Вы тут

Міхась Карпечанка: У душы я — краязнавец


Рэдактар бялыніцкай раённай газеты «Зара над Друццю» падрыхтаваў да Дня беларускага пісьменства некалькі літаратурных навінак.

Калі падымалася на другі паверх у рэдакцыю бялыніцкай раёнкі, звярнула ўвагу на незвычайную лесвіцу. На кожнай прыступцы пазначаны імёны журналістаў, якія працавалі ў выданні і ўжо пайшлі з жыцця. Такім чынам Міхась Карпечанка вырашыў захаваць памяць пра сваіх папярэднікаў. Дзякуючы яго ініцыятыве ў горадзе з'явілася мемарыяльная дошка мясцоваму паэту Віктару Хаўратовічу. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства ў розных сталічных выдавецтвах выйшла ажно тры кнігі гэтага аўтара, дзе ён праславіў вядомых ураджэнцаў Бялыніччыны, прасачыў развіццё рэлігійнага руху і склаў зборнік мясцовых аўтараў. Кнігі будуць прэзентаваныя падчас вялікага літаратурнага свята, якое адбудзецца ў Бялынічах 6 верасня. Сёння Міхась Аляксеевіч толькі крыху прыадкрывае іх змест і шляхі стварэння.


— «Імёны ў кантэксце эпох», якая выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», гэта ўжо другое перавыданне маёй кнігі пра славутых землякоў, зараз яна дапоўнена новымі звесткамі і здымкамі. Дагэтуль мы ведалі толькі трох Герояў Сацыялістычнай Працы — Віктара Якубава, Веру Буякову і Васіля Старавойтава. Я знайшоў інфармацыю яшчэ пра трох — Віктара Уса, Ганну Цэдрык і Станіслава Янчэўскага. Тая ж Ганна Цэдрык працавала свінаркай, у 1964 годзе атрымала званне Героя Сацыялістычнай працы за рэкордную колькасць парасят. Да яе нават Машэраў прыязджаў. У гонар працавітай жанчыны ў аграгарадку Натальеўск Чэрвеньскага раёна ёсць вуліца, якая носіць яе імя. Яна пахаваная ў Чэрвеньскім раёне, я нават наведаў яе магілу. Станіслаў Янчэўскі нарадзіўся ў Бялынічах, потым з бацькамі пераехаў у Магілёў. У маладосці будаваў чыгунку ў Казахстане. Аднойчы прыехаў у Магілёў на адпачынак, даведаўся, што ў Салігорску будуюць калійны камбінат, і накіраваўся туды. За сваю плённую працу быў узнагароджаны высокай дзяржаўнай узнагародай. Знойдзена інфармацыя пра Віктара Уса. Яго сын, дарэчы, сёння губернатар Краснаярскага краю. Я яму перадаў сваю кнігу.

Нічога не ведалі мы і пра поўнага кавалера ордэна Славы — Аляксандра Кагуценку, які жыў у горадзе Каралёве Маскоўскай вобласці. Яму быў ужо 91 год, калі мы з ім пазнаёміліся. На жаль, сёлета ў лютым ён памёр, так і не паспеўшы здзейсніць сваю мару — яшчэ раз наведаць Бялынічы. У кнізе шмат новых імёнаў вучоных, дактароў навук, людзей, якія дасягнулі вышынь у розных сферах дзейнасці. Казімір Чарноўскі — вынаходнік падводнай лодкі. А Герасім Якушка быў даваенным архітэктарам Мінска. Яго бацька, каб сын паступіў у піцерскі інстытут, прадаў каня. Памёр Якушка ў 1942-м ад тыфу, так і не ажыццявіўшы сваю мару перарабіць прывакзальную плошчу.

— Наколькі цяжка знаходзіць новыя імёны? Наогул, што становіцца стымулам для гэтых пошукаў?

— У душы я краязнавец, мне цікава гэтым займацца. Пачуў дзесьці прозвішча, пачаў цікавіцца, у выніку атрымаў унікальную інфармацыю. Пра тую ж Ганну Цэдрык ніхто не ведаў, што яна родам з Бялыніцкага раёна. Шмат ураджэнцаў Бялыніччыны былі генераламі. Напрыклад, генерал Мікалай Шаранкоў служыў намеснікам начальніка маскоўскай міліцыі. Генерал-маёр Іван Цімаховіч быў лётчыкам, пасля вайны выкладаў у Генштабе. А Іларыёна Фамічэнку я называю генералам ад журналістыкі. У 1938 годзе ён быў рэдактарам ленінградскай акруговай газеты, урыўкі паэмы Аляксандра Твардоўскага «Васіль Цёркін» выйшлі ўпершыню менавіта там. У 1942 годзе Фамічэнка быў прызначаны начальнікам палітупраўлення Ленінградскага фронту, а ў 1945-м у Маскве ўзначаліў газету «Красная звезда». Наогул у Бялыніцкім раёне нарадзіліся два будучыя рэдактары «Красной звезды» — Міхаіл Ланда і Іларыён Фамічэнка. Зямляк Іларыёна Якаўлевіча — Сава Фамічэнка — таксама генерал, камандзір 266-й стралковай Арцёмаўска-Берлінскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава ІІ ступені стралковай дывізіі. Яшчэ адзін генерал-маёр, лаўрэат Ленінскай прэміі, прафесар, доктар тэхнічных навук Артур Усянкоў быў акадэмікам Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Цыялкоўскага, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці на ўзбраенне стратэгічных ракетных комплексаў. Усіх генералаў пералічваць не буду, пра іх можна пачытаць у кнізе. Яшчэ дзве кнігі, якія я збіраюся прэзентаваць на Дні пісьменства, таксама краязнаўчыя. Кніга «...І Маці Божай памалюся» пра рэлігійны рух на тэрыторыі раёна ад язычніцтва да сённяшняга дня, гісторыю знаходжання цудатворнага абраза Бялыніцкай Маці Божай. А «Васільковае поле Айчыны» — зборнік літаратурных твораў бялыніцкіх аўтараў.

— Як доўга працавалі над усімі гэтымі кнігамі?

— Месяц, — бянтэжыць суразмоўнік. — Калі сур'ёзна, у галаве ўсё гэта даўно ўжо было, заставалася выкласці на паперы. У пачатку адпачынку я дамовіўся з жонкай, што з 10 да 16 гадзін раблю ўсё па доме, а пасля мяне не чапаеш. І сядзеў калі да трох, калі да чатырох ночы. Адключыў інтэрнэт, каб не адцягваў увагу, і працаваў. «Васільковае поле Айчыны» можна выкарыстоўваць на ўроках мовы і літаратуры. Тут 37 аўтараў. Знайшоў каля 10 апавяданняў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі — ён, аказваецца, пісаў не толькі карціны. Адно з іх увайшло ў гэтую кнігу. Аскар Курганаў, суаўтар вядомай пяцісерыйнай кінаэпапеі «Вызваленне», за сцэнарый да якой атрымаў званне лаўрэата Ленінскай прэміі, наогул вельмі цікавы чалавек. У 1980-я гады, калі я шукаў пра яго інфармацыю, ён працаваў журналістам у газеце «Известия». Напісаў туды, а ён ужо звольніўся. Я тады не ведаў, што ён з Бялыніч, бо ў крыніцах указвалася скажоная назва. А калі прыехаў у Бялынічы працаваць, даведаўся, што гэта ён і яго сапраўднае прозвішча Эстэркін. Ён сябраваў з Канстанцінам Сіманавым. У першыя дні вайны ішоў пешшу з Мінска ў Магілёў, дзе выпадкова сустрэўся з будучым аўтарам «Жывых і мёртвых». У кнізе ёсць яго апавяданні.

— Сімвалам духоўнасці і асветніцтва ў Бялынічах з'яўляецца ікона Бялыніцкай Божай Маці. Магчыма, таму Бялыніччына багатая на знакамітых людзей, бо з самага пачатку была пацалаваная Богам. У сваёй кнізе пра рэлігійны рух вы адзначаеце і найбольш яркіх духоўных асоб, якія звязаны з гэтай зямлёй.

— Так, знакаміты Мелхіседэк, Міхаіл Паеўскі, цэлы год служыў у нас ігуменам. А архімандрыт Іосіф, Міхаіл Чарноў, пэўны час узначальваў Казахстанскую і Алма-Ацінскую епархію. У савецкі час неаднаразова пазбаўляўся волі за «антысавецкую агітацыю». Быў таленавітым прапаведнікам. Пасля смерці Аляксія І разглядаўся як адзін з кандыдатаў на пост патрыярха, але ён адмовіўся. Іосіф, Мелхіседэк, Арсеній Смалянец — самыя вядомыя ў гісторыі Беларусі прапаведнікі праваслаўнай царквы.

Бялынічы наогул выбраны для Дня пісьменства невыпадкова. Тут у XVІІ стагоддзі пры манастыры была друкарня, дзе пабачылі свет кнігі «Памінальнае слова на смерць Таццяны Сапегі» і «Ісус Хрыстос сведка праўдзівы чалавечай нікчэмнасці».

— Бялыніцкая зямля знакамітая не толькі мастакамі і духоўнымі дзеячамі, але і сваімі пісьменнікамі і паэтамі.

— У нас 21 член Саюза пісьменнікаў, з іх 16 чалавек — ураджэнцы Бялыніцкага раёна. Сярод тых, чыя імёны і прадстаўляць не трэба, іх і так усе ведаюць — Ігар Шклярэўскі, Аскар Курганаў, Уладзімір Кароль, Наталля Батракова. Бацька Ігара Шклярэўскага Іван быў рэдактарам бялыніцкай газеты. У 1937 годзе ўпаўнаважаны ЦК КПБ(б) Зямцоў шукаў у Бялынічах ворагаў народа і знайшоў 19 чалавек, сярод якіх быў і Іван Шклярэўскі. Але праз дзевяць месяцаў усіх адпусцілі. Іван парваў пасля гэтага з журналістыкай і стаў працаваць настаўнікам. У Ігара Шклярэўскага ёсць пра гэта верш-згадка.

— Як атрымалася, што вы, ураджэнец Краснапольшчыны, так захапіліся гісторыяй Бялыніцкага раёна?

— Я нарадзіўся ў вёсцы Болін, яе больш няма на карце, знікла пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Часам я жартам называю сябе чалавекам без радзімы. Без спецыяльнага дазволу ў тое мястэчка, дзе прайшло маё дзяцінства, зараз і праехаць нельга. Толькі на Радаўніцу на могілкі прапускаюць, а так закрытая зона.

А што датычыцца любові да краязнаўства, то ў мяне настаўнікі былі добрыя ў журналістыцы. Гэта Сямён Сямёнаў, ураджэнец Чэрыкаўшчыны, які працаваў на маёй малой радзіме ў краснапольскай раёнцы, і Анатоль Ярохін — былы супрацоўнік выдавецтва «Полымя». Сямёнаў падбухторваў: а ты ведаеш, адкуль пайшла твая вёска Болін? І мне стала сорамна, што я не ведаю. Паехаў у архівы і знайшоў. Аказалася, што раней тут быў маёнтак пана Ракузы-Сушчэўскага. Сама вёска паўстала ў 1918 годзе, значную частку яе жыхароў склалі выхадцы з суседняй Старой Буды, якую яшчэ называлі Разаронай. Знайшліся фотаздымкі панскага палаца і возера. Ракуза-Сушчэўскі, дарэчы, быў гардэмарынам. Бялыніччына — мая другая радзіма, я тут жыву і павінен ведаць гісторыю гэтай зямлі. А ёй ёсць чым ганарыцца. У рамках Дня пісьменства пройдуць краязнаўчыя чытанні, у якіх прыме ўдзел каля 20 краязнаўцаў.

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».