Вы тут

Падзея ў славянскай кітаістыцы


Толькі што ўкраінская кітаістка Мар’яна САЎЧАНКА даслала ў Выдавецкі дом «Звязда» сапраўды ўнікальную кнігу, у якой ці не ўпершыню ва ўкраінскім мастацкім перакладзе прадстаўлены такі неверагодны абсяг кітайскай паэзіі ў пераўвасабленні на ўкраінскую мову. 


Размова — пра «Паднябесныя песні: паэтычныя пераклады» (Кіеў, выдавецтва «Сафран»). Перакладчык — Яраслава ШАКЕРА (1982 — 2019). Жыццёвы шлях таленавітай мастачкі слова (і таленавітая мастачкі — таксама! З 1995 года Яраслава Шакера — сябра Нацыянальнага саюза мастакоў; унікальны майстра выцінанкі!) абарваўся надзвычай рана. Мне пашчасціла быць знаёмым з гэтай таленавітай асобай віртуальна. Гутарка з спадарыняй Яраславай увайшла ў маю кнігу «Дарогі да Паднябеснай» (Мінск, 2019) — «Перакладчыку варта адчуваць дух твора...» А восьмы нумар часопіса «Маладосць» за 2020 год надрукаваў ладную падборку арыгінальных вершаў Я. Шакеры ў перакладзе на беларускую мову Міколы Адама. У гутарцы ўкраінская перакладчыца, паэтэса, мастачка заўважыла наступнае: " ...Што да майго выбару «кітайшчыны»... Гісторыя такая. Яшчэ задоўга да заканчэння школы было зразумела, што мне нашмат бліжэй гуманітарная сфера (мова, літаратура), хаця бацькі — матэматыкі. У 11-м, выпускным, класе сталі разам з бацькамі думаць-разважаць: заходняя філалогія? Штосьці не вабіць англійская (хаця вывучала англійскую мову з 5-га класа). Можа быць, усходняя?! Так, паспрабавала бы! Таямнічы неспазнаны Усход — што ведалі пра яго напрыканцы 1990-х на Украіне?! Тым годам набіралі студэнтаў на кітайскую, карэйскую, турэцкую. Бацькі зазіралі ў далягляды і разумелі, што Кітай «падымаецца», эканамічна расце, ды і багатую, тысячагадовую культуру мае! Так і вырашылі: «Кітайская грамата!»

У анатацыі да кнігі перакладаў Я. Шакеры ад выдавецтва «Сафран» чытаем: «Гэта ўнікальнае выданне змяшчае перакладчыцкі наробак Яраславы Шакеры — украінскія пераклады кітайскай паэзіі ад глыбокай даўніны да XX стагоддзя. За гэты доўгі век змяняліся паэтыка і філасофія, панавалі розныя рэлігійныя погляды і свецкія звычаі — а творцам ва ўсе часы хацелася выказаць свае светаадчуванні, прапаноўваючы нам жамчужыны лірыкі ў тыповых для свайго часу формах. Пад адной вокладкай ( а ў кнізе 640 старонак!) сабраны ўласныя пераклады (некаторыя ў розных версіях), каментарыі да іх, якія даюць магчымасць адэкватна прачытаць вобразы, і даведкі пра аўтараў, мастацкія рухі і ўмовы, у якіх пісаліся творы». 

Выдавецтва «Сафран» удзячна мужу Яраславы Шакеры спадару Аляксандру Хаменку за дазвол на публікацыю твораў. «Сафран» дзякуе і кітайскай мастачцы спадарыні Чы Шаоцін за каліграфію выкарыстаную на вокладцы. 

Кніга «Паднябесныя песні» — выдатны помнік вялікай украінскай перакладчыцы XX стагоддзя. Дзякуй выдавецтву «Сафран» і ўсім, хто спрычыніўся да гэтага сапраўды ўнікальнага праекта!

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Прэв’ю: chinabooks.com.au

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».