Вы тут

Да ста гадоў без старасцi


Сёння ў Героя Сацыялiстычнай Працы, чырвонаармейца, камандзiра партызанскага атрада, партыйнага i гаспадарчага дзеяча Беларусi Аляксандра Слабады юбiлей, яму споўнiлася сто гадоў. Аляксандр Iванавiч у 1963—1967 гадах быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, у 1990—1994-м — дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь. Ён — удзельнiк Парада Перамогi ў Маскве ў 1995, 2000, 2005 гадах


— Сто гадоў пражыць — не поле перайсцi, — кажа юбiляр. — Усё было: i ўзлёты, i падзеннi. Асаблiва ў нашага пакалення, на долю якога выпала шмат цяжкасцяў. Па-першае, Вялiкая Айчынная вайна, страшная вайна. Пасля вайны неабходна было аднавiць народную гаспадарку, якую цалкам разбурылi захопнiкi.

Аляксандр Iванавiч помнiць лiтаральна кожную старонку гэтай апошняй вайны. Ён удзельнiчаў у баях на Буйнiцкiм полi, а таксама ў абароне Магiлёва.

— На Буйнiцкiм полi адбывалася бессмяротная бiтва. Абаронцы Магiлёва стаялi да апошняга патрона, да апошняга байца. Вада ў Дняпры стала барвовай ад крывi салдат, — згадвае мой суразмоўнiк.

На Буйнiцкiм полi чырвонаармеец падбiў два танкi працiўнiка, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга. Гэты ордэн выратаваў яму жыццё, калi варожая куля ад яго зрыкашэцiла.

Аляксандр Слабада прымаў удзел у абарончых баях пад Вязьмай, Малаяраслаўцам, Падольскам, а таксама ў контрнаступленнi пад Масквой, дзе быў паранены. Тады ўрачы яму ледзьве не ампутавалi нагу. Але малады арганiзм адужаў, рана загаiлася.

— Я, вясковы хлопец, нiколi не быў у сталiцы нашай Радзiмы. Таму пасля выпiскi папрасiўся пагуляць па горадзе. Мне далi ў суправаджэнне медсястру. У метро на станцыi «Сокал» пасажыры цягнiка мне пачалi саступаць месца. Затым мы зайшлi ў цырульню, дзе мяне падстрыглi, пагалiлi, адэкалонiлi. I адмовiлiся ўзяць грошы, маўляў, вы ж герой, Маскву абараняеце. Упершыню я пабываў у Вялiкiм тэатры оперы i балета, дзе iшла пастаноўка «Iвана Сусанiна». У касе не было бiлетаў, i мяне правялi пасля таго, як пачаўся спектакль. Я не надта разбiраўся ў мастацтве, але опера спадабалася, — расказаў Аляксандр Iванавiч.

Пасля шпiталя яго накiравалi на Калiнiнскi фронт, а ў 1942-м — у тыл працiўнiка на Вiцебшчыну, дзе ён стаў камандзiрам атрада № 3 партызанскай брыгады iмя Ленiнскага камсамола. Атрад дзейнiчаў у Суражскiм i Гарадоцкiм раёнах. Напярэдаднi вызвалення гэтай мясцовасцi ад захопнiкаў камандзiр быў цяжка паранены i самалётам эвакуiраваны на Вялiкую зямлю.

— Мой бацька таксама ваяваў у партызанскiм атрадзе брыгады Героя Савецкага Саюза Захарава, а мацi займалася хатняй гаспадаркай. Прадукты харчавання перадавала ў лес. Аднойчы тата пайшоў у вёску, каб забiць парсюка i прынесцi сябрам па зброi свежыну. Але знайшоўся мярзотнiк, якi данёс пра гэта палiцаям. Бацькоў забралi i павезлi ў Асвейскую турму. Цётка, мамiна сястра, пайшла даведацца пра iх лёс. Ёй сказалi, што iх расстралялi ў парку. Яны ляжалi са скручанымi калючым дротам рукамi. Маiх родных пахавалi на малой радзiме ў вёсцы Дубровы Верхнядзвiнскага раёна Вiцебскай вобласцi. Я паставiў iм помнiкi, добраўпарадкаваў магiлы, якiя наведваю амаль кожны год, — расказвае з хваляваннем Аляксандр Iванавiч.

У сваiх успамiнах ветэран i сёння выразна бачыць далёкiя днi вайны.

З цеплынёй ветэран згадвае сваю работу на пасадзе першага сакратара Любанскага райкама партыi, людзей, з якiмi працаваў. «Калi асушалi балоты, то мужчына выкiнуў драўлянай лапатай 70 тон зямлi. Вось такiя былi людзi», — захапляецца палешукамi мой суразмоўнiк.

Любанская зямля вырасцiла i выхавала 18 Герояў Сацыялiстычнай Працы. Гэтае ганаровае званне прысвоена i Аляксандру Слабадзе Указам Прэзiдыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавiка 1966 года з уручэннем ордэна Ленiна i медаля «Серп i Молат». Гэта была цалкам заслужаная выдатнай i вынiковай працай узнагарода за высокiя паказчыкi ў жывёлагадоўлi: прывагi, надоi, нарыхтоўку сельскагаспадарчай прадукцыi.

— Я цесна звязаны з гiсторыяй вашай газеты «Звязда», — канстатаваў Аляксандр Iванавiч. — Бываў у доме, дзе яна выдавалася ў вайну. — Я аднаўляў зямлянкi на востраве Зыслаў на месцы партызанскага лагера. Рабочы дзень закончыўся — збiраю актыў i паехалi. Насiлi камянi, укладвалi бярвеннi. I ўсё ўручную. Праходзiць дзень, а архiтэктар выказвае новую iдэю. Даводзiлася ўсё перарабляць нанава. Мы таксама збiралi астанкi людзей, што загiнулi ў гэтых мясцiнах, i хавалi iх у брацкай магiле, на якой уладкавалi стэлу.

— Аляксандр Iванавiч, вы першы доўгажыхар у вашым родзе? — пацiкавiлася я.

— Мой прадзед пражыў 98 гадоў. Помню, ён вырошчваў самасад i шмат курыў. Але да апошняга часу сам калоў i сек дровы.

Гэты ордэн у баi выратаваў жыццё ветэрану — куля варожага снайпера слiзганула па паверхнi металу.

Аляксандр Iванавiч раней шмат чытаў, але цяпер дрэнна бачыць. На дапамогу яму прыходзiць дачка Таццяна Аляксандраўна:

— Што б нi здарылася, бацька заўсёды пазiтыўна, з дабрынёй адносiўся да сваiх падначаленых, людзей, нi пра каго не сказаў дрэннага слова. Магчыма, у гэтым прычына яго даўгалецця, — лiчыць дачка. — Ён заўсёды казаў, што ў Любанi цудоўныя людзi. Мы, дзецi, ведалi кiраўнiкоў, старшынь калгасаў па iмёнах. Яны ўсе сябравалi, iх звязвалi не толькi працоўныя, але i душэўныя чалавечыя адносiны. Падчас кiраўнiцтва Камiтэтам народнага кантролю тата таксама з разуменнем i цеплынёй ставiўся да людзей. Ён пазнаёмiўся са сваiм зяцем, маiм мужам, нават раней за мяне.

— Маладому спецыялiсту даручылi праверку наконт вылiчальнай тэхнiкi ў адным аб'яднаннi, — працягвае жанчына — Па яе вынiках з iнфармацыяй ён прыйшоў да свайго кiраўнiка. I, як потым прызнаваўся, яго вельмi здзiвiла, што чыноўнiк высокага рангу выйшаў з-за стала, павiтаўся, запрасiў сесцi насупраць i ўважлiва выслухаў. У бацькi заўсёды было шмат захапленняў: паляванне, рыбалка, вельмi любiў чытаць ваенныя мемуары. Ён i цяпер цiкавiцца палiтыкай, падзеямi ў Беларусi, Расii.

Словам, Аляксандр Iванавiч, займае актыўную жыццёвую пазiцыю, яму цiкава ўсё, што адбываецца навокал. А яшчэ яму ўласцiва пачуццё гумару. Ён не страцiў у свае сто гадоў смаку да жыцця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».