Вы тут

Чаму ў Гродне стала папулярнай практыка медыцынскіх гарадкоў?


Усё пачалося год таму. Гродзенскія медыкі выйшлі са сваіх кабінетаў і правялі прыём на гарадской плошчы. Такая форма аказалася дзейснай і хутка набыла папулярнасць у гараджан. Паступова медыкі сталі выязджаць ва ўсе мікрараёны абласнога цэнтра.


Мікрараён Альшанка — бадай, самы аддалены ад горада. Дабірацца з цэнтра трэба не менш за гадзіну. Але нават не гэта самае праблемнае. На ўвесь мікрараён толькі адна амбулаторыя для дарослых. Праўда, вядзецца будаўніцтва паліклінікі, увод якой плануецца ў 2023 годзе. А цяпер жыхары Альшанкі ездзяць да спецыялістаў у Гродзенскую цэнтральную паліклініку. Таму арганізацыю медыцынскага гарадка ў мікрараёне жыхары сустрэлі вельмі пазітыўна.

— Тут чалавек без усялякага запісу, без талона, можа атрымаць кансультацыю вузкага спецыяліста — афтальмолага, эндакрынолага, лор-урача, неўролага, кардыёлага, тэрапеўта, псіхатэрапеўта, валеолага. Таксама задзейнічаны пульмаскан, дзе можна зрабіць флюараграфію. Ёсць магчымасць вызначыць узровень глюкозы ў арганізме, можна памераць ціск і вылічыць індэкс масы цела. Урач можа выпісаць рэцэпт ці запрасіць да сябе на прыём у паліклініку. Як бачым, людзей прыйшло нямала, — урач-валеолаг Марына Ермаловіч расказвае аб магчымасцях медыцынскага гарадка.

Яна ўдакладняе, што зараз вядуць прыем спецыялісты цэнтральнай паліклінікі Гродна.

Маладая маці ў дэкрэтным адпачынку пацікавілася, ці прымае ўрач агульнай практыкі. Яна хутка выходзіць на работу і спяшаецца наведаць патрэбных спецыялістаў. У медыцынскім гарадку таксама плануе атрымаць кансультацыю эндакрынолага. Разам з гэтым выказала пажаданне арганізаваць такі гарадок з удзелам «дзіцячых» спецыялістаў. Арганізатары паведамілі, што такія сумесныя прыёмы ў медыцынскіх гарадках праводзяцца. У Альшанцы, у прыватнасці, функцыянуюць дзве дзіцячыя амбулаторыі, ёсць клініка-дыягнастычная лабараторыя і фізіятэрапеўтычны кабінет.

А вось рэнтген-дыягностыка ў медыцынскіх установах маладога мікрараёна пакуль не праводзіцца. Таму прыезд пульмаскана адразу сабраў чаргу з ахвотных. Наталля робіць флюараграфію кожны год, для гэтага ездзіць у гарадскую паліклініку. Звычайна патрабуецца не адна гадзіна, калі ўлічваць дарогу. Цяпер ехаць нікуды не трэба, тут і без талона, і бясплатна. Гэта вельмі зручна для маладых матуль, якія не могуць надоўга адлучыцца з дому.

Увогуле чарга да пульмаскана ўвесь час не памяншалася. Як растлумачыла Марына Ермаловіч, у сувязі з каранавірусам у многіх паліклініках склалася напружаная сітуацыя з выкананнем флюараграфіі, збіраліся вялікія чэргі. Таму не ўсе змаглі прайсці гэту працэдуру своечасова. Дарэчы, зараз пульмасканы выязджаюць у розныя мікрараёны горада па графіку, што дае магчымасць зменшыць чэргі ў паліклініках. Жыхары Альшанкі ацэньваюць такі падыход вельмі станоўча. Яны выказалі пажаданне, каб выезды праводзіліся часцей, бо не ўсе ахвотныя паспяваюць за адведзены час прайсці абследаванне.

Многія скарысталіся магчымасцю даведацца аб узроўні глюкозы ў крыві і праверыць свой ціск на аўтаматычным танометры. Аказваецца, найбольш дасканалым метадам з'яўляецца трохразовае вымярэнне ціску. Для гэтага задаецца спецыяльная праграма, і апарат паказвае канчатковы вынік. А вось адзінкавае вымярэнне, як правіла, нельга лічыць правільным. Танометр-браслет, па словах спецыяліста, хоць і зручны ў карыстанні, але не самы дасканалы, асабліва для людзей сталага ўзросту.

Многія звярталіся да афтальмолага, бо адчуваюць праблемы са зрокам. Як растлумачыла ўрач Таццяна Серада, гэта звязана з высокай зрокавай нагрузкай. У асноўным прысутнічае камп'ютарны сіндром. Акрамя гэтага, павялічваецца і колькасць хранічных захворванняў. Таму трэба своечасова рабіць карэкцыю, падбіраць адпаведныя акуляры. Таццяна Серада зазначыла, што пацыентаў з афтальмалагічнымі праблемамі з кожным годам становіцца ўсё больш. Калі раней блізарукасць адзначалася ў асноўным у падлеткавым узросце, цяпер гэта праблема дзяцей, пачынаючы з 4—5 гадоў. Аказваецца, дзеці нараджаюцца дальназоркімі і перарастаюць гэту асаблівасць толькі ў сем гадоў. Таму да гэтага часу ім не рэкамендуецца блізка глядзець тэлевізар і наогул лепш адмовіцца ад карыстання гаджэтамі. Таццяна Серада прыводзіць прыклад пачатковай школы ў Японіі, дзе ў дзяцей няма ніводнага камп'ютара. А развіваюцца яны звыклымі метадамі: малююць, лепяць і гэтак далей.

У рамках медыцынскага гарадка таксама прайшоў майстар-клас па арганізацыі першай дапамогі. Адна з наведвальніц пацікавілася, як дапамагчы пры пападанні ў дыхальныя шляхі іншародных прадметаў. Дакладней, што рабіць, калі чалавек падавіўся. Прадстаўнік таварыства Чырвонага Крыжа наглядна прадэманстравала, як рабіць рэзкія ўдары па спіне. Дзяцей у гэтым выпадку не трэба браць за ногі і трэсці ўніз галавой, а нахіліць уніз і націснуць на грудную клетку. Увогуле таварыствам распрацаваны шэраг праграм па аказанні першай дапамогі ў самых розных выпадках. Ёсць спецыяльная мабільная праграма МНС «Дапамога побач», дзе якраз усё гэта адлюстравана. Галоўнае — не разгубіцца, вывучыць вызначаны алгарытм і патрэніравацца на манекенах.

Мясцовая жыхарка Надзея Васілеўна расказала, што на здароўе ніколі не скардзілася, але апошнім часам стала заўважаць, што з'явілася задышка. Ультрадыягностыка паказала, што ёсць праблемы з сэрцам. Таму зараз прыйшла на кансультацыю да кардыёлага. Жанчына спадзяецца, што такія спецыялісты з'явяцца, калі тут адкрыецца новая паліклініка. Дарэчы, ад пляцоўкі медыцынскага гарадка відаць, што цяпер узводзіцца другі паверх будучага аб'екта.

Як паведаміла Марына Ермаловіч, узнавіць работу выязных спецыялістаў планавалася раней, але гэтую практыку было вырашана адкласці з-за пандэміі каранавіруса. Між тым сітуацыя з неінфекцыйнымі захворваннямі таксама патрабуе ўвагі, бо менавіта яны — асноўныя прычыны смяротнасці. Таму вырашана наблізіць медыцынскія паслугі да насельніцтва, каб людзі больш абследаваліся, разумелі неабходнасць дыспансерызацыі.

Медыкі, у сваю чаргу, тлумачаць важнасць здаровага спосабу жыцця. Валеолаг Ірына Верашчагіна нагадвае пра пешую хаду, якую не заменіць нават паездка на ровары. Але і хада павінна быць са зместам. Ісці трэба ў актыўным тэмпе, тады яна будзе эфектыўнай — сэрца пачне працаваць адпаведным у рытме, нармалізуецца ціск. Штодзень рэкамендуецца рабіць 10 тысяч крокаў, гэта 6—6,5 кіламетра. Усяго толькі некалькі прыпынкаў гарадскога транпарту трэба прайсці пешшу.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Да ўрача без талонаў і запісу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».