Вы тут

«... Раніцу люблю ў жыцці». Да 115-годдзя паэта Янкі Бобрыка


Адной з самых вядомых падзей Вялікай Айчыннай вайны была блакада Ленінграда, якая працягвалася 872 дні — з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944 года. У самы разгар гэтай блакады — у канцы ліпеня 1942 — на адной з вуліц Ленінграда санітары падабралі цела знясіленага чалавека і адправілі яго ў бальніцу імя Куйбышава. Медыкі не змаглі выратаваць пацыента. 25 жніўня 1942 года ён памёр і быў пахаваны на Піскароўскіх могілках. Так закончыўся жыццёвы шлях беларускага паэта Янкі Бобрыка.


На вялікі жаль, гэтае імя сёння амаль забытае. Нашы энцыклапедычныя і даведачныя выданні, а таксама інтэрнэт даюць зусім скупыя звесткі пра паэта.

Сяргей Грахоўскі, зямляк Янкі Бобрыка, згадваў: «Янка Бобрык нарадзіўся ў 1905 годзе ў глухім палескім мястэчку Глуску. Бацька яго быў славуты на ўсю воласць каваль. З маленства бацькава рамяство спасціг і сын. Затым вучыўся, а ўсё лета стаяў пры горне і кавадле. Захапляўся маляваннем, іграў у аматарскіх спектаклях, пісаў дэкарацыі, праз “чароўны ліхтар” паказваў цікавыя паштоўкі і малюнкі. Маленькая хата Бобрыкаў была своеасаблівым местачковым клубам, з газетамі, кніжкамі, “жывымі карцінкамі”».

Біяграфічныя звесткі аб жыцці і дзейнасці Янкі Бобрыка, які пражыў толькі 37 гадоў, вельмі скупыя. Вядома толькі, што ў 1929 годзе ён скончыў літаратурналінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага унівесітэта. Да 1931 года Я. Бобрык працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Мілаславіцкай сямігадовай школы Клімавіцкага раёна.

У 1986 годзе Сяргей Грахоўскі ўспамінаў: «З пяцісот членаў “Маладняка” ў літаратуры засталіся адзінкі. Які ж лёс астатніх? Гэта ж былі юнакі, улюбёныя ў паэзію. Яны пісалі вершы, друкаваліся, выдавалі тонкія зборнічкі, актыўна ўдзельнічалі ў літаратурным жыцці, а потым знікалі, не пакінуўшы па сабе прыкметнага следу...»

Быў маладнякоўцам і Янка Бобрык. У 20-я гады яго вершы часта друкаваліся ў «Маладняку», «Савецкай Беларусі», «Чырвонай змене», літаратурным дадатку «Сталёвы ўзлёт», «Узвышшы», «Звяздзе» і «Беларускай вёсцы». У 1926 годзе разам з Алесем Звонакам і Янкам Туміловічам ён выдаў маленькі зборнічак «Пунсовае ранне», у 1930-м у «Маладняку» апублікаваў паэму «Галіна» і нарыс пра добрушскую папяровую фабрыку — «На Іпуці».

На гэтым яго творчая біяграфія абрываецца.

Янка Бобрык жыў літаратураю і шмат сіл аддаваў развіццю беларускай кінематаграфіі, да апошніх дзён пісаў вершы і грунтоўныя даследаванні па праблемах савецкага кіно...

У 1924 годзе Янка Бобрык паступіў у Беларускі дзяржаны ўніверсітэт і тады ж надрукаваў свае першыя вершы. Да таго ж ніхто і не думаў, што ён нешта піша, захоплены літаратурай. Ён быў першым філолагам з нашага мястэчка. Доўгі час час бацька ніяк не мог уцяміць, на каго вучыцца яго сын.

Памятаю, як у Глуск прыслалі першую кінаперасоўку, з дынамкаю, якую звычайна круцілі самыя дужыя хлопцы. Доўга ніхто не мог разабрацца ў той апаратуры. На канікулы прыехаў Янка, пакорпаўся і «пусціў» кіно. З воласці далі каня, і студэнт Бобрык усё лета ездзіў па сёлах і «круціў» адзіны фільм «Свята святога Іаргена».

Прыязджаючы дадому, ён заўсёды прывозіў ладны стосік маладнякоўскіх кніжачак і раздаваў іх чытаць мясцовым аматарам літаратуры. На «Біблію» Кандрата Крапівы з дарункавым надпісам самога аўтара была доўгая чарга. Вечарамі ў кавалёвай хатцы збіралася поўна людзей, чыталі ўголас, рагаталі, часта «падсольвалі» асобныя мясціны моцным і дасціпным слоўцам.

Як толькі прыязджаў Янка, я станавіўся яго ценем. Тады і пачаў (каб ніхто не ведаў) крэмзаць свае вершы.

Калі з’явілася «Пунсовае ранне», пра нашага глускага паэта гаварыла амаль усё мястэчка. Друкаванае слова ў тыя гады мела нейкую магічную сілу, многім не верылася, што гэта напісаў «са свае галавы» кавалёў сын. У кожным вершы хацелася пазнаць сваё, знаёмае. І пазнавалі. У вершы «Бацьку» малады паэт пісаў:

Ты любіў з натхненнем, пад вячэрні свіст,

Казку аб мінулым варушыць, як ліст.

 Мы сядзім на печы, спахмурнеў лучнік,

За акном агеньчык замігаў і знік.

Уся праўда. Янкаў бацька быў выдатны казачнік: прыдумляў, сам верыў, і верылі ўсе ў яго казкі. Была і дзірка ў столі ад колішняга лучніка, і доўгія завірушныя веча- ры. Таму і казалі пра яго вершы: «Глядзі ты, піша, якраз, як было».

(Грахоўскі С. Кветкі і вечны агонь// Так і было: Артыкулы. Успаміны. Эсэ).

Апошні перыяд яго жыцця  — з 1931- га па 1942-і  — быў звязаны з Ленінградам. Менавіта ў 1931 годзе Янка Бобрык паступіў у аспірантуру Леніградскай дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства, якую скончыў ў 1934-м, але абараніць кандыдацкую дысертацыю не паспеў...

З 1934 года Іван Іванавіч працаваў навуковым супрацоўнікам сектара кіно Ленінградскай дзяржаўнай акадэміі мастацтвазнаўства, а затым  — рэдактарам у сцэнарным аддзеле кінастудыі Белдзяржкіно (у Ленінградзе). Менавіта ў гэтыя гады ён шмат зрабіў для развіцця беларускага кінамастацтва (вельмі шкада, што ў першым томе двухтомнай энцыклапедыі «Тэатральная Беларусь» (Мінск, 2002) не знайшлося месца для кароткай біяграфічнай даведкі аб Я. Бобрыку — Э. І). Між тым, Я. Бобрык рэдагаваў сцэнарыі і фільмы, прымаў актыўны ўдзел у стварэнні карціны «Першы ўзвод». У ім упершыню здымаліся Б. Бабачкін і Л. Кміт. Менавіта яны пазней стварылі вобразы Чапаева і Пецькі ў славутым фільме братоў Васільевых.

З 1938 года Янка Бобрык працаваў галоўным рэдактарам Упраўлення па справах мастацтва Ленінградскага гарвыканкама.

У час Вялікай Айчыннай вайны ён па стане здароўя быў зняты з ваеннага ўліку, але ў жніўні 1941 года, амаль з пачатку блакады Ленінграда, Янка Бобрык дамогся, каб яму дазволілі стаць добраахвотнікам народнага апалчэння на Ленінградскім фронце. Ён капаў акопы, рабіў абарончыя умацаванні, прымаў удзел у абароне Ленінграда, у баях на Ленінградскім фронце. Яму некалькі разоў прапаноўвалі эвакуіравацца ў тыл. Жонка паэта  — Наталля Вячаславаўна Вішнеўская  — упрошвала яго разам паехаць у Горкаўскую вобласць. «Я нікуды не паеду. Паміраць, дык у Ленінградзе», — упарта адказваў Янка.

Большасці паэтычных твораў Янкі Бобрыка ўласціва захопленне жыццём, маладнякоўская задзёрыстасць і «квяцістасць».

Ва ўспамінах Сяргея Грахоўскага ёсць радкі: «На канікулы звычайна Янка з братам (потым вядомым бела- рускім хірургам Мікалаем Іва- навічам Бобрыкам) маглі даехаць толькі да Бабруйска, а дадому 50 кіламетраў ішлі пехатою». Пра гэтую дарогу чыталі ў «Пунсовым ранні»:

Торба і Мінск за плячыма,

Крывенькі кіёк у руках…

Наперадзе — мэта, радзіма

І ліпа з сукамі — на дах.

Сонцам абмытыя грудзі

Аддаў жартаўліваму ветру,

Веру, ён іх не астудзіць…

Чупрыну ж — хваёваму веццю.

Беларуская хатка на ўзвышшы

Гасцінна мяне прыняла.

Пялёсткамі сыпалі вішні

Ні жалю, ні смутку няма.

Скажаце, тыповая маладня- коўская лірыка. Так. Але зямная, канкрэтная, асабістая. Улюбёны ў родную прыроду, Янка Бобрык з уласцівай яму непасрэднасцю дваццацігадовага юнака ўмеў за- хапляцца хараством задуменных палескіх краявідаў:

Люблю я восень на Палессі,

Прастор замоўк, а не застыў,

Укрыла шэрань стрэхі,вецце,

На верасах —

Лісты

Лісты

Люблю я раніцу увосень,

Бо раніцу люблю ў жыцці,

Праз кучаравасць стромкіх сосен

Да светлых дзён

Плысці,

Плысці.

У 1930-я гады, у час «ленінградскага перыяду» свайго жыцця Янка Бобрык займаўся напружанай творчай працай: пісаў нарысы па гісторыі кіно, вершы, апавяданні. Гэты перыяд яго творчасці зусім не даследаваны.

Калі ў Ленінград вярнулася Наталля Вячаславаўна, іх кватэра была пустая: за- гінулі ўсе рукапісы і кнігі. «Апошнія два гады перад вайною, — пісала Сяргею Іва- навічу Грахоўскаму Наталля Вячаславаў- на, — Янка шмат працаваў над нарысамі па гісторыі кіно, пісаў вершы, але з напі- санага ў кватэры нічога не захавалася».

У сувязі з гэтым Сяргей Грахоўскі канстатаваў: «Не сумняваюся, што ў тых рукапісах было нямала сапраўд- нага і значнага, бо належалі яны пяру адукаванага, працавітага і патрабавальнага да сябе літара- тара. Былі і вершы, якія б адкрылі яскравыя рысы таленту шчырай і ўлюбёнай у паэзію душы».

Шкада, што архіў паэта загінуў у бла- кадным Ленінградзе і ні адна творчая ар- ганізацыя Беларусі не спрабавала пачаць пошукі яго спадчыны.

У 1930 годзе прызнанне чытачоў знай- шоў перакладзены на рускую мову верш Янкі Бобрыка, пад назвай «Отцу» (Пере- вод М. Рудерман // Cборник белорусской поэзии. М.; Л., 1930).

Праз сем гадоў пасля смерці Я. Бо- брыка — у 1949-м — асобныя яго вершы былі змешчаны ў зборніку «Мы іх не за- будзем», у 1961-м  — у кнізе «Анталогія беларускай паэзіі», у 1971-м — у выданні «Універсітэт паэтычны», 1985-м — у ча- сопісе «Маладосць» (№ 5 — урывак з па- эмы «Галіна» пад назвай «У дарозе»).

У 2015 годзе ў Мінску пад рэдакцыяй А. Бельскага выйшаў у свет зборнік тво- раў паэтаў Беларусі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх ёсць і вершы Янкі Бобрыка.

Эмануіл ІОФЕ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.