Вы тут

Юная даследчыца ігуменскіх тапонімаў


Мінчанка Арына Клімовіч яшчэ школьніцай падрыхтавала і выпусціла ў мінскім выдавецтве «Белпрынт» кнігу «Тапонімы роднага краю». Адбылося гэта ў 2018 годзе.


Выданне прысвечана тапанімічнай гісторыі старажытнага ігуменскага (быў такі павет — Ігуменскі, з цэнтрам у Ігумені альбо сучасным Чэрвені) мястэчка Пухавічы. З прадмовай да кнігі выступіў пісьменнік Уладзімір Барысенка. І вось што ён, у прыватнасці, напісаў: «Адразу хачу сказаць, што мяне вельмі ўразіў гэты твор шаснаццацігадовай дзяўчынкі Арыны Клімовіч, без перабольшвання, гэта магла б быць дыпломная работа студэнта-філолага, якая заслугоўвае ўвагі, бо асноўваецца не толькі на даследаваннях навукоўцаў, звестках з інтэрнэту, але і на памяці носьбітаў аб малой радзіме. Апошняе асабліва цікавае, бо кранае нейкія таямніцы роднага краю, якія ў зусім недалёкія часы замоўчваліся і нават пра іх было небяспечна гаварыць...»

У кнізе быў намаляваны цікавы тапанімічны партрэт Пухавіч і ваколіц. Побач з мястэчкам — унікальныя па сваім жыццяпісе вёскі Зацітава Слабада, Раўчак. Маладая даследчыца звяртае ўвагу і на паселішча, якое сышло з явы — вёску Грабаўё. Яна знікла з карты Пухавіцкага раёна, здаецца, на пачатку 1970-х гадоў.

Другое выданне «Тапонімаў роднага краю» нашмат пашырана. Калі ў першым — 60 старонак, то ў другім — 96 старонак. І важнай акалічнасцю з'яўляецца тое, што ў новым выданні краязнаўчай кнігі Арына Клімовіч больш выразна акрэслівае повязь тапонімаў з сацыяльнай і палітычнай гісторыяй роднай старонкі. Дарэчы, першае выданне кнігі «Тапонімы роднага краю», нягледзячы на невялікі наклад — усяго 30 асобнікаў, было адзначана рэцэнзіямі ў перыядычным друку, згадкамі ў Інтэрнэт-прасторы. Хацелася б, каб літаральна ўсе пухавічане звярнулі ўвагу на кнігу і па магчымасці сталі яе ўважлівымі чытачамі. «Тапонімы роднага краю» — яшчэ і добры прыклад для моладзі, якая цікавіцца гісторыяй роднай старонкі, як вывучаць малую радзіму.

Сяргей ШЫЧКО

Прэв’ю: pearlandisd.org

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.