Вы тут

Рух па шляху экалагічнасці


Безумоўна, эканоміка — найважнейшы складнік устойлівасці любой дзяржавы. Яе ўмацаванне, вядома ж, актуальна і для Беларусі. Не разумець гэтага сёння было б як мінімум не дальнабачным. Так, эканоміка — гэта прыярытэт, тым больш, калі яна — інавацыйная.


Фота БЕЛТА

Так званыя «зялёныя аўтамабілі» на дарогах сталі ўжо нашай рэчаіснасцю. Для іх не трэба паліва — толькі зарадка ледзь не ад звычайнай разеткі. Простая і канструкцыя: электраматор, батарэя, чатыры колы. Але самая галоўная перавага — ніякіх выкідаў у атмасферу.

Яшчэ шэсць гадоў таму электразаправак у Беларусі было ўсяго тры. Адна ў Мінску, дзве — у Гомелі. На падзарадку машыны сыходзіла да васьмі гадзін. Спосаб надзейны, але не заўсёды зручны: абмяжоўваў у мабільнасці. У 2015‑м час зарадкі скараціўся да паўгадзіны. Праўда, заправіцца можна было далёка не ўсім — перавагу адчулі аўтамабілісты, якія рухаліся ў адну з самых «электрамабільных» на той момант частак Еўропы — Прыбалтыку па трасе Мінск — Вільнюс. Пераломным стаў 2018 год, калі быў вызначаны нацыянальны аператар і курс на далейшае пашырэнне выгод для электрамабіляў. Логіка тых новаўвядзенняў была досыць простая: з развітой інфраструктурай у беларусаў з’явіцца больш жадання набываць электрамабілі. Сёння ў галоўнай сетцы ЭЗС краіны «Беларуснафты» зарадных станцый 267. Далей — больш! У планах да 2022 года стаіць павелічэнне маштабаў і магчымасцяў сэрвісу такім чынам, каб абслугоўваць не 9 тысяч машын, а тысяч 35. Расказвае Аляксандр Драгун, дырэктар прадпрыемства «Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка»:

— На дадзенай зараднай станцыі — магутнасць 50 кілават. Зарадка за 25–30 мінут на 100 кіламетраў ходу. У перспектыве будуць больш хуткія зарадныя станцыі на 250 кілават, якія ў пяць разоў хутчэй зарадзяць электрамабіль: за 5–7 мінут на 100 кіламетраў ходу. Кірунак развіцця электрасеткі ідзе ў бок больш магутных зарадных станцый.

Яшчэ нядаўна для беларусаў электракары лічыліся задавальненнем не з танных. Па кішэні «біла» цана, плюс растаможка... Сёння ўслед за адменай дарожнага збору і мытнай пошліны для ўладальнікаў электракараў адменены падатак на дадатковую вартасць. А яшчэ — шэсць гадоў бясплатнай паркоўкі. Да пакета бонусаў нядаўна дадаўся яшчэ адзін адметны — «зялёныя нумары».

У Беларусі сёння актыўна развіваецца пасажырскі электратранспарт. Класічныя, з дынамічнай і ультрахуткай зарадкай. Пра беларускія электробусы ўпершыню загаварылі ў 2016 годзе. Мы першыя з краін СНД іх вытворчасць паставілі на паток.

— У апошні час мы ўшчыльную пачалі працаваць з тэматыкай аўтаномнага ходу, — распавядае Дзмітрый Паркаў, першы намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці прадпрыемства «Белкамунмаш». — Гэта наш перспектыўны кірунак, і па гэтым шляху будзем рухацца. Сёння мы займаемся асваеннем серыйнай вытворчасці ўласных батарэй, стварылі першы ўзор і будзем развіваць гэты кірунак далей. Таксама рухаемся і па шляху стварэння аўтобуса на вадародным паліве.

«Белкамунмаш» — ключавы пастаўшчык электратранспарту для ўнутранага рынку краіны. Геаграфія паставак расце і на знешнім: сёння больш за 90 працэнтаў айчыннай прадукцыі ідзе на экспарт. Нашы электробусы ўжо калясяць па 40 гарадах больш чым 23 краін! У наступным годзе тэхніка made іn Belarus адправіцца ў Вялікабрытанію, Польшчу, Іспанію.

Фота minsknews.by

Так, электробусы і бескантактавыя тралейбусы сталі драйверам транспартна-экалагічнай рэвалюцыі. Гэтай вясной свой першы электробус выпусціў і Мінскі аўтамабільны завод. Навінка апошняга пакалення здольная праехаць без падзарадкі буйны горад уздоўж і папярок. Запас ходу — да 300 кіламетраў, што параўнальна з перадавымі мадэлямі сусветных вытворцаў. А па дынаміцы разгону і сярэднім выдатку энергіі электробус пераўзыходзіць многія аналагі. Сёння МАЗ гатовы паставіць такую тэхніку на канвеер і ўжо ў наступным годзе акругліць колькасць сваіх электробусаў да дзесяці, а то і больш.

Сёння ў Беларусі распрацоўваецца комплексная праграма па пераходзе ўсяго грамадскага транспарту ў буйных гарадах на электрычны. Зрабіць гэта плануецца да 2025 года. Магутнай запамогай для развіцця экалагічна чыстага транспарту стане ўвод у эксплуатацыю Беларускай АЭС у Астраўцы. Па словах Міністра энергетыкі Віктара Каранкевіча, электратранспарт — адзін з важных напрамкаў для Беларусі:

— На самым высокім узроўні прыняты шэраг рашэнняў для стымулявання выкарыстання электратранспарту і развіцця зараднай інфраструктуры. Гэта стварыла асновы для паспяховага выкарыстання электратранспарту на ўнутраным рынку. Павялічана электраспажыванне зарадкі. Так, калі ў мінулым годзе гэта было каля 3,8 мільёна кілават-гадзін, то ў гэтым чакаем 12 мільёнаў. Рост больш чым у тры разы.

У пытаннях тэхналогій, якія з геаметрычнай прагрэсіяй растуць ва ўсім свеце, асабліва ў частцы машын будучыні, без навукі не абысціся. Да канца гэтага года цалкам айчынны электракар будзе выглядаць так: акумулятарная батарэя, кіруючая электроніка, зарадны модуль. Практычна ўсё начынне ў мінівэне беларускае. Засталося лакалізаваць вытворчасць электрарухавіка — і, як гаворыцца, у добры шлях! Машына разганяецца да 120 кіламетраў за гадзіну і на адным зарадзе можа праехаць 300 кіламетраў. Беларускі электрамабіль хутка стане надзейным памочнікам прадпрыемствам і арганізацыям. Менавіта на камерцыйны транспарт Акадэмія навук і ўзяла арыенцір.

Як высветлілася, выбар быў правільным, таму што на дадзены момант вельмі многія арганізацыі, прадпрыемствы і прыватныя структуры праяўляюць цікавасць да такога тыпу машын для выкарыстання іх у сваіх камерцыйных патрэбах.

Сёння ў Аб’яднаным інстытуце машынабудавання робяць усё: ад дызайну, разлікаў, праектавання да вопытных узораў і выпрабаванняў электрамабіля.

— Мы навучыліся фактычна з нуля праектаваць цягавыя электрарухавікі, сілавую электроніку — пераўтваральнікі, якія кіруюць гэтымі рухавікамі і забяспечваюць зарадку акумулятарных батарэй на аўтамабілі, — адзначае начальнік навукова-інжынірынгавага цэнтра НАН Беларусі Аляксандр Бялевіч. — Адным з самых вялікіх кампанентаў па аб’ёме і кошце з’яўляюцца цягавыя батарэі. Гэта ключавы кампанент, і мы навучыліся фармаваць батарэю на базе ячэек. У выніку можам смела сказаць, што ўмеем рабіць кампаненты, на базе якіх можна ствараць электрамабіль.

Гэты вялікі шлях, па якім многія ідуць дзесяцігоддзямі, нашы навукоўцы прайшлі за тры з невялікім гады.

У Акадэміі навук таксама працуюць над стварэннем камбайнаў па заліванні лёду і камунальнай тэхнікі з электрапрывадам. А што тычыцца лёгкага электратранспарту, то адным з першых яго пачаў асвойваць прыборабудаўнічы завод «Аптрон». Сёння прадпрыемства мае цэлую лінейку вопытных узораў: ад электрасамаката да электраматацыкла. Беларускія навукоўцы вядуць распрацоўкі ў сферы літыевых батарэй. Ужываюць электратэхналогіі і пры стварэнні беспілотных лятальных апаратаў.

Так, развіццё электратранспарту — нацыянальны прыярытэт. Паводле аптымістычных прагнозаў навукоўцаў, да 2025 года ў краіне будзе прыкладна 100 тысяч уладальнікаў электрамабіляў. На такую перспектыву ў Беларусі многае ўжо зроблена. Рух на заўтра — па шляху экалагічнасці.

Аляксандр Піменаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.