Вы тут

Незвычайны пасажыр і натхняльнік


Жыхар Лепеля Іван Будзіч перавозіць экспанат сваёй персанальнай выстаўкі — драўляную фігуру мядзведзя (выстаўка праходзіла ў Лепельскім краязнаўчым музеі). Вясёлы і дабрадушны мядзведзь, «апрануты» ў беларускую кашулю, быў «гаспадаром» невялікай, але ўтульнай выставачнай залы, дзе выстаўляліся графічныя лісты і акварэль, разьбяныя пано. Касалапы ствараў пазітыўны настрой і ў час адкрыцця, і на працягу работы экспазіцыі. А яшчэ «ўвасабляў» мастака, які ведае таямніцы прыроды. — Прырода дорыць мне асалоду і натхненне жыць, ствараць, адкрывае бясконцыя фантазіі, а лясы і азёры, птушкі і звяры робяцца персанажамі маіх твораў. Бярэзінскі запаведнік, дзе я часта бываю, заўсёды нечым здзіўляе, — кажа Іван Мікалаевіч, і на яго твары з'яўляецца ўсмешка: вось і гэты мішка — прататып запаведнага мядзведзя, і менавіта Бярэзінскага.


Персону Івана Будзіча нашаму чытачу асабліва і прадстаўляць не трэба — неаднойчы яго партрэт упрыгожваў «Звязду». І ўсё ж мы зноў звяртаемся да гэтай асобы, бо, насамрэч, як паказаць у адным здымку дзівосны свет самабытнага і апантанага графіка і разьбяра? Таму сённяшні выпуск рубрыкі «фота на 13-й» прысвечаны менавіта яму — творцу з Паазер'я і, вядома, яго творчаму брэнду — драўлянаму мядзведзю. А нагодай сустрэчы з Іванам Мікалаевічам стала яго персанальная выстаўка ў Лепельскім краязнаўчым музеі, на якой майстар прадставіў шырокую і багатую палітру сваіх здольнасцяў, хоць і выставіў невялікую частку твораў, выкананых у розных тэхніках, жанрах і кірунках — графіцы, акварэлі, барэльефна-аб'ёмнай разьбе і драўлянай скульптуры. У маленькай майстэрні мастака не ўбачыш тое, што можна разгледзець, палюбавацца і ацаніць на адлегласці, у строгім афармленні, і, галоўнае, у адпаведным настраёвым асяроддзі. У такой атмасферы добра бачна, якая плённая, працавітая натура ў мастака, якая ў яго паэтычная і акрыленая душа, колькі ў яго задум і ўвасабленняў, фантазіі і творчай энергіі. Здаецца, у творцы крыніца натхнення і з узростам невычэрпная.

Івану Мікалаевічу толькі шэсцьдзясят. Дзве трэці з пражытага аддадзена мастацтву. Пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага педінстытута Іван афармляў кнігі ў дзяржаўным выдавецтве, пазней стаў настаўнікам лепельскай дзіцячай мастацкай школы і да сёння вучыць дзяцей маляваць і выразаць з дрэва, бачыць і ствараць прыгожае. І, па-ранейшаму захапляецца выразаннем драўляных фігур касалапых — усмешлівых і дабрадушных мядзведзяў. Гэты чырванакніжнік — сапраўдны канёк разьбяра і яго візітоўка. Колькі касалапых Будзіча разбрылося і «гуляе» па свеце! Ёсць яны і ў Англіі, Германіі, Даніі, Малдове, Расіі, Эстоніі, не кажучы пра Беларусь. Калі сабраць усю калекцыю «мішак», якіх выразаў лепельскі разьбяр за ўсё творчае жыццё, атрымаецца незвычайная «мядзведжая акадэмія».

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

На здымках — эпізод з персанальнай выстаўкі і моманты леташніх здымкаў у прыватнай майстэрні мастака.


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».