Вы тут

Песня застаецца з чалавекам...


 «Славянскі базар» у Віцебску сёлета назвалі не толькі легендарным, але і ўнікальным,  эксперыментальным. Гэта было, відаць, адзінае вялікае міжнароднае музычнае свята,  якое ў сувязі з пандэміяй каранавіруса прайшло ў ліпені без пераносаў і адмен.


Арганізатары прынялі ўсе меры бяспекі, таму самыя папулярныя артысты з розных краін ахвотна пабывалі ў нас у гасцях. І чатыры дні Віцебск быў прасякнуты ветлівасцю, весялосцю, дружалюбнасцю — самымі шчырымі чалавечымі пачуццямі. Вось як пра тое казаў Глеб Лапіцкі, дырэктар міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»:

«Гэта быў інтэнсіўны час, калі нам даводзілася вырашаць часам невырашальныя задачы, але мы іх усё роўна вырашылі. На «Славянскім базары» любоў і сяброўства набылі сапраўдны сэнс, таму што сапраўдныя сябры «Славянскага базару» сёння тут, і сапраўдныя аматары творчасці таксама на «Славянскім базары» ў гэтым годзе».

Цырымонія адкрыцця «Славянскага базару ў Віцебску» пачалася 16 ліпеня ў 20:30. У канцэрце ўпершыню прыняў удзел артыст балета сусветнага ўзроўню, экс-прэм’ер Каралеўскага балета ў Лондане Сяргей Палунін. Таксама на сцэну Летняга амфітэатра выходзілі Філіп Кіркораў, Аляксандр Буйноў, Алег Міцяеў, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Іна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Уладзімір Правалінскі, уладальнік Гран-пры музычнага конкурсу «Віцебск» мінулага года Адзільхан Макін і многія іншыя. Дарэчы, Кіркораў, амаль паўгода не з’яўляўся на сцэне ў сувязі з пандэміяй каранавіруса і не даваў інтэрв’ю. З 1994‑га года артыст бываў на «Славянскім базары», і на гэты раз у Віцебску запалілася Зорка на Плошчы зорак і для яго, чаму спявак быў вельмі рады.

Не парушаючы традыцый, фестываль адкрываў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Дарэчы, у тыя дні Кіраўнік дзяржавы знаходзіўся на Віцебшчыне з рабочым візітам.

Як звычайна, канцэрт праходзіў у Летнім амфітэатры. Дарэчы, гэтае месца ў Віцебску — не толькі візітная картка горада. Гэта адзін з вядомых архітэктурных сімвалаў Беларусі. Галоўнай сцэне Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску» сёлета споўнілася 32 гады, і 19 з іх зала для гледачоў амфітэатра знаходзілася пад адкрытым небам. «Ажурнае» ахоўнае пакрыццё пачалі ўзводзіць ў 2006 годзе па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі. Праект, тэхналагічнае рашэнне, мантаж, выпрабаванні канструкцый — усе этапы будоўлі і сам аб’ект сталі ўнікальнымі не толькі ў маштабах нашай краіны, але і ў сусветным маштабе ў плане тэхнічных рашэнняў.

За 29 гадоў віцебскі культурны форум стаў сапраўдным святам для гледачоў, а для яго арганізатараў — магчымасцю адкрыць новыя вакальныя таленты. У сваю чаргу, удзельнікі дзіцячага і дарослага конкурсаў маладых выканаўцаў атрымалі добры шанец на папулярнасць. Перад цырымоніяй адкрыцця пераможцы мінулага года — Адзільхан Макін з Казахстана і беларуска Ксюша Галецкая — паднялі на фестывальным флагштоку сцяг «Славянскага базару».

Уладальнікі Гран-пры фестывалю — беларусы Раман Валазнёў і Ангеліна Ламака

Прагучалі і доўгачаканыя словы: «Увага! Гаворыць і паказвае Віцебск!». Яны, як і словы Прэзідэнта пра тое, што «Славянскі базар» стаў сэрцам культурнага і духоўнага адзінства, былі ўспрынятыя гледачом з натхненнем.

— І гэтае сэрца, — сказаў Прэзідэнт, — павінна біцца ў імя галоўнай ідэі, закладзенай у аснову фестывалю: «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Асабліва сёння, калі ўсе краіны і народы знаходзяцца на мяжы глабальнага геапалітычнага крызісу, для нас жыццёва важна захаваць традыцыю, якая аб’ядноўвае людзей. Бо што б ні адбывалася ў свеце, міжнародны фестываль у Віцебску заўсёды руйнаваў бар’еры і мацаваў дружбу народаў.

У сваім выступленні Прэзідэнт яшчэ падкрэсліў:

— У гэты ўрачысты вечар мяне перапаўняюць пачуцці радасці і гонару за ўсіх нас, найперш за беларусаў, якія ніколі не станавіліся і не ўстаюць на калені перад выклікамі часу. Прыклад таму — «Славянскі базар», фестываль з яркім і цікавым лёсам. Як вы памятаеце, яго гісторыя пачалася ў 90‑я на фоне няпростага выбудоўвання новых адносін паміж суверэннымі дзяржавамі, створанымі з аскепкаў велізарнай імперыі.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што фестываль задумваўся як свята дружбы брацкіх народаў — беларусаў, расіян, украінцаў, прадстаўнікоў іншых краін:

— Чвэрць стагоддзя таму гэта вялікае дзейства магло адправіцца ў падарожжа па гарадах і вёсках неабсяжнага Савецкага Саюза, які разваліўся. У гэтым годзе ён мог проста стаць на паўзу, як тое здарылася з вядомымі сусветнымі шоў і конкурсамі.

Прэзідэнт зрабіў вось які асаблівы акцэнт:

— Але тады і сёння мы збераглі наш «Славянскі базар», нашу славянскую традыцыю.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што, нягледзячы на міжнародныя канфлікты, міжнацыянальныя і ўнутрыпалітычныя крызісы, на віцебскім фестывалі заўсёды панавалі мір, дружба і паразуменне:

— У чым сакрэт? Напэўна, і, перш за ўсё — у культурным кодзе славян, у агульнай тысячагадовай гісторыі продкаў сучасных славянскіх народаў. У ёй мы не знойдзем фактаў варварскага разбурэння традыцый і знішчэння іншых цывілізацый. Ёсць толькі стварэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур. Таму, заявіў Кіраўнік дзяржавы, штогод «Славянскі базар у Віцебску» прыцягвае да сябе ўдзельнікаў і гасцей з розных куткоў планеты на гэты маляўнічы бераг Дзвіны:

— У горад, які стагоддзямі натхняў на творчасць вядомых музыкаў, мастакоў, акцёраў, які падарыў нам таленавітых рэжысёраў і дызайнераў, вучоных і канструктараў, спартсменаў і трэнераў, якія ўславілі беларускую і не толькі беларускую зямлю на ўвесь свет.

І сёння, сказаў ён, гэты амфітэатр сабраў самых яркіх aртыстаў, самых добрых і спагадлівых гледачоў:

— Без іх ніяк, не было б без вас «Славянскага базару». Такіх, якія прыходзяць і прыязджаюць на гэтае свята па закліку сэрца. Тых, каго аб’ядноўвае шчырая любоў да агульнанацыянальнай славянскай культуры. Хай фестывальныя дні падораць вам шмат яркіх эмоцый, конкурсы адкрыюць новыя імёны ў свеце мастацтва.

За гады жыцця фестываль набыў нямала добрых традыцый. Сярод іх — уручэнне Прэзідэнтам спецыяльнай прэміі «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». У гэты раз яна з’едзе ў Маскву з даўнім сябрам «Славянскага базару», народным артыстам Расіі Філіпам Кіркоравым.

Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да яго:

— Філіп, вядома ж, — бліскучы акцёр, артыст, спявак — усяго не пералічыш. Я сёння папрасіў адпаведныя службы (ёсць у нас), каб далі мне яго найпадрабязную біяграфію. І я быў уражаны тым, што ў гэтага чалавека велізарная колькасць (можна сказаць, з дзяцінства) розных міжнародных узнагарод. І падумаў: ну, вось уручым мы яшчэ адну, чарговую ўзнагароду. А потым падумаў: не, не чарговую. Гэта міжнародная ўзнагарода, гэта душэўная ўзнагарода, гэта душэўная славянская ўзнагарода. А карані яго славянскія. І думаю, ён яе ўспрыме як самую высокую ўзнагароду.

Такога шчырага чалавека, падкрэсліў Прэзідэнт, цяжка знайсці:

— Усё, што ён сказаў, ён сказаў ад душы, нягледзячы на тое, што ён — артыст, вялікі артыст.

У сваю чаргу, Філіп Кіркораў адзначыў, што для яго вялікі гонар прыняць гэтую ўзнагароду з рук Аляксандра Лукашэнкі:

— Сёння, у гэты няпросты час, калі «Славянскі базар» адзіны выжыў сярод усіх музычных святаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, я лічу вельмі сімвалічным гэты прыз. Тое, што сёння вы знайшлі магчымасць правесці гэты фестываль, нават «Еўрабачанне» перанеслася, а Беларусь і «Славянскі базар» жылі, жывуць і будуць жыць! Ганаруся сяброўствам з табой, Беларусь!

Фэст вулічнага мастацтва «На семи ветрах» прайшоў на «Славянскім базары ў Віцебску»

Расійскі артыст пажартаваў, што яму яшчэ ёсць да чаго імкнуцца ў Беларусі. Бо ў яго ўжо ёсць званні народнага артыста Расіі, Украіны, Малдовы, а беларускага звання такога ўзроўню няма.

Яшчэ некалькі ўзнагарод — прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва — Аляксандр Лукашэнка ўручыў мастацкаму кіраўніку Тэатра-студыі кінаакцёра Аляксандру Яфрэмаву, вядомаму рэжысёру-дакументалісту Анатолю Алаю і творчаму калектыву ў складзе рэжысёраў Ірыны Марголінай, Аксаны Чаркасавай, Алены Пяткевіч і Ірыны Кадзюковай. Што тычыцца Аляксандра Яфрэмава, то ён быў намінаваны на прэмію Саюзнай дзяржавы не толькі за цыкл тэатральных пастановак рускай класікі ў Тэатры-студыі кінаакцёра, але і за фільмы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Як сам рэжысёр прызнаўся, яго бацька абараняў Беларусь, быў тут паранены… І гэта паўплывала на яго зварот да тэмы вайны, якая не павінна сысці ў небыццё.

Грандыёзны канцэрт цырымоніі адкрыцця падоўжыўся да позняй ночы. На сцэну выходзілі выключна любімыя і народныя артысты. І прызнаныя зоркі прыязджалі падтрымаць узыходзячых. Са сцэны зіхацела ўсмешка старшыні журы дзіцячага конкурсу Аляксандра Саладухі. Гучаў саксафон Ігара Бутмана. Не адмовіўся ад магчымасці сказаць пару цёплых слоў публіцы Анатоль Ярмоленка. Зала хорам падпявала Аляксандру Буйнову, Іне Афанасьевай, Алене Ваензе і, вядома, Філіпу Кіркораву. Публіку і сцэну Летняга амфітэатра артыст ведае. Не раз збіраў ён тут аншлагі на сваіх сольніках, выходзіў і ў якасці члена журы. А з гэтага года ў «караля расійскай эстрады» ёсць падстава наведваць Віцебск часцей. Перад канцэртам цырымоніі адкрыцця на фестывальнай Плошчы Зорак прарос імянны «васілёк» Філіпа Кіркорава. Дарэчы, экс-жонка Кіркорава Ала Пугачова апярэдзіла артыста больш чым на дзясятак гадоў: яе кветка з’явілася на плошчы яшчэ ў 2009‑м. На цырымоніі адкрыцця ўласнай зоркі Філіп нават пажартаваў:

— Нарэшце мы з Алай Барысаўнай зноў разам! А калі сур’ёзна, то гэта вельмі прыемна — тое, што я зноў тут, у любімым Віцебску.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін накіраваў прывітанне гасцям і ўдзельнікам фестывалю, у якім гаварылася:

— Фестываль ужо шмат гадоў служыць высакародным мэтам духоўнага яднання і ўзаемаабагачэння культур брацкіх славянскіх народаў, адыгрывае значную ролю ў развіцці шматпалярнага, шматбаковага гуманітарнага супрацоўніцтва.

Хто ж і што гучала ў Віцебску?

Меладычная балканская этніка, пявучая ўкраінская «мова», бразільскія барабаны і любімыя расійскія хіты — Віцебск даўно звязвае не толькі суседнія краіны, але нават кантыненты. Бо музыка, упэўнены дырэктар фестывалю Глеб Лапіцкі, гэта яшчэ і лепшая мова народнай дыпламатыі:

— Мне здаецца, мы вяртаем фестывалю правільную традыцыю: праводзіць Дні славянскіх культур. Вядома, гэта можна рабіць у розных фарматах, але мы павінны заяўляць пра трыадзінства Беларусі, Расіі і Украіны. Калі гэтым не зоймуцца людзі мастацтва, ніякія палітыкі не справяцца. Калі стала ясна, што праграму фестывалю трэба перагледзець, у нас з’явілася жаданне зрабіць паўнавартасны канцэрт украінскіх выканаўцаў. Па-першае, гэтага хацела публіка. Па-другое, аказалася, што ўкраінскія артысты з вялікім задавальненнем адгукнуліся на нашу прапанову. І ўсё склалася. На «Славянскім базары» сёлета бліскуча прайшоў не толькі канцэрт Саюзнай дзяржавы, але і грандыёзныя канцэрты беларускіх і ўкраінскіх артыстаў.

Віцебскія гледачы — і гэта было відаць! — сапраўды вельмі засумавалі па любімых артыстах: канцэрт «З Украïною ў серці!» прадказальна сабраў аншлаг. Прывітанне гасцям і ўдзельнікам «Славянскага базару ў Віцебску» накіраваў і Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. «Гасцінная беларуская зямля сустракае ўкраінскіх майстроў і іх прыхільнікаў, якія разам ствараюць свята добрага настрою, сапраўднага сяброўства і вечных каштоўнасцяў. У мастацтве няма межаў. Яго мэта — натхняць і напаўняць шчасцем» — гаварылася ў пасланні.

Першую прэмію конкурсу маладых выканаўцаў атрымала ўкраінка Эліна Івашчанка. Лаўрэатам другой прэміі стала Караліна Лындо з Літвы, а трэцюю прэмію падзялілі прадстаўніца Босніі і Герцагавіны Івона Адзіцкі і Хансултан з Казахстана.

Для ўкраінскай эстраднай дзівы Таісіі Павалій падмосткі Летняга амфітэатра яшчэ шмат гадоў таму сталі шчаслівымі. Спявачка ўвайшла ў гісторыю фестывалю не толькі як першая ўладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў, але і як леташняя гаспадыня імяннога «васілька» на Плошчы Зорак. Народная артыстка Украіны нават пажартавала:

— Як бачыце, я маладзею, а фестываль мацнее. Шчаслівая зноў быць у любімай Беларусі. Называю яе не толькі любімай, але і роднай, таму што менавіта «Славянскі базар» даў старт маёй кар’еры, усяго за дзень я стала знакамітай. Таму Беларусь — мая творчая радзіма, не стамляюся дзякаваць ёй за гэта. Маё сэрца назаўжды застанецца тут.

Нямала цёплых слоў у адрас нашай краіны і яе жыхароў знайшлося і ў народнай артысткі Украіны Ціны Караль:

— Беларусы і ўкраінцы — мы з вамі родныя душы. Асабліва гэта адчуваецца цяпер, у гэты няпросты час, калі лёс падарыў нам шанец быць побач, быць разам. Дзякуй «Славянскаму базару» за тое, што аб’ядноўвае славян. Прыемна, што беларусы, нягледзячы на пандэмію, збераглі шматгадовую традыцыю фестывалю і не паставілі яго на паўзу. «Славянскі базар» — гэта сапраўднае свята душы. Тут жывуць пяшчота, утульнасць, ветлівасць — усё як у мамы дома.

Зорныя беларуска-ўкраінскія дуэты луналі як чарговы доказ таго, што Віцебск нездарма называюць сталіцай славянскай дыпламатыі. Сюрпрызам для многіх гледачоў стала сумесная праца Ціны Караль і Іны Афанасьевай. Для ўкраінкі кампазіцыя «Родны беражок» і зусім ператварылася ў свайго роду творчы эксперымент. На беларускай мове артыстка яшчэ не спявала. Яшчэ два нечаканыя нумары: дуэт нашай Алены Ланской і народнага артыста Украіны Паўла Зіброва (яны выканалі даволі вядомую «Червону руту»). Парадавалі таксама публіку Анатоль Ярмоленка і мужчынскі вакальны квартэт «Гетьман», якія на пяць галасоў праспявалі кампазіцыю з рэпертуару ансамбля «Сябры» — «Перажывём».

З года ў год у Беларусь прыязджаюць сотні артыстаў з розных краін, каб на некалькі дзён ператварыць горад на Дзвіне ў музычную сталіцу ўсяго славянскага свету, сустрэцца з гледачамі і, вядома, палюбавацца вячэрнім Віцебскам.

Пра такія важныя рэчы, як любоў братоў-славян і адмысловы фестывальны дух, гаварыла яшчэ адна доўгачаканая госця і даўні сябар фестывалю Алена Ваенга:

— «Славянскі базар» — гэта брыльянт сярод фестываляў. Не ведаю, як вам гэта ўдаецца, але тут заўсёды душэўна і самыя добрыя гледачы — гэта факт.

Гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск‑2020» другі год запар дастаецца прадстаўніцы нашай краіны: 14‑гадовая Ангеліна Ламака прынесла Беларусі пятую перамогу.

З дыпломам уладальніка Гран-пры віцебскага фестывалю вярнуўся ў Мінск і Раман Валазнёў. У грандыёзным канцэрце закрыцця фестывалю свае музычныя гісторыі распавялі 14 маладых выканаўцаў. Але наш Раман, як аказалася, самы лепшы «апавядальнік». З фестывальнага Віцебска Валазнёў павёз запаветную «Ліру» і грашовую прэмію ў памеры 20 000 долараў. Вось што пераможца сказаў:

— Пакуль не магу ўсё гэта ўсвядоміць. Віцебск, проста дзякуй! Вядома, я чакаў ад конкурсу толькі перамогі, і калі яна здарылася, усё роўна не змог паверыць.

Яскравым завяршэннем фестывалю стаў маляўнічы салют. У начным небе Віцебска зіхацелі тысячы агнёў. А ў наступным годзе «Славянскі базар» адзначыць 30‑гадовы юбілей.

Міхаліна Чаркашына.

З выкарыстаннем матэрыялаў БелТА, «СБ. Беларусь сегодня»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».