Вы тут

Як школьніку без страт інтэгравацца ў лічбавае асяроддзе?


Пандэмія COVІD 19 стала сур'ёзным выклікам для сістэм адукацыі ўсяго свету. Традыцыйнае навучанне face-to-face аказалася немагчымым. З такой глабальнай праблемай педагогі сутыкнуліся ўпершыню.

Больш як 1 млрд 300 млн школьнікаў і студэнтаў былі закранутыя каранціннымі мерамі. Закрыццё школ і ВНУ прывяло да праблем псіхалагічнага характару. У дакладзе фонду Save The Chіldren гаворыцца, што кожны чацвёрты школьнік або студэнт пацярпеў у сувязі з сацыяльнай ізаляцыяй ад дэпрэсіі ці стрэсу.

У Расіі, Украіне, Польшчы, Чэхіі, Германіі і іншых краінах, дзе быў абвешчаны каранцін, зрабілі стаўку на дыстанцыйныя формы навучання, каб не спыняўся адукацыйны працэс. Гэта быў новы досвед абсалютна для ўсіх, які цяпер спрабуюць асэнсаваць.

У Маскве, напрыклад, заўважылі, што наведвальнасць некаторых анлайн-урокаў матэматыкі ў школах перавышала 200 працэнтаў! Як гэта стала магчымым? Проста навучэнцы запрашалі сяброў з іншых школ на дыстанцыйныя ўрокі да сваіх любімых настаўнікаў. І педагогі, натуральна, не былі супраць. Адбывалася тое, што магчыма рэалізаваць толькі анлайн, бо не прывядзе ж адзінаццацікласнік свайго сябра да сябе ў школу на ўрок матэматыкі. Магчымасці і эфектыўнасць анлайн-адукацыі, досвед пераводу афлайн-заняткаў у анлайн (тэхнічныя аспекты, памылкі і рашэнні) аказаліся ў цэнтры ўвагі 3-й канферэнцыі па альтэрнатыўнай адукацыі.


Плюсы і мінусы

— Мне было неверагодна складана перайсці ў анлайн, таму што я мела справу з першакласнікамі, — расказала настаўніца пачатковых класаў лагойскай сярэдняй школы № 1 Святлана ІВАНЮШЫНА. — А ў сакавіку, калі дзеці перасталі хадзіць у школу, мы па плане павінны былі вучыцца пісаць — гэта значыць, вучыцца трымаць ручку, вадзіць рукой па лісце, і абсалютна незразумелым было, як гэта рабіць. Пачала шукаць варыянты платфомы і сэрвісы, якія можна выкарыстоўваць. У выніку маёй памочніцай стала платформа для навучання Core. Яна дазваляе ўстаўляць відэа, ілюстрацыі, інтэрактыўныя практыкаванні, дадаваць элементы тэсціравання, апытання, аўдыязапісы з уласным голасам для тлумачэння матэрыялу. Паколькі мае вучні яшчэ не вельмі добра чытаюць, я рабіла стаўку на галасавыя файлы. Асабліва складана мне давалася зваротная сувязь, каб дзеці зразумелі, над чым ім яшчэ трэба папрацаваць, а што атрымалася ў іх найлешым чынам. Праўда, я амаль упэўнена, што калі сустрэнуся з усімі маімі вучнямі 1 верасня (і з тымі, хто быў у анлайне, і з тымі, хто наведваў школу), то ўбачу розніцу, таму што я не ўсіх іх трымала за руку, калі гэта было патрэбным. Але былі ў мяне і сапраўдныя адкрыцці. Бацькі скідвалі мне відэа, як іх дзеці самастойна, без дапамогі дарослых заходзяць на платформу, пераходзяць па спасылках, самі выконваюць заданні, затым фатаграфуюць свае работы і адпраўляюць іх мне. Мне здаецца, што гэта проста максімальная самастойнасць для шасці-сямігадовых вучняў. Прызнаюся, я была ўражана. Каму анлайн-навучанне падыходзіць, дык гэта самаарганізаваным дзецям. Але ёсць і дзеці, якім было складана навучацца анлайн, праўда, і ў класе ім таксама было няпроста вучыцца.

— У поўнай ступені анлайн-адукацыя не заменіць афлайн, — упэўнена кажа псіхолаг і мантэсоры-педагог Алеся ТАЛПЕКА-МАХАТАЕВА. — Для маленькіх дзяцей вельмі важныя асабістыя стасункі. Да таго ж, прынцыпы мантэсоры-педагогікі накіраваныя на развіццё дробнай маторыкі і пачуццяў (зрок, слых, смак, нюх). Спазнанне свету адбываецца праз дотыкі і тактыльныя адчуванні. Таму калі вясной нам давялося пераходзіць у анлайн, правядзенню 30-хвіліннага ўрока ў мяне папярэднічала пяцігадзінная падрыхтоўка. І, мушу заўважыць, што поспех дзіцяці ў немалой ступені залежыць ад уцягнутасці ў працэс навучання бацькоў.

— Калі нашы заняткі перайшлі ў анлайн, для мяне асноўнай праблемай было зрабіць так, каб яны не ператварыліся ў паэтапнае маляванне. Бо такіх відэа шмат у інтэрнэце і тады незразумела, а навошта мы? — канстатуе кіраўнік студыі «Калякі-малякі» Наталля НЯБОРСКАЯ. — Якія я асабіста заўважыла плюсы ў такім навучанні? Адін з іх — гэта пашырэнне геаграфіі выхаванцаў: у нас з'явіліся інтэрнацыянальныя групы, дзе былі дзеці з Ізраіля, Кіпра, Карэі, Канады. Але дзеці журацца, засмучаюцца, калі ў іх штосьці не атрымліваецца, а я не магу падысці і шапнуць ім штосьці на вушка (гэта інфармацыя не прызначана для ўсіх), у анлайне гэта зрабіць немагчыма. Ёсць і іншая праблема. Дзіця не можа гадзіну правесці, седзячы перад маніторам. Яму трэба ўстаць, пахадзіць, а калі навучанне адбываецца ў анлайне, гэта немагчыма зрабіць, каб штосьці не прапусціць.

Педагогі канстатуюць, што ў анлайне ім не хапала, у першую чаргу, жывога кантакту з вучнямі. Ім было складаней адсочваць уцягнутасць дзяцей, складаней выбудоўваць дыскусіі і абмеркаванне праблемных пытанняў. Усё ж такі адукацыйны працэс (асабліва ў пачатковай школе) мае на ўвазе псіхалагічны кантакт з педагогам, калі той матывуе, дапамагае дзіцяці пераадольваць пэўныя складанасці. Тым не менш яны прызнаюць, што ў змешанай мадэлі навучання (камбінацыі анлайн і афлайн-фарматаў) ёсць будучыня.

Інструменты для педагога

Фота gtzh-saratov.ru

А ў першай у Беларусі анлайн-школе «Prіme» абсалютна ўпэўненыя ў перспектыўнасці анлайн-навучання. «Гэта першая школа, у якую не трэба хадзіць» — так яны сябе пазіцыянуюць. Заняткі праходзяць у тым месцы, дзе знаходзіцца дзіця — дома, на дачы або ў дарозе. Калі яно прапусціла ўрок, яго запіс дасылаецца на электронную скрыню.

Анастасія ГАНЧАРОВА, кіраўнік адукацыйных праграм анлайн-школы «Prіme», тлумачыць: тое, што адбывалася ў беларускіх школах у чацвёртай вучэбнай чвэрці, нельга назваць ні дыстанцыйным, ні анлайн-навучаннем. Той час многія бацькі небеспадстаўна прыгадваюць з жахам.

— А вы ўявіце сабе класны эфектыўны ўрок у любімага настаўніка ў афлайн-школе. Анлайн-урок — гэта фактычна той жа ўрок, толькі ў анлайн-асяроддзі з выкарыстаннем нейкіх дадатковых інструментаў, — заўважае Анастасія. — З улікам таго, што ў дзяцей няма фізічнай магчымасці кантактаваць паміж сабой на перапынку, яшчэ да пачатку заняткаў трэба даць ім магчымасць зрабіць гэта на навучальнай платформе. Уцягнутасць у анлайн-урок забяспечыць больш складана, таму лепш распачаць яго з ненавязлівай гутаркі або з вырашэння вынаходніцкіх задач. Гэта дапамагае дзецям разняволіцца і запускае разумовую дзейнасць.

У адрозненне ад дыстанцыйнага, анлайн-навучанне мае на ўвазе, што настаўнік заўсёды побач і адразу адказвае на тваё пытанне, калі табе патрабуецца дапамога пры выкананні нейкага задання, ты можаш яе атрымаць адразу, а не праз суткі па электроннай пошце. Змена дзейнасці павінна адбывацца кожныя 5—7 хвілін. Нельга ўсе 45 хвілін проста сядзець і глядзець у экран манітора.

Для таго каб урок не праходзіў сумна і манатонна, мы выкарыстоўваем розныя спосабы актывізацыі ўвагі дзяцей. Можна распачаць з прыцягнення асабістага досведу. Напрыклад, урок замежнай мовы на тэму «Вандроўкі» можна распачаць з аповеду вучняў пра тое, дзе яны любяць адпачываць, якія спосабы перамяшчэння выбіраюць для сваіх вандровак. Можам прапанаваць некалькі артыкулаў без загалоўкаў, каб вучні шляхам аналізу іх зместу паспрабавалі самастойна вызначыць тэму заняткаў. Такім чынам развіваем і функцыянальную адукаванасць, якая знаходзіцца ў цэнтры ўвагі міжнароднага даследавання PІSA.

Фота stolitsa.ee

На першых хвілінах спрабуем зачапіць тэмай і паказаць вучням яе практычную значнасць. Вельмі любім метад «Кросэнс», калі прапануецца дзевяць выяў на адным слайдзе, а дзеці, шукаючы лагічныя сувязі паміж імі, павінны вызначыць тэму занятку. Выкарыстоўваем актыўна інтэлект-карты і ментальныя карты як добры спосаб для структуравання інфармацыі, прычым карты рыхтуюць не толькі педагогі, але і вучні ў якасці дамашняга задання. Актыўна выкарыстоўваем вэб-квесты, дзе гульнявая форма — толькі абалонка для навучання.

У інтэрактыўнай рабоце з тэрміналогіяй, слоўнікавымі словамі, замежнымі словамі ў ход ідзе сэрвіс Quіzlet.com. Вельмі многіх цікавіць, як зрабіць прагляд відэаролікаў падчас заняткаў максімальна карысным і эфектыўным. Усім у дапамогу сэрвіс EdPuzzle.com з пытаннямі да кожнага прагледжанага эпізоду. Пакуль не адкажаш, не зможаш глядзець далей.

Арганізуем таксама мазгавыя штурмы. На этапе рэфлексіі выкарыстоўваем метад «3—2—1»: напісаць тры факты, якія запомніў на ўроку, сфармуляваць два пытанні па новым матэрыяле і скласці адно меркаванне па пройдзенай тэме. Спрабуем на анлайн-уроку развіваць і сумесную работу, выкарыстоўваючы гугл-дакументы або анлайн-дошкі. Сэрвіс Coreapp.org дапамагае нам забяспечыць зваротную сувязь і фарміруючае ацэньванне.

Міфы вакол хатняга навучання

— Мне вельмі падабаецца такое паняцце, як пазашкольныя сем'і, таму што ў ім адчуваецца свабода і індывідуальнасць, — кажа псіхолаг і прафарыентолаг анлайн-школы «Prіme» Алена РЖЭЎЦКАЯ. — Яны лічаць, што навучанне ў дзяржаўных школах — кансерватыўнае і недастаткова гнуткае. У пазашкольных сем'ях дзеці актыўна займаюцца спортам, удзельнічаюць у спаборніцтвах, наведваюць творчыя студыі і школы. Такія сем'і шмат вандруюць, пераязджаюць з месца на месца. І яны шукаюць альтэрнатыўныя спосабы для навучання сваіх дзяцей.

Часта даводзіцца чуць пытанне: «Калі дзіця будзе цэлымі днямі сядзець дома і не хадзіць у школу, то як яно будзе сацыялізавацца?» Але перайсці на анлайн-адукацыю — не азначае закрыць дзіця дома і нікуды не выпускаць. Наадварот, у малога з'яўляецца больш вольнага часу для наведвання гурткоў, секцый, прагулак, стасункаў з сябрамі, хобі і іншых заняткаў. Забраць дзіця на анлайн-адукацыю не азначае прывязаць яго да ложка ці батарэі. Наша жыццё само па сабе — вялікая крыніца сацыялізацыі, дзе ёсць сябры, наведванне моўных школ, летнікаў, канцэртаў, тэатраў, музеяў, вандроўкі з бацькамі і гэтак далей. Прычым, сацыялізацыя — гэта стасункі не толькі з равеснікамі, як многія памылкова думаюць.

Яшчэ адзін міф — хатнія дзеці вырастаюць замкнутымі і сарамлівымі. Але і ў першым, і ў дзясятым класе, і ў 40 гадоў, калі чалавек — інтраверт, флегматык ці меланхолік, ён усё роўна лепш пасядзіць дома з кнігай або гаджэтам, чым пойдзе сацыялізавацца ў шумную кампанію. Ёсць таксама распаўсюджаны міф, што хоўмскулеры (дзеці, якія навучаюцца дома. — Аўт.) знаходзяцца ў цяплічных умовах, а школа рыхтуе іх да жыцця. Прабачце, а як быць з булінгам у школе, які пакідае моцныя псіхалагічныя траўмы на ўсё жыццё? А школьныя педагогі часта не лічаць патрэбным у такія працэсы ўмешвацца.

Я лічу вельмі важным навучыць дзіця жыць у гэтым свеце і не страціць у ім сябе, умець рабіць выбар, знаходзіць апору ў складаных сітуацыях, вучыцца казаць «Не» і навучыць дзіця таму, што яму не трэба знаходзіцца там, дзе яму некамфортна. Нашы дзеці растуць у лічбавым асяроддзі, і інтэграцыя ў гэта асяроддзе, на мой погляд, — самае натуральнае, што можа быць. Анлайн-адукацыя дазваляе свядома фарміраваць сваё акружэнне, а значыць, жыць у большай гармоніі з навакольнымі і з сабой.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Вучоба без настаўніка каля дошкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.