Вы тут

Iна Афанасьева: Я вельмi люблю кветкi. Усякiя!


Напэўна, многiм цяжка ўявiць народную артыстку Беларусi Iну Афанасьеву на градках, але спявачка з задавальненнем займаецца i невялiкiм агародзiкам, i раскошнымi кветнiкамi на загараднай сядзiбе.


Iна Афанасьева нiколi не хавала свае каранi — яна нарадзiлася ў вёсцы. Насамрэч яе жыццё — яскравы прыклад таго, што для таленавiтага дзiцяцi месца жыхарства значэння не мае. Iна займалася музыкай, выступала ў дзiцячым калектыве, якi шмат гастраляваў. А вось адрознiць пятрушку ад кропу, пакуль жыла ў бацькоўскiм доме, не магла. З дзяцiнства яна марыла жыць у горадзе i ажыццявiла гэтую мару адразу пасля заканчэння школы.

— А калi ў вас з'явiўся загарадны дом?

— Гадоў шэсць таму. Я проста закахалася ў тутэйшую прыроду. Наш аграгарадок раскiнуўся на беразе Бярэзiны — неверагодна прыгожае месца! Праз рэчку — Бярэзiнскi бiясферны запаведнiк, якi мы не раз наведвалi.

У гэтым доме мы вырашылi правесцi добры рамонт, каб ён стаў больш камфортны. Для мяне вельмi важна, каб было зручна i прыгожа. Цяпер нi ванна, нi газ — ужо не праблема i ў вясковым доме. Нечакана для сябе занялася агародам. Мы любiм памiдоры, а тыя, што куплялi ў краме, нават не мелi паху. Для пачатку я вырашыла пасадзiць некалькi кустоў таматаў. Нашы суседзi, хоць i вельмi занятыя людзi, знаходзяць час на агарод. Яны i мяне падахвоцiлi заняцца земляробствам. Так да памiдораў дадалося ўсё астатняе. Тут у нас вялiкi ўчастак, ёсць дзе разгарнуцца. Сталеючы, мы задумваемся пра тое, што трапляе на наш стол. Не ведаю, дзе i як вырошчваюць агароднiну i садавiну, якiя прадаюць у крамах i на рынку. Мне ж хацелася, каб мая ўнучка ела чыстыя клубнiцы.

— Агародзiк у вас хоць i невялiкi, але вельмi сiмпатычна выглядае. Няўжо i градкi полеце?

— Агарод i цяплiца арганiзаваныя паводле метаду Мiтлайдэра, якi прадугледжвае, што першы крок — гэта вызваленне зямлi ад пустазелля самым дбайным чынам. А ў вузкiх агароджаных градках яму няма дзе разгуляцца. Там у мяне расце ўсялякая зелянiна, а таксама кабачкi, травы, клубнiцы, сунiцы, буракi. У цяплiцы — памiдоры, баклажаны, перац. Мы не вырошчваем бульбу з разлiкам, каб хапiла да наступнага ўраджаю, нам яна падабаецца адразу з градкi.

— Яшчэ тут шыкоўны сад, малiннiк, ажыны. А хвойнiкi — гэта чыя iдэя?

— На шчасце, у нас з мужам супадаюць густы. Мы вырашылi пасадзiць шмат такiх дрэў, таму што прыязджаем сюды круглы год, i хочацца, каб нават позняй восенню i зiмой сад выглядаў прыгожа. Да таго ж тут пасялiлiся птушкi — так прыемна прачынацца пад iх чырыканне! Вядома, мы падкормлiваем гэтых «кватарантаў».

— Iна, а якiя-небудзь батанiчныя эксперыменты на ўчастку праводзiце?

— Мы пасадзiлi тры вiды магнолiй, сакуру. Як i абрыкосы, яны выдатна прыжылiся ў нашым клiмаце.

— Кветкi, я так мяркую, — асобная песня...

— Так, я вельмi люблю кветкi. Усякiя! У мяне растуць эксклюзiўныя ружы, рэдкiя сарты пiвоняў, касачы, цюльпаны, гладыёлусы, некалькi вiдаў гартэнзiй, хрызантэмы. Люблю i самыя звычайныя кветкi — напрыклад, флёксы. Калi яны цвiтуць, то нiбыта пакрываюцца белай пенай...

— Вы цяпер жывяце на дзве краiны. Нехта дапамагае сачыць за агародам, раслiнамi?

— Нашы сябры, яны ж i суседзi. Ведаеце, мы звычайна кажам — маўляў, паедзем на лецiшча,
адпачнём. А прыязджаем — заўсёды ёсць нейкiя справы. Але ўсе яны ў радасць, бо ты бачыш вынiк. Летнiм вечарам можна запалiць мноства лiхтарыкаў, павячэраць на вулiцы — гэта так цудоўна!

— Ваш сын з нявесткай прыязджаюць, дапамагаюць?

— Яны прыязджаюць, калi ўсё зроблена (смяецца). Мая галоўная памочнiца — унучка Вара. У яе ёсць дзiцячы садовы iнвентар, яна любiць палiваць кветкi i градкi з маленькай палiвачкi.

— Iна, у вас, мне здаецца, заўсёды былi сабакi, вы дапамагалi i бяздомным жывёлам...

— Цяпер мы жывём наездамi — то ў Мiнску, то ў Санкт-Пецярбургу, шмат падарожнiчаем. У такiх абставiнах сабаку трэба альбо трымаць у гасцiнiцы для жывёл, альбо вазiць за сабой. I адно, i другое вырывае яго са звыклага асяроддзя, стварае стрэсавую сiтуацыю. Таму пакуль у нас няма гадаванца. Зрэшты, тут часам заходзiць у госцi каток. Ён такi незалежны, гуляе сам па сабе, заўсёды знаходзiць дом, дзе яму рады i смачна кормяць.

— Ваш дом знаходзіцца ў вялiкiм аграгарадку. Як складваюцца адносiны з суседзямi?

— Даволi добразычлiва. Нiякай нездаровай цiкаўнасцi — маўляў, суседка ж артыстка — на шчасце, не заўважаю.

— А цi не дакучаюць адпачывальнiкi на прыродзе або рыбакi, якiя, як я бачу, зусiм непадалёк размясцiлiся?

— Тут ёсць праблема... Мы аднойчы з мужам выйшлi да ракi пагуляць i проста былi шакiраваныя неверагоднай колькасцю пластыкавых бутэлек, раскiданых па беразе. Мiжволi задумалiся пра тое, што пасля сябе пакiне наша цывiлiзацыя. Я тады сказала: «Не хачу, каб праз пяцьсот гадоў людзi прыйшлi ў музей i даведалiся, што ў культурным пласце XXI стагоддзя археолагам удалося знайсцi толькi пластыкавыя бутэлькi!» Муж падумаў, што трэба было б купiць пару кантэйнераў, мяшкi для смецця i абсталяваць пляцоўку. Але, аказваецца, фiзiчная асоба самавольна не можа гэтага зрабiць. Так што ўжо некалькi гадоў запар мы самi ладзiм суботнiкi, прыбiраем прырэчную тэрыторыю. Хочацца верыць, што ўсё-ткi культура людзей паволi павышаецца, i сёлета нам хопiць аднаго мяшка для «трафеяў».

Мы не чакаем, што хтосьці прыйдзе i зробiць. Калi быў ураган i дрэвы ўпалi проста на дарогу, мы наймалi людзей, якiя лiквiдавалi наступствы разгулу стыхii.

— А як вы ставiцеся да такiх акцый, як, напрыклад, «Уладкуем малую радзiму»?

— Вельмi добра! Гэта яшчэ адзiн спосаб нагадаць людзям, што жыццё не заканчваецца за iх брамкай. Не так гэта складана i затратна — пасадзiць кветкi за сваiм плотам, а не выкiдваць туды смецце. Думаю, што ў нас усё ж больш людзей, якiя любяць сваю краiну, таму займаюцца добраўпарадкаваннем i падтрымлiваюць чысцiню.

Маргарыта ДРАЗДОВА

Фота з асабiстага архiва Iны Афанасьевай

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.