Вы тут

Ролер-спорт без узросту і абмежаванняў


Калі лічыць, што прафесійны спорт пачынаецца са стварэння нацыянальнай федэрацыі, то ролер-спорт у нашай краіне занадта малады. Беларуская федэрацыя спорту на роліках і скейтбордах была створана ў 2017 годзе. Але яго гісторыя пачалася значна раней.


Ролер-спорт пачаў развівацца, дзякуючы свайму «старэйшаму брату» канькабежнаму спорту. У межах трэніровачнага працэсу на роліках пастаянна каталіся канькабежцы, на іх нават выступалі на спаборніцтвах. Хроснымі бацькамі беларускіх ролікаў можна лічыць канькабежцаў Аляксея Хатылёва і Сяргея Мініна. «У пачатку 2000-х у беларускіх магазінах з'явіліся кітайскія ролікі, якія ў народзе празвалі паграмушкамі. Уся вуліца чула, што на іх нехта катаецца. Тады ролікі лічыліся дзіцячай забаўкай і зусім не ўспрымаліся як інвентар для прафесійнага спорту. У 2007 годзе Сяргей Мінін, зараз галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па канькабежным спорце, працуючы дзіцячым трэнерам, вучыў дзяцей катацца на роліках. Ён жа сабраў і першую дарослую групу. І дзякуючы яму ўжо ў 2010-м можна было сустрэць трыццацігадовых і больш сталых людзей на роліках. На першы неафіцыйны чэмпіянат СНД прыехала больш за 100 ролераў з Эстоніі, Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны і Беларусі. Спыніцца мы ўжо не змаглі. Сяргей узяў на сябе падрыхтоўку спартсменаў, я — менеджмент. Так за дзесяць гадоў мы «вырасцілі» беларускія ролікі», — расказвае Аляксей Хатылёў, старшыня федэрацыі спорту на роліках і скейтбордах.

У сусветным ролер-спорце вылучаецца 12 напрамкаў, афіцыйна прызнаных Міжнароднай федэрацыяй. У Беларусі актыўна развіваецца дзве дысцыпліны — традыцыйны хуткасны бег на роліках і фрыстайл-слалам, які прадугледжвае выкананне розных фігур вакол конусаў. Ураджэнка Гродна Васіліса Маслава на чэмпіянаце свету 2018 года перамагла ў фрыстайл-слаламе. А ў 2019-м у гэтай жа дысцыпліне яна заваявала бронзавы медаль Сусветных ролер-гульняў у Барселоне. Цікавая дысцыпліна рол-бол, калі спартсмены на роліках закідваюць баскетбольны мяч у футбольныя вароты. У 2011 годзе беларуская каманда пад кіраўніцтвам Сяргея Мініна стала бронзавым прызёрам чэмпіянату свету ў Індыі.

Першая і вядучая школа ролер-спорту ў Беларусі была заснавана Сяргеем Мініным. Услед за ёй сталі з'яўляцца іншыя. «Сёння ў краіне іх каля 10. Васіліса Маслава заснавала ў Гродне сваю школу па фрыстайл-слаламу, адкрыла гарадскую федэрацыю і разам са сваімі аднадумцамі развівае ролер-спорт у рэгіёне. Працуюць школы ў Баранавічах, у Гомелі, яны актыўна дапамагаюць з арганізацыяй спаборніцтваў, на якіх пастаянна выступаюць іх спартсмены. Шмат школ у Мінску, што лагічна. Яны з'яўляюцца там, дзе ёсць умовы. Сталіца ў гэтым выйграе перад іншымі гарадамі. Пакуль усе школы — прыватная ініцыятыва. У краіне яшчэ няма ніводнай дзяржаўнай школы, якая развівае непасрэдна ролер-спорт. Ёсць дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы, дзе канькабежцы і шорт-трэкісты катаюцца на роліках. Але гэта ўсе ж такі дадатак да іншых відаў спорту», — адзначае Аляксей Хатылёў.

Уплывае на развіццё спорту і яго прыналежнасць да алімпійскай сям'і, куды ролер-спорт пакуль не адносіцца. На дадзены момант яго галоўны поспех — прысутнасць у праграме Юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2018 года ў Буэнас-Айрасе. Міжнародны Алімпійскі камітэт уключыў толькі адну дысцыпліну ў праграму Алімпійскіх гульняў у Токіа. Пашанцавала скейтбордынгу — праз яго распаўсюджанасць і непераборлівасць.

Канькабежны і ролер-спорт так цесна звязаныя, што, здаецца, не могуць адзін без аднаго. Марына Зуева, Ганна Ніфантава, Ягор Дамарацкі, Віталій Міхайлаў і іншыя члены нацыянальнай зборнай па канькабежным спорце — лідары беларускага ролер-спорту. «Дзецям, з якімі пачынаў Сяргей Мінін, зараз 13-14 гадоў, і, вядома, ім складана канкурыраваць з дарослымі канькабежцамі. Але на спаборніцтвах мы бачым, што гэтыя дзеці даганяюць юніёрскую канькабежную зборную, — тлумачыць Аляксей Хатылёў. — Ролікавы вопыт дапамагае канькабежцам удасканальвацца. Некалькі гадоў таму Беларускі саюз канькабежцаў праводзіў зборы па праграме развіцця Міжнароднага саюза. Замежныя спецыялісты дапамагалі канькабежцам развівацца ў мас-старце. У выніку — 6-е месца Марыны Зуевай і 7-е Віталія Міхайлава на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане і шматлікія п'едэсталы ў гэтым відзе на этапах Кубку свету.

Аб цеснай сувязі двух відаў спорту сведчаць і прыклады ролікавых чэмпіёнаў, якія дабіліся поспехаў у канькабежным спорце. Першым стаў амерыканец Кей Сі Буцьет, удзельнік алімпіяды ў Нагана 1998 года. Яго суайчыннік Дэрэк Пара — уладальнік 40 тытулаў у ролер-спорце, выйграў Алімпійскія гульні 2002 года з сусветным рэкордам. Пералічваць можна бясконца. Дзякуючы ролікам, канькабежны спорт развіваецца ў экзатычных для яго краінах — Калумбіі, Новай Зеландыі, Аўстраліі, Аргенціне.

Нягледзячы на брацкія адносіны з канькабежным, ролер-спорт усё ж самастойны від. Аляксей Хатылёў упэўнены, што для развіцця патрэбны тры складнікі: інфраструктура, інвентар і людзі. Не будзе хаця б аднаго кампаненту — не будзе прагрэсу. Пакуль для беларускага ролер-спорту востра стаіць пытанне інфраструктуры. Шматлікія лыжаролерныя трасы падыходзяць для пачатковай падрыхтоўкі, але не для правядзення спаборніцтваў. Але гэтая праблема паступова вырашаецца. У Салігорску сіламі «Беларуськалія» ўзводзіцца прафесійны ролер-трэк. Гэта будзе першая адпаведная спартыўная пабудова на тэрыторыі СНД. Наяўнасць такой арэны дазволіць праводзіць у Беларусі чэмпіянаты Еўропы і свету. З'явіцца магчымасць прыняць і Сусветныя ролер-гульні — галоўныя ролікавыя спаборніцтвы, дзе выступаюць прадстаўнікі ўсіх 11 відаў. Летась на гульні ў Барселону прыехала каля 5000 чалавек. Апагеем стаў адкрыты ролер-марафон, які сабраў прафесіяналаў і аматараў з усяго свету.

Свой ролер-марафон, няхай і не такі маштабны, ёсць і ў Беларусі. Забег праходзіць у верасні і кожны раз у новым фармаце. Метадам спроб і памылак арганізатары даведваюцца, што больш цікава беларускім ролерам. Аднойчы беглі разам з лёгкаатлетычным паўмарафонам. Але праз розную хуткасць бегуноў і ролераў гэта аказалася небяспечна і нязручна. Самым запамінальным стаў ролер-марафон 2018 года з удзелам Прэзідэнта Беларусі. У 2020 годзе забег пройдзе ў арыгінальным фармаце, расказаў Аляксей Хатылёў: «Мы любім эксперыментаваць з фарматамі і лакацыямі. У гэтым годзе наш марафон пройдзе 6 верасня на трасе стадыёна «Зара» Рэспубліканскага спартыўна-тэхнічнага цэнтра ДТСААФ, у раёне алімпійскага комплексу «Стайкі». Гэта будзе не стандартны забег на 42 кіламетры, а камандная эстафета. Камандам з пяці чалавек трэба будзе за тры гадзіны праехаць максімальную колькасць кругоў па 1200 метраў. Мы пазіцыянуем гэта мерапрыемства як сямейнае, забаўляльнае, а не спартыўнае. Спадзяемся ўбачыць шмат камандаў з дзецьмі».

Прывабнасць і масавасць ролер-спорту тлумачацца яго даступнасцю. Аматарскія дзіцячыя ролікі каштуюць ад 100 да 250 долараў. Абавязкова мець шлем і ахоўную экіпіроўку на локці, калені і запясці. Аляксей Хатылёў раіць бацькам, чые дзеці катаюцца на роліках, не эканоміць. Па-першае, ад гэтага залежыць бяспека. Па-другое, на няякасных роліках шмат чаго можа не атрымацца, і ў дзіцяці прападзе інтарэс.

Пакуль ролер-спорт больш масавы, чым прафесійны. Аляксей Хатылёў упэўнены, што гэта не перашкаджае развіццю: «Любы прафесійны спорт павінен асноўвацца на фундаменце масавасці. Можна, канешне, прывезці легіянераў з іншых краін. Але гэта дорага і ў нас пакуль няма такой магчымасці. Мы прыцягваем людзей усіх узростаў. Дарослым людзям спорт і разуменне яго культуры дапамагае эфектыўна працаваць і вырашаць свае жыццёвыя задачы. Дзіця, чые бацькі захопленыя спортам, абавязкова возьме з іх прыклад. Чым больш у нас аматараў, тым вышэйшыя шансы выхаваць прафесіяналаў і будучых зорак сусветнага ўзроўню».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: Беларуская федэрацыя спорту на роліках і скейтбордах

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.