Вы тут

Фёдар Булкін: Няма забароненых тэм, ёсць дрэнныя жарты


З кожным годам мастацтва стэндап-камедыі становіцца ўсё больш папулярным. Гледачам падабаецца, што гумарысты, якія выступаюць сам-насам з залай, раскрываюць сваю сапраўдную асобу, дзеляцца з аўдыторыяй перажываннямі, эмоцыямі. Але ці адразу соцыум быў гатовы да гэткіх жартаў, якія вельмі адрозніваюцца ад больш звыклага для многіх гумару Клуба вясёлых і знаходлівых? Аб гэтым «Чырвонка. Чырвоная змена» спытала Фёдара Булкіна — неаднаразовага ўдзельніка тэлешоу «Рассмяшы коміка», «Comedy батл» і іншых. Чалавека, які адзін з першых пачынаў займацца стэндапам у нашай краіне, і які зараз з'яўляецца паспяховым стэндап-комікам і вядучым мерапрыемстваў. Дарэчы, чытачы маладзёжнага дадатку ўжо знаёмыя з Фёдарам: аб тым, як пачыналася яго кар'ера і ў якіх конкурсах удзельнічаў малады чалавек, можна прачытаць у «Чырвонцы. Чырвонай змене» ад 18 кастрычніка 2018 года.


Фёдар скончыў факультэт маркетынгу, менеджменту і прадпрымальніцтва БНТУ ў 2012 годзе, але не працуе па спецыяльнасці з 2015 года. Малады чалавек у пэўны момант зразумеў, што не паспявае сумяшчаць работу і кар'еру коміка. Нягледзячы на тое, што ў самым пачатку суразмоўніку і яго камандзе прыходзілася выступаць за «паснедаць», любімая справа аказалася ў прыярытэце. Прайшло пяць гадоў, і цяпер, зразумела, коміку аплачваюць і райдар, і ганарар. Фёдар сваю сённяшнюю стэндап-кар'еру характарызуе такім чынам:

— Свой узровень заробку ў стэндапе я называю «падтрыманнем формы»: з выступленняў хапае на камуналку, на «паесці» і на запраўкі машыны. Усё астатняе — купіць тэлефон, адзенне, схадзіць на спатканне з дзяўчынай — за грошы ад правядзення вяселляў, карпаратываў і іншых мерапрыемстваў. Я называю апошняе бонусам ад стэндапу: людзі бачаць маё выступленне і завуць праводзіць іх свята, бо хочуць, каб яно прайшло смешна і весела.

Малады чалавек лічыць, што перамены ў стаўленні гледачоў да комікаў звязаны з актыўным развіццём мастацтва стэндап-камедыі:

— У нас такі працэс адбываецца вельмі хутка таму, што гэта новы і цікавы для краін СНД жанр. Калі ў Амерыцы і Вялікабрытаніі ён існуе ўжо каля сямідзесяці гадоў, дык у нас першыя стэндапы пачалі паказваць па тэлебачанні толькі ў 2013 годзе.

Вельмі часта можна пачуць, што амерыканскі гумар — рэч вельмі спецыфічная. Але ў чым менавіта адрозненне славянскага гумару ад заходняга? Фёдар дае каментарый з прафесіійнага пункту гледжання:

— Мне здаецца, што «наш» гумар больш моцны, бо ён будуецца на прамым жарце, канкрэтным смешным сказе. Без аніякіх хадоў, якія часта выкарыстоўваюць на Захадзе, накшталт каламбураў, зломаў (комік кажа пра адно, але ўсе разумеюць, што гаворка ідзе пра іншае). У нас — чыстая рэпрыза (кароткі тэкставы жарт), а ў іх — сарказм, іронія. З-за гэтага, на маю думку, рускамоўны гумар і з'яўляецца больш моцным.

Аднак, каб дабіцца поспеху, абавязкова трэба цікавіцца ўсімі сусветнымі практыкамі. Фёдар, у першую чаргу, глядзеў заходні стэндап, чытаў адпаведную літаратуру, але ніколі не арыентаваўся на кагосьці канкрэтнага, шукаў сябе. У яго няма куміраў, але ёсць комікі, творчасць якіх малады чалавек вельмі паважае і раіць чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» таксама з ёй пазнаёміцца. Па-за канкурэнцыяй Эдзі Мёрфі і Джордж Карлін. Далей — Біл Бёр, Джым Джэфірс і Джо Роган.

Фёдар уваходзіць у арганізацыю «Stand-Up Mіnsk», з якой ён і калегі выступаюць на розных пляцоўках нашай сталіцы. Таксама існуе праграма «Stand-Up Regіon», у рамках якой комікі выступаюць у Смалявічах, Жодзіне, Барысаве і іншых рэгіянальных гарадах. Рэгулярна артысты з «Stand-Up Mіnsk» падарожнічаюць у Маскву і выступаюць у «StandUp Store Moscow» — найлепшым стэндап-клубе на тэрыторыі краін СНД. Акрамя таго, Фёдар выступаў у Латвіі і Літве. А на пытанне, ці змяняецца праграма стэндапу ў залежнасці ад таго, у якой краіне або горадзе плануецца канцэрт, Фёдар адказвае:

— Змест выступлення ад гэтага не залежыць, трэба проста прыбраць лакальныя жарты, якія канкрэтная аўдыторыя не ацэніць. Зразумела, што ў рэгіёнах не варта гаварыць з гумарам пра метро. Замест гэтага стараюся дадаць актуальныя для гэтай мясцовасці жарты. Прыехаць у Латвію і не пажартаваць пра шпроты нельга ж! Лакальнага гумару не так шмат. Але ёсць рэчы, якія ўсюды аднолькавыя: сяброўства, каханне, сямейныя стасункі... Жартуем у асноўным аб гэтым. Але самыя гарачыя жарты атрымліваюцца менавіта на актуальныя тэмы!

Так, аднойчы даваў канцэрт у літоўскім горадзе Вісагінас. Там да некаторага часу знаходзілася атамная электрастанцыя, але пры ўваходжанні краіны ў Еўрасаюз яе работу спынілі. З-за гэтага шмат людзей пазбавіліся рабочых месцаў, і населены пункт стаў нязручным для жыцця. Зараз там аднапакаёвую кватэру можна набыць усяго за пяць тысяч долараў! Мяне гэта вельмі ўразіла, і я пажартаваў: «Хэй, дзяўчына, у мяне ёсць пяць тысяч «зялёных», выбірай любое жыллё, якое табе падабаецца, усё куплю!»

Стэндаперы ў сваіх выступленнях маюць магчымасці падымаць злабадзённыя тэмы, з гумарам асвятляць сучасныя тэндэнцыі накшталт фемінізму або ЛГБТ-тэму. Але ці ёсць табу, нейкія тэмы, на якія жартаваць забаронена? Фёдар лічыць, што такіх няма. Адзінае, пра што не стаў бы жартаваць малады чалавек, — гэта пра нешта агіднае.

— Няма забароненых тэм, ёсць дрэнныя жарты. А каб жарт не быў дрэнным, ён не павінен нікога абражаць.

Пасля выхаду фільма «Джокер», а таксама шматлікіх інтэрв'ю з вядомымі рускамоўнымі стэндаперамі, у гледачоў склалася ўражанне, што комікі ў жыцці вельмі сур'ёзныя, глыбока думаючыя, часам дэпрэсіўныя... Фёдар пацвярджае, што часцей за ўсе так яно і ёсць, але менавіта пра сябе кажа, што ён не дэпрэсіўны чалавек.

— Канешне, стэндап — гэта боль. Ты жартуеш аб тым, што ў цябе баліць, каб пазмагацца з гэтай праблемай. Ты бярэш свой боль, працуеш над ім, а потым падзяляеш яго з гледачамі. І артысту, і аўдыторыі становіцца лягчэй. Мы з калегамі часта жартуем, што гэта асаблівая псіхатэрапія.

Комік нават прызнаўся, што бывае сапраўды злы на сцэне, асабліва калі выступае з новым матэрыялам упершыню.

Фёдар адкрыты да ўсіх прапаноў, бо для поспеху артысту абавязкова патрэбны эфіры:

— Пакуль іх няма на тэлебачанні і ў інтэрнэце, гледачы не будуць набываць квіткі на твае канцэрты. На жаль, аўдыторыі абавязкова трэба, каб нехта з экрана сказаў: «Так, ён сапраўды смешны!» І толькі тады на цябе звернуць увагу. А скласці асабістае меркаванне многія чамусьці лянуюцца... Наконт цікавых праектаў: крута было б выступіць у «Вячэрнім Урганце» або напісаць маналог для стэндапа на ТНТ... Таксама я з задавальненнем паспрабаваў бы сябе на «Пражарцы», унікальным расійскім камедыйным шоу, у якім дазваляецца высмейваць, часам у вельмі грубай форме, вядомых асоб, якія дзеля гэтага на яго і прыходзяць.

Цяпер Фёдар займаецца развіццём свайго асабістага праекта пад назвай «Stand-Up Ronіn». У яго ёсць свой ютуб-канал, куды суразмоўнік выкладвае запісы сваіх канцэртаў, набірае прагляды ў інтэрнэце і пашырае аўдыторыю.

На думку коміка, стэндап зручны тым, што артыст выступае адзін. Сам піша жарты, сам рэдагуе іх, арыентуючыся на водгукі залы... Усё гэта вельмі адрозніваецца ад КВЗ, дзе абавязкова патрэбна каманда. Бывала, што ў адзіночку рассмяшыць залу не атрымлівалася нават у бывалых вясёлых і знаходлівых.

— Справа ў тым, што калі ты выступаеш з камандай, напрыклад, у восем чалавек, няўдачу вы дзеліце на ўсіх. А калі ты адзін усю гэтую цішыню «паеў», дык адзін за ўсё і адказваеш.

Нягледзячы на тое, што стэндап — гэта яшчэ не вельмі звыклы спосаб правядзення вольнага часу для беларускага слухача, ён сапраўды заслугоўвае ўвагі, бо вельмі шчыра і празрыста адлюстроўвае ўсё сферы жыцця, якія турбуюць кожнага чалавека. Падчас канцэрту вы абавязкова пасмеяцеся над чымсьці, што вас закранае, і вам сапраўды стане лягчэй. Таму ніколі не трэба чакаць, пакуль з тэлевізара хтосьці скажа запаветную фразу пра смешнага коміка. Трэба самому скласці сваё асабістае меркаванне пра творчасць гэтых цікавых выступоўцаў — стэндап-комікаў!

Паліна ПРАКАПЕНЯ, студэнтка ІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Фота з архіва суразмоўніка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».