29 кастрычніка, чацвер

Вы тут

Мікі Маўс кажа: «Прывітанне», ці папулярызацыя мовы па-сямейнаму


Наталля і Павел БЫЧКОВЫ — пара з Мінска, якая займаецца агучваннем і перакладам розных фільмаў і мультфільмаў на беларускую мову. З нядаўніх часоў яны робяць гэта ў рамках праекта і ўжо нават сапраўднага бізнесу «Гаварун — мультфільмы па-беларуску». Аб тым, як з'явілася ідэя, якія этапы прайшлі маладыя людзі, каб дабіцца падтрымкі аўдыторыі, і ўвогуле, ці запатрабаваны беларускамоўны кантэнт на сёння, даведаліся ў суразмоўнікаў.


Павел апошнія дзесяць гадоў працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце транспарту, Наталля скончыла Акадэмію мастацтваў па кірунку «Рэжысура і акцёрскае майстэрства». Чатыры гады таму сужэнцы даведаліся, што ў іх народзіцца сын. У той час і з'явілася ідэя стварыць нешта сваё.

— Яшчэ калі знаходзілася ў дэкрэце, хацела ў чымсьці самарэалізавацца, — падзялілася Наталля. — Сумавала па хоць якой-небудзь справе. Мы заўсёды вельмі добра ставіліся да роднай мовы, да таго ж у нейкі момант вырашылі выхоўваць на ёй сына. А што любяць дзеці? Мульцікі. Таму абралі менавіта гэты кірунак. На жаль, у беларускамоўных сем'ях у малых амаль няма магчымасці глядзець папулярныя мультфільмы на роднай мове — іх вельмі мала. Таму вырашылі зрабіць усё самастойна. Для нас тады гэта быў эксперымент, паралельна шукалі «асноўную» работу. Аднак дамовіліся з Пашам, што ўсё роўна адразу будзем ствараць прафесійны кантэнт.

— У пачатку свайго творчага шляху мы акцэнтавалі ўвагу на фільмах. Цікавіліся разнастайнымі жанрамі: трылерамі, драмамі, фантастыкай, — дадаў Павел. — З іх адбіралі самыя папулярныя і запатрабаваныя навінкі. Першая кінастужка, якую мы агучылі, была «Бегчы па лязе» Рыдлі Скота з Гарысанам Фордам у галоўнай ролі. Тады яшчэ не ведалі многіх нюансаў, аднак гледачы ацанілі нашу работу высока, было шмат добрых каментарыяў. Пасля пачалі шукаць карысныя вузкаспецыялізаваныя кнігі, каб удасканаліць свае навыкі, напрыклад захапіліся работай аднаго з педагогаў па сцэнічнай мове Андрэя Каляды, а менавіта яго кніжкай і аўдыядыскамі з узорамі вымаўлення. Дзякуючы ім і навучаліся беларускаму літаратурнаму вымаўленню. Памятаю, як пагрузіўся ў гэта з галавою, днямі напралёт нешта вывучаў. Стала зразумела, што нам трэба працаваць па многіх аспектах: як над вымаўленнем, акцёрскім майстэрствам, так і над паляпшэннем тэхнічных складнікаў.

Работа над агучкай у суразмоўнікаў пачыналася ў самаробнай студыі: з добрым USB-мікрафонам, прафесійным софтам і старэнькім ноўтбукам.

— У нас была маленькая камода, дзе мы паставілі сцяну з кніжак і гукаізаляцыйную шырму. Паша зрабіў драўляныя каркасы, паміж імі паклалі чатыры стойкі. На «кракадзільчыках» замацавалі коўдру і яшчэ адну паклалі наверх. Было нязручна, бо заставалася мала месца, аднак іншага выбару не было. Зараз наша гукавая кабінка нашмат лепшая, чым раней. Тут ёсць усё неабходнае для таго, каб мы не перашкаджалі суседзям, і яны нам таксама, — гукаізаляцыя як мае быць. Збіраў муж гэту студыю самастойна пры дапамозе розных відэа ў інтэрнэце, — кажа Наталля.

— Як і калі ў вас з'явілася каманда? Чаму абралі менавіта гэтых маладых людзей?

— Мы з Наталляй адказваем за агучку і мантаж. У пэўны момант зразумелі, што без спецыяліста-перакладчыка і рэдактара не абысціся, — расказвае Павел. — Выпадкова пазнаёміліся з перакладчыкам-аматарам Цімафеем Каліноўскім. Разам з ім працавалі над фільмамі «Дзікія гісторыі» Даміяна Сіфрона, класікай з Мэрылін Манро «Хтосьці любіць больш гарачае» рэжысёра Білі Уайлдэра, папулярным аўтарскім «Лобстэрам» Ёргаса Ланцімаса, «Інтэрстэларам» Крыстафера Нолана і іншымі. Потым пасябравалі з выдатным мовазнаўцам Львом Глушыцкім (дарэчы, колішнім стыльрэдактарм «Звязды». — Аўт.). Дэлегавалі яму рэдактарскую і перакладчыцкую дзейнасць. Яшчэ пазней у камандзе з'явілася перакладчыца з прыгожым аўтарскім стылем Ксенія Капіца. Цімафей па пэўных абставінах сышоў, і атрымалася каманда з чатырох чалавек. Нам падабаецца, што мы аднадумцы, апантаныя беларускай мовай, кінематографам. Іншымі словамі, можна сказаць, — каманда мары.

— Нашы перакладчыкі знаходзяць трапныя беларускія адпаведнікі словам з арыгінальнай мовы, каб фразы на роднай не расцягваліся ўтрая даўжэй. Бо англійская, напрыклад, даволі сціслая, а ў беларускай могуць быць складаныя адпаведныя канструкцыі, — дадае Наталля. — Разам з камандай робім гатовы прадукт прыкладна за тыдзень. Бывае, што агучваць фільм ці мультфільм не вельмі складана, аднак з пункту гледжання тэхнічнай часткі — наадварот. Паша цэлымі днямі сядзіць у студыі, я менш — трэба ўдзяляць час сыну. Зараз працуем над чатырма рознымі мультсерыяламі паралельна. Часта занятыя па выхадных.

— Раскажыце пра этапы лакалізацыі фільма ці мультфільма.

— Самы першы — знайсці належны матэрыял, які не будзе парушаць аўтарскіх правоў, іншымі словамі, можна яго легальна агучваць, — расказваюць героі. — Потым Ксенія і Леў дасылаюць нам пераклад з арыгінальнай мовы (англійскай або нямецкай), мы, у сваю чаргу, закідваем файл у патрэбную праграму і запісваем галасы. Пасля адпраўляем гэты чарнавік на рэдактарскі і аўтарскі кантроль, каб зразумець: ці, можа, трэба выкарыстаць іншае слова па сэнсе або выправіць націск. Леў і Ксенія дасылаюць нам заўвагі, мы выпраўляем памылкі. Апошні этап — дадаём гукавыя эфекты, зводзім дарожкі і загружаем гатовы прадукт на YouТube ці перадаем на платформу, дзе можна легальна яго размясціць.

Суразмоўнікі адзначылі, што настрой, з якім сядаюць за работу, вельмі ўплывае на яе эфектыўнасць і канчатковы вынік.

— Бывае, што з-за кепскага самаадчування не хочацца нічога рабіць, працэс ідзе значна марудней, аднак работа ёсць работа. З іншага боку, ёсць мультфільмы накшталт «Петсана і Фіндуса», яны быццам цябе «лечаць» ад хандры, зараджаюць пазітыўнымі эмоцыямі, — кажа Наталля.

— Як вы рыхтуецеся перад запісам?

— Робім невялікую размінку, прагаворваем скорагаворкі. Таксама важная трэніроўка на дыханне, так развіваем дыяфрагму. Цяпер на гэта сыходзіць хвілін 10—15. Але спачатку, калі толькі ставілі вымаўленне, маглі гадзіну прасядзець за такімі практыкаваннямі. Дарэчы, падчас агучвання мульціка «Мікі Маўс» Паўлу трэба рабіць вельмі высокі тонкі голас, ён хутка садзіцца, і патрабуецца дзень, каб яго аднавіць. Або, напрыклад, калі шмат спяваць ці крычаць (што адбываецца часта), потым хочацца дзень памаўчаць. Ёсць і такі момант: калі не запісваеш нешта некалькі дзён запар, цяжка потым уключыцца ў работу, таму стараемся не рабіць вялікіх перапынкаў, — расказваюць суразмоўнікі.

— Ці хутка вы пачалі зарабляць на сваім праекце?

— Нам спатрэбілася тры гады, — падзяліўся Павел. — Цяпер мы ўжо юрыдычна аформленае ІП. Вялікіх грошай не атрымліваем, аднак стабільнасць у чымсьці ўсё ж такі з'явілася. Раней збіралі іх праз краўндфандынг, зразумела, хацелася большага, але быў шэраг праблем. У краіне амаль няма ініцыятыў, падобных на нашу, бо не існуе пляцоўкі, дзе можна было б змяшчаць такія работы. Адпаведна, мала лакалізаванага па-беларуску матэрыялу, асабліва актуальнага, і не пашыраецца кола зацікаўленай у беларускамоўным кантэнце аўдыторыі. Да таго ж, ёсць праблемы з манетызацыяй, — амаль немагчыма атрымаць грошы за сваю творчасць. Выходзіць замкнёнае кола. А многім зараз хочацца глядзець усё анлайн, у адзін клік. У свой час для медыясэрвіса Megоgo мы агучылі шэсць фільмаў, але гэта была валанцёрская работа, за яе не атрымлівалі ніякіх ганарараў. Было супрацоўніцтва з Voka, але, на жаль, нядоўгае. Таму вырашылі не траціць час, абралі самую буйную медыясетку ў свеце — Youtube, дзе кожны можа глядзець што хоча бясплатна.

— Хто ваш галоўны крытык?

— Наш сын, ён першы глядач. Ужо пасля чакаем рэакцыі ад іншых. Да крытычных каментарыяў ставімся спакойна, ва ўсіх розны густ. Дарэчы, Мацей дапамагаў запісаць застаўку на наш канал і канцоўкі ў мульціках. Там, дзе трэба было шчыра смяяцца, мы яго казыталі. Ён увогуле даволі артыстычны хлопчык, добра спявае, — з цеплынёй кажа Наталля.

— Зараз вы пераважна працуеце над мультфільмамі. Робіце акцэнт на карысныя або больш арыентуецеся на папулярныя?

— Дзеці любяць усё яскравае, яркае. Ідэя праекта «Гаварун — мультфільмы па-беларуску», які мы запусцілі сёлета, у тым, каб штомесяц адначасова выпускаць некалькі серыялаў для рознай узроставай аўдыторыі, на розны густ, расказваць і паказваць цікавы кантэнт. Каб ён не толькі папулярызаваў беларускую мову, але навучыў базавым агульначалавечым каштоўнасцям: адказнасці, справядлівасці, дабрыні, сапраўднаму сяброўству, пазнаёміў з навакольным светам. Мы выбіраем мультфільмы і па папулярнасці, і па тым, наколькі яны будуць карысныя для дзяцей. Гэта вельмі важна. Ёсць выдатны мульцік «Рабакар Полі», там апісваецца шмат сітуацый з жыцця, напрыклад, расказваецца ў забаўляльнай форме аб правілах паводзін на дарозе, такая інфармацыя будзе цікавая і бацькам, — падзяліліся суразмоўнікі.

— Які на сёння самы папулярны па прагляду мультфільм з вашай агучкай?

— Як ні дзіўна, «Мікі Маўс». Таксама многім падабаецца «Хамф» — для дзетак да трох гадоў, «Петсан і Фіндус», за два месяцы ён сабраў ужо дзве тысячы праглядаў. Мы тры месяцы вялі перагаворы, каб атрымаць дазвол на работу з ім, — расказвае Павел. — Дарэчы, здавалася б, мы адкрылі краўд-кампанію ў самы нязручны час, калі пачалася эпідэмія каранавіруса. Між тым знайшлі 150 чалавек, якія нас падтрымліваюць пастаянна. Паступова колькасць аўдыторыі расце. Пакуль што галоўная праблема ў тым, што мы — лакальны праект, не агульнавядомы. Рэкламу ў свае фільмы не ўстаўляем, а на дзіцячым канале на YouТube яна ўвогуле блакіруецца. Таму пакуль асноўны варыянт — дзяліцца ўражаннямі аб нашым прадукце праз сацсеткі, — кажа Павел.

— Што параіце тым, хто хоча заняцца тым жа, што і вы?

— У такой справе важна не толькі знайсці аўдыторыю, але яшчэ і захаваць яе надоўга. Таксама трэба не збаўляць абароты і рэгулярна выпускаць новыя серыі мультсерыялаў, аптымальная колькасць — некалькі разоў на тыдзень. Тады падпісчыкі прыходзяць хутчэй. Прыемна, калі нехта ў каментарыях раіць паглядзець наш канал, некаму рэкамендуе. Разумеем, што трэба выходзіць на іншы ўзровень, напрыклад, заахвочваць рускамоўную аўдыторыю, з іншых краін, — расказвае Наталля.

— На сваім прыкладзе мы паказваем, што лакалізацыя фільмаў ці мультфільмаў не каштуе вялікіх грошай. Каб займацца іх агучваннем, па-першае, павінна быць вялікае жаданне. Можна навучыцца і авалодаць і тэхнічнай часткай, і вымаўленне сабе паставіць добрае, трэба толькі захацець. Калі ёсць талент — выдатна, але гэтага мала. Варта разумець, што нічога не атрымаецца хутка, не будзе лёгка, сыдуць месяцы і нават гады, каб дабіцца пэўнага ўзроўню. Не будзе «бац», — і ты прачнуўся з дзясяткамі тысяч падпісчыкаў. Гэта паўсядзённая руцінная работа, дзе шмат неканструктыўнай крытыкі, няўдзячнасці. Да таго ж важна, якога ўзроўню вы хочаце дасягнуць. Калі халтурненькага, дык гэта адно, калі лепшага, іншае, — упэўнены Павел.

— Якія творчыя планы на найбліжэйшую будучыню?

— Хочам пашыраць і развіваць тое, што ўжо ёсць, у перспектыве марым пра вялікую студыю, якая робіць беларускамоўны закадр і дубляж для самых розных крыніц: кінатэатраў, анлайн-сэрвісаў, тэлебачання. Дзе можна было б працаваць і праводзіць заняткі для маленькіх навучэнцаў, — кажуць суразмоўнікі.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Беларускі акадэмік працаваў грузчыкам у порце і падарыў Мінску трамвай.

Грамадства

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Бяздзетныя па ўласным жаданні. ​Ці ва ўсім яны не маюць рацыі?

Даслоўна англійскае слова «чайлдфры» перакладаецца як «свабодныя ад дзяцей». 

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.

Грамадства

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Спрабуем «выглядаць на мiльён» танна

Парады ад Аляксандры Анцэлевіч.