Вы тут

Крыху нетыповая прамая лiнiя адбылася ў Савеце Рэспублiкi


Крыху нетыповая прамая лiнiя адбылася ў Савеце Рэспублiкi. Заяўнiкi званiлi да Наталлi Качанавай са словамi падтрымкi дзеючага кiраўнiка краiны, дзяржаўнага палiтычнага курсу i нават прапановамi.


— Сёння прамая тэлефонная лiнiя асаблiвая, — звярнула ўвагу спiкер верхняй палаты парламента ў размове з журналiстамi. — Бо нягледзячы на тое, што звычайна пераважаюць пытаннi, якiя датычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркi, звязаныя з будаўнiцтвам жылля, сёння, сапраўды, людзi казалi аб падтрымцы таго курсу, якi праводзiцца ў нашай краiне, аб падтрымцы Прэзiдэнта, перадавалi яму словы ўдзячнасцi, было шмат добрых пажаданняў.

У прыватнасцi, людзi казалi аб неабходнасцi захаваць мiр i спакой, незалежнасць краiны.

— Гэта сведчыць аб тым, што народ разумее ўсё тое, што адбываецца сёння ў нашых гарадах, на нашых вулiцах. I народ ужо хоча мiру i спакою, — падкрэслiла Наталля Качанава. — Таму, я думаю, тая неабыякавая пазiцыя нашых грамадзян, што патэлефанавалi сёння, — вельмi каштоўная, i гэта меркаванне тых людзей, якiя жадаюць захаваць мiр, спакой i стабiльнасць на нашай роднай зямлi, у нашай роднай краiне.

Усе гэтыя словы ўдзячнасцi, пажаданнi, што прагучалi ад жыхароў Беларусi з розных яе куткоў, Наталля Качанава паабяцала перадаць кiраўнiку краiны.

Што датычыцца прапаноў, людзi агучвалi iдэi па наладжваннi эфектыўнага камунiкату з маладзёжным асяродкам: Галiна Васiлеўна з Рэчыцы, якая прарабiла ў мясцовым судзе шмат гадоў, чалавек з актыўнай жыццёвай пазiцыяй, напрыклад, гатова весцi размову з моладдзю на любым узроўнi. Наталля Качанава падзякавала жанчыне за неабыякавасць i паабяцала задзейнiчаць яе патэнцыял у гэтым кiрунку.

Гаспадыня аграсядзiбы «Белая Русь» Наталля Iванаўна з Бярозаўскага раёна, што на Брэстчыне, прапануе аддаць больш увагi моладзi, якая не задзейнiчана ў працоўным працэсе. Яе iдэя — стварэнне маладзёжнай вёскi. Жанчына ўпэўнена, што маладыя людзi з задавальненнем адгукнуцца на такую прапанову. Спiкер верхняй палаты парламента падзякавала гаспадынi аграсядзiбы за актыўнасць i дала даручэнне старшынi Брэсцкага Савета дэпутатаў Юрыю Наркевiчу асабiста азнаёмiцца з дзейнасцю гаспадаркi i магчымасцю рэалiзацыi маладзёжнай iдэi.

Безумоўна, падчас прамой лiнii гучалi i iншыя (скажам так, традыцыйныя) тэмы.

Андрэя Пятровiча з Асiповiч хвалюе канф-лiктная сiтуацыя, якая ўзнiкла з суседам i датычыцца пабудовы на сумежным участку. А Аляксандру Аляксандраўну, уладальнiцу вясковай хаты ў Смаргонскiм раёне, што на Гродзеншчыне, якая выкарыстоўвае яе як лецiшча, хвалюе адсутнасць электрычнасцi: хата стаiць асобна i правесцi лiнiю самастойна каштуе немалых грошай. Жыхарку Рэчыцы Iрыну Уладзiмiраўну турбуе вада, што пасля дажджу падмывае яе ўчастак. Скасаванне групы iнвалiднасцi непакоiць мiнчанку Марыю Мiхайлаўну. У жыхаркi Бабруйска Кацярыны Кавалёвай таксама ўзнiклi пытання да сферы аховы здароўя, бо яе муж Сяргей, якi страцiў нагу, мае трэцюю рабочую групу i, як вынiк, скарочаны на дзве гадзiны рабочы дзень. Жанчына сцвярджае, што яе сужэнец не ў стане выконваць працоўныя нормы. Па ўсiх агучаных заяўнiкамi фактах, безумоўна, дадзены адпаведныя даручэннi, а па вынiках iх разгляду яны будуць праiнфармаваныя.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Падтрымка ёсць!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?