Вы тут

Гледачоў «Дабраранку» чакае серыя незвычайных выпускаў


З пачатку восені маленькіх гледачоў «Дабраранку», які выходзіць на «Беларусь 3», чакае серыя незвычайных выпускаў любімай праграмы. Творчая група тэлеканала ў гульнявой форме прадставіць новых дзяцей-вядучых, якія будуць разам са знаёмымі зайчанятамі Касяй і Лесікам рабіць кожную раніцу тэлесезона 2020/21 сапраўды добрай!


Нагадаем, што ў 2017 годзе разам з лялечнымі персанажамі, якіх агучваюць акцёры Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Наталля Кот-Кузьма і Дзмітрый Чуйкоў, упершыню сувядучымі праекта «Дабраранак» сталі дзеці — і ранішняя праграма здабыла свой непаўторны шарм, стаўшы для малодшай аўдыторыі сацыякультурнага тэлеканала інтэрактыўнай пазнавальна-забаўляльнай зарадкай перад садком і школай. Але ж час не стаіць на месцы, дзеці растуць, і, каб не згубіць казачную атмасферу маленства, аўтары вырашылі ўвесці новае «пакаленне» вядучых — траіх хлопчыкаў і трох дзяўчынак. Пры гэтым творчая група праекта не развітваецца і з прадстаўнікамі мінулага, вопытнага «пакалення» — яны будуць з'яўляцца ў выпусках праграмы ў якасці экспертаў і ментараў.

На кастынгу, які праводзіўся ў жніўні, маленькія ўдзельнікі праслухоўвання прайшлі сур'ёзнае выпрабаванне імправізацыяй, паказалі высокі ўзровень валодання роднай мовай, і, як прызнаецца шэф-рэдактар праграмы Алена Фурсава, амаль што кожны з кандыдатаў заслугоўваў месца ў «Дабраранку». Дарэчы, фрагменты пробных запісаў усіх прэтэндэнтаў на ролю вядучага тэматычна абыграюць і пакажуць у эфіры праграмы.

— Калі ў «Калыханцы» мы жадаем нашым дзеткам прыемнага, спакойнага адпачынку, то галоўная мэта праекта «Дабраранак» — зараджаць дашкольнікаў і школьнікаў бадзёрасцю і добрым настроем на ўвесь дзень, — распавядае Алена Фурсава. — У кожным выпуску, акрамя вясёлых забаўляльных нотак, ёсць яшчэ і пазнавальная частка, якая ўвасабляецца ў гульнявой форме. Мы распавядаем пра ўсё тое, што цікавіць дзетак, ілюструем гэта фотаздымкамі, відэаматэрыяламі і адкрыта звяртаемся да нашых гледачоў, бо яны — паўнавартасныя саўдзельнікі праграмы. Мы гэта разумеем па лістах і малюнках, якія атрымліваем, па водгуках на прапанаваныя хатнія заданні і віктарыны і таму ствараем у эфіры атмасферу добразычлівага дыялогу — нібыта і Кася з Лесікам, і вядучыя ў кадры таксама бачаць і чуюць кожнага з нашай юнай тэлеаўдыторыі.

Дарэчы, у бліжэйшы час дзякуючы партнёрству з дзіцячым часопісам «Умняша» творчых выпрабаванняў і прыемных падарункаў стане яшчэ больш! А калі жадаеце паўдзельнічаць у разнастайных рубрыках, конкурсах і апытанках праграмы «Дабраранак», то зрабіць гэта вельмі проста — рэдакцыя праекта падтрымлівае сувязь з гледачамі як па электроннай пошце dabraranaktv@gmaіl.com, так і праз лісты на адрас Белтэлерадыёкампаніі: 220114, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9.

Праект «Дабраранак» упершыню з'явіўся ў эфіры 20 верасня 2013 года і вось ужо на працягу сямі гадоў выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3» па буднях а 7-й гадзіне раніцы.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Раніца пачынаецца... з «Дабраранку»!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.