрыемства працавалі тэматычныя пляцоўкі ад МНС, БРСМ, іншых грамадскіх арганізацый. У пятніцу, 4 верасня, канцэрты адбыліся для жыхароў аграгарадкоў Трылесіна, Міхееўка, Кароўчына, Расна і вёскі Белая.

Як адзначыла намеснік старшыні Дрыбінскага райвыканкама Наталля Дубікоўская, культурныя мерапрыемства, прысвечаныя мірнай і квітнеючай Беларусі, пройдуць і на наступным тыдні. У Цэнтры культуры таксама адбудзецца канцэрт з нагоды святкавання 30-гадовага юбілею рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

Кіраўскі раён

У Кіраўскім раёне па ініцыятыве раённага адзела па НС арганізавалі аўтапрабег пад назвай «За будучыню Беларусі!». У ім прынялі ўдзел больш чым 80 аўтамабіляў, упрыгожаных дзяржаўнымі сцягамі Рэспублікі Беларусь, беларускай сімволікай і плакатамі. Яны праехалі па вуліцах населеных пунктаў Кіраўскага раёна з прыпынкамі каля памятных месцаў амаль 190 кіламетраў. У аграгарадку Мышкавічы ўдзельнікі ўсклалі кветкі да мемарыяла Славы ў гонар загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны землякоў, а ў вёсцы Боркі на мемарыяльным комплексе «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ўшанавалі памяць знішчаных фашысцкімі карнікамі мірных жыхароў. Як паведамілі ў Кіраўскім райвыканкаме, у суботу стартуе велапрабег у аграгарадку Стайкі, яго ўдзельнікамі стануць жыхары і вучні двух тутэйшых школ. Яны таксама наведаюць месцы баявой славы і ўскладуць там кветкі. Па словах намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Бяляўскай, на наступным тыдні адбудуцца велапрабегі і па іншых населеных пунктах раёна, а завершыць гэтую эстафету вялікі велапрабег у Кіраўску.

Нэлі ЗІГУЛЯ, па матэрыялах раённых газет

Фота з сайтаў: dribin.gov.by, kirovsk.gov.by, volkovysknews.by, diatlovonews.by, narovlya.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».