Вы тут

Для ўсіх, хто любіць тэатр


Вучэбны дапаможнік Рычарда Смольскага  «Гісторыя тэатра Беларусі ХХ–ХХІ стагоддзяў»,  які зусім нядаўна выйшаў у свет, — выдатная магчымасць  у сціслым выглядзе з гэтай гісторыяй пазнаёміцца


У свой час, калі паступала ў аспірантуру, мне прыйшлося здаваць уступныя экзамены, у ліку якіх была і гісторыя беларускага тэатра. І рыхтавалася я да яго, звяртаючыся да розных крыніц. Інфармацыі было много. Ад шматлікіх артыкулаў навукоўцаў-тэатразнаўцаў пра тыя ці іншыя перыяды ў гісторыі беларускага тэатра кружылася галава. Зразумела, што кожны з іх даследаваў свой кірунак, падрабязна яго разбіраў у кантэксце жыцця Беларусі — палітычнага, сацыяльнага, ідэалагічнага… Мне даводзілася заглыбляцца і ў асобныя манаграфіі вядучых беларускіх тэатразнаўцаў, дактароў мастацтвазнаўства, прафесараў Уладзіміра Няфёда, Анатоля Сабалеўскага, Гурыя Барышава, доктара філалагічных навук Сцяпана Лаўшука і іншых навукоўцаў. Таксама тады ўжо выйшла і трохтомная «Гісторыя беларускага тэатра». У ёй грунтоўна і падрабязна прасочваліся этапы зараджэння, развіцця і станаўлення нацыянальнага тэатра. Памятаю, як складана было ў працэсе падрыхтоўкі да іспыту падабраць для адказаў на пытанні неабходную інфармацыю, яе сістэматызаваць і вылучыць галоўныя аспекты, адзін з якіх тычыўся асаблівасцяў развіцця беларускага тэатра.

У дапаможніку «Гісторыя тэатра Беларусі ХХ–ХХІ стагоддзяў», як гаворыцца ў анатацыі, раскрываецца працэс зараджэння, фарміравання і развіцця беларускага прафесійнага драматычнага тэатра ў гістарычнай прасторы мінулага і цяперашняга стагоддзя.

Аўтар дапаможніка — Рычард Смольскі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, экс-рэктар Акадэміі мастацтваў. Дарэчы, калі ён быў на пасадзе рэктара, то даваў нашаму часопісу вялікае інтэрв’ю («Крэатывы Рычарда Смольскага», № 10–2008). А ў Акадэміі ён прадаўжае працаваць як галоўны навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела, прафесар кафедры тэорыі і гісторыі мастацтваў.

І што для самога Рычарда Смольскага тэатр, якому ён прысвяціў усё жыццё?

— Я перакананы: тэатр — гэта не проста адзін з самых старажытных, унікальных і ўніверсальных відаў мастацтва, што абсалютна відавочна. Тэатр — значна больш, чым проста мастацтва, ён уяўляе з сябе своеасаблівы лад і мадэль ідэальнага жыцця, жыцця стваральнага і высокадухоўнага, таго жыцця, у якім спавядаліся і сцвярджаліся адвечныя гуманістычныя каштоўнасці, на якіх спакон веку трымаецца цывілізаваны свет.

А на пытанне, каму адрасаваны падручнік, ён адказвае так:

— Працуючы над гэтым дапаможнікам, я пастараўся ўлічыць і свой даўні вопыт аспіранта, які таксама здаваў уступныя экзамены ў аспірантуру пры сектары тэатра Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы (цяпер аддзел тэатра — Аўт.). Для мяне было важна, каб студэнтам, магістрантам, аспірантам, якія абралі для сябе спецыяльнасці ў сферы культуры і мастацтва, перад здачай уступных экзаменаў, а таксама кандыдацкіх мінімумаў не даводзілася абкладвацца гарамі падручнікаў. Сваю галоўную задачу бачыў у тым, каб на аснове шматлікіх гістарычных з’яў і новых фактаў, значных падзей з айчыннага тэатральнага жыцця гэтага перыяду, шырока, усебакова і адначасова ў канцэнтраванай сціслай форме паказаць ім ды іншым навучэнцам вышэйшых навучальных устаноў культуры Беларусі, а таксама ўсім іншым аматарам і прыхільнікам творчай дзейнасці, складаны і часам супярэчлівы працэс зараджэння, фарміравання і развіцця беларускага прафесійнага сцэнічнага мастацтва ў прасторы ХХ–ХХІ стагоддзяў, часам вельмі неспакойнай. Таксама я паспрабаваў раскрыць вялікую ролю і каштоўны ўнёсак тэатра ў станаўленне беларускай нацыі, беларускай дзяржаўнасці, ва ўзбагачэнне нацыянальнай культуры і ўмацаванне духоўнага патэнцыялу нашага народа.

Зразумела, што абмежаваны аб’ём і фармат дапаможніка, па словах аўтара, абумовіў пэўныя асаблівасці падыходу да самой структуры кнігі, зместу, выбару і адбору матэрыялу.

— У полі майго зроку былі толькі найбольш прынцыпова важныя з’явы, падзеі, тэндэнцыі ў тэатральным працэсе ХХ–ХХІ стагоддзяў. Таксама я надаў увагу найбольш значным творчым асобам. Гэта драматургі, рэжысёры, акцёры, сцэнографы і іншыя таленавітыя дзеячы нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. І, вядома, тыя прафесійныя калектывы, якія зрабілі вялікі ўнёсак у агульную справу культурнага і дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі.

Дарэчы, у аснове вучэбнага дапаможніка Рычарда Смольскага — матэрыялы ўласных шматгадовых даследаванняў розных этапаў і праблем развіцця нацыянальнага сцэнічнага мастацтва. Асноўная іх частка адлюстравана ў яго манаграфіі, брашурах, артыкулах, якія апублікаваныя ў зборніках навуковых канферэнцый і аналітычных працах Акадэміі мастацтваў і Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў. Акрамя таго, выкарыстоўваў Смольскі і матэрыялы семінараў па тэатральнай крытыцы для студэнтаў Акадэміі мастацтваў. Так што па ўсім відаць, асабісты яго прафесіяналізм тэатразнаўцы, гісторыка тэатра, крытыка саслужыў яму, як кажуць, добрую службу пры напісанні дапаможніка. Думаю, тыя, каму прыйдзецца здаваць экзамены па гісторыі беларускага тэатра, а гэта ў першую чаргу студэнты, якія выбралі спецыяльнасці «акцёрскае майстэрства», «рэжысура тэатра», «тэатразнаўства», будуць аўтару ўдзячныя. Яны, мяркую, зразумеюць, што тэатральнае мастацтва Беларусі прайшло вялікі, складаны, часам супярэчлівы, але ў цэлым плённы шлях развіцця і сфарміравалася як яркая з’ява нацыянальнай мастацкай культуры.

І вось яшчэ што я прыгадала ў сувязі з прафесіяналізмам Рычарда Смольскага. Адна цікавая гісторыя, якая мае дачыненне да Напалеона, калі імператар быў у Маскве. Цытую свайго суразмоўцу:

— Уявіце: 12 кастрычніка 1812 года. Напалеон у Маскве. Кампанія прайграная. Горад гарыць. Напалеону трэба ратаваць сваё войска і раставацца самому. І што б вы думалі ён робіць? 12, 13, 14 кастрычніка Напалеон уласнаручна рэдагуе статут тэатра «Камеды Францез», у якім 102 параграфы. А 15 кастрычніка ў Крамлі ён зацвярджае гэты статут. З таго часу ў Францыі мяняліся імператары, каралі, урады, прэзідэнты. Але статут і па гэты дзень застаецца ў тым жа выглядзе і абараняе тэатр. Французы і сёння паважаюць Напалеона як выдатнага дзеяча, які шмат зрабіў для развіцця культуры ў Францыі.

Гэты прыклад я прывяла для таго, каб падкрэсліць, наколькі Рычард Баляслававіч разумее заканамернасці, уласцівыя свету мастацтва, умее да месца праводзіць паралелі. Ёсць яны і ў падручніку.

Заўважу таксама, што, расказваючы пра тэатр, ён выбраў зручны і правераны на практыцы класічны храналагічны падыход, у адпаведнасці з якім у гісторыі тэатра вылучаюцца пяць перыядаў. У апошнім ідзе гаворка пра тэатральнае мастацтва Беларусі ў перыяд 1991–2010 гадоў.

І што яшчэ характэрна для гэтай кнігі. Акрамя таго, што насычана яна цікавымі фактамі, падзеямі, сярод якіх паўстаюць выдатныя творчыя асобы, відавочная і пазіцыя аўтара. Ён сучасным поглядам, аб’ектыўна глядзіць на заідэалагізаваную ў мінулым гісторыю беларускага тэатра, не адрываючы яго ад часу, у якім тэатр сталеў, набіраўся моцы. Так, што панарама тэатральнага жыцця Беларусі, прадстаўленая ў дапаможніку, спадзяюся, будзе годнай увагі чытача.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».