Вы тут

Пастаральны рай Элізы Ажэшкі


Дзве галоўныя кнігі ў творчасці Элізы Ажэшкі, два шэдэўры, якія здолелі забяспечыць ёй найбольшую славу, выйшлі пад адной вокладкай у Выдавецкім доме «Беларуская навука» ў 103-м томе кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».

Калі першая, раман «Над Нёманам», пабеларуску ўжо выходзіла (2003, «Мастацкая літаратура») і ўвогуле знаёмая дасведчанаму чытачу, то другая, навелістычны цыкл «Gloria Victis» (па назве аднаго з  твораў), павінна ўяўляцца яму не менш як шчаслівай знаходкай. І знакаміты раман, і вернуты рарытэт перакладзеныя на беларускую мову Анатолем Бутэвічам. Варта яшчэ дадаць, што хоць многія творы Элізы Ажэшкі «гучалі» па-руску, з тых, што выйшлі цяпер, — не ўсе. Такім чынам, выданне прапануе адкрыць новыя адценні таленту Элізы Ажэшкі і пераканацца ў яго неўміручасці.


Эліза Ажэшка. 1872 г.

Другая аркадыя

Раман, за які Ажэшка ледзь не атрымала Нобелеўскую прэмію, спачатку быў ёй замоўлены як гісторыя няроўнага шлюбу і павінен быў мець назву «Мезальянс». Але неўпрыкмет замест адной сюжэтнай ніткі пачалі прасціся некалькі, і кожная з іх імкліва набірала такую таўшчыню і трываласць, што можна было ўжо ткаць выразныя асобныя палотны. Адны з іх стваралі шматузроўневыя фоны, іншыя накладаліся на гэтыя фоны аплікацыямі і гафтам.

Шчыльнае, густое этнаграфічнае палатно рамана расшывалася крыжыкамі саламяных стрэх і гладдзю нёманскіх хваляў пад сялянскія і засцянковыя расповеды, легенды і песні, якіх аўтарка наслухалася багата ў вёсцы Міневічы, дзе здымала на лета дом у Яна Каменскага, паўстанца, які вярнуўся з Сібіры. Ён і стаў правобразам Анджэя Карчыньскага, а Міневічы ператварыліся ў Корчын. У суседніх Багатыровічах, з якіх быў спісаны засценак, жылі сапраўдныя Багатыровічы — і Ян, і Анзэльм, і Ежы знойдзены там, і адтуль жа на этнаграфічнае палатно была нанесена першая аплікацыя — магіла Яна і Цэцыліі, фундатараў гэтага напачатку простага роду, але за працавітасць прыроўненага да шляхты, надзеленага прывілеямі рыцарскага саслоўя.

Магіла Яна і Цэцыліі не толькі аздабляе аповед — яна выконвае нашмат большую, але ўжо патаемную місію: адводзіць пільнасць цэнзараў ад другой магілы, паўстанцкай, на фоне якой разгортваецца іншае, патрыятычнае палатно. Эліза Ажэшка ўпотай ужо прысвячала раман паўстанню і спяшалася напісаць яго, каб паспець выдаць кніжкай да 25-годдзя слаўных, але трагічных падзей. Ці здолела яна «зашыфраваць» твор так, каб тэма паўстання не кінулася ў вочы цэнзару? Адказ — другі выхад кнігі, у 1890 годзе, не быў дазволены ў першапачатковай рэдакцыі. Але, як пісаў Леапольд Меет, пісьменнік, адвакат, збіральнік цікавостак і літаратурны агент Элізы Ажэшкі ў Варшаве, публікацыя рамана толькі ў «Тыднёвіку ілюстраваным» зрабіла сваё нават пры забароне далейшых публікацый.

Чытачы тыднёвіка знайшлі пачатак рамана на 2 і 3 старонках 1 студзеня 1887 года. Такімі порцыямі — па дзве старонкі на тыдзень — ён і ішоў увесь год: друкавалі ў той час дробна і шчыльна. А першы выхад рамана кнігай адбыўся, як і хацела Ажэшка, у 1888 годзе, у выдавецкім доме Гебетнера і Вольфа. Цікава, што гэтыя зубры кнігавыдавецтва і кнігагандлю абмяркоўвалі з Меетам суму ганарару для Ажэшкі некалькі гадзін запар, але выніку атрымалася немалая сума: больш атрымаць мог бы толькі Сянкевіч, на чые ганарары «скідваліся» тры часопісы і адно выдавецтва. Дарэчы тут будзе згадаць, што хаця Нобелеўская прэмія (на якую Ажэшка прэтэндавала, між іншым, двойчы) у 1905 годзе атрымана не ёю, а канкурэнтам Сянкевічам, але ў Швецыі раманам «Над Нёманам» не проста зачытваліся — завучвалі кавалкі на памяць.

Яшчэ адно палатно рамана расшыта вузельчыкамі палявых кветак і шаўковымі стужкамі траў. Эліза Ажэшка не толькі засеяла радкі твора канюшынай і васількамі, але і аздобіла вобразы герояў і гераінь вачыма, як незабудкі, валасамі колеру спелай пшаніцы, тварамі, якія румяняцца нібы півоні. Хусткі на вясковых жанчынах нагадваюць карагоды сланечнікаў, працоўны люд параўноўваецца з  рассыпаным па полі гарохам… Польская даследчыца Беата Езерска налічыла ў рамане 178 апелятываў, звязаных з сістэматыкай раслін. У  пэўнай ступені гэта апелятывы і да «Пана Тадэвуша». І Адаму Міцкевічу, і Элізе Ажэшцы не ў малой ступені праз «батанізацыю» ўдалося стварыць аркадыю, пастаральны рай.

Мы ведаем яшчэ дзве такія аркадыі: калі «Пан Тадэвуш» папярэднічае раману «Над Нёманам», то наступнічаюць яму «Новая зямля» і «Людзі на балоце». Не адзін даследчык заўважаў паралелі паміж названымі творамі. Ад ажэшкінскага «шкоды і крыўды не можа не быць там, дзе загоны перамяшаны, як гарох у мяшку, а акно пазірае ў акно» да коласавага «купіць зямлю, прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут» і мележаўскага «каб адно прыдбаць тую лапіну, што каля цагельні» тэма зямлі церпіць пэўныя трансфармацыі, якія тлумачацца і зменай эпох, і светапоглядамі аўтараў, і сацыяльнымі статусамі герояў, але варта прызнаць, што пісьменнікі-паслядоўнікі пісьменніцупапярэдніцу не засланяюць — ні сілай думкі, ні магутнасцю вобразаў. Спаборнічаюць, але не засланяюць. Вага Элізы Ажэшкі ў нашай літаратуры нашмат большая, чым прынята лічыць.

Найпрыгажэйшая з хімер

«Gloria Victis» — «Слава пераможаным». Назва твора і ўсяго цыкла з пэўным выклікам пярэчыць той філасофіі, якая выяўляла сябе ўстойлівым выразам «vae victis», «гора пераможаным», згодна з якой праўда можа быць толькі на баку пераможцы, якія б ідэі ён ні спавядаў і якія б сродкі ні былі задзейнічаны для перамогі. Месца гэтаму выразу знаходзілася ў танных творыках, пісаных да нашай эры. І вось аматарка лацінскіх выразаў і антычнай гісторыі стварае поўную вобразаў і мастацкага хараства навелу «Gloria Victis», чым абвяшчае пераможаным славу. Пазней да гэтай навелы далучаюцца іншыя: па-мастацку аформлены дакумент 1863 года пад назвай «Яны», прасякнутае гумарам прысвячэнне пасіянарнасці «Бог ведае хто», глыбокапсіхалагічны аповед «Гекуба» і «Афіцэр» — гісторыя пра душу, якая пры любых акалічнасцях прагне заставацца такой, якой была створана Богам.

Навелы гэтыя — не пра паўстанне. Не пра ўласна яго. Яны пра тое, як паўстанне і яго вынікі адбіліся на лёсах і ў памяці праз гады. «Рэпартаж з месца падзей» не рашыў бы задачу, якую перад сабою паставіла аўтарка, ды і весці яго, хай сабе і post factum (калі б раптам узнікла задума напісаць, так бы мовіць, экшн) яна не магла: яе ўдзел у паўстанні ўскосны — як жанчыны, як памагатай, як адной з тых, хто шыў кашулі і канфедэраткі. Па-сапраўднаму дзёрзкі ўчынак Элізы Ажэшкі ў той час — укрыванне Рамуальда Траугута і вываз яго да мяжы пад відам хворага сваяка. Але гэты эпізод — ратаванне правадыра — не стаў часткай аповеду яго ратавальніцы, ён застаўся толькі ў накідах, у выглядзе плана. Зразумелая, апраўданая сціпласць. Сам жа Траугут не толькі прадстаўлены ва ўсіх падрабязнасцях знешнасці і характару, як у навеле «Яны», але і надзелены выключнымі якасцямі, гіпербалізаваны і… хімерызаваны. Апошняе здзейснена аўтаркай у рэалістычна-фантастычнай «Gloria Victis»: тут ён то сімвалізуе Хрыста — бо ўскідвае на плечы крыж народа, то нагадвае старазапаветнага Маісея — бо ідзе ўдзень і ўночы за слупом вогненным, то параўноўваецца з каралём Спарты Леанідасам — бо голас яго гучыць гэтак жа загадна і грозна. Хімерызаваны ў гэтай навеле і камандзір конніцы Фелікс Ягмін: з выгляду — малады Геркулес, рысамі твару  — рымскі Сцыпіён, у апошнім смяротным баі — архангел з вогненным мечам. Аздабляючы сюжэт матывамі і героямі і з рэальнай мінуўшчыны, і з Бібліі, і з грэчаскай міфалогіі, ды яшчэ ажыўляючы, як у казцы, дрэвы, травы і вецер, Эліза Ажэшка стварае найлепшую з хімер, якія калі-небудзь існавалі ў літаратуры. Тут нявер’е — і глыбокая вера, гераізм адначасова падкрэсліваецца — і нівеліруецца непераадольнымі акалічнасцямі. Тут рэалізм — хрысціянскага кшталту: ахвярнасць пададзена не як нейкае звышчалавечае намаганне, а як тое належнае, неабходнае, праз што працягвае існаваць гэты свет. Навелай «Gloria Victis» аўтарка ў пэўным сэнсе ідзе супраць плыні: яе папярэднікам і сучаснікам (як і наступным за ёй пакаленням пісьменнікаў) цікава белетрызаваць вобраз Бога. Яна ж займаецца тым, што надзяляе прыкметамі святасці чалавека. Атаясамленне герояў з міфічнымі персанажамі служыць гларыфікацыі паўстанцаў, а біблійныя фразеалогія і сімволіка гларыфікуюць паўстанне.

Знакі і сімвалы ў цыкле «Gloria Victis» перамяшчаюцца з твора ў твор, як і героі. Эліза Ажэшка стварае яго як своеасаблівы пазл: раскіданыя па навелах, адарваныя адно ад аднаго імёны, прозвішчы, прыкметы ўдзельнікаў падзей, іх статусы і ўзаемныя дачыненні становяцца цэльнай карцінкай толькі па прачытанні ўсіх пяці тэкстаў. Паслядоўнасць чытання пры гэтым не надта мае значэнне. Найбольшае значэнне мае тое, што ўсё гэта — і раман «Над Нёманам», і цыкл навел «Gloria Victis» — хочацца перачытваць.

Святлана ВОЦІНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?