Вы тут

Калі хочаш быць здаровым


Ці можна не есці мяса і заставацца пры гэтым фізічна актыўным? Бады шкодныя або карысныя?  Як заўсёды быць у тонусе? Кажуць, колькі людзей, столькі і меркаванняў. Даведаемся пра некаторыя з іх.


 

«З’еш мяне!»

Крамлёўская дыета, раздзельнае харчаванне, інтэрвальнае галаданне, лячэбная фізкультура, ёга, фітнес… Так шмат спосабаў зберагчы сваё здароўе, што лёгка заблытацца. І заплюшчыць бы на гэта ўсё вочы ды жыць «як-небудзь», але ж каранавірус не дрэмле: шукае сабе новую ахвяру з нізкім імунітэтам. А хварэць не хочацца, ды і няма калі: справы, справы… Вось і паўстае пытанне: як усё ж такі зберагчы здароўе ва ўмовах глабальнай гіпадынаміі ды эпідэмій, якія змяняюць адзін адну? Калі практычна ў кожным куце горада прадаецца смачны фастфуд, а на паліцах аптэк радамі стаяць прыгожыя слоічкі з БАДамі, у якіх комплекс вітамінаў і мікраэлементаў максімальна збалансаваны. Інтэрнэт выразных інструкцый да дзеяння не выдае. Дакладней, прапануе столькі варыянтаў на тэму «калі хочаш быць здаровым», колькі і старонак у пошукавых сістэмах — вялікае мноства. Таму я вырашыла звярнуцца да старога праверанага спосабу: пагутарыць ужывую з тымі, хто, на маю суб’ектыўную думку, «падобны на здаровага чалавека», добра выглядае і выклікае давер. А потым вывесці для сябе «сярэдняе арыфметычнае», сфарміраваць асабісты пункт гледжання на гэты конт.

ЗЛЖ-кансультант,  Сяргей Пусцюльга:  «Не ўпадайце ў крайнасці»

Ужо 50 гадоў ён прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Не п’е, не паліць. Аддаў 27 гадоў службе ў сілавых структурах: выкладаў агульную фізпадрыхтоўку і рукапашны бой. Пазней Сяргей Пусцюльга, адышоўшы ад ваенных спраў, працаваў на пасадзе фітнес-дырэктара ў адным з флагманаў фітнес індустрыі ў Мінску.

— Сяргей Мікалаевіч, а што такое фітнес увогуле? Паняцце запазычанае з амерыканскай культуры…

— Я, прызнацца, не вельмі люблю слова «фітнес», бо вырас на савецкіх традыцыях, дзе былі паняцці «фізічная культура і спорт», «фізкультурна-аздараўленчыя працы». У чым прынцыповая розніца? У падыходзе. У нас фізкультура разглядаецца як элемент гарманічнага развіцця асобы, у ЗША і Заходняй Еўропе — падрыхтоўка чалавека да працы. Ён важны як актыўны, здаровы сацыяльны элемент, які не будзе «прастойваць». Пасля распаду СССР, сістэма фізічнай культуры падверглася значнаму перагляду і трансфармацыі. Кожны спецыяліст, трэнер пачаў прыўносіць нешта сваё, уводзіць новыя элементы ў фізпадрыхтоўку, зыходзячы з асабістага разумення таго, як павінна быць. Так у нашу культуру стаў пранікаць фітнес. Цяпер мы знаходзімся на стадыі, калі дзве сістэмы існуюць паралельна: традыцыйна ў нас ёсць фізкультура ў садзе, школе, вну, арміі. А далей што? Ісці ў стандартную секцыю па канкрэтных відах спорту? А калі я не хачу займацца чымсьці канкрэтна? Вось тут і прыходзіць на дапамогу фітнес: зумба, лес мілс, пілатэс… Але яго ўзровень у нас яшчэ не еўрапейскі, скажам так. Раней быў грамадскі трэнер — чалавек, зацікаўлены ў сваёй справе, шмат ведаў, быў атэставаны. А цяпер, каб быць фітнес-інструктарам, дастаткова скончыць агульнаадукацыйную школу і двухтыднёвыя курсы. Чаму можа навучыць такі трэнер?.. Хіба што грошай зарабіць на кліентуры. Але ў першую чаргу ў яго павінна стаяць пытанне пра здароўе таго, каго трэніруе. Трэба разумець, што фізічныя практыкаванні — гэта лекі. Даў перадазіроўку — атрымаў адмоўны эфект. Менш — ніякага эфекту. У Еўропе трэнер — ён жа кінезіёлаг (вывучае стан здароўя па тонусе розных груп цягліц. — Аўт.). У амерыканскай сістэме трэба атрымаць шмат сертыфікатаў. І пакуль пройдзеш усе этапы, укладзешся фінансава, дзесяць разоў падумаеш, ці хочаш гэтым займацца. У нас такая сістэма толькі пачынае працаваць. Напрыклад, каб прасоўваць чыюсьці аўтарскую методыку, трэба быць членам клуба гэтага аўтара, а значыць прайсці ў яго навучанне і атрымаць пасведчанне, якое кожны год трэба пацвярджаць. Таму, перш чым адправіцца ў бліжэйшую ад дома спартзалу, раю высветліць, якая адукацыя і якія сертыфікаты ёсць у трэнера.

— А з чаго пачаць, калі хочацца перайсці на якасна іншы ўзровень жыцця: правільна харчавацца, трэніраваць цела — увогуле, добра сябе адчуваць?

— У клубе, дзе я працаваў, мы пабудавалі такую сістэму. Прапаную яе ўзяць сабе на заметку. Спачатку кліент адпраўляецца да спартыўнага ўрача альбо падае даведку пра медагляд. Доктар складае анамнэз, робіць камп’ютарную скрынінг-дыягностыку. Яна займае не больш за 5–7 мінут, можа вызначыць асаблівасці цела, патэнцыйныя небяспекі: праблемы з ныркамі, вагой і гэтак далей. Затым доктар дае рэкамендацыі і запрашае інструктара для сумеснай работы над праграмай. Працэс гэты паэтапны, працяглы. Спяшацца тут нікуды не трэба.

pxhere.com

— Сяргей Мікалаевіч, што прымушае людзей задумвацца пра сваё здароўе? Можна было б адказаць, што ўзрост, калі ўжо нешта баліць, не дае жыць паўнавартасна. Але ж і моладзь сёння актыўна цікавіцца гэтымі пытаннямі. Ды вы і самі з юнацтва — у спорце.

— Так, мне з маладога ўзросту было цікава даведацца, ці можна палепшыць свае генетычныя магчымасці. Чым я толькі ні займаўся! Барацьбой, цяжкай атлетыкай з 12 да 18 гадоў. Потым у войска забралі, там цяжкай атлетыкі не было, выбраў афіцэрскае мнагабор’е: крос, гімнастыка, кіданне гранаты, стральба, самба. Чаму цягне ўстаць з канапы і пачаць сабой займацца? Таму што менавіта з гэтай канапы хочацца ўставаць бадзёрым і без болю, асабліва па раніцах і ў любым узросце.

— А як прышчапіць дзіцяці правільныя звычкі?

— Усе звычкі фарміруюцца ў сям’і. Калі бацькі не займаюцца сабой, такі ж стыль жыцця будзе ў іхніх дзяцей. Хтосьці сустракаецца з сябрамі, каб папіць піва, марнуючы на гэта гадзіны два, а хтосьці дамаўляецца разам правесці час у трэнажорнай зале і там абмеркаваць надзённыя пытанні. Гэта ўжо называецца культура зносін. Прывяду ў прыклад свайго сына. Ніколі нічога яму не забараняў, дазваляў рабіць самастойны выбар, але тлумачыў сваю пазіцыю. Ён таксама з дзяцінства займаецца спортам і прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Як кажуць у войску: асабістым прыкладам…

— Цяпер ёсць столькі інфармацыі пра тое, што шкодна, што карысна, як трэба харчавацца… Вегетарыянства, раздзельнае харчаванне, дыеты па групе крыві, Крамлёўскія, інтэрвальныя дыеты… Спіс велізарны. А што ўсё ж такі есці або не есці — не зразумела.

— Ёсць такое паняцце: рацыянальнае харчаванне. Гэта калі мы правільна раскладваем прадукты па кампанентах бялкі-тлушчы-вугляводы, кантралюем каларыйнасць. Быццам бы нічога складанага, накшталт мы харчуемся нармальна: я не з’еў больш адной пячэнькі ў дзень, выпіў толькі адзін кубак кавы, без цукру. А бялкоў, тлушчаў, вугляводаў ды мікраэлементаў ўсё роўна не хапае. Чаму? Магчыма з‑за недастатковай засваяльнасці гэтых элементаў самім арганізмам. Што рабіць? Раіцца са спецыялістамі: гастраэнтэролагам, эндакрынолагам, нутрыцыёлагам з медадукацыяй. Бо дыет шмат, а біядабавак яшчэ больш, але яны могуць быць для вас небяспечнымі. Наогул, біядабаўкі — гэта канцэнтраваныя прадукты. І калі мы пераядаем, напрыклад, тварог, якога нельга ўжываць больш чым 200 г у дзень, то пры сістэматычным уздзеянні на арганізм кілаграмовых доз гэтага прадукту, атрымаем адхіленні ў рабоце пэўных органаў. Самае галоўнае — не кідацца ў крайнасці: «дрэнныя прадукты — есці не будзем». Трэба зыходзіць з таго, што ў нас ёсць. Вытворцы прадуктаў усё ж такі выконваюць мінімальную норму асцярожнасці. Кажуць, курыца ўся ў антыбіётыках. Але пры тэрмальнай апрацоўцы частка рэчываў выводзіцца з мяса! Ёгурт няякасны? Можна самастойна прыгатаваць, прадаюцца закваскі. Не трэба слухаць усіх і ўся. Кожны сёння імкнецца прыцягнуць увагу, каб прадаць свой прадукт, сваю тэорыю. З чаго пачаць і што рабіць? З мінімальнага. Напрыклад, прытрымлівайцеся дзённага пітнога рэжыму і агульнай каларыйнасці прадуктаў! Не разумееце, што за чым? Звярніцеся да спецыяліста, якому давяраеце.

— А вы ясце мяса?

— Ем. Лічу, што любую дыету трэба выкарыстоўваць толькі ў тым выпадку, калі ёсць нейкія праблемы са здароўем. Любы арганізм самаачышчацца. Досыць стварыць для гэтага мінімальныя ўмовы. Не трэба з галавой акунацца ў аюрведу, пераходзіць на аднабаковае харчаванне, унікаць у свой арганізм да клеткавага ўзроўню, калі вы не медык… Не хачу дрэнна казаць пра самавукаў, ёсць нядрэнныя. Але з самавукаў-трэнераў я бачыў адзінкі. У нас цяпер дыеталогіяй займаюцца ўсе, але падручнік па дыетолагіі, як правіла, ніхто не чытаў. Гэта навука аб метадах лячэння хворых з выкарыстаннем дыет, прадуктаў і дабавак. Лічу, што няправільна казаць: вегетарыянства — гэта нармальнае харчаванне. Калі ў чалавека ёсць праблемы са спажываннем мяса, назапашваюцца элементы, непатрэбныя арганізму — так. Але ўрач не скажа здароваму чалавеку не спажываць мяса. Бо ўся структура цела ў нас складаецца з бялка.

— У тэме здаровага ладу жыцця нельга не згадаць пра незалежныя ад нас глабальныя праблемы, такія як экалогія, напрыклад…

— Згодзен, экалагічная сітуацыя досыць складаная, асабліва ў нас з‑за Чарнобыля. І ў цэлым цывілізацыя мяняе лад жыцця: я кажу пра гіпадынамію ці так званы аператарскі профіль, калі сядзіш за камп’ютарам і вырашаеш пытанні без магчымасці перадыхнуць. Ды і каб паўнавартасна харчавацца, патрэбныя фінансы. Сасіскі каштуюць танней кавалка мяса, пагадзіцеся. Стаяць на кухні і гатаваць ежу — на гэта таксама час патрэбен. Рухальная актыўнасць — цяпер раскоша ў нейкім сэнсе: за тую ж спартзалу трэба плаціць. З усіх гэтых частак трэба неяк скласці пазл пад назвай ЗЛЖ. Дарэчы, мне асабіста дапамагаюць гаджэты, якія фіксуюць кожны мой рух і стан арганізма.

— Як вы ставіцеся да моднай цяпер з’явы — бодзіпазітыў?

— Як да лабіравання пэўных інтарэсаў. Калі гаворым пра ЗЛЖ — узнікае рэклама спартыўнага адзення і абутку той ці іншай маркі. Рэстаранам хуткага харчавання трэба прасоўваць свой прадукт, таму яны аспрэчваюць стандарт 90–60–90, напрыклад. І ствараецца нейкі раздрай у грамадстве. Але тут важна разумець, што гэта вайна не людзей, а эканамічных структур. Сам ЗЛЖ ці бодзіпазітыў — як прыняцце самога сябе, сыходзіць на другі план. Лічу, грамадства павінна рэгуляваць такія працэсы і не ўпадаць у крайнасці. Не павінна быць супрацьпастаўлення адных іншым.

Фатограф Анастасія Врагава:  «ЗЛЖ — гэта жыццёвая  філасофія»

Вегетарыянствам Насця захапілася, калі вучылася ў Мінскім дзяржаўным лінгвагуманітарным каледжы. Выйшла замуж, стала вядомым вясельным фатографам, неаднаразова атрымлівала ўзнагароды на розных міжнародных конкурсах. Яе з мужам Артурам, таксама фатографам, запрашаюць папрацаваць у Францыю, Італію, Грэцыю ды іншыя заходнееўрапейскія гарады. Лад жыцця Насця не змяніла. Я папрасіла расказаць: што паўплывала на яе выбар яшчэ ў ранняй маладосці.

— У 16 гадоў я пачала цікавіцца тэмай здаровага ладу жыцця, вывучаць літаратуру. І чым больш паглыблялася ў тэму, тым менш для мяне станавілася зразумелай узаемасувязь мяса і здароўя. Вядома, на тое, каб адчуваць сябе добра, уплывае шэраг фактараў: экалогія, фізічная актыўнасць, псіхалогія і гэтак далей. Ніякае здаровае харчаванне не выправіць сітуацыю, калі чалавек пастаянна недасыпае ці знаходзіцца ў нервовым напружанні. Харчаванне — не панацэя, але важная ўмова, каб адчуваць сябе «ў рэсурсе». Я адмовілася ад мяса, бо жывёльны бялок валодае высокай кіслотнай нагрузкай. Вядома, арганізм чалавека працуе на вывядзенне прадуктаў распаду. Але плата за аднаўленне кіслотна-шчолачнага балансу — дэмінералізацыя костак і клетак. Ды і пра тое, што для ўтрымання жывёл на фермах выкарыстоўваюцца антыбіётыкі ды «хімія», чулі, напэўна, усе. Гэта трапляе праз мяса ў наш арганізм. Спажыванне жывёльных прадуктаў выклікае вялікую рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, рака, астэапарозу, дыябету. А яшчэ я не хачу нават ускосна ўдзельнічаць у жорсткім стаўленні да жывёл. Адмова ад жывёльных прадуктаў — адзін з лепшых спосабаў зніжэння негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Хачу працытаваць PR-мэнэджара аднаго з мінскіх веганскіх кафэ Марту Скугараву: «Калі чалавек адмовіцца ад мяса на адзін дзень, то зэканоміць 3 тысячы літраў вады і выратуе ад высечкі 300 дрэў. Адмовіўшыся ад мяса толькі на дзень, вы можаце зрабіць для навакольнага асяроддзя больш, чым калі б вы пераселі за руль гібрыднага аўтамабіля і займаліся другаснай перапрацоўкай адыходаў». Справа ў тым, што жывёлагадоўля прыводзіць да павелічэння выкідаў парніковых газаў з‑за велізарнай колькасці метану, які выдаткоўваецца жывёламі (такая іх стрававальная дзейнасць). У выніку тэмпература на Зямлі павышаецца. Таксама вялікая частка вады на планеце выдзяляецца не на асабістыя патрэбы чалавека, а на індустрыю жывёлагадоўлі. Напрыклад, для вытворчасці 1 кг ялавічыны неабходна 43000 л вады, у той час як на вытворчасць 1 кг крупы — 1000 л. Але першапачатковай матывацыяй змяніць сістэму харчавання для мяне ўсё ж было імкненне заставацца здаровай і актыўнай доўгія гады. Іншыя фактары, якія пералічыла, працуюць у сукупнасці. Гэта не проста выбар сістэмы харчавання, гэта ўжо цэлая жыццёвая філасофія.

— Як адчуваеце сябе? Медыцына супраць такіх радыкальных метадаў.

— Сёння, праз 10 гадоў пасля адмовы ад мяса, адчуваю сябе выдатна! Некалькі гадоў рэгулярна абследуюся і здаю аналізы — усё ў норме, часам нават атрымліваю кампліменты ад лекараў. Але гэта доўгі шлях перабудовы арганізма. На пачатку можна адчуваць сябе нават горш, бо пачнецца актыўнае ачышчэнне і, як правіла, абвастраюцца хранічныя захворванні. Таму ні ў якім разе нельга змяняць рацыён рэзка і катэгарычна! Меркаванне традыцыйнай медыцыны пра тое, што мяса змяшчае незаменныя іншымі прадуктамі харчавання амінакіслоты, даўно падвяргаецца крытыцы. У традыцыйным медыцынскім дыскурсе вельмі рэдка закранаецца тэма мікрафлоры кішачніка і яе здольнасці фарміраваць тыя самыя «незаменныя» амінакіслоты, той жа B12. Проста ёсць шэраг умоў: чалавек павінен добра ачысціцца, ужываць шмат сырой клятчаткі для падсілкоўвання гэтай самай мікрафлоры, не дапускаць дысбактэрыёзу. Але калі людзі пераходзяць на раслінную ежу, часта надаюць мала ўвагі мэтанакіраванаму ачышчэнню арганізма. А шмат хто проста не можа есці сырую гародніну ў вялікай колькасці. Адпаведна, мікрафлора не можа выпрацоўваць неабходныя амінакіслоты. Патрэбен час, каб перабудавацца, аднавіцца. Гэта займае гады. І дэфіцыты амінакіслот на самой справе утвараюцца. Гэта не казкі, анемія — рэальная магчымая праблема (хай прабачаць мяне сябры-веганы!). Проста «вылазяць» яны, як правіла, праз некалькі гадоў. І таму чалавек вымушаны дабіраць іх дадаткова.

— У чым прынцыповая розніца паміж веганамі, вегетарыянцамі… Кім вы сябе лічыце і мужа?

— Ён есці малочныя прадукты. Перайшоў на вегетарыянства пасля трох гадоў сумеснага жыцця. Хоць вырас у вёсцы, бацькі заўсёды разводзілі свіней-курэй, і мяса ў сям’і было шмат. У маёй — таксама. Але цяпер і мае бацькі адмовіліся ад мяса. Сябе адношу да вегетарыянцаў, бо п’ю каву з малаком. Але астатнюю малочку не ем або магу нешта з’есці некалькі разоў на год, калі захочацца. Яшчэ мёд ем, а веганы яго адносяць да прадуктаў жывёльнага паходжання. Усе гэтыя катэгорыі «веган», «вегетарыянец», «сыраед» і гэтак далей даволі ўмоўныя. Напрыклад, ёсць веганы, якія дадаюць у рацыён раз у некалькі месяцаў сырыя жаўткі, каб папоўніць В12, але не перастаюць лічыць сябе веганамі. А для іншых людзей гэта ўжо можа быць вялікае адхіленне ад «веганскай філасофіі». Усіх па катэгорыях не падзеліш.

Псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога  псіханеўралагічнага дыспансэра  Уладзіслаў Іваноўскі:  «Думайце самі, вырашайце самі»

Ён ужо даваў для нашага выдання інтэрв’ю («Лінія асабістай абароны», № 4–2020). Тады ў двухгадзіннай размове мы закранулі шмат пытанняў, ахапіць якія ў адным артыкуле не атрымалася. Прыводжу ўрывак з таго інтэрв’ю, дзе ішла размова пра харчаванне.

— Уладзіслаў Георгіевіч, ужо ўсім вядома, што большасць прадуктаў у нас рафінаваныя, і таму неабходна дадаткова ўжываць вітаміны. Аднак ёсць нямала фактаў і пра тое, наколькі небяспечнымі могуць быць розныя харчовыя дабаўкі. Як быць? Каму верыць?

Фота аўтара

— Знаёмыя перыядычна скідваюць мне відэа пра нейкія навуковыя даследаванні, праведзеныя нейкай вядомай тэлекампаніяй, у выніку якіх высвятляецца, што нейкія БАДы прымаць нельга. (Я сам іх ужываю і ў вялікай колькасці.) Пачынаю ўдакладняць: што менавіта прымаў чалавек. Аказваецца, гаворка ішла пра сінтэзаваныя штучным шляхам вітаміны ў смешных дазіроўках. Правільна! Сінтэтыку ў вялікіх дозах даваць небяспечна. Вітаміны розняцца, і ў гэтым трэба разбірацца. Не можаце самі — звяртайцеся да аўтарытэтаў. Праўда — у тым, што калі хочуць павярнуць грамадскую думку ў патрэбны бок, недакладнасць фактаў дапушчальная. Напрыклад, калі мая сваячка вучылася на вэб-дызайнера, ёй давалі заданне зрабіць мультыплікацыйны фільм з сямю дадатковымі сэнсамі. Зрабіў менш пяці — экзамен не здаў. То бок, калі студэнты ўмеюць гэта рабіць, то што казаць аб прафесіяналах на тэлебачанні! Увогуле, калі коратка, то вам варта або вучыцца аналізаваць інфармацыю самастойна, альбо знайсці аўтарытэт у гэтым пытанні і прытрымлівацца яго рэкамендацый. Як у песні спяваецца: думайце самі, вырашайце самі, мець альбо не мець…

***

Пагутарыла я з рознымі людзьмі — і зрабіла для сябе банальную выснову: колькі людзей, столькі і меркаванняў. Адзінае, у чым усе сыходзяцца: кардынальна мяняць лад жыцця трэба паступова, рыхтуючыся да кожнага наступнага кроку. І чым раней, тым лепш. Мне здаецца, сучасная моладзь гэта разумее — добра выглядаць і быць здаровым цяпер у модзе.

А наогул, як кажуць, усе хваробы ад нерваў. Таму пачынаць, думаю, варта з добрага настрою. Нават мой сын у пяцігадовым узросце неяк сказаў: будзем адразу з раніцы весяліцца.

Аліса ГЮНГЕР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».