Вы тут

Унучка знайшла месца, дзе расстралялі яе дзеда


Марына Кальчыба аднавіла імёны некалькіх дзясяткаў рэпрэсаваных землякоў і стала ініцыятарам устаноўкі помніка загінулым беларусам на Салаўках

Жыхарка Чэрыкава Марына Кальчыба — чалавек моцнай веры і вялікага сумлення. Напэўна, гэта і дапамагло ёй выйсці на след расстралянага на Салаўках дзеда Івана Кальчыбы, а заадно высветліць, што ён не быў здраднікам. Неверагоднае ў гэтай гісторыі тое, што сям'я нічога, акрамя таго, што яго расстралялі па прысудзе ваеннага трыбунала, не ведала. І шанцаў знайсці за што і дзе амаль не існавала. Але Марына неверагодным чынам не толькі выйшла на канкрэтнае месца расстрэлу і пахавання дзеда, але нават цалкам аднавіла ўвесь ланцужок трагічных падзей амаль 80-гадовай даўніны.


Зняважаная памяць

Сёння Марына ўшчыльную займаецца вывучэннем спраў рэпрэсаваных свяшчэннікаў. Яна член камісіі па кананізацыі Магілёўскай епархіі. Яшчэ два гады таму, калі яна пачала займацца пошукамі, у яе была толькі адна справа на ўраджэнца Чэрыкаўшчыны, які быў кананізаваны і далучаны да ліку святых. Пра яго паведаміла сваячка, і Марына загарэлася ідэяй даведацца пра пакутніка як мага больш. А заадно пашукаць іншых, таксама забытых. Вывучыла кнігу «Памяць», усю інфармацыю мясцовых краязнаўцаў, спецыяльныя сайты і даведалася пра болей чым 100 такіх рэпрэсаваных па Чэрыкаўскім раёне. Аднойчы ёй прынеслі старую раённую газету са спісам рэпрэсаваных. Даследчыца ўбачыла, што ён яшчэ і з працягам і засела ў бібліятэках і архівах. Ёй зараз нават цяжка сказаць, колькі чалавек на сённяшні дзень выяўлена. Яна проста запісвала новыя прозвішчы і абставіны гібелі ў свой нататнік. Знайшліся і родныя апошняга свяшчэнніка, якога загрызлі сабакі на этапе. І гэтыя людзі перадалі Марыне звесткі з сямейнага архіва. Інфармацыя пра роднага дзеда ўсплыла нечакана. Аднойчы яна падала спіс прозвішчаў для пошуку матэрыялаў па іх у КДБ і ўпісала туды імёны сваіх дзядоў — а раптам пашчасціць. Самае цікавае, што ў архіве знайшлася справа менавіта на Івана Кальчыбу.

— У мяне такое адчуванне, што дзед сам мяне знайшоў, — прызнаецца Марына. — Пра яго, лічы, не было ніякай інфармацыі, я нават не разлічвала знайсці справу дзеда ў архіве. Івана Кальчыбу рэабілітавалі ў 2001 годзе, але тады мне сказалі, што нічога на яго няма. У майго таты доўгі час была крыўда на бацьку, бо ад таго, што ён вораг народа, пакутавала ўся сям'я. Калі мне паведамілі, што справа ёсць, мы пайшлі глядзець яе разам з татам. Калі ён сваімі вачыма ўбачыў тыя дакументы і прачытаў, што бацька не вінаваты, заплакаў. Ён лічыў бацьку здраднікам, а той аказаўся добрым чалавекам. Для мяне гэта самае важнае, што я зрабіла ў сваім жыцці. Я дапамагла чалавеку, якому ўжо 80 гадоў, зняць цяжар з душы.

У 1939 годзе Іван Кальчыба быў ўдзельнікам савецка-фінляндскай вайны, атрымаў раненне ў сківіцы і быў камісаваны. А ў сакавіку 41-га паехаў у Карэлію, туды, дзе ваяваў, на заробкі, каб сям'ю пракарміць. На той момант у яго ўжо быў чатырохгадовы сын і павінна было з'явіцца яшчэ адно дзіця.

— Дзед так і не ўбачыў сваю дачку — яго ўжо расстралялі, — уздыхае Марына. — Дзедавы сёстры расказвалі, што ён марыў, калі гэта будзе дзяўчынка, назваць яе на польскі манер Браніславай, але дзяўчынцы далі імя Зінаіда. Растлумачылі, што імя Браніслава няма.

Калі пачалася вайна, Іван Кальчыба быў прызваны на службу Беламорскім ваенкаматам. Яму даручылі ахоўваць аб'екты. Што менавіта, не ведаю. У справе было напісана, што «з сакрэту вярнуўся». Цалкам я не пачытала справу, яе далі на абмежаваны час. Але я цяпер ведаю, што дзед загінуў ні за што. У той час фашысты рэгулярна скідвалі з самалёта прапагандысцкія ўлёткі з заклікамі пераходзіць на іх бок. І чырвонаармеец Кальчыба меў неасцярожнасць такую ўлётку падабраць на самакрутку. Мяркуючы па пратаколе допыту, тры калегі, нібыта, паказалі, што ён схіляў іх на здраду. Дзед сваю віну не прызнаваў, але на даносчыкаў зла не трымаў. У справе пра гэта таксама гаворыцца. Затрымалі яго ў лістападзе 41-га. Першы допыт быў у дзве гадзіны ночы. Чытала, што яго білі бярвёнамі, катавалі. У выніку абвінавацілі ў тым, што ён хоча здрадзіць радзіме і 27 снежня вынеслі прысуд — расстрэл. А расстралялі 10 лютага 1942 года. Яму было ўсяго 33 гады. Мне зрабілі копіі арыгіналаў, але некаторыя дакументы наогул не паказалі. А праславутую фашысцкую ўлётку аддалі, маўляў, ніякай каштоўнасці яна не ўяўляе.

Захавалася сямейная гісторыя, што, калі сына арыштавалі, бацька прадаў усіх свіней і карову ды паехаў яго вызваляць. Але вярнуўся ні з чым.

Дзве тысячы кіламетраў у пошуках праўды

— Знаёмая пераканала мяне, што трэба ехаць на Салаўкі, шукаць сляды дзеда, — кажа Марына. — І я рызыкнула. Уладыка Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній даў блаславенне, і мы са знаёмай паехалі. Было крыху страшна, бо ехалі ў нікуды. Мелі толькі білеты на цягнік туды і назад.

Прыехалі ў нейкую закінутую вёску, глуш вакол, трава па пояс і толькі вузкая сцяжынка ад платформы. Людзі пайшлі па ёй, а за імі і Марына са сваёй знаёмай. Прыйшлі да таксістаў, спыталіся, дзе Салавецкае падвор'е. Аказалася, што трэба было замовіць месцы на катар на Салаўкі. І гэта часцей за ўсё робяць ледзь не за паўгода. Але, як ні дзіўна, месцы знайшліся. Жанчыны прыплылі і разгубіліся, а дзе спыніцца.

— Аказалася, што месцаў для паломнікаў няма, — дзеліцца Марына. — Дзякуй жанчыне, якая паломнікаў засяляла, яна прапанавала нам месцы, прычым бясплатна. Спалі на падлозе, але галоўнае — пад дахам над галавой.

Хутка высветлілася, што ў 39-м салавецкі лагер закрылі, і перасыльны пункт турмы знаходзіўся ў Кемі. Калі жанчыны прыехалі туды, першай справай зайшлі ў храм, які пабудавалі ў гонар новапакутнікаў. Марына разгаварылася з царкоўнай работніцай, сцісла расказала, што яе сюды прывяло. І тая параіла пазнаёміцца з мясцовай журналісткай, якая займаецца пошукам звестак пра расстраляных, нават выстаўку арганізавала. І тэлефон патрэбны знайшла. Марына патэлефанавала, і журналістка прапанавала паглядзець яе выстаўку. Убачанае ўразіла паломніц, а журналістку зацікавілі архіўныя дакументы Марыны.

— Яна сказала, што нават не падазравала, што ў 42-м былі расстрэлы, думала, што яны закончыліся ў 39-м, калі закрылі Салавецкі лагер, — кажа суразмоўніца. — А потым ўспомніла, што яе настаўнік, які падчас вайны быў маленькім хлопчыкам, бачыў, як вялі натоўп салдат. Ён спытаўся, куды вы ідзяце. І адзін з іх адказаў — на расправу.

Па слядах дзеда

З інтэрнэту Марына ведала, што ў 90-я гады ў Кемі знайшлі роў, дзе было шмат чалавечых астанкаў з прастрэленымі чарапамі. Пабываць на гэтым месцы дапамагла яшчэ адна журналістка з раённай газеты Вераніка Фядотава. Пакуль ішлі разам з ёй у музей, Марыне паказалі турму, дзе трымалі яе дзеда. Месца выкупілі, але агароджа тых часоў яшчэ захавалася.

— Я ўвесь час адчувала, што іду па слядах дзеда, — згадвае суразмоўніца. — У музеі падрабязна расказалі пра роў — ён быў за восем кіламетраў ад горада. Знайшлі таксіста, які, калі даведаўся, з якой мэтай едзем туды, узяў за свае паслугі меншую суму ды яшчэ дапамагаў шукаць паклонны крыж, там усталявалі. Калі знайшлі яго, што сэрца зашчаміла. А калі чытала памінальную малітву, на імгненне трапіла ў нейкую іншую рэальнасць, перастала чуць галасы людзей і шум лесу. Было адчуванне, што я перажыла стан тых пакутнікаў, калі іх расстрэльвалі. Адчула лёгкасць вылятаючай са знясіленага цела душы. Усе знешнія шумы былі фонам па той бок ад мяне.

На наступны дзень раніцай група адправілася на могілкі, дзе перапахавалі забітых.

— Вераніка Фядотава абзваніла ўсіх знаёмых гісторыкаў, але яны не ведалі, дзе магіла, — кажа Марына. — Мне ж здавалася, што як толькі я апынуся на месцы, сама ўсё знайду. Так яно і атрымалася. Проста на ўваходзе на могілкі, я паказала на два крыжы збоку. Журналістка здзівілася, сказаўшы, што колькі разоў тут хадзіла, ніколі не звяртала ўвагі на іх. Я выбрала адзін крыж, нават не разумеючы, чаму менавіта яго. Мне падалося, што ў гэтай магіле мой дзед. Адкрыла інтэрнэт, каб зверыць інфармацыю, тыя крыжы або не. І чытаю, што пры раскопках і перапахаванні прысутнічаў пракурор Кокаў. І тут высветлілася, што Вераніка яго ведае. Яна набірала яго нумар і пракурор адказаў.

Я спыталася, ці трапляў яму на вочы чэрап з прастрэленымі сківіцамі. Майму здзіўленню не было мяжы, калі ён адказаў, што доўга трымаў такі чэрап у руках і не мог зразумець, чаму прастрэленыя і сківіцы, і патыліца. Гэта было неверагодна. Напэўна, я першая, хто знайшоў рэпрэсаванага па астанках.

Помнік ад беларусаў

У планах Марыны яшчэ раз з'ездзіць на Салаўкі і высветліць, каго расстрэльвалі разам з яе дзедам. Хоча, каб іх імёны таксама былі ўвекавечаны.

— Калі займалася дакладам пра беларусаў, якія прайшлі праз гэты лагер, паўгода выбірала імёны, што там былі, — кажа яна. — Ва ўрочышчы Сандармох было расстраляна шмат беларусаў. Помнікі там устанавілі ўкраінцы, палякі, азербайджанцы... Мне стала няёмка, што нашага няма. І я вырашыла выправіць прабел. Летась, калі была на Калядных чытаннях у Мінску, размаўляла з уладыкам Барысаўскім і Мар'інагорскім Веньямінам. Ён параіў даведацца, якая там епархія, а таксама прапанаваў паставіць помнік. Вельмі шмат загінула духавенства ў тых мясцінах. І трэба аддаць усім гэтым пакутнікам даніну павагі. Зараз я гэтым і займаюся.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Марыны КАЛЬЧЫБЫ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.