Вы тут

Прэзідэнт прыняў рашэнне прызначыць Уладзіміра Караніка кіраўніком Гродзенскай вобласці


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне прызначыць Уладзіміра Караніка, які да цяперашняга часу кіраваў Міністэрствам аховы здароўя, на пасаду губернатара Гродзенскай вобласці. Адпаведную кандыдатуру ён прапанаваў падчас сустрэчы ў Гродна з дэпутатамі абласнога Савета. Пазней Аляксандр Лукашэнка прадставіў яго на мітынгу, які адбыўся на цэнтральнай плошчы абласнога цэнтра.


Абласныя дэпутаты прагаласавалі ў падтрымку гэтага прызначэння.

«Мною прынята рашэнне аб накіраванні да вас вашага чалавека — Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для мяне гэта вялікая страта. Таму што гэта геройскі чалавек падчас каранавіруса. Калі б не ён, нам было б вельмі цяжка. Гэта быў першы памочнік Прэзідэнта па ўсіх пытаннях, першы генерал, які выконваў мае ўказанні. І мы правільна зрабілі».

«Ён ваш. Малады, разумны», — адрэкамендаваў Прэзідэнт новага губернатара.

На сустрэчы былі адзначаны і вялікія заслугі, шматгадовая плённая праца на пасадзе губернатара Уладзіміра Краўцова. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што да ўжо былога губернатара ў яго няма ніякіх прэтэнзій.

Уладзімір Каранік у сваю чаргу падзякаваў за падтрымку. «Я выдатна сабе ўсведамляю тую адказнасць, якая кладзецца на мае плечы. Ні для каго не сакрэт — гэта мая малая радзіма, дзе я нарадзіўся і вырас, — сказаў ён. — Думаю, калі пена пройдзе і ўсё прыйдуць у спакойны стан, то зразумеюць, што гэта наша зямля. і асноўнае — што мы можам дасягнуць у жыцці, зрабіць сваімі рукамі і мазгамі. Ніхто іншы нам не дапаможа. Патэнцыял вобласці велізарны».

Пасля сустрэчы з дэпутатамі абласнога Савета Аляксандр Лукашэнка накіраваўся на мітынг, які праходзіў побач на плошчы. Там ён публічна яшчэ раз прадставіў новага губернатара. «Уладзімір Сцяпанавіч, вы першы за чвэрць стагоддзя губернатар, якога прынялі на плошчы. З вас многае належыць. Вы павінны дапамагчы гродзенцам. Галоўны наш клопат — людзі», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Уладзімір Каранік: У вобласці вельмі вялікі патэнцыял

«Звязда» адной з першых пацікавілася планамі новага кіраўніка рэгіёна:

«Мы не павінны ўспрымаць гэта як сюрпрыз — гэта новае прызначэнне і новы ўчастак работы, і новыя задачы, якія трэба вырашыць», — адзначыў Уладзімір Каранік.

Па яго словах, адной з цэнтральных задач з’яўляецца рэалізацыя напрамкаў дзяржавы дзеля дасягнення камфортнага і годнага жыцця для жыхароў Гродзенскай вобласці. Сярод прыярытэтаў — захаванне дынамічнасці развіцця Прынёманскага рэгіёна.

«Гэта агульныя словы, але па-іншаму нельга коратка сфармуляваць тую разнастайнасць задач і праблем, якія стаяць перад рэгіёнам», — падкрэсліў Уладзімір Каранік.

Новы старшыня Гродзенскага аблвыканкама нагадаў, што ён родам адсюль, і ў яго тут засталося шмат сяброў. Ён часта прыязджае ў Гродна і бачыў, што вобласць вельмі дынамічна развіваецца:

«У нас насамрэч вельмі вялікі патэнцыял. І асноўнае — гэта людзі, якія заўсёды былі памяркоўныя і працавітыя. І зараз стаіць задача развіваць гэта далей», — рэзюмаваў Уладзімір Каранік.


«Сучасны кiраўнiк: шматгранны, кампетэнтны, дасведчаны»

Вiктар ЛIСКОВIЧ, старшыня Пастаннай камiсii Савета Рэспублiкi па адукацыi, навуцы, культуры i сацыяльным развiццi, якi быў абраны членам Савета Рэспублiкi ад Гродзенскай вобласцi, падзялiўся са «Звяздой» сваiм меркаваннем аб гэтым кадравым прызначэннi:

— Узнiкаюць новыя выклiкi часу i новыя задачы, якiя ў гэты няпросты час патрабуюць далейшага дынамiчнага развiцця рэгiёна. Упэўнены, што Уладзiмiр Каранiк годна справiцца з гэтай задачай, бо ў барацьбе з распаўсюджаннем каранавiруснай iнфекцыi як мiнiстр аховы здароўя праявiў сябе з найлепшага боку — дзякуючы яго намаганням удалося захаваць тысячы чалавечых жыццяў.

За перыяд, падчас якога ён узначальваў профiльнае мiнiстэрства, былi закладзены iстотныя змены ў праект закона «Аб ахове здароўя». Акцэнты зроблены на развiццё апорных бальнiц, фармацэўтычную галiну i iнфарматызацыю ўсёй сiстэмы. Усе гэтыя захады дадуць адчувальныя вынiкi i наблiзяць якасную медыцынскую дапамогу нават да жыхароў вясковай глыбiнкi.

Упэўнены, што прызначэнне Уладзiмiра Каранiка на пасаду кiраўнiка Прынёманскага рэгiёна надасць новы iмпульс развiццю гэтай тэрыторыi, бо гэта сучасны кiраўнiк — шматгранны, кампетэнтны i дасведчаны па многiх кiрунках дзейнасцi: ад сацыяльнай сферы да мiжнароднай дзейнасцi.


Уладзімір Сцяпанавіч Каранік нарадзіўся ў 1973 годзе ў Гродне. У 1996 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.

З 1996 па 2011 г. працаваў на розных пасадах у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава (раней — Навукова-даследчы інстытут анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава). З’яўляўся лекарам-стажорам, малодшым навуковым супрацоўнікам, навуковым супрацоўнікам аддзялення таракальнай анкапаталогіі, таракальнай хірургіі (загадчыкам) РНПЦ.

З 2011 года займаў пасаду галоўнага ўрача Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, у чэрвені 2019 года прызначаны міністрам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Вольга АНУФРЫЕВА і па матэрыялах БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.