Вы тут

На Міншчыне чвэрць цяпла атрымана пры дапамозе мясцовых відаў паліва


Мінская вобласць з'яўляецца лідарам у краіне па выкарыстанні ўзнаўляльных крыніц энергіі ў кацельна-пячным ацяпленні. Прыкладна чвэрць выпрацаванага цяпла атрымана з дапамогай мясцовых відаў паліва. У цэнтральным рэгіёне ўсё больш з'яўляецца кацельняў, якія працуюць на гэтых рэсурсах, што дазваляе эканоміць валюту і зберагаць экалогію.


— Высокая ўдзельная вага спажывання мясцовых відаў паліва ў Бярэзінскім, Вілейскім, Капыльскім, Крупскім, Лагойскім, Любанскім, Старадарожскім і Чэрвеньскім раёнах, — уводзіць у курс справы начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, энергетыкі і паліва Мінаблвыканкама Аляксандр Яхнавец. — У 2019 годзе ў Мінскай вобласці ўведзена ў дзеянне шэсць энергакрыніц на мясцовых паліўна-энергетычных рэсурсах сумарнай магутнасцю 28,7 МВт. Гэта — у вёсках Лугавая Слабада Мінскага, Каралёва Уздзенскага, Морач Клецкага раёна, аграгарадку Блонь Пухавіцкага раёна і ў горадзе Чэрвень.

Кацельня ў Чэрвені, якую мы наведалі з фотакарэспандэнтам, сапраўды ўражвае. Гэты сучасны аб'ект аснашчаны, так бы мовіць, па апошнім слове тэхнікі. Зладжаная бесперапынная работа абсталявання ў многім залежыць ад аператара кацельні, які кантралюе ўсе працэсы, выведзеныя на экраны камп'ютараў.

— Абсталяванне манціравалі спецыялісты літоўскай фірмы. Такога практычна няма нідзе ў краіне на аналагічных аб'ектах, — упэўнены начальнік кацельнай гаспадаркі Уладзімір Клім.

У адным з залаў заўважаем два катлы.

— Гэта газавыя, кожны па 3 МВт. Выкарыстоўваем іх як рэзервовыя, — тлумачыць Уладзімір Канстанцінавіч.

— У якіх выпадках іх запускаеце?

— Калі на вуліцы стаяць траскучыя маразы — мінус 27 градусаў і ніжэй. Прычым, уключаем паралельна і катлы на шчэпцы. Працуем мы толькі першы год. Зіму перажылі нармальна, магутнасцяў хапае. Шчэпка паступае да нас з лясгасаў у дастатковай колькасці. У нас таксама ёсць свая машына для здрабнення адходаў, драўніны. Як правіла, на складзе захоўваецца сямідзённы запас шчэпкі. На сённяшні дзень яе нават больш.

— А што, калі раптоўна знікне электраэнергія? — цікаўлюся ў свайго суразмоўніка.

— У гэтым выпадку аўтаматычна ўключаецца генератар, — адказвае ён.

— Якое цяпло больш эфектыўнае — ад газу або ад шчэпкі?

— У кожнага віда паліва свая цеплааддача. Але па сабекошце шчэпка абыходзіцца танней, бо газ купляем за валюту за мяжой, а шчэпка свая, айчынная, — гучыць у адказ.

Раней на месцы, дзе цяпер стаіць новая кацельня, была старая газавая. Памяшканне знеслі і на яго месцы пабудавалі новае. Кацельня забяспечвае цяплом і гарачай вадой значную частку горада — 1200 кватэр, бальніцу, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, хутка побач з'явіцца і новы дзіцячы садок.

Апе­ра­та­ру Тац­ця­не Крас­на­гір да­ру­ча­ны кант­роль за дзей­нас­цю аб­ста­ля­ван­ня ка­цель­ні УП «Чэр­вень­ская ЖКГ».

Сёлета будзе ўведзена ў дзеянне і кацельня на 21 МВт на шчэпцы ў вёсцы Бараўляны Мінскага раёна. Работы тут падыходзяць да заключнай фазы.

— На сённяшні дзень у Бараўлянах працуюць газавая і модульная кацельні. У аграгарадку Лясны таксама дзейнічае газавая. З мэтай адыходу ад спажывання «блакітнага паліва» і эканоміі валюты было прынятае рашэнне аб будаўніцтве кацельні на шчэпцы, — кажа намеснік галоўнага інжынера па будаўніцтве Яўген Міхалевіч. — Гэтая кацельня ўзводзіцца з перспектывай забудовы двух населеных пунктаў.

Сапраўды, аграгарадок Лясны і вёска Бараўляны практычна зліліся і нагадваюць мегаполіс, дзе пражывае каля 60 тысяч чалавек. Прычым з кожным годам насельніцтва прыбывае. Таму новая кацельня тут будзе не лішняй.

— Фінансаванне аб'ектаў ажыццяўляецца за кошт сродкаў абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў, пазабюджэтнага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі Беларусі, уласных сродкаў арганізацый, крэдытных рэсурсаў, — канстатуе Аляксандр Яхнавец. — У прыватнасці, на Міншчыне ў 2017—2019 гадах з'явіліся тры энергакрыніцы на фрэзерным торфе ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі з прыцягненнем 50 % суфінансавання з пазабюджэтнага цэнтральнага інавацыйнага фонду Міністэрства энергетыкі. У тым ліку ў 2017-м уведзена ў эксплуатацыю кацельня ў вёсцы Рудаўка Нясвіжскага раёна магутнасцю 4 МВт, у 2018-м — у вёсцы Крывая Бяроза Смалявіцкага раёна магутнасцю 3 МВт, у 2019-м — у пасёлку Зялёны Бор Смалявіцкага раёна на 4,5 МВт. У планах на 2020 год — завяршэнне будаўніцтва яшчэ трох энергакрыніц на фрэзерным торфе — у Слуцку, Крупках і Стоўбцах.

З но­вы­мі аб'­ек­та­мі, якія пра­цу­юць на мяс­цо­вым па­лі­ве, зна­ё­міць на­чаль­нік упраў­лен­ня жыл­лё­ва-ка­му­наль­най гас­па­дар­кі Мі­набл­вы­кан­ка­ма Аляк­сандр Ях­на­вец.

Для прыцягнення фінансавых рэсурсаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Глабальнага экалагічнага фонду ў Беларусі рэалізуецца інвестыцыйны праект «Расшырэнне ўстойлівага энергакарыстання».

У межах рэалізацыі кампанента «Выкарыстанне ўзнаўляльнай драўлянай масы для цеплазабеспячэння» ў цэнтральным рэгіёне, пачынаючы з 2020 года плануецца будаўніцтва сямі энергакрыніц агульнай магутнасцю 51 МВт на мясцовых відах паліва.

У выніку рэалізацыі мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы «Энергазберажэнне» на 2016—2020 гады ў Мінскай вобласці з 2016 да студзеня 2020-га эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 550,4 тысячы тон умоўнага паліва. Уведзена ў эксплуатацыю 20 энергакрыніц на мясцовых відах паліва агульнай магутнасцю 86,2 МВт. Таксама павялічана іх доля ў структуры кацельна-пячной гаспадаркі з 14,5 % у 2015-м да 26,6 5 у студзені — чэрвені 2020-га. Доля ўзнаўляльных крыніц энергіі ў першым паўгоддзі сёлета дасягнула 22,9 %.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Эканомія і беражлівасць

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.