Вы тут

Дызайнер iнтэр'ераў Святлана Пухоўская: Любiмага колеру ў мяне няма


Шмат каму, напэўна, знаёма пачуццё разгубленасцi, калi заязджаеш у новую, яшчэ неабжытую кватэру з нязвыклым пейзажам за вокнамi i незнаёмым размяшчэннем дзвярэй. Або робiш капiтальны рамонт — уся мэбля вынесена, пустая i гулкая прастора здаецца чужой, i раптам становiцца незразумела, што з ёю рабiць далей. Цi, нарэшце, увасобiў даўнюю мару, пабудаваў уласны дом — i ў яго пустых пакоях замест радасцi адчуваеце няўпэўненасць. Менавiта ў такiх выпадках (калi сродкi дазваляюць) варта звярнуцца да нашай суразмоўнiцы. З дызайнерам iнтэр'ераў Святланай Пухоўскай мы размаўляем пра апошнiя трэнды ў арганiзацыi жылой прасторы i пра тое, як упiсаць вобразы з глянцавых часопiсаў у паўсядзённае жыццё.


Аб прыгажосцi, сумленнi мастака i прозе жыцця

— Дызайнер — гэта мастак. Але ж ёсць i iншы бок — заказчык. Напэўна, жыць у рэалiзаванай мары iншага чалавека, хай нават i прафесiянала, гатовы далёка не кожны?

— Правiла «клiент заўсёды мае рацыю» нiхто не адмяняў. Галоўная задача дызайнера — зрабiць так, каб чалавеку, якi будзе жыць у гэтым доме цi кватэры, было камфортна. Можна стварыць вельмi стыльны iнтэр'ер, дзе канапа павiнна стаяць толькi ў адным мажлiвым пункце, таму што гэта каляровы акцэнт, якi знаходзiць водгук з вазай таго ж колеру на далёкай кухнi, — i рухаць канапу, як i прыбiраць са стала вазу, нi ў якiм выпадку нельга, iнакш акцэнт водгуку не знойдзе. Але цi зможа ў такiм iнтэр'еры жыць заказчык? Гэта будзе не жылое памяшканне, а шоўрум дызайнера. А заказчык з часам пачне ўсё перарабляць сам — i вось тады будзе кашмар. Сваю задачу я бачу ў тым, каб чалавек застаўся задаволены, i пры гэтым каб маё сумленне мастака было чыстае, таму што атрымалася сапраўды прыгожа. На першым этапе працую як псiхолаг: уважлiва слухаю i спрабую зразумець, што ж на самай справе трэба чалавеку, якi да мяне звярнуўся. Ведаеце, калi мне задаюць пытанне: «Якi твой любiмы колер?» — я не магу на яго адказаць. У мяне няма любiмага колеру. Гэта ў маiх клiентаў ёсць перавагi ў каляровай гаме — напрыклад, непераноснасць цёмнага. У мяне была заказчыца, прафесар медыцыны, якая працуе ў сферы анкалогii. Яна ў катэгарычнай форме адмовiлася ад любых цёмных адценняў у сваiм доме: «Не ўяўляю, як можна жыць у цёмным пакоi!» А наогул я стараюся не вяртацца ў свае iнтэр'еры, таму што ад гэтага адчуваю разгубленасць. Неяк мне трэба было сфатаграфаваць праект праз некалькi месяцаў пасля яго завяршэння. Зайшла ў дом — i мне стала сумна. Канапы засланыя нейкiмi пакрывальцамi савецкага ўзору, сталы заваленыя, падаконнiкi застаўленыя. Гаспадары кажуць: «Здымайце, калi ласка». А фатаграфаваць ужо няма чаго. Атрымалася знайсцi толькi адзiн некрануты куток, дзе яшчэ засталася прыгажосць. Напэўна, гэта няправiльна — так дбайна ставiцца да вынiкаў сваёй працы...

— Хто вашы заказчыкi?

— Часцей за ўсё гэта досыць маладыя людзi. Узроставы дыяпазон — ад 25 да 45-50 гадоў. Зразумела, што гэта людзi дастаткова забяспечаныя. Часам у дызайн кватэры цi дома трэба ўкласцi яшчэ адзiн кошт гэтай кватэры або дома. Але, зразумела, усё залежыць ад пажаданняў: гэта можа быць i танней.

— Святлана, прабачце за гэтае пытанне, але цi сапраўды дызайн жылога памяшкання настолькi неабходны? Шмат каму дастаткова проста даху над галавой i самых простых прадметаў мэблi, а цi спалучаюцца яны памiж сабой — магчыма, не вельмi важна...

— Ведаеце, па маiх назiраннях прыгажосць сапраўды ратуе. Гэта не фразеалагiзм, гэта факт. Чалавек падаўжае сабе жыццё, калi знаходзiцца ў прыгажосцi. Ён папраўляе здароўе, становiцца мацнейшы фiзiчна, лягчэй пераносiць стрэсы. Жывучы ў прыгажосцi, чалавек i адпачывае, i аднаўляецца хутчэй. Навакольнае хараство папаўняе сiлы, стымулюе нас на нешта новае, робiць лепшымi. Цi лёгка кiнуць на падлогу абгортку ад шакаладкi ў музейнай зале, дзе нас акружае прыгажосць? Рука не падымецца. А калi паўсюль валяюцца абгорткi, агрызкi i пустыя пачкi ад цыгарэт, чаму б не кiнуць яшчэ адну паперку? Калi дома бардак, шпалеры адклейваюцца i пад вугал канапы падкладзена кнiжка, каб канапа не хiсталася, вам будзе лянотна не тое што ўборку зрабiць — у вас наогул рукi апусцяцца. А калi дома добры рамонт, яго захочацца падтрымлiваць. Зразумела, што сапраўдная прыгажосць схаваная ўнутры, але i знешняя чалавеку неабходна. Прыгожае адзенне, якое мы надзяваем, прыгожыя iнтэр'еры, у якiх мы жывём, — усё гэта стымулюе нас на поспех i развiццё.

Аб модзе, густах i няўпэўненасцi

Класiчны стыль у афармленнi жылой прасторы.

— Цi бывае, што погляды заказчыка i дызайнера кардынальна разыходзяцца?

— Часам з клiентамi сапраўды бывае няпроста. Нярэдка, напрыклад, муж i жонка супярэчаць адно аднаму ў сваiх пажаданнях. Бываюць i смешныя выпадкi. Нам прывезлi плiтку. На другiм баку плiткi была стрэлка, якая паказвала напрамак раскладкi, каб малюнак быў правiльны. I раптам чую ад заказчыцы: «Плiтку кладуць няправiльна». Удакладняю, чаму. Яна адказвае: «Стрэлка заўсёды павiнна быць накiравана ўверх!» Была ў мяне заказчыца, для якой я зрабiла iнтэр'ер у загадзя абгавораным стылi, а пазней яна вырашыла, што хоча нешта iншае. I паставiла мне некалькi ўмоў, якiя спачатку здалiся ўзаемавыключальнымi. Некалькi тыдняў я не магла пачаць працаваць, таму што гэтыя патрабаваннi проста не атрымлiвалася сумясцiць. Але ўрэшце я зрабiла так, як хацела заказчыца, нават разумеючы, што раблю заведама горш, чым было першапачаткова. Я зрабiла гэта, бо не мне, а ёй жыць у гэтым доме, i лiчу, што паступiла правiльна. Часам даводзiцца чуць: «У нас быў не вельмi прафесiйны дызайнер!» А я знаёмая з гэтым чалавекам i добра ведаю, што ён — выдатны спецыялiст. Проста ён не хоча слухаць клiента i не гатовы «наступаць на горла ўласнай песнi». А я, выслухаўшы, бяру заказчыка за руку i вяду за сабой да правiльнага разумення прыгажосцi — без усякага гвалту. У гэтым задача прафесiянала. Магу сказаць, што айчынным дызайнерам у чымсьцi пашанцавала: у Беларусi шмат людзей з добрым густам. Але яны не ўпэўненыя ў сабе i сваiм гусце, iм трэба дапамагчы знайсцi ўласнае бачанне прыгажосцi i ўвасобiць яго ў iнтэр'еры свайго дома.

Скандынаўскi стыль у iнтэр'еры.

— А што цяпер у модзе? Дызайн iнтэр'ераў падпарадкоўваецца трэндам, або ўплыў моды тут не такi вялiкi, як, напрыклад, у дызайне адзення?

— Зразумела, мода ў дызайне iнтэр'ераў прысутнiчае. Бо дызайн i мода — наогул звязаныя памiж сабой паняццi. Але мода ў дызайне iнтэр'ераў (асаблiва калi гаворка iдзе пра жылыя памяшканнi) не настолькi мабiльная i пераменлiвая, як, напрыклад, у дызайне адзення. У сярэднiм яна змяняецца раз у дзесяцiгоддзе, а глабальна — раз у стагоддзе. Цяпер у модзе экалагiчнасць: шмат святла, практычнасць i адсутнасць «празмернасцяў». Гэта ў першую чаргу так званы скандынаўскi стыль — белы iнтэр'ер з яркiмi каляровымi акцэнтамi. Імі могуць быць падушкi, арт-аб'екты, рамачкi на сценах. Iншымi словамi, практычны i зручны iнтэр'ер застаецца ў трэндзе ўжо досыць шмат гадоў. Ён аптымальны для жыцця. Калi сродкi дазваляюць, можна спынiцца на класiцы — яна заўсёды актуальная. Але класiка патрабуе досыць багатага аздаблення: натуральнае дрэва i тканiны, мэбля з масiву. I канешне, зараз актуальны стыль ар-дэко. Ён з'явiўся ў мiнулым стагоддзi i аформiўся за тры дзесяцiгоддзi памiж дзвюма сусветнымi войнамi. Яго фiласофiя — жаданне жыць. Ар-дэко стаў пераемнiкам мадэрну, але на яго паўплывалi i кубiзм Пiкаса, i канструктывiзм, i эстэтыка ўсходнiх iнтэр'ераў. Калi ў любым iншым iнтэр'еры выкарыстоўваюць адзiн-два акцэнты, то ў ар-дэко ўсё — акцэнт. Таму тут так важна захаваць пачуццё меры. На жаль, цалкам стварыць iнтэр'ер у стылi ар-дэко атрымоўваецца не часта — гэта досыць дорага для заказчыка. Хоць i ў Мiнску я гэта рабiла. Але часцей нашы суайчыннiкi аддаюць перавагу больш простым i мiнiмалiстычным стылям. У гэтым мы падобныя з Еўропай. Я працавала ў Германii — там дарагi дызайн лiчыцца дарэчным толькi ў iнтэр'ерах рэстаранаў i пяцiзоркавых атэляў. Дома нават забяспечаныя людзi абiраюць дэмакратычны i лаканiчны скандынаўскi стыль. Быў, праўда, у мяне адзiн па-сапраўднаму раскошны праект. У гiстарычнай частцы Дрэздэна, з мэбляй ад Рычарда Гая, у маiм любiмым стылi ар-дэко, дзе кожная дэталь была з разыначкай. Але заказчыкамi былi не этнiчныя немцы, а нашы суайчыннiкi, якiя пераехалi ў Германiю i пражылi ў Саксонii ўжо больш за 20 гадоў.

Арт-дэко.

— А што яшчэ вы можаце сказаць пра густы беларусаў у дызайне iнтэр'ераў?

— На жаль, жыхары нашай краiны крышачку закамплексаваныя ў выбары колераў, баяцца яркiх тонаў. Першае, што я, як правiла, чую ад клiента, — «Мне што-небудзь спакойненькае, бэжавае або карычневае». Нават «няяркае блакiтнае» — гэта ўжо смела. Радуе, што ад карычнева-бэжавых колераў у iнтэр'еры мы паступова адыходзiм. З'яўляюцца, напрыклад, адценнi шэрых тонаў. Гэты колер мае ў афармленні iнтэр'ераў вялiкi патэнцыял, ён прадстаўляе дызайнеру надзвычай шырокую палiтру адценняў, як цёплых, так i халодных. Паступова клiенты пачынаюць прымаць складаныя колеры ў iнтэр'еры: прыглушаныя бэзавы, фiсташкавы, ружовы. З'явiўся i чысты блакiтны колер — раней яго не хацелi. I нават белы. Яшчэ пяць-шэсць гадоў таму нашы людзi лiчылi, што белы — «бальнiчны колер». Мiж тым ён такi ж мнагастайны, як i шэры, чырвоны, карычневы.

Каму гэта па кiшэнi?

— Як працуе дызайнер iнтэр'ераў?

— Прафесiянал можа стварыць дызайн пакоя, узяўшы за адпраўны пункт рамку для фатаграфii. Дапусцiм, клiент любiць вось гэтую рамачку. Я пачынаю думаць, дзе б яна магла вiсець або стаяць. Спачатку патрэбны каркас — правiльна арганiзаваная прастора, а потым на гэты каркас мы «надзяваем» сам iнтэр'ер. Вобразна кажучы, «касцюм» можа быць любы — ад дзелавога стылю да кэжуал. Так што вельмi важна першапачаткова правiльна арганiзаваць прастору. Чалавечае вока заўсёды iмкнецца да правiльных формаў — да квадрата або кола, у гэтых аб'ёмах чалавек адчувае сябе камфортна. Гэта i называецца «ўтульнасць». Нават прастору няправiльнай формы можна зрокава змянiць пры дапамозе афармлення столi або падлогi, люстэркаў або расстаноўкi мэблi — i вось ужо памяшканне здаецца вам утульным. Першае, на што мы падсвядома звяртаем увагу, уваходзячы ў пакой, — гэта яго форма i колер. Якi колер выклiкае ў вас прыемныя асацыяцыi — залежыць ад вашых iндывiдуальных схільнасцяў. Але i тут ёсць правiлы. Напрыклад, недапушчальныя кiслотныя адценнi ў дэкоры сцен. Затое яны могуць быць дарэчныя ў арт-аб'ектах, якiя расстаўляюць акцэнты: дызайнерскае крэсла, таршэр, рамкi, вазы.

— Дызайн iнтэр'еру — наколькi гэта доўга па часе? I ўсё ж такi: наколькi гэта дорага?

— Зразумела, што работа над iнтэр'ерам кватэры, а тым больш дома, — гэта доўга. Праходзiць мiнiмум шэсць месяцаў з таго моманту, як людзi прыйшлi да мяне ўпершыню, i да дня, калi я запрашаю iх ацанiць вынiк маёй працы. Дызайнер стварае iнтэр'ер «пад ключ» — выбiрае мэблю, рашэннi для асвятлення прасторы, шторы, дэталi i акцэнты. Гэта апошнi чалавек, з якiм развiтваюцца гаспадары, — значна пазней, чым з будаўнiкамi i аддзелачнiкамi. I часта — першы чалавек, якi прыходзiць у iх кватэру, — яшчэ да будаўнiкоў. Я раблю будаўнiчыя чарцяжы, па якiх яны працуюць. I, зразумела, у мяне ёсць свае будаўнiчыя брыгады, з якiмi я ўвесь час супрацоўнiчаю, як i свае мэбельшчыкi, мноства iншых спецыялiстаў. А наконт цаны... у прынцыпе, дызайн iнтэр'ера магчымы пры любым бюджэце.

Аляксандра Анцэлевiч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».