Вы тут

Учора і заўтра сядзібы Рэйтанаў. Што будзе далей з адным з самых цікавых гістарычных аб'ектаў нашай краіны


Хрэстаматыйная фраза, знаёмая кожнаму, хто без двоек скончыў сярэднюю школу, — наконт «народной тропы», якая «не зарастет» — мне яшчэ ў дзяцінстве здавалася крыху, так бы мовіць, перабольшанай. Як і куды торыць сваю сцежку любы народ (наш беларускі — у тым ліку), наўрад ці можна прадказаць загадзя. Туды, дзе ўсё выкладзена пліткай і куды возяць арганізаваныя экскурсіі школьнікаў? Спрэчнае пытанне... Зрэшты, напэўна, гэта суб'ектыўна. Проста хачу сказаць, што ў сядзібу Рэйтанаў у Грушаўцы, што пад Ляхавічамі, народная сцежка і праўда не зарастае. Сюды любіла ездзіць моладзь, якой хацелася даведацца больш пра гісторыю сваёй краіны, дваццаць гадоў таму. Ездзіць і цяпер.


Сядзіба Рэйтанаў пабудавана з лістоўніцы — каштоўнай драўніны, якая з цягам часу становіцца толькі больш трывалая.

Месцы тут і сапраўды дзіўныя, нават містычныя: гатычная капліца-пахавальня на мяжы лесу і поля, «лесвіца ў неба», што да яе вядзе, сама сядзіба — вялікі, змрочны драўляны дом на высокім падмурку — і звязаная з ёй прыгожая і сумная гісторыя. І вось нарэшце сядзібу Рэйтанаў рэстаўрыруюць. Зразумела, мы вырашылі там пабываць і даведацца, што будзе далей з адным з самых (як мне здаецца) цікавых гістарычных аб'ектаў нашай краіны.

Грушаўка, яна ж Грошаўка

Гісторыя Ляхавіч і наваколляў багатая на славутых людзей і гістарычныя падзеі. Тут нарадзіўся, жыў і памёр Фёдар Еўлашоўскі, першы беларускі мемуарыст, асабісты сябар двух каралёў Рэчы Паспалітай — Стэфана Баторыя і Жыгімонта Вазы. Тут, на беразе ракі Ведзьмы, калісьці стаяла Ляхавіцкая фартэцыя — адно з найбуйнейшых абарончых збудаванняў Рэчы Паспалітай. Тут жа непадалёк размяшчаўся маёнтак Вошкаўцы, які належаў вядомаму філосафу Фларыяну Бохвіцу і куды не раз прыязджала славутая пісьменніца Эліза Ажэшка, якая сцвярджала, што прыгажэйшых месцаў не бачыла. Прыёмы ў маёнтку Вошкаўцы збіралі плеяды выдатных музыкантаў, акцёраў і літаратараў. Тут, пад Ляхавічамі, паўстанцы Каліноўскага ўступілі ў сваю апошнюю бітву — на яе месцы сёння ўсталяваны мемарыяльны камень.

Але, мабыць, самае вядомае месца ў гэтым рэгіёне — усё ж сядзіба Рэйтанаў у Грушаўцы.

Грушаўкай вёска стала ўжо пры савецкай уладзе. Да гэтага была Грошаўкай — таму што тут сяляне жылі багата. Апошні з Рэйтанаў, пан Юзаф, быў прыхільнікам прагрэсу. Ездзіў на адным з першых у рэгіёне аўтамабіляў. Каб палегчыць сялянскую працу, купіў фабрычную жняярку. Зажынкі і дажынкі на землях пана Юзафа Рэйтана святкаваліся ў адзін дзень. Наймалася дастатковая колькасць работнікаў, каб на працягу светлавога дня ўбраць увесь ураджай. Пакуль ішлі работы, гатаваўся пачастунак, а ўвечары за сталы сядалі разам і пан, і работнікі. За працу пан Рэйтан плаціў шчодра: хто хацеў, таму золатам, хто хацеў — збожжам і сельгаспрадукцыяй. Бяздзетныя пані Алёна і пан Юзаф актыўна займаліся дабрачыннасцю: прытулілі каля 30 сірот, далі ім адукацыю, дзяўчатам — годны пасаг.

Пан Юзаф памёр у 1910 годзе. Захавалася сведчанне аб яго пахаванні. Жалобная працэсія была шматлюдная. Ішлі тут і простыя людзі, і дзеці-сіроты, якіх апекавалі Рэйтаны, і мяшчане з Ляхавіч ды іншых мястэчак, і шляхта. Згодна са старадаўнім звычаем, падчас пахавання быў разбіты герб роду: на магіле апошняга мужчыны з рыцарскага роду разбіваўся радавы герб — у знак таго, што род памёр, перастаў існаваць.

Пані Алёна перажыла мужа і дажыла да рэвалюцыі. Пасля прыходу савецкай улады яе адправілі на прымусовыя работы ў Сібір. Легенда кажа, што выратавала сваю былую пані, вывезла на радзіму нелегальна, сялянка былой рэйтанаўскай вёскі. Але да родных мясцін пажылая пані не даехала, памерла ў дарозе ад тыфу. Дзе супакоены яе прах, невядома.

Аднак у першую чаргу сядзібу Рэйтанаў звязваюць са значна ранейшымі падзеямі — з імем Тадэвуша Рэйтана, дэпутата вырашальнага «сойма разборчага» 1773 года, які спрабаваў перашкодзіць першаму падзелу Рэчы Паспалітай.

Пахавальня роду Рэйтанаў — мініяцюрная копія касцёла святой Кацярыны ў Кракаве.

Той самы Рэйтан

Рэйтанаў адны гісторыкі называюць выхадцамі са Швецыі, іншыя — родам з нямецкімі каранямі. У 1659 годзе за верную службу каралю Рэчы Паспалітай Марцін Рэйтан атрымаў маёнтак Бяроза каля Полацка. У далейшым прадстаўнікі роду займалі важныя дзяржаўныя пасады і радніліся з магнатамі. Так, брат маці Тадэвуша Рэйтана ўзначальваў уніяцкую царкву Рэчы Паспалітай.

У Польшчы Тадэвуша Рэйтана называюць нацыянальным героем. У Кракаве ўсталяваны помнік гэтаму чалавеку. Сам жа
ён, паводле гістарычных крыніц, называў сябе ліцвінам (гэта значыць прадстаўніком Вялікага Княства Літоўскага, ці, як цяпер бы сказалі, выхадцам з беларускіх зямель): «Хто назаве мяне не ліцвінам, той мяне абразіць». Пра жыццё гэтага чалавека да сойма 1773 года вядома не надта шмат. Захаваліся сведчанні пра тое, што Тадэвуш Рэйтан быў патрыётам, які горача любіў сваю радзіму. І быў ён бескампрамісны ў гэтай любові.

— Каханнем усяго яго жыцця была пані Еўлашоўская, — расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач. — Але разам яны быць не змаглі. Тадэвуш Рэйтан паехаў сватацца да каханай, быў добразычліва прыняты, але, праходзячы па пакоях, убачыў у яе доме партрэт Пятра Першага. Гэта прымусіла Рэйтана адмовіцца ад сватаўства: «Не магу ўзяць жонку з таго дома, дзе праслаўляюць нашага ворага». Вядома, што на працягу жыцця ён так і не ажаніўся.

З'яўляючыся паслом ад Навагрудскага павета на сойме Рэчы Паспалітай, 21 красавіка 1773 года Тадэвуш Рэйтан адзін з нямногіх спрабаваў адстаяць цэласнасць дзяржавы падчас яе першага падзелу. У апошні, трэці дзень работы «сойма разборчага», які праходзіў у Варшаве, дэпутаты павінны былі ратыфікаваць падзел зямель Рэчы Паспалітай паміж Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй.

— Гэта было ўжо проста падпісанне дакументаў, сам падзел, па сутнасці, адбыўся раней, — тлумачыць Ніна Прыхач. — Рэйтан і яго нешматлікія прыхільнікі спрабавалі выкарыстаць права ліберум вета — прынцып парламенцкага ладу ў Рэчы Паспалітай, які дазваляў любому дэпутату спыніць абмеркаванне пытання ў сойме, выступіўшы супраць. Аднак рашэнне аб падзеле Рэчы Паспалітай сойм усё ж прыняў большасцю галасоў — менавіта тады і адбылася адмова ад прынцыпу ліберум вета. І тады Тадэвуш Рэйтан лёг у дзвярах упоперак выхаду з залы са словамі: «Тапчыце мяне, не тапчыце Радзіму!» Гэты момант адлюстраваны на славутай карціне «Рэйтан. Заняпад Польшчы» — думаю, гэтае палатно бачылі і змогуць успомніць многія. Чаму ён так зрабіў? Лічылася: пакуль дэпутаты знаходзяцца ў сойме, рашэнне не прынята канчаткова. Рэйтан стараўся не дапусціць таго, каб прадстаўнікі шляхты, надзеленыя правам вырашаць лёс дзяржавы, пакінулі залу, бо ён спадзяваўся, што іх яшчэ ўдасца пераканаць не згаджацца на падзел краіны. У тыя часы лічылася, што пераступіць цераз шляхціца — значыць праявіць непавагу ў цэлым да дваранства і дваранскага гонару. І дэпутаты сапраўды аказаліся перад нялёгкім выбарам. Але нават адчайныя меры ні да чога не прывялі. Падзел зямель Рэчы Паспалітай сойм ратыфікаваў.

Звесткі пра апошнія гады жыцця Тадэвуша Рэйтана скупыя і заблытаныя. Вядома, што сваякі абвясцілі яго вар'ятам і што ён памёр у 1780 годзе, скончыўшы жыццё самагубствам.

— У наш час сказалі б, што ў яго была глыбокая дэпрэсія. Падзел Рэчы Паспалітай стаў для гэтага чалавека моцным узрушэннем, — тлумачыць суразмоўніца. — Ён не быў вар'ятам — але ён заклікаў да паўстання, што пагражала сям'і пазбаўленнем уласнасці і ссылкай. Так што бяспечней за ўсё для прадстаўнікоў роду было абвясціць гэтак рашуча настроенага сваяка вар'ятам.

У апошнія гады Тадэвуш Рэйтан вёў адасоблены лад жыцця. Ці скончыў ён самагубствам? Гісторыкі спрачаюцца наконт гэтага і сёння. З аднаго боку, месца яго пахавання невядома — самагубцаў не хавалі на могілках. З іншага, гісторык і краязнавец Зміцер Юркевіч на падставе гістарычных дакументаў і лістоў сваякоў Тадэвуша Рэйтана кажа пра тое, што яго смерць стала вынікам няшчаснага выпадку.

— У Грушаўцы прымалі расійскага генерала — ён прыбыў па маёмасных справах, — расказвае Ніна Прыхач. — Баючыся, што Тадэвуш Рэйтан выкліча госця на дуэль (або проста засячэ шабляй), яго замкнулі ў афіцыне — гаспадарчай пабудове з рашоткамі на вокнах, бо падобныя паводзіны прадстаўніка роду мелі б разбуральныя наступствы для сям'і. Спрабуючы выбрацца, Тадэвуш разбіў шкло, моцна парэзаўся і памёр ад страты крыві. На момант смерці яму было 40 гадоў.

Лесвіца ў неба

Пахавальня роду Рэйтанаў — мініяцюрная копія касцёла святой Кацярыны ў Кракаве — была пабудавана апошнім прадстаўніком роду, Юзафам, у пачатку ХХ стагоддзя. Там усяго два пахаванні — сам пан Юзаф і яго сваячка, Марыя Грабоўская. Багатае на войны дваццатае стагоддзе не пашкадавала помнік: цяпер і тонкай работы
мармуровую плітку на падлозе склепа, і рознакаляровыя вітражы вокнаў можна сабе толькі ўяўляць. Але ёсць асаблівасці, якія немагчыма знішчыць. Па-ранейшаму раніцай першы сонечны прамень падае на капліцу (так арыентавана пабудова) раней, чым на дрэвы побач і ўсе астатнія будынкі навокал. І па-ранейшаму вядзе да капліцы незвычайная алея — «лесвіца ў неба». На гэтай алеі лістоўніцы высаджаны «па росце» і больш чым за стагоддзе так і не зраўняліся па вышыні. Самыя высокія растуць каля капліцы.

— Назва «лесвіца ў неба» прыжылася з лёгкай рукі нашага мясцовага краязнаўца, вядомага мастака Сяргея Чарановіча, — распавядае суразмоўніца. — Дарога да капліцы абсаджаная лістоўніцамі, якія растуць нібы «прыступкамі». Хвойныя расліны па старажытнай славянскай традыцыі лічацца дрэвамі мёртвых. У першую чаргу елка ў славян — дрэва смерці. Да гэтага часу ў нас у рэгіёне дарогу перад пахавальнай працэсіяй пасыпаюць хвояй. Лістоўніц у Беларусі няшмат, але яны таксама — хвойнікі.

Сімвалічная і колькасць дрэў. Лічба 2 у нумаралогіі звязана са смерцю, таму дрэвы высаджаны парамі. Алея складаецца з 12 пар дрэў. Сёння гэтае пасланне гісторыкі расшыфроўваюць так: лічба 4 складаецца з дзвюх двоек і сімвалізуе няшчасце. Лічба ж 3 — сімвал завершанасці і абяцанне шчасця. «Лесвіца ў неба» сімвалізуе пераход ад поўнага нягод і нястач знаходжання душы на зямлі да лепшага, нябеснага жыцця.

Што будзе з сядзібай?

Драўляны дом, рэстаўрацыя якога пачалася сёлета, быў пабудаваны ў XІX стагоддзі на месцы старога каменнага дома. Сродкі на правядзенне першай чаргі работ па рэканструкцыі помніка выдзелены Еўрасаюзам у рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

— Праграма прадугледжвае адначасовае аднаўленне двух гістарычных аб'ектаў у дзвюх дзяржавах. З выдзеленых 2,5 мільёна еўра палова ўкладзена ў аднаўленне старадаўняга маёнтка на тэрыторыі Гміны Пухачуў (Польшча), а палова сродкаў пойдзе на аднаўленне сядзібы Рэйтанаў і кансервацыю пахавальні роду, — кажа Ніна Прыхач. — Таксама на рэстаўрацыю сядзібы выдзелена 140 тысяч еўра з абласнога бюджэту.

— Рэстаўрацыйныя работы праводзяцца сумесна з Інстытутам гісторыі НАН і ААТ «Брэстрэстаўрацыя», — кажа кіраўнік праекта Андрэй Казюта. — Кожную дэталь пабудовы мы абследуем, тое, што можна захаваць, — захоўваем. Тое, што прыйшло ў непрыдатнасць, замяняем на аналагічную дэталь з ідэнтычнага матэрыялу. Справа ў тым, што пры будаўніцтве сядзібы выкарыстоўваліся элітныя сарты драўніны — напрыклад, брытанскі дуб або тая ж лістоўніца — унікальнае дрэва, пабудовы з якога з гадамі становяцца толькі больш трывалыя (вядома, што Венецыя стаіць на сваях з лістоўніцы). Зразумела, пры аднаўленні будуць выкарыстаны мясцовыя сарты драўніны. Але ў цэлым мы імкнёмся максімальна захаваць гістарычнасць пабудовы.

Завяршэнне першай чаргі рэканструкцыі запланавана на 2021 год. Калі сядзібны комплекс будзе цалкам адноўлены, пакуль прагназаваць немагчыма. Пасля завяршэння работ тут будуць экспазіцыйныя залы музея, памяшканні для правядзення творчых канферэнцый, філіял мясцовай школы мастацтваў і выставачныя залы жывапісу — наваколлі Грушаўкі літаральна просяцца на палатно. Таксама плануецца, што ў будынку сядзібы будуць пакоі для мастакоў, якія змогуць прыязджаць у Грушаўку на эцюды.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.