Вы тут

Ікона з «сакрэтам». Як у старажытным храме ахоўваецца ікона з золатам, што прыносяць вернікі


Многія прыязджаюць у Сынкавіцкую царкву, каб убачыць старажытны храм, якому больш за 600 гадоў. Помнік гісторыі і архітэктуры, які знаходзіцца ў Зэльвенскім раёне, што на Гродзеншчыне, уключаны ў мноства турыстычных маршрутаў. Аднак мала хто ведае, што сюды едуць і лячыцца. Пра гэта красамоўна сведчыць ікона, упрыгожаная залатымі вырабамі. Штогод 31 жніўня ў яе гонар праходзіць царкоўнае свята.


Царыца ікон

Прызнацца, такой колькасці каштоўных вырабаў у храмах бачыць не даводзілася. Іх, як правіла, прывозяць сюды тыя, хто з дапамогай малітвы перамог хваробы. Як выглядае, такіх нямала — магчыма, не адна сотня. Большасць вырабаў, якія знаходзяцца пад шклом іконы, гэта залатыя ланцужкі.

— Кожны месяц з'яўляецца да дзесяці новых вырабаў, і гэта толькі з золата. Сярэбраныя захоўваюцца ў алтары, — расказвае матушка Ксенія Ананка. — Гэта значыць, што нехта прыязджае і дзякуе за пачутую малітву, прыносіць ахвяру.

Ікона, якая густа завешана золатам, — гэта абраз Божай маці Усецарыцы. Менавіта ён лічыцца ў храме цудадзейным. Гэта сучасны спіс з іконы ХVІІ стагоддзя, якая захоўваецца ў манастыры на святой гары Афон у Грэцыі. Гісторыю абраза данёс з ХХ стагоддзя афонскі старац. Ён расказваў, які станоўчы ўплыў аказвае ікона на хворых з рознымі пухлінамі. З гэтага абраза сталі рабіць спісы для іншых храмаў.

— Першы выпадак выздараўлення дзякуючы нашай іконе адбыўся крыху больш за 10 гадоў таму, — працягвае расказ матушка Ксенія. — Маладой дзяўчыне з Мінска быў пастаўлены дыягназ, а па сутнасці прысуд, трэба было рабіць найскладанейшую аперацыю. Яна даведалася пра наш храм і прыехала сюды. Пасля малітвы, ідучы на аперацыю, яна здала аналізы, і яны былі добрыя. Гэтая дзяўчына прыехала да нас з букетам руж, зняла з сябе каштоўнае ўпрыгажэнне і паклала перад іконай.

Па словах Ксеніі, такіх вырабаў апошнім часам прыбавілася і ад бяздзетных сем'яў. У адных не было дзяцей чатыры гады, у другіх — васямнаццаць. Быў выпадак, калі пасля наведвання храма жанчына нарадзіла ў 51 год. І такія цуды адбываюцца і да гэтага часу. Дарэчы, у храме два разы на месяц адбываецца спецыяльны малебен аб хворых.

Вядома, не магла не цікавіць ахоўнасць такой колькасці золата і срэбра. Сапраўды, кажа Ксенія Ананка, у царкве былі спробы выкрасці каштоўнасці. Праўда, давесці гэту чорную справу да канца зладзеям не ўдалося, але пасля такіх выпадкаў на іконе ўстанавілі сучасную сігналізацыю і відэаназіранне, таму цяпер ніхто не спрабуе зрабіць замах на «царыцыну» ахвяру.

Каму ікона, каму пісьмёны...

Акрамя іконы, у храме ёсць і іншыя цуды. Старажытная царква ахутана таямніцамі. Некалькі гадоў таму на сценах знойдзены графіці на грэчаскай мове. І хоць пабудова датуецца ХV стагоддзем, надпісы сведчаць пра тое, што храм значна старэйшы. Магчыма, гэта ХІІ стагоддзе, на што паказваюць і славутыя збаны-галаснікі, уманціраваныя ў сцяну для асобай акустыкі. Такія галаснікі ёсць у самым старажытным храме ХІІ стагоддзя — Каложскай царкве ў Гродне.

Што датычыцца фрэсак, дык іх выяўлена чатыры, кажа матушка Ксенія. Невялікія квадраты з пісьмёнамі знаходзяцца на дзвюх сценах храма. Наўрад ці іх будзе больш, бо ўся фарба ўжо знята. Частка фрэсак расшыфравана, астатнія яшчэ ў рабоце. Цікава, што такія пісьмёны не знойдзены ні ў адным іншым храме. Відавочна, што гэта замак-крэпасць, аб чым нагадвае і галоўны фасад з вежай і байніцамі. Тут прыгадалі і той факт, што ў замку, ужо значна разваленым, у ХІV стагоддзі хаваўся вялікі князь Вітаўт. Ён і перабудаваў замак у храм. Асвяцілі яго ў 1407 годзе ў гонар святога архангела Міхаіла.

Усім мірам

Дзіўна, але храм за 600 гадоў амаль не пацярпеў: як яго тады пабудавалі, так ён зараз і стаіць. Праўда, яго прызначэнне не заўсёды было царкоўным.

— Храм быў вельмі прыгожы, тут было мноства ікон, — расказвае суразмоўнік. — Аднак у савецкі час тут размяшчалася збожжасховішча. Усё, што было каштоўнага, вывезена. Сцены былі пабелены ці замаляваны алейнай фарбай — толькі нядаўна яе знялі.

Яшчэ не так даўно храм стаяў у будаўнічых лясах. Цяпер яны зняты, бо частка работы зроблена. Каб паказаць старажытную кладку, частку сцяны не закрывалі, пакінулі цаглянай. Да вокнаў сцены атынкаваны і пафарбаваны. Усе работы вядуцца сіламі храма па меры збору сродкаў. Іх ахвяруюць прыхаджане, турысты і мецэнаты. Ужо зроблены алтарная частка, дубовы іканастас з пісанымі іконамі. Таму раім наведаць гэты велічны храм, каб ушанаваць цудадзейную ікону.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.