Вы тут

Фота на памяць


Навошта людзі трацяць грошы  на асабістыя фотасесіі і праводзяць шмат гадзін перад камерай? Нават самы ідэальны здымак немагчыма бясконца разглядваць: аднойчы ён усё роўна пойдзе ў альбом ды на полку ці папку ў камп’ютары. Пра ілюзіі ды прагу самападману разважаем з уладальнікам вядомай мінскай фотастудыі Дзянісам Нікіцікам.


Фота vk.com

Наогул, пазнаёмілася з ім многа гадоў таму: разам здымаліся ў нядзельным выпуску забаўляльнай праграмы на адным з беларускіх тэлеканалаў. Ён, дасведчаны акцёр, — у галоўнай ролі, я, студэнтка-тэатраведка, — у эпізадычнай. У кадры разам былі ад сілы мінут 5, але «спеліся» ўмомант. Гумар, харызма, маладосць і бяздонныя сінія вочы Дзяніса, мушу заўважыць, не аднойчы ўплывалі на поспех у ягонай акцёрскай справе. Колькі яго ведаю, увесь час недзе здымаецца. То ў расійскім серыяле побач з зоркамі кінематографа, то ў рэкламе, то ў нейкім сацыяльным праекце. А цяпер у Дзяніса — новы «забег»: удзельнічае ў стварэнні нацыянальнага серыяла, вясковай камедыі «Свае», дзе выконвае галоўную ролю маладога кампазітара. Знялі толькі другую серыю, і пра што фільм — пакуль сакрэт.

А яшчэ ў Дзяніса Нікіціка, за плячыма якога 10 гадоў працы ў тэатры ды 17 у кіно, ёсць хобі амаль з юнацтва: інкрустуе халодную зброю каштоўнымі камянямі ды металамі. Дарэчы, і саму зброю можа зрабіць з нуля. Некаторы час працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі, у аддзеле рэстаўрацыі мэблі і рам. А цяпер Дзяніс — уладар лепшай, паводле інтэрнэт-рэйтынгу, светлавой фотастудыі ў Мінску. Здымацца да яго прыходзяць беларускія медыйныя зоркі, вядомыя артысты, бізнесмены, спартсмены, мадэлі… Прыйшла неяк і я, каб на свае вочы пабачыць, як там і што робіцца, ды адчуць атмасферу казачнасці, няхай і створанай пры дапамозе ўдалага антуражу.

Wow-эфект

Першае, што ўбачыла… Ці, лепей сказаць, адчула: беласнежнасць і чысціня, утульнасць, лаканізм, гармонія… Нібы патрапіла ў рай. Ох, хачу так жыць! Дзяніс перапыняе палёт фантазіі даволі канкрэтным пытаннем: «Які ў цябе памер абутку?» Нельга выпацкаць падлогу, бо на здымках будуць відаць усе брудныя плямы. Раптам мае прыгожыя туфлікі застаюцца ля ўвахода, а я ў лёгкай спадніцы з бязважкага фаціна ў тон рэквізіту ды шырокіх чырвоных пантофлях шпацырую па 100 квадратных метрах чысцюткай «гасцёўні». Тут спальня, далей кухня, ля самага акна — прыгожае люстэрка, у якое, безумоўна, паглядзелася. Не хапае толькі вясельнай сукенкі… Зразумела, чаму жаніхі ды нявесты прыязджаюць сюды фатаграфавацца для шлюбных альбомаў амаль кожны тыдзень. А яшчэ частыя госці — цяжарныя: хочуць зберагчы назаўжды непаўторныя моманты жыцця. Увогуле кірунак фотастудыі, якая мае тры залы: белы, у стылі лофт і «фэмілі» — сямейны. Прыязджаюць сюды нават з бабулямі і дзядулямі, каб «візуалізаваць» сваё генеалагічнае дрэва.

Цікава, былі выпадкі, калі кліенты парушалі атмасферу хатняга раю, сапсавалі рэчы? Бо, вядома ж, уся бутафорыя каштуе не маленькія грошы. Але дрэнных выпадкаў Дзяніс не помніць. Бывае, кажа, котка-мадэль бегае туды-сюды, і патрэбен час, каб дастаць яе, напрыклад, з‑пад канапы. Ці муж-перуанец не разумее, што ад яго хоча каманда фатографаў на чале з беларускай жонкай. Ну, няма такой з’явы ў Перу — рабіць для сябе прафесійную фотасесію! Аднойчы, згадвае Дзяніс, прыйшлі мамачкі с «гадавасікамі»: дарослых 20 чалавек, а дзетак 25. «Яшчэ той кіш-міш быў!» — успамінае з усмешкай. Адна з мамачак захацела немаўля пакарміць малаком і без лішніх сантыментаў агаліла грудзі. «Мадонна Літта!» — захапіўся Дзяніс нібы ажыўшай карцінай Леанарда да Вінчы і прапанаваў жанчыне зрабіць некалькі здымкаў, пакуль яна корміць. «Ну як такое пакінуць у забыцці? Маці — гэта ж святое!» — абгрунтоўвае свой учынак Дзяніс.

Пафатаграфавацца ў студыі — забава нятанная. Гадзіна арэнды каштуе 40–45 рублёў у залежнасці ад залы. У навагодную пару цана можа павялічыцца і да 50 рублёў. Тым не менш работы ва ўладара штучнага раю хапае кожны дзень: арандуюць залы на дзве гадзіны, на пяць, на шэсць. Як для фотасесій, так і для відэаздымак. Умоўна ёсць сезон (з кастрычніка па люты) і не сезон — уводзіць Дзяніс мяне ў курс справы. У перыяд сезона можна вельмі добра зарабіць. Але калі колькасць ахвочых падае, расслабляцца не прыходзіцца: абслугоўваць студыю (аплата арэнды, камунальных паслуг і гэтак далей) трэба ж няспынна. Немалыя выдаткі.

Нашу размову перапыняюць супрацоўнікі ЮНІСЭФ, якія ўвесь той час запісвалі відэа ў суседняй лофт-зале. Ім трэба вырашыць з Дзянісам некалькі пытанняў наконт асвятлення для наступнага роліка. І параіцца, які кубак лепш глядзіцца на фоне стала: шкляны ці белы. Сур’ёзныя твары людзей, якія дакладна абгрунтоўвалі свае пытанні, навялі мяне на роздум: а чаму ўвогуле мы хочам фатаграфавацца? Бо на самой справе гэта ж усё — ілюзія…

— Дакладна, ілюзія, — падхоплівае мае развагі Дзяніс. — Між тым, чалавеку хочацца захаваць нейкі адрэзак свайго жыцця, дзе ён па-сапраўднаму шчаслівы. І не проста «пстрыкнуць» на мабільны тэлефон, а каб святло правільна падала, адзенне адпаведнае было, абстаноўка… Каб усё прыгожа. Так, фота па сутнасці — падман. Унукі скажуць: бутафорыя, не сапраўднае! А якая розніца? Што кепскага, калі чалавек хоча пажыць у ілюзіі? Людзі ўваходзяць сюды і першае, што кажуць: «Я хачу тут жыць! Я хачу некаторы час пабыць у атмасферы, дзе ўсё ідэальна! Дзе можна ўпасці ў крэсла-гушкалку і ад усяго адключыцца». Я, напрыклад, не магу і дзве хвіліны ў ёй пратрымацца — засынаю: свежае паветра адчуваецца, фіранкі медытатыўна лунаюць, вентылятар манатонна шуміць… Супакаенне… Чаму не?

Так-та яно так, працягваю разважанні, але ж, вядома, любая мода хуткацечная. І трэнд на марнаванне грошай дзеля таго, каб нехта зрабіў сабе пару выдатных фотаздымкаў, верагодна, зменіцца іншым. Як казаў мудры Саламон: усё прайшло, пройдзе і гэта. Дзяніс не згодны. «Лічу, што гэты трэнд, як ты кажаш, — надоўга. Чаму? Мы заўсёды хочам у штосьці верыць. Як там у сярэдневяковым хрысціянстве было: хочаш мець царства нябеснае — купі. І на самой справе: ты нічога не прадаеш акрамя ілюзіі. Чалавек заўсёды імкнецца паглыбіцца ў выдуманы свет, дзе яму камфортна. Ты хочаш сказаць, гэта скончыцца? Наўрад ці».

У стылі сэлфі

Я рэдка фатаграфую сама сябе. Часцей — нешта ці некага. Неяк няёмка малпаваць перад чорным прамавугольнікам свайго смартфона. Асабліва, калі гэта бачаць іншыя. Але неаднойчы чула прапановы псіхолагаў пра тое, што выдатна зробленыя фатаграфіі з сабой на першым плане падвышаюць самаацэнку. І нават ёсць такая тэрапія, калі знаходзіш прафесійнага фатографа, шукаеш адпаведнага стылю лакацыю і манернічаеш перад камерай гадзіну, дзве… Потым развешваеш лепшыя здымкі ўсюды, куды падае зрок, і глядзіш на іх, глядзіш… З разуменнем, якая ты ўсё ж прыгожая. Мабыць, з гэтай мэтай у маёй знаёмай стала з’яўляцца ў сацсетках усё больш апрацаваных фаташопам здымкаў. Можа хоча сказаць усім, а перш сабе: я яшчэ маладая! Яшчэ ого-го! А самой пайшоў пяты дзясятак. Ёсць і такі прыклад: у знаёмай дзяўчыны — сотня аднатыпных фота, на ўсіх — адзін твар, яе. Тут ледзь управа галаву павярнула, на другім — ледзь улева схіліла. У цэлым — тая самая дзяўчына. Я спытала: навошта табе столькі здымкаў самой сябе? Вось што яна адказала:

— Па-першае, у жыцці я не гляджуся ў люстэрка кожную хвіліну і не бачу, як выглядаю ў той ці іншы момант. А на фота і відэа магу прааналізаваць сябе і знайсці недахопы, каб іх выправіць. Па-другое, увесь час шукаю сябе, новыя вобразы. Люблю быць рознай. І хачу ўмець хутка выдаваць неабходную эмоцыю, як гэта робяць прафесійныя мадэлі. А яшчэ, калі ходзіш на фотасесіі, знаёмішся з новымі людзьмі, пашыраеш кола знаёмстваў. Мне гэта цікава.

Ну што ж, калі нешта робіць цябе шчаслівым — чаму б і не займацца гэтым увесь вольны час? Галоўнае, каб у пагоні за якасным знешнім «антуражам» не згубіць нешта сапраўды важнае. Тое, што ўнутры… Бо і самы вялізны рознакаляровы пухір, вядома ж, калі-небудзь лопаецца.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?