Вы тут

Людмiла Рублеўская. Урывак з рамана «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii»


Людмiла Рублеўская. Урывак з рамана «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii». Раздзел другi. Як Лёднiкi з графам Мануцы пазнаёмiлiся.

У часопiсе «Полымя» пачынае друкавацца новы раман Людмiлы Рублеўскай «Авантуры Вырвiча, Лёднiка i Чорнай Меланхолii». Гэта шостая кнiга вядомай авантурна-прыгоднiцкай серыi пра шляхцюка Пранцiша Вырвiча герба Гiпацэнтаўр i яго старэйшага сябра, полацкага доктара Баўтрамея Лёднiка. Прапануем чытачам «Звязды» пазнаёмiцца з урыўкам з гэтага твора. Дзеянне адбываецца ў XVIII стагоддзi, у апошнiя гады iснавання Рэчы Паспалiтай. Заканчваецца праўленне ўсемагутнага канцлера Антонiя Тызенгаўза, iнтрыгi якога зноў гоняць герояў у далёкую дарогу. Пранцiш Вырвiч цяпер — шаноўны суддзя падкаморы, Баўтрамей Лёднiк — паплечнiк стваральнiка медычнай акадэмii Жана Жылiбера, жонка Лёднiка, чароўная Саламея, таксама займаецца лекарскай справай, а ягоная падрослая дачка Сафiйка ўспадчыннiла не толькi матчыну гожасць, але i неўтаймоўны бацькаў характар. I зноў — захапляльнае падарожжа па трагiчных i яркiх старонках беларускай гiсторыi.

Пачатак рамана чытайце ў № 8 часопiса «Полымя», працяг — у №№ 9 i 10.


(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары «Звязды».)

Кадр з фільма «Авантуры Пранціша Вырвіча».

Мануцы настойлiва заглядаў у вакно рыдвана, i ясна было — не адчэпiцца. Ну а Лёднiк хутчэй зноў кулаком карэту прадзiравiць, чым пакажацца скалечаным.

Раптам вакно рыдвана расчынiлася, высунулася Сафiйка.

— Няхай яснавяльможны граф прабачыць, але мой пан-бацька пачуваецца не надта добра. У яго... чорная меланхолiя. Ён не ў змозе дэманстраваць свае фехтавальныя ўмельствы.

I броўку чорную прыўзняла, маўляў, што за несамавiтыя паводзiны.

Вось жа няправiльна шляхцюкi па патэнце Лёднiкi сваiх дзяцей выхоўвалi... Ну хiба можа шляхетная дзяўчынка з незнаёмым панам першай загаварыць, ды яшчэ так дзёрзка?

Вырвiч скасавурыўся на Мануцы... I ўбачанае яму яшчэ больш не спадабалася. I чортава семя, i воўкава племя.

Граф ажно рот раскрыў, i дыханне, падобна, заняло... Вочы пашырылiся, не раўнуючы дзве манеты. Аж захацелася яго локцем у бок стукнуць, як аднакласнiка, што разявiўся на пiрог на прылаўку пiльнай гандляркi.

— О Мадона! — нарэшце прашаптаў граф i кiнуўся зрываць з сябе капялюш, ледзь з парыком не зняў. — Аngelo celeste*!

А Сафiйка на чысцюткай iтальянскай:

— Credo, signore mai visto gli angeli, perchй facilmente si confonde con la gente comune**.

Венецыянец ззяў ад захаплення, як пазалочаны стод на сонцы.

Халера... Добра, што Лёднiк таго не бачыць.

Вiдаць, адчуўшы нядобрае, з рыдвана выйшла панi Саламея. Утаропiлася ўладна ў авантурыста сiнiмi вялiкiмi вачыма.

— О, сiньёра, цяпер я разумею, у каго ўдалася нябёснай сваёй прыгажосцю ваша дачка!

— Наша дачка — яшчэ дзiця, васпан, — холадна прагаварыла Саламея. — Выбачайце, яна не мае досведу свецкага этыкету.

Iтальянец рассыпаўся ў камплiментах наконт бязвiннага чароўнага дзiцяцi, якое, безумоўна, стане з цягам часу дыяментам якогась каралеўскага двара. Зараз жа i выбачацца пачаў, каяцца, што па неасцярожнасцi ўчынiў такiя нязручнасцi шаноўным падарожным... Змусiў сваiх слуг дапамагаць Сцяцко i Карусю ў выратаваннi кола.

Карусь выконваў працу неяк дзiўна. Увесь час яму трэба было пранесцi штось цяжкое паўз графа, ды яшчэ ўпусцiць у гразь, змусiўшы фацэта адскочыць ды вылаяцца. Пранцiш кусаў вусы, каб не зарагатаць. Пушчанскi дзiкун вiдавочна гатовы быў насадзiць нахабнага iталiйца на рагацiну, як мядзведзя, каб не лупiўся на Лёднiчанку.

Мiж тым Мануцы фантанiраваў прапановамi, дзеямi i словамi так, што галава круцiлася, як пасля бутэлькi такайскага. I гэткi ж непрыемны прысмак заставаўся. Каб экiпаж рамантаваць, пасажырам лепей выйсцi. I чаму б не перачакаць у зручнай пазалочанай карэце, месца ў якой гаспадар з задавальненнем саступiць?

Урэшце Саламея i Сафiйка сапраўды выйшлi з рыдвана — яго належала прыўзняць, каб вярнуць кола на месца. Вочы Мануцы гарэлi, як у галоднага ваўка, хаця нiчым этыкету не парушаў. Не дурань.

А вось i з'яўленне цмока з пячоры... Прабачце, мiзантрапiчнага доктара з карэты. Тонкая, але дужая рука ўхапiлася за дзвярны праём... Пранцiш кiнуўся падхапiць старэйшага сябра... Дзе там тое клятае крэсла на колах, з сабой прыхопленае? Але Чорны Доктар — што за дзiва? — выйшаў сам. Праўда, вельмi павольна i пахiстваючыся. Саламея зараз жа падляцела падперцi плячом упартага сужэнца... Ейны ўгневаны твар сведчыў, што адбылося тое, чаго яна баялася. На бледных звычайна шчоках доктара зараз гарэў румянак, у вачах з'явiўся шкляны лiхаманкавы бляск... Спажыў нарэшце свае сакрэтныя лекi, ганарлiвец! Пранцiш прыпомнiў, як Лёднiк ставiў на ногi аднаго старога езуiта, якому трэба было завесцi каманду ў менскiя сутарэннi, па езуiцкiя скарбы. Скалечаны стары тады таксама расчырванеўся, бадзёра прайшоў куды трэба... А там звалiўся з сардэчным прыступам.

Мануцы падляцеў да доктара з прывiтаннямi i выбачэннямi. Цi моцна яму дакучае ягоная... чорная меланхолiя? Апошнiя словы Мануцы вымавiў з нейкай асаблiвай iнтанацыяй, нiбыта меў на ўвазе нешта зусiм iншае.

Лёднiк у адказ выключна ветлiва пацiкавiўся, як пачуваюцца чароўная жонка графа i анёлачак-сынок, цi не моцна дакучае бацьку бязвiннымi немаўлячымi пракудамi? Мануцы вытрымаў пранiзлiвы цёмны позiрк, але не спапялiўся, а таксама адвесiў нешта выключна ветлiвае з атрутай на дне.

А потым, калi доктар, сцяўшы зубы, садзiўся ў пазалочаную карэту — ну дурноцце ж было стаяць у гразi, на ветры — Мануцы раптам учынiў нешта незразумелае... Тупнуў нiбы выпадкова па нейкай трэсцы, тая падкiнула ў паветра сасновую шышку... Шышка са свiстам ляцела проста Лёднiку ў патылiцу. Не даляцела — распалася на дзве паловы, акуратна рассечаная доктаравай шабляй. Усё адбылося хутка, як вокам змiргнуць. Пранцiш толькi маланкавы бляск ляза заўважыў. Лёднiк, злосны, як шэршань, хаваў шаблю ў похвы. А вось Мануцы быў дужа задаволены. Значыць, адмыслова зладзiў палёт шышкi... Праверыць навыкi старога воя. I не звiнавацiш спрытнюгу.

Сафiйка пад суровым бацькоўскiм прыглядам сядзела ў графскай карэце цiха, як мыш. Лёднiк трымаўся за шаблю i паблiскваў моўчкi вачыма з глыбi чужой карэты. Пранцiш сумленна займаў графа пустой свецкай балбатнёй, ад якой абодва не атрымлiвалi нiякага задавальнення. Панi Iзабэла Чартарыйская зноў пасварылася з мужам, але дамаглася згоды i збудавала ў Лазенках цэлую вёску хацiн з саламянымi дахамi, дзе прымае гасцей, апранутая ў пейзанку. Зараз у Гароднi пачнуцца рэдуты, кажуць, на iх прыедзе сам расiйскi канцлер Рапнiн, амарат панi Iзабэлы. Паэт Станiслаў Трамбецкi напiсаў паэму ў гонар каралеўскага пляменнiка пана Станiслава з нагоды, што той усiх сваiх сялян з маёнтка Альшэўнiцы сабраў на баль i абвесцiў, што вызваляе ад прыгону i аддае ў валоданне зямлю. Вялiкi прагрэсiст пляменнiк караля! Не дарэмна кажуць, што кароль менавiта яго рыхтуе ў свае пераемнiкi. Сваiх жа законных дзяцей мець не можа... Тс-с, гэта таямнiца, але такая была дамова з расiйскай iмператрыцай узамен за трон...

Пранцiш слухаў, кiваў з самым разумным выглядам i намагаўся не выказваць нi ўхвалы, нi насмешкi.

Нарэшце кола рыдвана стала на месца. Сафiйку суправадзiлi на месца бацькi. Мануцы кланяўся i лапатаў, што яму па дарозе з шаноўнымi Лёднiкамi... I, дарэчы, ён добра знаёмы з чорнай меланхолiяй i ўмее з ёй ладзiць.

Пранцiш адышоў да пазалочанай карэты, каля задняга кола якой завiхалiся слугi, паклiкаў насупленага Каруся, шапнуў цiхенька:

— Здаецца, графскую карэту хутка таксама направяць... Трывалыя ў яе колы, як думаеш?

— Ды хлiпкiя зусiм... — задумлiва прамовiў разумны хлопец Карусь. Абышоў няспешна карэту, нахiлiўся над яшчэ цэлым колам — Пранцiш пастараўся стаць так, каб прыкрыць яго спiнай… Нешта цiха грукнула... Вырвiч кiнуў хуткi пагляд: пушчанскi дзяцюк хаваў нешта ў рукаве.

Ну вось цяпер можна развiтвацца!

Рыдван iрвануў з месца, як запрэжаны гарцукамi. Вырвiч пачуў, як Мануцы крычыць на слуг, спадзеючыся не адстаць ад экiпажа з гэткiмi цiкавымi пасажырамi... Ну, далёка не ад'едзецца. Карусь — сапраўдны мацак, выцягнуў з восi чаку...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».