Вы тут

Цэннiкi на арэнду жылля леташнiя, але гаспадары згодныя на знiжкi


Жнiвень у сталiцы традыцыйна быў месяцам, калi зняць кватэру ў горадзе амаль немагчыма. Тэлефоны кватэр i агенцтваў у гэтыя днi звычайна абрывалi будучыя студэнты i iх бацькi, выпускнiкi i маладыя спецыялiсты, турысты i замежныя бiзнесмены. З прычыны пандэмii багатыя турысты ўжо не складаюць канкурэнцыю. Затое ў горад прыехала шмат першакурснiкаў. Мы пастараемся дапамагчы iм у пошуку таго самага «свайго» жылля.


Свабодных кватэр стала больш

Летнi час — заўсёды гарачы сезон для рынку арэнды. Гэтае лета, нягледзячы на ўсе знешнiя прычыны, не стала выключэннем. Калi ў чэрвенi мы ўсё яшчэ адыходзiлi ад крызiсу, звязанага з COVID-19, то ўжо ў лiпенi сiтуацыя нармалiзавалася. Навiны пра пандэмiю адышлi на другi план, людзi прывыклi да тых цэннiкаў, якiя сфармiраваў рынак. Потым назiралася павелiчэнне попыту як на загарадную нерухомасць (дачы i катэджы ў арэнду), так i на кватэры ў Мiнску.

Вядома, апошнiя падзеi паўплывалi на работу агенцтваў, але пры гэтым трэба разумець, што традыцыйны жнiвеньскi ажыятаж нiкуды не дзеўся. У тым, што людзi не памянялi сваiх планаў, рыэлтары пераканалiся ў другой палове апошняга месяца лета. Ажывiлася як доўгатэрмiновая арэнда, так i пасутачная.

Што датычыцца нейкiх глабальных змен на рынку арэнды, то iх няма: не памянялiся цэннiкi, кватэры таксама нiкуды не знiклi. Усё нiбыта па старому, але... У сувязi з пандэмiяй велiзарная колькасць кватэр на суткi перайшла ў ранг доўгатэрмiновай арэнды. А пры залiшняй канкурэнцыi, як вядома, цэны нязменна знiжаюцца.

Попыт застаецца стабiльны

На рынку арэнды кiруюць попыт i прапанова. Людзi тэлефануюць кожны дзень i пытаюцца пра варыянты. Як звычайна, самыя гарачыя аб'екты — недарагiя i невялiкiя кватэры. Вядома, такога ажыятажу, як летам пазамiнулага i мiнулага гадоў, няма, але работа не спынiлася.

Самы вялiкi попыт — у сегменце стандартных кватэр коштам 250—300 долараў у месяц. У гэтым дыяпазоне цэн прапануюцца адна- i двухпакаёўкi. Менавiта такiя апартаменты сёння шукаюць i глядзяць. Партал realt.by заняўся пошукам танных кватэр з цэннiкам да 200 долараў. За адзiн дзень удалося адшукаць каля дзесяцi такiх аб'ектаў. Гэта першапачаткова было жыллё «на аматара» — старэнькая мэбля, пацёртая падлога i не зусiм свежыя шпалеры. Але там сустракалiся i кватэры ў сучасных дзевяціпавярховых дамах або з амаль новай пральнай машынай.

Што датычыцца варыянтаў VIP-узроўню, то там усё ў рэжыме чакання. Паколькi попыт на гэтыя кватэры фармiраваўся ў асноўным замежнымi клiентамi, то сёння яго фактычна няма.

З чаго пачаць пошук?

У тых, хто жадае зняць кватэру, ёсць выбар сярод вялiкай колькасцi варыянтаў i цэн, i ў гэтым заключаецца першая цяжкасць — разгубiцца ў такой разнастайнасцi лёгка. А яшчэ не хочацца пераплацiць або сутыкнуцца з ашуканцамi. Падчас пошуку арэнднага жылля чалавек аказваецца перад выбарам: шукаць праз агенцтва або рабiць гэта самастойна. У кожнага са спосабаў ёсць свае вартасцi i недахопы.

Як знайсцi кватэру праз агенцтва? Да гэтага варыянта часта прыходзяць ад нежадання займацца пошукам самастойна або па неспрактыкаванасцi, калi чалавек, абзванiўшы з дзясятак аб'яў i пастаянна натыкаючыся на агентаў, вырашае, што iншага спосабу знайсцi кватэру няма. На самай справе спосабы, вядома, ёсць.

Аднак баяцца агенцтваў не варта. Добры пасрэднiк дазволiць вам сэканомiць час, нервы i зберажэ ад рызык. Плюсамi звароту да агента будуць легальнасць i празрыстасць здзелкi, праверка гiсторыi кватэры i арэндадаўца прафесiяналамi, адсутнасць патрэбы марнаваць час на самастойны пошук жылля i афармленне неабходных дакументаў. Ну а мiнус заключаецца ў тым, што давядзецца панесцi дадатковыя выдаткi i аплацiць аказаныя паслугi. Добрасумленныя агенты, як правiла, бяруць плату толькi па факце засялення — абавязкова звяртайце ўвагу на гэты момант. Калi з вас патрабуюць перадаплату, вялiкая iмавернасць, што пасрэднiк нядобрасумленны.

Сярэднi цэннiк за падбор кватэры ў Мiнску сёння складае 10 базавых велiчынь, або 270 рублёў, але некаторыя агенцтвы прывязваюць сваю стаўку да цаны месячнай арэнды i могуць браць да 50 % ад яе.

Калi вы хочаце скарыстацца паслугамi агентаў i атрымаць якасны сэрвiс, лепш звяртацца ў буйныя кампанii з добрай гiсторыяй i вялiкай колькасцю станоўчых водгукаў. Пры гэтым водгукi лепш глядзець у незалежных крынiцах, напрыклад на сайтах аб нерухомасцi, не надта давяраючы водгукам з сайта самой кампанii або рэкламным слоганам. Перад зваротам у агенцтва нерухомасцi пашукайце сярод сваiх знаёмых тых, хто ўжо карыстаўся такiмi паслугамi, распытайце iх пра ўражаннi.

Агенцтва-«рыбалоў»

Высокi ажыятаж у сферы арэнды прыцягвае ў яе i ашуканцаў, i нядобрасумленных пасрэднiкаў. Самая распаўсюджаная хiтрасць нячыстых на руку агентаў — фэйкавыя аб'явы альбо аб'явы аб здачы ўжо здадзеных кватэр, якiя працуюць як прынада.

Усе падобныя аб'явы раднiць вельмi прывабная цана за добры варыянт жылля. Як гэта працуе? Калi вы тэлефануеце на паказаны нумар, вам называюць наступныя ўмовы: прыехаць у офiс, заключыць дагавор, аплацiць паслугi. Пасля гэтага «проста сёння» можна будзе паехаць паглядзець кватэру. Калi вы кажаце, што хочаце аплацiць паслугi па факце засялення, вам альбо адказваюць, што агенцтва працуе толькi па перадаплаце, альбо абяцаюць звязацца пазней i больш не ператэлефаноўваюць.

Тыя ж клiенты, хто згаджаецца, пасля аплаты даведваюцца, што кватэра, на жаль, ужо здадзена, але можна паглядзець iншыя варыянты (натуральна, ужо не такiя прывабныя). А паколькi грошы аддадзены i дагавор падпiсаны, мала хто выбiрае проста развярнуцца i сысцi — застаецца толькi супрацоўнiчаць з такiм агенцтвам.

Пяць правiл, якiх варта прытрымлiвацца

  • Першае. Пры аглядзе жылля правярайце ўсё: сантэхнiку, бытавую тэхнiку, мэблю, вокны, дзверы. Складаючы дагавор арэнды, апiсвайце ў iм стан усяго агледжанага, каб пазней не ўзнiкла рознагалоссяў з уладальнiкам.
  • Другое. Калi ўладальнiк выклiкае ў вас недавер або здаецца дзiўным, варта адмовiцца ад гэтай кватэры. У далейшым камунiкацыя са складаным чалавекам можа моцна папсаваць нервы або прымусiць з'ехаць у нечаканы момант.
  • Трэцяе. Праверце пасведчанне аб праве ўласнасцi ў таго, хто здае вам кватэру. Даныя ў пасведчаннi i ў пашпарце павiнны супадаць. Заключайце дамову толькi з гэтым чалавекам. Калi ўласнiкаў некалькi, неабходны пiсьмовы дазвол ад кожнага з iх.
  • Чацвёртае. Азнаёмцеся з гiсторыяй камунальных плацяжоў. Так вы заб'яце адным стрэлам двух зайцоў: даведаецеся пра рэальны кошт «камуналкi» i праверыце, цi няма запазычанасцi па выплатах, каб потым на вас не легла iх пагашэнне альбо ў кватэры не адключылi ваду ці святло.
  • Пятае. Заўсёды заключайце дагавор! Без выключэнняў. Гэта засцеражэ вас ад падману з боку ўладальнiка i абаронiць ад рызыкi апынуцца на вулiцы з рэчамi пасярод ночы.

Некалькi парад студэнтам

Аўтар гэтых радкоў са сваёй сяброўкай (а потым жонкай) цэлых 13 гадоў пражыў у Мiнску на здымных кватэрах. Так што мае рэальны вопыт жыцця «на чамаданах». Вось вырашыў падзялiцца.

Не выбiрайце сабе жыллё побач з iнстытутам, унiверсiтэтам, каледжам цi вучылiшчам. Паверце, гэта неiстотна. Больш за тое, здымаць жыллё ў аддаленых раёнах нават добра. Па-першае, так iншагароднiм спачатку прасцей вывучыць горад. Па-другое, пакоi i кватэры не ў цэнтры могуць каштаваць адчувальна танней. Не варта баяцца доўгай дарогi на вучобу i дадому — на самай справе ў студэнцтве даволi шмат вольнага часу, да таго ж у дарозе можна нешта вучыць.

Калi вы студэнт, то лепш з гаспадаром жылля не «фiнцiць». Тут самае галоўнае — быць шчырым. Студэнту без вечарынак не абысцiся: на вулiцы збiрацца холадна, а ў кавярнi — пакуль дорага. Варта сумленна папярэдзiць гаспадароў, што госцi будуць, але вы гарантуеце чысцiню i парадак. Увогуле, давядзецца пагаварыць па-даросламу. I паводзiць сябе адпаведна: не варта заводзiць коцiкаў i сабачак, а потым хаваць iх ад гаспадароў. Усё роўна заўважаць.

Калi вы, напрыклад, знайшлi жыллё, якое выглядае прыстойна на фотаздымках i падыходзiць па цане, трэба стэлефанавацца з гаспадарамi, каб паглядзець кватэру на свае вочы. Калi пры знаёмстве арэндадавец здаецца вам хоць трошкi дзiўным — бяжыце. У будучынi гэтыя дзiвацтвы выявяцца ў дзвесце разоў мацней. Гэта дакладна.

Бывае, класная кватэра засланяе розум, i не надта ўнiкаеш, якi гаспадар чалавек. А гэта важней: трэба адразу дамаўляцца пра распiскi i перавод грошай — лепш на картку, — умовы магчымых рамонтаў i гэтак далей. Я неяк зняў кватэру, зрабiў там мiнiмальны рамонт, а пасля яго цану за кватэру адразу павысiлi. А потым увогуле папрасiлi «на вулiцу».

Калi ўжо складаць дагавор, то трэба абавязкова зафiксаваць у iм iншыя важныя моманты: як вярнуць заклад (калi ён ёсць), стан кватэры (мэблi, тэхнiкi, рамонту) да вашага ўезду. Дамовiцца трэба загадзя i пра тое, хто аплачвае камуналку. Калi гэта робiць гаспадар, прасiце паказаць плацежкi: могуць быць выпадкi, што вы аддаяце 60 рублёў, а рэальна арэндадаўцу патрэбна толькi 40.

Майце спiс рэчаў, якiя абавязкова трэба праверыць. Па-першае, гэта вокны. Даведайцеся, цi не прадзьмувае, цi адчыняюцца рамы або яны забiтыя. Лепш, каб стаялi шклопакеты, — старыя драўляныя рамы не самая надзейная рэч.

Потым iдуць сантэхнiка i астатнiя, здавалася б, дробязi. А насамрэч дробязяў няма, асаблiва бачок у прыбiральнi — не саромейцеся на ўсё нацiскаць i круцiць краны, бо потым гэтым давядзецца карыстацца. Таксама трэба праверыць усю бытавую тэхнiку: калi нешта зламанае, удакладнiце, цi ў курсе гаспадар, што так ужо было. Гэта важна зафiксаваць, каб потым не расплачвацца за чужыя памылкi.

Будзьце гатовы з'ехаць у любы момант

Заўсёды ведайце, што гэта рэальнае жыццё. Нават з заключаным дагаворам трэба спадзявацца на лепшае, а разлiчваць на горшае.

Аднойчы мы са сваёй будучай жонкай адзначалi мой юбiлей (25 гадоў), ды так, што суседзi паскардзiлiся гаспадарам. Яны прыехалi на наступны ж дзень i папрасiлi мяне адразу з'ехаць, нягледзячы на заключаную дамову. Удалося дамовiцца на падаўжэнне тэрмiну высялення на тыдзень, хоць наогул гэта гаспадары парушылi ўмовы дагавора. Я тады гэтага не ведаў, а таму не стаў адстойваць свае правы.

I яшчэ. Цэны на кватэры могуць змянiцца ў залежнасцi ад сезону. Напрыклад, у канцы лiпеня (сёлета пазней) попыт на жыллё расце, а значыць, могуць i цэны. Пiк спадае дзесьцi да канца лiстапада. Да наступнага лета ўсё застывае на адным узроўнi. Таму можна пажыць пару месяцаў у кагосьцi i шукаць свой варыянт потым або задумацца над пошукам кватэры загадзя.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

Жыццёвы шлях Якава Крэйзера. Першы камдзiў, якi атрымаў Зорку Героя, заслужыў яе, абараняючы Барысаў

У пачатковы перыяд Вялiкай Айчыннай вайны зацятыя баi разгарнулiся пры абароне Барысава — старадаўняга беларускага горада на Бярэзiне. 

Грамадства

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

Схадзіць на «Куфар» і застацца без грошай. На папулярным сайце можна сустрэць махляра, замаскіраванага пад пакупніка

«Лічбавыя жулікі», якія здымаюць грошы з чужых банкаўскіх карт, звычайна маскіруюцца пад інтэрнэт-рэсурсы, вартыя даверу.