21 кастрычніка, серада

Вы тут

Якiя захады робяцца ў краiне, каб зменшыць выкарыстанне палiмернай упакоўкi


У студзенi 2020 года быў зацверджаны План мерапрыемстваў па паэтапным знiжэннi выкарыстання палiмернай упакоўкi з яе замяшчэннем на экалагiчна бяспечную. Што для рэалiзацыi гэтага плана прапануюць дзяржорганы, навукоўцы i прамыслоўцы?


Увесь свет супраць

Перш за ўсё разбяромся, што такое бiяраскладальная ўпакоўка. Па словах дырэктара Цэнтра сiстэмнага аналiзу i стратэгiчных даследаванняў НАН Беларусi, кандыдата эканамiчных навук Валерыя ГАНЧАРОВА, у замежных стандартах прапiсаны асноўныя патрабаваннi да такой упакоўкi: пры пэўных умовах асяроддзя (тэмпературы, вiльготнасцi, газавым рэжыме) яна павiнна раскласцiся за 90 дзён.

— Любая ўпакоўка, пластыкавая цi бiяраскладальная, патрабуе стварэння сiстэмы збору, — кажа начальнiк галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамi, бiялагiчнай i ландшафтнай разнастайнасцi Мiнпрыроды Вольга САЗОНАВА. — Мiжнародная практыка сведчыць пра тое, што бiяраскладальная ўпакоўка часцей за ўсё накiроўваецца на кампаставанне. У Беларусi развiваецца сiстэма кампаставання раслiнных адходаў, арганiчнага складнiка камунальных адходаў. Такiм жа чынам можна выкарыстоўваць i адходы бiяраскладальнай упакоўкi.

Пры гэтым бiяпалiмерныя адходы не павiнны змешвацца з iншымi вiдамi пластыку, у тым лiку оксараскладальнымi. Для гэтага патрэбна распрацаваць стандарты, звязаныя з патрабаваннямi да бiяраскладальнасцi ўпакоўкi i яе вытворчасцi, чым цяпер займаецца Дзяржстандарт.

Як паведамiла Вольга Сазонава, плануецца ўнесцi змяненнi ў Тэхнiчны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкi». Прапануецца абмежаваць выкарыстанне ПВХ-этыкетак на ўпакоўцы ПЭТ, лёгкiх фасовачных полiэтыленавых пакетаў на аб'ектах рознiчнага гандлю, упакоўкi для харчовай прадукцыi з успененага полiстыролу.

Прымяняюцца i эканамiчныя механiзмы. Так, з красавiка бягучага года стаўка платы за збор адходаў для вытворцаў i iмпарцёраў бiяраскладальнай тары i ўпакоўкi знiжана ў два разы. А з 1 студзеня 2021 года ў краiне будуць забаронены выкарыстанне i продаж аднаразовага пластыкавага посуду ва ўсiх аб'ектах грамадскага харчавання.

— Увесь свет абмяжоўвае як вытворчасць, так i выкарыстанне аднаразовых пластыкаў. Як толькi ўводзяцца забароны i абмежаваннi, гэтыя патокi пераразмяркоўваюцца ў тыя краiны, дзе не прынятыя адпаведныя меры. Мы не павiнны стаць звалкай такiх тавараў i адходаў, — упэўнена Вольга Сазонава.

Бяспечны пластык i суперпапера

У напрамку паэтапнага знiжэння выкарыстання палiмернай упакоўкi з яе замяшчэннем на экалагiчна бяспечную актыўна працуе Нацыянальная акадэмiя навук Беларусi. Намеснiк старшынi яе прэзiдыума, акадэмiк, доктар бiялагiчных навук, прафесар Аляксандр КIЛЬЧЭЎСКI расказаў, што навуковыя iнстытуты НАН працуюць у двух кiрунках: атрыманне малочнай кiслаты i полiлактыду з далейшым вырабам бiяраскладальнай плёнкi i стварэнне розных вiдаў паперы, якая таксама зможа натуральна раскладацца.

Iнстытут мiкрабiялогii займаецца атрыманнем малочнай кiслаты на аснове рознай арганiчнай сыравiны. На базе iнстытута ствараецца спецыяльны вопытна-прамысловы ўчастак для атрымання малочнай кiслаты i бiяраскладальнага полiлактыду.

Iнстытут хiмii новых матэрыялаў сумесна з Iнстытутам механiкi металапалiмерных сiстэм займаецца полiлактыдам i стварэннем з яго розных прадуктаў як для харчовай, так i для прамысловай галiн. Уладзiмiр АГАБЕКАЎ, акадэмiк НАН Беларусi, доктар хiмiчных навук, прафесар, расказаў, што цяпер вучоныя на аснове полiлактыду, закупленага за мяжой, займаюцца вывучэннем яго бiяраскладальнасцi, а таксама спрабуюць зменшыць тэрмiн раскладання з дапамогай дадатковых натуральных кампанентаў.

Па словах Аляксандра Кiльчэўскага, да канца года на базе Iнстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркi плануецца стварыць лабараторыю, дзе можна будзе выпрабоўваць усю прадукцыю на бiяраскладальнасць.

Iнстытут агульнай i неарганiчнай хiмii стварыў папяровы ўпаковачны матэрыял, якi валодае тлушча-вiльгацеўстойлiвасцю. Сёння ён вырабляецца на папяровай фабрыцы «Дзяржзнака». Распрацоўваюцца i новыя тыпы паперы, напрыклад, тэрмаўстойлiвая, бiяцыдная i iншыя, якiя будуць мець здольнасць бiяраскладацца.

Займаюцца пытаннем пераходу да экалагiчна бяспечнай упакоўкi i ў канцэрне «Белляспаперапрам». Па словах намеснiка старшынi канцэрна Аляксандра ПШОННАГА, прадпрыемствы ўжо гатовыя замянiць полiэтыленавыя пакеты на папяровыя, часткова — латкi для яек з полiстыролу i полiэтылену на адпаведныя з паперы. Плануецца пачаць выпуск кардону еўрапейскай класiфiкацыi для вытворчасцi ўпаковачных матэрыялаў тыпу тэтрапак, а таксама сыравiны для палiграфii, фармацэўтыкi i касметалогii, якая цяпер завозiцца з-за мяжы. У краiне збiраюцца вырабляць i мяшочную паперу — гэта дазволiць цалкам забяспечыць адпаведнай упакоўкай цэментную i цукровую галiны.

Пры гэтым Валерый Ганчароў падкрэслiвае, што замена пластыкавай упакоўкi на бiяраскладальную не павiнна разглядацца як самамэта. Перш за ўсё неабходна забяспечыць мiнiмiзацыю нагрузкi на навакольнае асяроддзе, што немагчыма без удзелу соцыуму.

— Колькi б мы нi гаварылi пра тэхналагiчныя, прыродныя i iншыя магчымасцi, калi мы не пачнём з сябе, нiхто нас не выратуе — нi вучоныя, нi прамыслоўцы, — адзначыў ён.

Веранiка КОЛАСАВА

Загаловак у газеце: Без пластыку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

Як правільна суперажываць блізкім? Чаму не працуе звычайнае «Вазьмі сябе ў рукі!»?

У падтрымцы звычайна маюць патрэбу ўсе жывыя людзі ў складаныя перыяды жыцця.

Культура

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Франтавiк Мiхаiл Чэпiк эксперыментаваў з аэражывапiсам

Як хлапчук з беларускай глыбiнкi здолеў паступiць у Маскоўскае мастацкае вучылiшча iмя Калiнiна?

Грамадства

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Экс вiцэ-прэм'ер Уладзiмiр Дражын: Галоўнае — не разбурыць, а захаваць i працягнуць работу

Аб альтэрнатыве клайпедскаму порту, рэканструкцыi Нясвiжскага палаца i роднай мове падчас сямейных сустрэч.