Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У традыцыйным штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем пра самыя яскравыя спартыўныя навіны.


1. Тэнісістка Вікторыя Азаранка перамагла на турніры Western & Southern Open у Нью-Ёрку. У вырашальным фінальным матчы экс-першая ракетка планеты павінна была сустрэцца з дзясятай ракеткай свету японкай Наомі Осакай, але тая не змагла выйсці на корт праз траўму. Падчас выступлення на турніры Вікторыя Азаранка перамагла францужанак Алізэ Карнэ — 6:4, 7:5 і Каралін Гарсію — 6:2, 7:6 (10:8), харватку Дону Векіч — 6:2, 6:3, тэнісістку з Туніса Унс Джабір — 7:6 (11:9), 6:2 і брытанку Ёхану Конту — 4:6, 6,4, 6:1. Пасля перамогі ў Нью-Ёрку Вікторыя Азаранка паднялася з 59-й пазіцыі сусветнага рэйтынга на 27-ю.

Наступным вялікім спаборніцтвам для беларускіх тэнісістаў стане турнір серыі «Вялікага шлема» — адкрыты чэмпіянат ЗША. Беларусь на US OPEN прадставяць Аляксандра Сасновіч, Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка, Вольга Гаварцова, Вера Лапко і Ягор Герасімаў.

2. Беларускія валейбалісткі выйгралі «бронзу» маладзёжнага чэмпіянату Еўропы, які праходзіў у Босніі і Герцагавіне і Харватыі. У матчы за трэцяе месца беларускі не пакінулі шанцаў саперніцам з Францыі. Матч скончыўся перамогай падапечных Вольгі Пальчэўскай з вынікам 3:1 (25:18, 25:21, 23:25, 27:25). Найлепшай сярод беларускіх спартсменак стала Ксенія Лябёдкіна, якая правяла 19 выніковых атак, двойчы падавала на вылет і тройчы заблакіравала атакі францужанак. Высокі ўзровень спартыўнага майстэрства ў атацы паказалі Дар'я Вакулка — 15 балаў, Дар'я Саўчук — 12 балаў і Дар'я Барыс — 10 балаў. Варта адзначыць і гульню Вікторыі Касцючык.

Чэмпіёнкамі Еўропы сталі прадстаўніцы Турцыі, якія ў фінале абыгралі каманду Сербіі — 3:2.

3. У Гомелі прайшоў фінал Кубка Салея. Уладальнікамі ганаровага трафея сталі хакеісты мінскага «Дынама». У вырашальным матчы яны абыгралі «Юнацтва» з вынікам 3:0 (2:0, 1:0, 0:0). «Зубры» са стартавага свістка навязалі апанентам выгадны для сябе хакей. Адзначыліся шайбамі Шэйн Прынс і Раян Спунер, а ўзяцце варот Робам Клінкхамерам у другім перыядзе не пакінула «Юнацтву» шанцаў на перамогу. Дагэтуль «Дынама-Мінск» выйграваў Кубак Салея ў 2005 і 2006 гадах.

Трэцяе месца занялі хакеісты «Дынама-Маладзечна», якія ў матчы за «бронзу» перамаглі «Гомель» з вынікам — 5:1 (2:1, 1:0, 2:0).

4. Беларускія веласіпедысты выступілі на чэмпіянаце Еўропы па веласпорце на шашы, які прымала Францыя. У індывідуальнай гонцы з раздзельным стартам сярод жанчын на 25,6 кіламетра Алена Амелюсік заняла восьмае месца з вынікам 35 хвілін 49,64 секунды. Пераможцам стала галандка Анна ван дер Брэген з вынікам 34 хвіліны 3,92 секунды.

У гонцы спартсменак, што не дасягнулі 23 гадоў, беларуска Настасся Колесава фінішавала на 18-й пазіцыі. Яе вынік — 39 хвілін 12,11 секунды. У групавой гонцы гэтай узроставай катэгорыі Настасся заняла 22-е месца. Дыстанцыю ў 81,9 кіламетра яна праехала за 2 гадзіны 15,27 хвіліны.

Аляксандр Рабушэнка заняў 13-е месца ў групавой гонцы. Падчас спаборніцтваў на адным з адрэзкаў дыстанцыі 177,45 кіламетра адбыўся завал, у якім пацярпелі некалькі спартсменаў. Але на фінішы італьянец Джакама Ніцола паказаў вынік 4 гадзіны 12,23 хвіліны. Беларускі спартсмен таксама апынуўся ў ліку лідараў. Згодна з правіламі, калі спартсмены прыехалі да фінішу з інтэрвалам меней чым у тры секунды паміж сабой, то фіксуецца адзін і той жа час.

5. Гандбалісткі «Гомеля» пяты раз выйгралі Кубак Беларусі. У вырашальным паядынку гамяльчанкі абыгралі саперніц з «БНТУ-БелАЗа» з вынікам 26:22. Турнір праходзіў на пляцоўцы цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі ў Жлобіне. У мінулым розыгрышы гэтыя саперніцы гэтак жа сустракаліся ў фінале і тады поспех таксама быў на баку «Гомеля» — 27:26. У барацьбе за трэцяе месца ігракі «Гараднічанкі» абыгралі апанентак з «Віцебчанкі» з вынікам 34:20.

За ўсю гісторыю турніру прадстаўніцы «БНТУ-БелАЗ» 16 разоў выйгрывалі Кубак краіны, у «Гомеля» цяпер пяць трафеяў, а ў прадстаўніц Гродна — два.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Віват пераможцам!

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.